Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/У цеснаце, але ці ў крыўдзе? Месца на трасе ў чэшскім Мосце хапіла не ўсім удзельнікам гонак WTCR

У цеснаце, але ці ў крыўдзе? Месца на трасе ў чэшскім Мосце хапіла не ўсім удзельнікам гонак WTCR

Перароблены праз пандэмійныя праблемы каляндар дазволіў Кубку свету па аўтагонках у класе Турынг дазволіў прыехаць у Чэхію на Аўтадром Мост. Гонкі выйшлі даволі падзейнымі, але для некаторых удзельнікаў яны не працягваліся і аднаго круга.

14 октября 2021, 15:45
У цеснаце, але ці ў крыўдзе? Месца на трасе ў чэшскім Мосце хапіла не ўсім удзельнікам гонак WTCR

Фота: fiawtcr.com

Перароблены праз пандэмійныя праблемы каляндар дазволіў Кубку свету па аўтагонках у класе Турынг дазволіў прыехаць у Чэхію на Аўтадром Мост. Гонкі выйшлі даволі падзейнымі, але для некаторых удзельнікаў яны не працягваліся і аднаго круга.

Аўтадром Мост дарам што завецца аўтадромам, разлічаны ён у першую чаргу на гонкі матацыклетныя. І той жа сусветны Супербайк у гэтым годзе правёў на ім свой этап – удалы і цікавы. Спаборніцтвы на двух колах былі першаснымі на чэшскай трасе і ў мінулы ўік-энд – там прайшоў фінал матацыклетнага чэмпіянату свету па гонках на цягавітасць EWC (пра яго, магчыма, «Гоначная псіхапатыя» пачне пісаць у будучыні), а сусветны Турынг быў фактычна толькі серыяй падтрымкі.

Нельга сказаць, дарэчы, што Мост не пасуе аўтамабілям. Месца мала? Дык а дзе толькі гонкі WTCR (а раней WTCC) не праходзілі? Іх прымалі і яшчэ болей цесныя гарадскія трасы ў французскім По (у якім, але ўжо на стацыянарнай трасе, пройдзе наступны этап), мараканскім Маракешы, партугальскім Віла Рэале, у Макао, нарэшце. І на кожнай з іх заезды бывалі цікавымі і відовішчнымі.

Было на што паглядзець і ў Чэхіі, а на радасць мясцовым балельшчыкам – і на каго. На хатнім этапе выступіў на CUPRA León Competición TCR стартаваў Петр Фулін. Болей за гэта, дзякуючы дзясятаму выніку ў кваліфікацыі першую гонку ён пачынаў з першай пазіцыі. Шкада толькі, чэх і стаў адной з першых ахвяр завалу ў першым павароце, далей яго не з’ехаўшы.

Паварот гэты, а дакладней, звязка першага і другога паваротаў, сапраўды цесная, часам нават для матацыклаў. Ну а пра гоначныя аўтамабілі катэгорыі TCR і казаць няма чаго. Хоць стартавы завал у першай гонцы сусветнага Турынга тут пачаўся яшчэ перад гэтай звязкай. Фуліна на старце апярэдзіў аргентынскі гоншчык ALL-INKL.COM Muennich Motorsport Нэстар Жыраламі, а сам Фулін, апынуўшыся ў яго за спінай, атрымаў штурхель ад Норберта Міхеліса.

Пры гэтым вугорац з BRC Hyundai N LUKOIL Squadra Corse штурхануў яшчэ і чатырохразовага чэмпіёна Івана Мюлера. А ўжо яго Lynk & Co 03 TCR зачапіў Audi RS3 LMS Натанаэля Бертона, які і сутыкнуўся з Фулінам. Француз і чэх у выніку абодва сышлі з дыстанцыі, некаму, як шведу Тэду Б’ёрку з каманды Cyan Performance Lynk & Co, прыйшлося зразаць першыя павароты і потым вяртаць пазіцыі. Лідарскую пры гэтым захапіў згаданы вышэй Жыраламі, якому ў выніку і пашчасціла найбольш. Як і яго суайчынніку і напарніку па камандзе Эстэбану Гер’еры, які ў стартавай таўханіне прабіўся з дзявятай пазіцыі на другую.

Падзеі ў першым павароце і перад ім прывялі да выезду на трасу аўтамабіля бяспекі. Ён вадзіў за сабой пелатон да чацвёртага круга, калі быў дадзены рэстарт, і Жыраламі адправіўся за сваёй перамогай. Гер’еры ў асноўным не яго атакаваў, а стрымліваў Яна Эрлашэ. Пляменнік Мюлера і яго напарнік па камандзе Cyan Racing Lynk & Co яшчэ на першым крузе прабіўся з сёмай пазіцыі на трэцюю, і цяпер спрабаваў набраць яшчэ болей ачкоў.

Але на аўтамабілях у Мосце абганяць сапраўды цяжэй, чым на матацыклах, і ў Эрлашэ да сапраўднай атакі на Гер’еры справа так і не дайшла. Зрэшты, і трэцяе месца маладога француза цалкам задавальняла, тым больш што галоўны заезд быў яшчэ наперадзе. У ім Ян стартаваў трэцім, але ўжо ўсё ў той жа звязцы першага і другога паваротаў яго абагнаў Гер’еры. Аднак яны хаця б паспяхова гэты ўчастак пераадолелі, у адрозненні ад напарніка Міхеліса і суперветэрана сусветнага Турынга Габрыэле Тарквіні, Санцьяга Уруціі, а таксама чэмпіёна WTCC 2013 году Роберта Хафа.

CUPRA León Competición TCR, брытанца, які выступае за каманду Zengő Motorsport Services KFT, захрасла ў гравіі ў першым павароце праз памылку гоншчыка. А паміж Hyundai Elantra N TCR Тарквіні і Lynk & Co Уруціі адбыўся кантакт, у выніку якога абодва зляцелі з трасы ў другім павароце. Для ўсіх траіх гонка на гэтым і скончылася, а для астатніх была нейтралізаваная спачатку аўтамабілем бяспекі, а пазней і чырвонымі сцягамі – эвакуацыя машын Тарквіні і Уруціі запатрабавала шмат часу.

Аднаўляўся заезд у рэжыме аўтамабіля бяспекі, таму перавага, калі ён пакінуў трасу, была ў Міхеліса – Норберт яшчэ на першым кругу ў другім павароце абагнаў напарніка Хафа Мікела Ацкону, які стартаваў першым. Цікава, дарэчы, што, заваяваўшы ў суботу поўл у Мосце, іспанец злётаў да сябе на радзіму ў Барселону, дзе праходзіў фінал еўрапейскага турынговага чэмпіянату, перамог у суботняй гонцы і выйграў там свой другі тытул.

Праўда, у супрацьстаянні з Міхелісам гэта Ацконе не дапамагло. Апынуўшыся ззаду вугорца, Мікел трымаўся паблізу ад яго, але так і не знайшоў магчымасцей для атакі. Норберт перамог, а Мікел заняў другое месца, што, зрэшты, таксама стала выдатнай узнагародай. Тым больш што яго CUPRA ў другой гонцы выявілася значна хутчэйшай, чым Honda Civic TCR – Эрлашэ той на старце абагнаў, але за Ацконай не ўгнаўся, саступіўшы яму на фінішы амаль дзесяць секунд. Праўда, і трэцюю пазіцыю Эстэбан утрымаў, не аддаўшы яе Эрлашэ назад.

Аднак Яна і такое становішча цалкам задаволіла. Яго лідарства ў чэмпіянаце не толькі не пахіснулася, але і замацавалася. Эрлашэ пасля пяці этапаў мае 135 ачкоў, тады як Гер’еры хоць і падняўся на другую пазіцыю, але саступае французу дваццаць балаў. Праўда, пры гэтым усяго на пяць ён апярэджвае Ацкону, які цяпер замыкае першую тройку.

Дый той жа Уруціа, а таксама Жан-Карл Вернэ недалёка – у іх 106 і 102 ачкі адпаведна. Для француза, дарэчы, які не так даўно сам узначальваў чэмпіянат, чэшскі этап выдаўся складаным. Калі ў першай гонцы ён фінішаваў шостым, то ў другой быў пакараны праездам па піт-лэйне за тое, што пасля сігналу аб троххвіліннай гатоўнасці перад стартам яго Hyundai яшчэ не быў апушчаны з дамкратаў на зямлю.

Даволі шчыльна ўсё і ў камандным заліку. Cyan Racing Lynk & Co тут лідзіруюць з 238 ачкамі, ALL-INKL.COM Muennich Motorsport падняліся на другую пазіцыю і маюць 210 балаў, Cyan Performance Lynk & Co, у якіх 192 ачкі, трэція.

Як было адзначана ў пачатку артыкулу, наступны этап WTCR пройдзе ў французскім По, але ўжо на стацыянарнай трохкіламетровай трасе По-Арно, прычым пройдзе ўжо ў гэтыя выхадныя. Гэта азначае спякотны наступны тыдзень на «Гоначнай псіхапатыі», улічваючы шчыльнасць спаборніцтваў на бліжэйшы ўік-энд: апроч сусветнага Турынга нас чакаюць этапы сусветнага Супербайку, чэмпіянатаў свету па мотакросе, ралі і ралі-кросе. Сачыце за публікацыямі!

Другие посты блога

Все посты