Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Загадана выжыць. Макс Ферстапен справіўся і перамог на Гран Пры ЗША

Загадана выжыць. Макс Ферстапен справіўся і перамог на Гран Пры ЗША

Задача для Ферстапена на ўчарашнюю гонку ў тэхаскім Осціне фармулявалася проста: не даць абагнаць сябе Хэмілтану. Толькі каб яе выканаць, пілоту Red Bull прыйшлося максімальна напружыцца.

25 октября 2021, 17:22
Загадана выжыць. Макс Ферстапен справіўся і перамог на Гран Пры ЗША

Фота: formula1.com

Задача для Ферстапена на ўчарашнюю гонку ў тэхаскім Осціне фармулявалася проста: не даць абагнаць сябе Хэмілтану. Толькі каб яе выканаць, пілоту Red Bull прыйшлося максімальна напружыцца.

Больш чым год Амерыка не была даступнай для вялікіх гоначных чэмпіянатаў праз пандэмію. Аднак нядаўна Траса Амерык у Осціне прыняла этап MotoGP, а ў мінулы ўік-энд да яго дабралася і Формула-1, аб чым аніводнага разу не пашкадавала. За ўвесь мінулы ўік-энд Трасу Амерык наведала 400 000 чалавек – рэкорд для ЗША! Дакладней, для самой Формулы-1 у ЗША. Яшчэ некалькі гадоў таму Каралева аўтаспорту не была такой папулярнай сярод амерыканцаў, як іх хатнія гоначныя серыі кшталту IndyCar і NASCAR, якія і паболей на трыбунах могуць збіраць.

Станоўчую ролю ў папулярызацыі аўтамабільных Вялікіх Прызоў адыграў іх новы ўладальнік – амерыканская ж кампанія Liberty Media. Там умеюць рабіць такое любае жыхарам Злучаных Штатаў шоу. Амерыканцы напоўніцу забіваюць вялікія стадыёны, нават калі на іх гуляюць (не важна, у што) каманды мясцовых каледжаў.

Заўзець у Амерыцы ўмеюць і любяць, і каб там палюбілі і Формулу-1, ёй на самой справе, быў патрэбны невялічкі штуршок. І цяпер ужо абмяркоўваецца магчымасць правядзення ў будучыні ажно трох амерыканскіх этапаў. Праз пару гадоў каралеўскія аўтагонкі могуць прыехаць у калі не сусветную, то дакладна амерыканскую сталіцу азартных гульняў – Лас-Вегас. А ў наступным годзе акрамя восеньскага Гран Пры ЗША ў Осціне свой уласны Гран Пры ў маі правядзе Маямі.

Але пра каляндар на будучы сезон пагаворым асобна, тым больш што гэта ўсё ж справа хай ужо і блізкай, але будучыні. Тады як цікавыя падзеі разгортваюцца ўжо цяпер, і ў мінулыя выхадныя яны мелі важны працяг. Гаворка, канечне, пра барацьбу за чэмпіёнства паміж Максам Ферстапенам і Льюісам Хэмілтанам – прынцыповая і нават жорсткая, як на Сільверстоўне і ў Монцы.

У Осціне ўсё прайшло меней драматычна, хаця градус напружання ўсё роўна быў высокі. Сяміразовы і дзейсны чэмпіён з Mercedes прыбыў на Трасу Амерык у ролі таго, хто даганяе – у чэмпіянаце ён саступае канкурэнту з Red Bull. Аднак спачатку падалося, што ініцыятыва на баку брытанца і яго напарніка па камандзе Валтары Ботаса – гэта яны ўзначалілі пратакол першай пятнічнай трэніроўкі (фінскі пілот, што цікава, апынуўся наперадзе), амаль секунду «прывязучы» Ферстапену.

Але ў тую ж пятніцу пасля абеду Чырвоныя Быкі адказалі ў першы раз, калі пратакол узначаліў Серхіа Перэс. Мексіканец жа стаў найхутчэйшым і па выніках суботняй свабоднай практыцы, ну а поўл выйграў ужо Макс. Хоць, канечне, рашучай перавагі ў хуткасці перад Мерсэдэсамі ў яго не было, і Хэмілтан, які кваліфікаваўся другім, адстаў ад нідэрландца на пару дзясятых секунды.

А галоўнае, што на стартавай рашотцы Льюіс размясціўся злева ад Ферстапена, дзякуючы чаму ў першы левы паварот ён уваходзіў па болей выгаднай траекторыі. Удалы старт быў вельмі важным для брытанца, і свае магчымасці і талент ён выкарыстаў нават болей чым на сто адсоткаў.

Як Макс ні стараўся яму перашкодзіць, амаль што выціснуўшы яго за межы трасы, Хэмілтан усё ж прасунуўся наперад, адразу захапіўшы лідарства ў гонцы. Ну а далей пайшла тая самая тактычная барацьба, не надта любімая балельшчыкамі, якія прагнуць барацьбы кола ў кола і абгонаў, але цікавая са спартыўнага гледзішча.

Стартавалі Макс і Льюіс абодва на шынах Medium, на якіх прайшлі ў фінал кваліфікацыі напярэдадні, наўмысна не скарыстаўшы самы мяккі Soft (у Осціне выкарыстоўваліся кампаўнды С2, С3 і С4). На балідзе Ферстапена яны знасіліся раней – першы піт-стоп гоншчык Red Bull правёў ужо на адзінаццатым кругу, атрымаўшы Hard. Хэмілтан пераабуўся двума кругамі пазней і апынуўся ззаду Макса, аднак неўзабаве пачаў хутка набліжацца да яго.

Каб самім не прайграць Мэрсэдэсу на піт-стопе, на другі ў Red Bull паклікалі Ферстапена ізноў раней за Хэмілтана – на трыццатым кругу. Такая тактыка мела як перавагі (тэмп на свежых шынах – таксама на «хардзе» – быў вышэйшы, дый Перэс не ўпіраўся, прапусціўшы напарніка, калі той наблізіўся да яго), так і хібы. Галоўную з іх разумелі падначаленыя Тота Вольфа – пад фініш гума на балідзе Макса будзе поўнасцю зношаная, і ён можа стаць лёгкай ахвярай для Льюіса. Таму з яго другім піт-стопам каманда цягнула да мяжы, правёўшы яго толькі на трыццаць сёмым кругу.

І сітуацыя пачала паўтарацца – Хэмілтан ледзь не па секундзе за адзін круг адыгрываў адставанне ад Ферстапена. Толькі было зразумела і тое, што ў Red Bull вядуць сваю гульню. Макс наўмысна не атакаваў, дазволіўшы Льюісу набліжацца да сябе, каб раней чым трэба на забіць шыны. І калі брытанец на апошніх кругах наблізіўся да яго амаль ушчыльную (у пэўны момант гандыкап паміж імі складаў меней секунды, што магло б дазволіць Льюісу скарыстаць DRS), Ферстапен прыбавіў, так і не падпусціўшы суперніка на адлегласць атакі.

Васямнаццатая перамога Макса ў яго кар’еры і восьмая ў гэтым сезоне выйшла валідольнай. Затое нідэрландзец да дванаццаці ачкоў павялічыў перавагу над Хэмілтанам у чэмпіянаце, і зараз мае 287,5. Мог бы і да трынаццаці, але Льюіс, фінішаваўшы другім, прыбраў бонусны бал за лепшы круг. Ботас са 185 ачкамі па-ранейшаму трэці, але ён камандзе ўчора не надта перамог, скончыўшы гонку шостым. Зрэшты, стартаваў ён праз замену рухавіка ўнутранага згарання ўвогуле дзявятым – са штрафам у пяць пазіцый.

Так што Red Bull дзякуючы трэцяму месцу Перэса на Гран Пры ЗША крыху наблізіўся да Мерсэдэса ў Кубку канструктараў – у аўстрыйскай каманды цяпер 437,5 бала супраць 460,5 у нямецкай. McLaren дзякуючы пятаму месцу Даніэля Рыкарда і восьмаму Ланда Норыса застаўся на трэцяй пазіцыі, але, маючы 254 ачкі, усяго на тры з паловай апярэджвае Ferrari, чые пілоты ўчора таксама выступілі нядрэнна – Шарль Леклер прыйшоў да фінішу чацвёртым, Карлас Сайнс сёмым.

Паміж турэцкім і амерыканскім этапамі была апублікаваная папярэдняя версія календара Формулы-1 на 2022 год. Запланаваныя рэкордныя 23 этапы, першы з якіх – Гран Пры Бахрэйна – пройдзе 18-20 сакавіка. Скончыцца сезон традыцыйна ў Абу-Дабі 20 лістапада. Такая адносна ранняя дата абумоўленая чэмпіянатам свету па футболе ў Катары, які будзе праходзіць з 21 лістапада па 18 снежня.

Галоўная навіна – згаданы вышэй Гран Пры Маямі. Пры гэтым не запланаваныя этапы ні ў Кітаі (праз працяг пандэміі каронавірусу), ні ў  Турцыі, ні ў Партугаліі. Праўда, як мы бачылі ў гэтым годзе, усё яшчэ можа змяніцца, і замена этапам у Аўстраліі, Канадзе, Сінгапуры і Японіі можа запатрабавацца ў любы момант.

Напрыклад, праз адмены гонак у календары гэтага сезону з’явіўся Гран Пры Катара, што 19-21 лістапада пройдзе на вядомай нам па MotoGP трасе Ласаіл у Дохе. Якая, дарэчы, з 2023 году прапішацца ў Формуле-1 на пастаяннай аснове – кантракт падпісаны на дзесяць гадоў. Наступны ж этап бягучага сезону – Гран Пры Мексікі – праз два тыдні прыме Аўтадром імя братоў Радрыгес у Мехіка.

Другие посты блога

Все посты