Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Няўдалы рэванш Mercedes. Макс Ферстапен не дазволіў Льюісу Хэмілтану перахапіць ініцыятыву ў Мексіцы

Няўдалы рэванш Mercedes. Макс Ферстапен не дазволіў Льюісу Хэмілтану перахапіць ініцыятыву ў Мексіцы

Гран Пры Мехіка скончыўся чарговай перамогай Макса Ферстапена. Льюіс Хэмілтан зрабіў усё ад яго залежнае, але нідэрландзец быў проста мацнейшым. Аднак у Мерсэдэсе не далі Рэд Булу рэалізаваць ідэальны сцэнарый.

8 ноября 2021, 19:23
3
Няўдалы рэванш Mercedes. Макс Ферстапен не дазволіў Льюісу Хэмілтану перахапіць ініцыятыву ў Мексіцы

Фота: formula1.com

Гран Пры Мехіка скончыўся чарговай перамогай Макса Ферстапена. Льюіс Хэмілтан зрабіў усё ад яго залежнае, але нідэрландзец быў проста мацнейшым. Аднак у Мерсэдэсе не далі Рэд Булу рэалізаваць ідэальны сцэнарый.

Перад доўгачаканым мексіканскім этапам Формулы-1 глава каманды Mercedes Тота Вольф агучыў намер выйграць (найперш намаганнямі Хэмілтана, вядома) усе Гран Пры, што засталіся. Толькі і Вялікі прыз Мехіка (менавіта сталіцы Мексікі, а не самой краіны) дастаўся ў выніку Ферстапену, і для напарніка Льюіса Валтары Ботаса учарашняя гонка на Аўтадроме імя братоў Радрыгес абярнулася катастрофай.

Пры гэтым стартаваў-та фінскі гоншчык, які развітваецца са Срэбранымі Стрэламі па сканчэнні гэтага сезону, з поўлу! Болей за гэта, за Мерсэдэсам быў увесь першы шэраг стартавай рашоткі. Хоць спачатку здавалася, што чэмпіёнскім балідам W12 E Performance не стае балансу, і па выніках другой сесіі свабодных заездаў у пятніцу, а таксама суботняй хутчэйшымі аказваліся Макс Ферстапен і Серхіа Перэс адпаведна.

Толькі ў кваліфікацыі не пашанцавала ўжо пілотам Red Bull. Прычым перашкодзіў ім у фінальным сегменце юны гадаванец доктара Хельмута Марка Юкі Цунода з малодшай каманды AlphaTauri. Мексіканца ў адзінаццатым павароце японец прапусціў неяк нязграбна, вымусіўшы таго адрульваць. У выніку Чэка апынуўся за межамі трасы, а Макс, перад вачыма якога гэта ўсё адбывалася, у вырашальнай спробе не змог палепшыць свой вынік, так і застаўшыся з трэцім – ззаду Хэмілтана і Ботаса, які і заваяваў поўл.

Пры гэтым машыны Mercedes быццам бы мелі перавагу на прамых участках мексіканскай трасы. Знаходзіцца яна на вышыні 2 285 метраў над узроўнем мора, і аэрадынаміка, якая магла б дазволіць гоншчыкам Red Bull быць хутчэй у паваротах, там амаль што не працуе. Антыкрылы на балідах павернутыя на такія ж вуглы, як у Манака, а прыціскной сілы пры гэтым меней чым у Монцы.

Але вось дык дзіва – Ферстапен лідарам увайшоў ў першы паварот, лёгка і прыгожа па вонкавым радыусе абагнаўшы ў ім Ботаса з Хэмілтанам пасля стартавага спурту. Фактычна, Макс выйграў гонку ужо ў той момант, таму што далей ён упэўнена кантраляваў гонку, не пакінуўшы шанцаў Хэмілтану. Тады як Ботас пра момант гэты хоча цяпер як можна хутчэй забыцца.

Добра б, калі б Валтары проста страціў лідарства на старце, дык пілот McLaren Даніэль Рыкарда нібы адпомсціў яму за інцыдэнт на старце Гран Пры Вугоршчыны, у якім сам аўстраліец і не пацярпеў. Каб не ўрэзацца цяпер у Хэмілтана, які змагаецца зараз за восьмы чэмпіёнскі тытул, Ботас перад першым паваротам пачаў тармазіць раней. Гэта стала нечаканасцю для Рыкарда, і той паддзеў фіна ззаду, у выніку чаго Валтары развярнула і ён адкаціўся ў хвост пелатону.

Там жа апынуўся і Дэн – на яго балідзе было зламана пярэдняе антыкрыло, якое прыйшлося мяняць. Боксы на першым жа кругу наведаў і Ботас – каб перайсці з шын Medium (C3) на Hard (C2). Добра хоць, што ад супернікаў абодва не надта адсталі, таму што гонка была нейтралізаваная аўтамабілем бяспекі – была патрэбная эвакуацыя балідаў Цуноды і Міка Шумахера, якія абодва сышлі ў выніку няўдалай атакі перад другім паваротам, адначасовай і з двух бакоў, на пераможцу вугорскага Гран Пры Эстэбана Акона.

Але пасля на рэстарту на чацвёртым кругу Рыкарда, які пазбег пакаранняў за стартавы інцыдэнт (суддзі палічылі яго гоначным), яшчэ і абагнаў Ботаса, і потым доўга яго стрымліваў. А на другім піт-стопе Ботаса адбылася замінка пры замене левага пярэдняга кола. Зняць яго, у адрозненні ад правага пярэдняга на Гран Пры Манака гэтага году, у механікаў атрымалася, але гонка для фіна ўсё роўна была страчаная. Таму пад канец, ужо на шэсцьдзесят шостым кругу, у Mercedes вырашылі мінімізаваць страты і адабраць у Ферстапена бонусны бал за лепшы круг, яшчэ раз пераабуўшы Валтары, цяпер ужо ў Soft (C4).

Спрацавала! Хай дадатковага ачка Ботас і не атрымаў, бо фінішаваў толькі пятнаццатым, але і Максу не даў гэтага зрабіць. Дый Хэмілтан, якому Перэс на апошніх кругах не даваў спакою, пад уціскам з боку мексіканца, за якога заўзелі ўсе трыбуны, выстаяў, фінішаваўшы другім. А гума на балідзе брытанца была на адзінаццаць кругоў старэйшай за тую, на якой фінальны адрэзак праводзіў Серхіа (абодва, як і Ферстапен, фінішавалі на «хардзе»).

Аднак і трэцім месцам Перэс быў цалкам задаволены – ён стаў першым мексіканцам, які падняўся на подыум на хатнім Гран Пры (а таксама які лідзіраваў на ім хаця б пару кругоў). Ферстапен жа стаў першым, перамог на Аўтадроме імя братоў Радрыгес тройчы (у 2017 і 2018 гадах ён гэта ўжо рабіў).

З герояў Гран Пры Мехіка другога плану ўвагі варты найперш П’ер Гаслі. Француз з AlphaTauri стартаваў пятым, а фінішаваў чацвёртым. І калі б не актыўнасць мексіканцаў на афіцыйным сайце Формулы-1, дзе яны Гоншчыкам дня абралі Перэса, Гаслі таксама мог бы атрымаць гэтае званне. Хаця і чатырохразовы чэмпіён Себасцьян Фетэль з каманды Aston Martin, які заняў сёмае месца пасля старту з адзінаццатага, таксама яго заслугоўваў. Як, дарэчы, і яго былы напарнік па Ferrari і чэмпіён 2007 года Кімі Райканен, які зараз завяршае кар’еру ў складзе Alfa Romeo і ў Мексіцы фінішаваў восьмым.

Ферстапен жа дзякуючы дзевятнаццатай перамозе ў сваёй кар’еры не толькі захаваў лідарства ў чэмпіянаце, але і да дзявятнаццаці ж ачкоў павялічыў адрыў у ім ад Хэмілтана. Цяпер у Макса 312,5 бала супраць 293,5 у Льюіса. Ботас, у якога так і засталося 185 ачкоў, захаваў трэцюю пазіцыю.

А вось McLaren у Кубку канструктараў яе аддаў Ferrari, у якой цяпер 268,5 бала. Рыкарда да першай дзясятцы ўчора так і не даехаў, фінішаваўшы дванаццатым, Ланда Норыс яе замкнуў (стартаваў брытанец пры гэтым праз замену сілавой устаноўкі толькі васямнаццатым), тады як Шарль Леклер і Карлас Сайнс атрымалі адмашкі клецістым сцягам пятым і шостым адпаведна. Mercedes жа, не дазволіўшы Рэд Булу ўзяць у Мексіцы максімум ачкоў, 478,5 мае ў Кубку канструктараў, дзе захаваў лідарства. Толькі аўстрыйскія канкурэнты цяпер адстаюць усяго на адзін бал.

Спаборніцтва паміж двума камандамі-лідарамі вострае, а працягнецца яно ўжо на гэтым тыдні ў Бразіліі. Толькі гэта зноў будзе Гран Пры не краіны, а горада Сан-Паўлу, дзе і знаходзіцца легендарны Аўтадром імя Жазэ Карлуса Пасэ, болей вядомы ўсім як Інтэрлагас. Прычым паколькі гэта будзе этап са спрынтам, то і падзей на ім будзе болей, чым звычайна, хоць у Бразіліі іх і так заўсёды бывае шмат. Выдатны бонус да і без таго цікавага і непрадказальнага сезону!

Другие посты блога

Все посты