Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Скандалы, інтрыгі і іх адсутнасць. У суботу ў Бахрэйне завяршыўся сезон чэмпіянату свету па аўтагонках на цягавітасць

Скандалы, інтрыгі і іх адсутнасць. У суботу ў Бахрэйне завяршыўся сезон чэмпіянату свету па аўтагонках на цягавітасць

Перад стартам 8 гадзін Бахрэйна інтрыгі ў гіперкарах не было. Затое яна была ў астатніх катэгорыях WEC, у адной з якіх у выніку справа дайшла да скандалу.

10 ноября 2021, 20:53
Скандалы, інтрыгі і іх адсутнасць. У суботу ў Бахрэйне завяршыўся сезон чэмпіянату свету па аўтагонках на цягавітасць

Фота: fiawec.com

Перад стартам 8 гадзін Бахрэйна інтрыгі ў гіперкарах не было. Затое яна была ў астатніх катэгорыях WEC, у адной з якіх у выніку справа дайшла да скандалу.

Ужо не першую перамогу ў камандным заліку WEC, але першую ў гісторыі катэгорыі гіперкараў Toyota атрымала яшчэ тыднем раней, па выніках 6 гадзін Бахрэйна. Так што ў старэйшай катэгорыі пытанне было толькі ў тым, застануцца чэмпіёнамі Майк Конвэй, Камуі Кабаяшы і Хасэ-Марыя Лопес з восьмага экіпажа, якія лідзіравалі ў чэмпіянаце напярэдадні фіналу, або пашанцуе Себасцьену Буэмі, Казукі Накаджыме і Брэндану Хартлі з сёмай машыны.

Апошнія стартавалі з поўлу, але у камандзе дазволілі сваім экіпажам спаборнічаць паміж сабой. У барацьбу гэтую умяшаўся быў і трыццаць шосты экіпаж Alpine Elf Matmut. Нікаля Лап’ер, які пачынаў гонку за стырном яго з Андрэ Нэгранам і Мацьё Ваксів’ерам Alpine A480, на старце апярэдзіў абодва гіперкары Toyota GR010 Hybrid і нават некаторы час стрымліваў іх ззаду.

Надта доўга, канечне, гэта не працягвалася, і хутка абодва экіпажы завадской каманды апынуліся ізноў наперадзе. А прататып Alpine на дваццаць пятым кругу раптоўна запаволіўся – выйшла з ладу і запатрабавала рамонту скрыня перадач. Машына Нэграна, Лап’ера і Ваксів’ера прастаяла ў боксах тры кругі, і пра спаборніцтва за перамогу для трыццаць шостага экіпажа гаворка ўжо дакладна не ішла. Хаця трэцяе месца ў абсалюце ён усё ж заняў.

Ну а перамога дасталася Буэмі, Накаджыме і Хартлі, якія апярэдзілі сястрынскую машыну на другой гадзіне. Для Казукі гэты поспех стаў развітальным – ён у мінулы ўік-энд завяршыў сваю гоначную кар’еру ў WEC. Конвэю ж, Кабаяшы і Лопесу і другога месца хапіла, каб абараніць свой чэмпіёнскі тытул.

Затое ў іншых катэгорыях сітуацыя магла хіснуцца ў любы бок. У тым ліку ў малодшых прататыпах LM P2, дзе і перамаглі, і чэмпіёнамі сталі Робін Фрайнс, Фердзінанд Габсбург і Шарль Мілесі з трыццаць першага экіпажа Team WRT. Толькі вось ім спачатку прыйшлося прарвацца з сёмай пазіцыі на старце, з чым трыа бельгійскага калектыву, зрэшты, справілася за першую палову дыстанцыі.

Варты ўвагі і выдатны старт Гіда ван дэр Гардэ з дваццаць дзявятага экіпажа каманды Racing Team Nederland, у якім таксама выступаюць Фрыц ван Ээрд і Йоб ван Уйтэрт. Гіда захапіў быў лідарства, якое затым утрымліваў цягам першых дзвюх гадзін, але затым экіпаж нідэрландцаў адкаціўся назад і фінішаваў толькі шостым. Атрымаўшы, аднак, перамогу і выйграўшы тытул у заліку LM P2 Pro/Am.

Крыху лепей – на чацвёртым месцы – гонку 8 гадзін Бахрэйна скончыў дваццаць другі экіпаж United Autosports, у якім выступалі Філіп Хансан, Фабіа Шэрэр і Філіпэ Альбукерке. Шанцы абараніць тытул яны страцілі даўно, але на фінальным этапе ўсё ж заваявалі поўл. Толькі ў гонцы хутчэйшымі аказаліся не толькі пераможцы, але і абодва экіпажы каманды Jota.

Трыццаць восьмы ў складзе Рабэрта Гансалеса, Антоніу Фелікса да Кошты і Энтані Дэвідсана (ён таксама завяршыў сваю дваццацідвухгадовую гоначную кар’еру) стартаваў трэцім, а фінішаваў другім, абагнаўшы яшчэ і сямідзясяты экіпаж Realteam Racing – Эстэбана Гарсію, Лойка Дзюваля і Нармана Нато, якія пачыналі гонку з другой пазіцыі.

Але яшчэ болей уражлівы прарыў на сваёй дваццаць восьмай машыне здзейснілі Шон Гелаэль, Стофель Вандорн і Том Бломквіст. Кваліфікаваліся яны толькі дзявятымі, а прарвацца здолелі на трэцяе месца. Чым яны могуць ганарыцца, але, канечне, нашмат болей ім хацелася б стаць чэмпіёнамі, чаго не атрымалася.

Аднак у LM P2 хоць усё скончылася мірна, без скандалу. А вось у LM GTE Pro ён толькі пачынаецца! І перамога Алесандра П’ер Гуідзі і Джэймса Калада з пяцьдзесят першага экіпажа AF Corse ў гонцы і ў чэмпіянаце пакуль знаходзіцца пад пытаннем.

Пачалося ўсё, на самой справе, яшчэ перад папярэднім этапам. Тады балансам прадукцыйнасці рухавікі завадскіх Ferrari 488 GTE Evo пазбавіліся дваццаці пяці конскіх сіл, чым гоншчыкі AF Corse, вядома, былі моцна незадаволеныя. Напярэдадні ж фіналу ім вярнулі крыху магутнасці, хай і меней паловы – толькі дванаццаць «коней». Што, аднак, дапамагло камандзе, і яе экіпажы ўжо ўсю дыстанцыю трымаліся паблізу ад канкурэнтаў з Porsche GT Team. Толькі блізкасць гэтая і абярнулася ў выніку непрыгожай сітуацыяй.

Усяго за пятнаццаць хвілін да сканчэння часу гонкі, калі пасля шматлікіх перастановак раней лідзіраваў дзевяноста другі экіпаж Кэвіна Эстрэ і Ніла Яні, да якіх на апошнім этапе далучыўся Міхаэль Крыстэнсэн і які якраз і быў у той момант за стырном, іх Porsche 911 RSR атрымаў лёгкі штурхель у карму ад пяцьдзесят першай Ferrari, у выніку чаго нямецкі спорткар развярнула.

За стырном італьянскага знаходзіўся П’ер Гуідзі, і менавіта яго суддзі палічылі вінаватым. Эпізод, праўда, быў неадназначным, бо і Крыстэнсэн паводзіў сябе нестандартным чынам – прапускаючы прататып каманды United Autosports, тармазіць датчанін пачаў раней, што і стала нечаканасцю для італьянца.

Таму гоначны дырэктар Эдуарду Фрэйташ проста дазволіў П’ер Гуідзі прапусціць Крыстэнсэна. Толькі калі Алесандра ўжо запаволіўся, каб зрабіць гэта, Міхаэль раптам звярнуў у боксы для кароткай дазапраўкі. У Porsche чакалі, што ў AF Corse прапусцяць іх экіпаж пазней, але суддзі залічылі тую спробу П’ер Гуідзі вярнуць канкурэнтам пазіцыю, і дазволілі яму захоўваць тую, на якой ён на той момант знаходзіўся.

А знаходзіўся ён на першай, на ёй і атрымаў адмашку клецістым сцягам. Толькі моцна Алесандра з Джэймсам не радаваліся, бо было зразумела, што ў Porsche будуць падаваць пратэст. Няёмка было ўсім, і незадаволенасць дзевяноста другога экіпажа, якую яны не саромеліся выказваць (на відэа з афіцыйнага акаунту WEC у Твітары вышэй), можна было зразумець. Як, зрэшты, і П’ер Гуідзі з Калада.

Пратэст каманда Porsche, канечне, падала, але ён хутка быў адхілены. Толькі кропку ў гэтай гісторыі ўсё роўна ставіць рана – нямецкая каманда падала пратэст ужо ў Міжнародны апеляцыйны суд FIA, так што вынікі гонкі 8 гадзін Бахрэйна ў катэгорыі LM GTE Pro пакуль што лічацца папярэднімі.

Вынікі ж наступныя: П’ер Гуідзі і Калада перамаглі, Эстрэ, Яні і Крыстэнсэн занялі другое месца, а Даніэль Сэра і Мігель Маліна з пяцьдзесят другога экіпажа AF Corse замкнулі першую тройку, апярэдзіўшы дзевяноста першы Porsche, на якім выступалі Джанмарыя Бруні, Рыхард Літц і Фрэдэрык Макавецкі.

У LM GTE Am абышлося без скандалаў, і там каманда AF Corse перамагла чыста. Яе восемдзесят трэці экіпаж у складзе Франсуа Перадо, Нікласа Нільсэна і Алесіа Равэры стартаваў другім, каб затым без асабістых цяжкасцей апярэдзіць сорак сёмы экіпаж Cetilar Racing, які пачынаў гонку з поўлу. Але Ferrari Рабэрта Лакортэ, Джорджыа Сэрнаджыота і Антоніа Фуока, пралідзіраваўшы пэўны час у пачатку гонкі, атрымала пстрычку ад семсот семдзесят сёмага Aston Martin Vantage AMR каманды D’Station, якім у той момант кіраваў Таманобу Фуджы і які атрымаў штрафны праезд па піт-лэйне. Яго з Сатошы Хашына і Эндру Уотсанам экіпаж фінішаваў толькі восьмым, а экіпаж Cetilar Racing заняў чацвёртае месца.

Не пашанцавала пераможцам шасцігадзіннай гонкі ў Бахрэйне тыднёвай даўніны – трыццаць трэцяму экіпажу TF Sport у складзе Бэна Кіцінга, Дзілана Перэйры і Фэліпэ Фрагі. Яны і стартавалі толькі пятымі, і кола пракалолі ў самым пачатку заезду ў выніку кантакту з завадскім дзевяноста восьмым Астан Марцінам Пола Дала-Ланы, Аўгушту Фарфуша і Маркаса Гомеса, а пазней у кантакце ўжо з пяцьдзесят чацвёртай Ferrari AF Corse (экіпаж Томаса Флёра, Франчэска Кастэлачы і Джанкарла Фізікелы) пашкодзілі стырнавую рэйку свайго Астан Марціна. Рамонт машыны доўжыўся больш за паўтары гадзіны, але паломку ўхіліць не атрымалася, і экіпаж сышоў з дыстанцыі.

Таму кампанію пераможцам на подыуме склалі экіпажы на Porsche 911 RSR. Другое месца заняў семдзесят сёмы – прадстаўнікоў Dempsey Proton Racing Крысціана Рыда, Джэксана Эванса і Мэта Кэмпбэла, якія прарваліся з дзявятай пазіцыі на старце. Трэцім фінішаваў пяцьдзесят шосты каманды Team Project 1 у складзе Эдзіджыа Перфэці, Матэа Кайролі і Рыкарда Пэры, якім па ходу гонкі прыйшлося пераадольваць наступствы не толькі чацвёртага кваліфікацыйнага выніку, але і хвіліннага штрафу Stop&Go.

Вынікі ж сезону WEC 2021 году наступныя. Конвэй, Кабаяшы і Лопес набралі 173 ачкі, на пяць апярэдзіўшы Буэмі, Накаджыму і Хартлі, якія сталі віцэ-чэмпіёнамі. Нэгран, Лап’ер і Ваксів’ер са 128 ачкамі замкнулі першую тройку заліку гоншчыкаў у гіперкарах.

Залік іх вытворцаў Toyota выйграла практычна ў адны вароты, набраўшы 206 балаў. Каманда Alpine Elf Matmut, якая выступала ўвесь час адной машынай і набрала, адпаведна, тыя ж 128 ачкоў, што і яе пілоты, заняла другое месца. Трэцім стаў калектыў Glickenhaus Racing, які за сезон здолеў зарабіць 37 балаў.

У Фрайнса, Габсбурга і Мілесі ў трафеі гоншчыкаў LM P2 набралі ў выніку 151 ачко, роўна на дваццаць апярэдзіўшы Гелаэля, Вандорна і Бломквіста. Яны ў сваю чаргу на дванаццаць абагналі сваіх партнёраў па камандзе Jota Гансалеса, да Кошту і Дэвідсана, якія занялі трэцяе месца.

Ну а становішча ў заліках GT будзе вызначаць Міжнародны апеляцыйны суд FIA. Пакуль што П’ер Гуідзі і Калада, у якіх 177 балаў, лічацца чэмпіёнамі, а Эстрэ і Яні, якія маюць 166 ачкоў, віцэ-чэмпіёнамі. Бруні і Літц са 111 баламі замыкаюць тройку мацнейшых. Адпаведна, Ferrari пакуль што лічыцца чэмпіёнам заліку вытворцаў катэгорыі GT і мае 291 ачко супраць 277 у Porsche.

Але негледзячы на надыходзячыя судовыя разборкі, сезон чэмпіянату свету па аўтагонках на цягавітасць можна лічыць скончаным. І хоць назваць яго відовішчным і прадказальным нельга чыста аб’ектыўна, цікавыя моманты былі і ў ім. Ну а будучыня WEC пакуль што выглядае яшчэ цікавейшай: новыя вытворцы збіраюцца прыйсці ў катэгорыю гіперкараў, або сапраўдныя гіперкары і рыхтуючы, або аб’ядноўваючыся з кампаніямі-вытворцамі шасі LM P2 для стварэння прататыпаў LMDh, кузаўная катэгорыя GTE збіраецца перайсці на тэхніку GT3.

Ды і гоншчыкі новыя з’явяцца абавязкова. І нешта мне падказвае, што Себасцьен Аж’е, які зараз праводзіць свой апошні сезон у чэмпіянаце свету па ралі і змагаецца там за восьмы чэмпіёнскі тытул, не проста так узяў удзел у тэстах навічкоў, што прайшлі ў тым жа Бахрэйне ў панядзелак (катаўся француз, вядома, на Таёце). Таму чакаем сакавіка і афіцыйных перадсезонных тэстаў, а затым і першага этапу ў амерыканскім Себрынгу!

Другие посты блога

Все посты