Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Нарэшце пра спрынт! І пра чыстую перамогу Льюіса Хэмілтана на Гран Пры Сан-Паўлу

Нарэшце пра спрынт! І пра чыстую перамогу Льюіса Хэмілтана на Гран Пры Сан-Паўлу

Да сяміразовага і дзейснага чэмпіёна Формулы-1 і да каманды Mercedes можна ставіцца па-рознаму. Але нават іх ненавіснікі мусяць прызнаць, што яны сталі сапраўднымі героямі бразільскага этапу.

15 ноября 2021, 17:30
Нарэшце пра спрынт! І пра чыстую перамогу Льюіса Хэмілтана на Гран Пры Сан-Паўлу

Фота: formula1.com

Да сяміразовага і дзейснага чэмпіёна Формулы-1 і да каманды Mercedes можна ставіцца па-рознаму. Але нават іх ненавіснікі мусяць прызнаць, што яны сталі сапраўднымі героямі бразільскага этапу.

Гран Пры Сан-Паўлу стаў трэцім і апошнім у гэтым годзе этапам Формулы-1 з суботнім кваліфікацыйным спрынтам. І першым, пасля якога можна больш увагі надаць непасродна фармату, які і дапамог бліснуць Льюісу Хэмілтану нават пасля пакарання. Без спрэчных момантаў яго спаборніцтва з Максам Ферстапенам не абышлося ізноў, затое абышлося без сутыкненняў, як на Сільверстоўне і ў Монцы.

Перад этапам на Аўтадроме імя Жазэ Карлуса Пасэ, які ўсе прывыклі называць Інтэрлагасам, эксперты аддавалі перавагу менавіта нідэрландскаму пілоту і яго камандзе Red Bull, тым больш што тыднем раней Ферстапен без асабістых цяжкасцей перамог у Мехіка. Да таго ж, у Бразіліі Хэмілтан атрымаў новы рухавік унутранага згарання, прычым гэтая замена была пазапланавай, а таму брытанец пазбаўляўся пяці пазіцый на старце нядзельнай гонцы.

Але паміж ёй і кваліфікацыяй, якая праходзіла ў пятніцу, быў суботні спрынт, які і вызначае стартаваю рашотку ў нядзелю. Толькі і ў ім задача Льюіса ўскладнілася! Танцы ў калгасе пачаліся амаль адразу пасля пятнічнай кваліфікацыі, у якой гоншчык Mercedes перамог. Выявілася, што адлегласць паміж элементамі сістэмы DRS на заднім антыкрыле яго баліда справа была на 0,2 міліметры болей за дазволеныя 85 міліметраў.

Суддзі амаль суткі вырашалі, што рабіць, выслухвалі апраўданні каманды. Было відавочна, што да парушэння прывяла паломка непасродна на трасе, а не нейкія наўмысныя дзеянні. Таму Хэмілтан у выніку быў дыскваліфікаваны, але дапушчаны на старт спрынта, які пачынаў з апошняй пазіцыі. І па выніках якога – бо гэта ён і лічыцца кваліфікацыяй – Льюіс атрымліваў яшчэ і штраф у пяць пазіцый за замену матора.

Паспрыяла яна хуткасці баліду чэмпіёна, як пазней сцвярджаў Ферстапен, ці не, сказаць цяжка. Я схіляюся да думкі, што наўрад ці. Усе ўжо стаміліся казаць пра «самавоз», на якім Хэмілтан выступае некалькі апошніх сезонаў. Было б дзіўна, калі б у Mercedes раптам зрабілі павольны і неканкурэнтаздольны балід да змены рэгламенту. Не, Срэбраныя Стрэлы па-ранейшаму лётаюць хутка і мэты свае паражаюць паспяхова. Проста ў гэтым годзе ў іх з’явіўся годны канкурэнт.

Годны, але пераможны, што на старце спрынту даказаў нават Валтары Ботас. Ён кароткую гонку пасля дыскваліфікацыі свайго напарніка пачынаў з другой пазіцыі, але яшчэ да першага павароту апярэдзіў Ферстапена. Макс, дарэчы, пасля пятнічнай кваліфікацыі таксама быў пакараны, толькі ўжо грашыма. 50 000 еўра ён мусіў быў сплаціць за тое, што ў рэжыме закрытага парку дакрануўся да таго самага задняга антыкрыла баліда Хэмілтана, парушыўшы правілы (рабіць гэта дазволена толькі прадстаўнікам FIA).

Зрэшты, грашовыя штрафы за гоншчыкаў звычайна сплочваюць іх каманды. Горай для Макса было, што вярнуць сабе першую пазіцыю ў яго ў спрынце так і не атрымалася – на прамых угнацца за Ботасам было амаль немагчыма. Прычым мяккія шыны (у Бразіліі гэта быў кампаўнд C4 – другі зверху па мяккасці) на балідзе фіна вытрывалі. Канечне, на апошніх кругах хутчэйшым быў Ферстапен, які стартаваў на саставе Medium, але ізноў жа наблізіцца на адлегласць атакі да хуткага на прамых Мерсэдэса Валтары ў яго не атрымлівалася.

Ды і напарнік Макса па Red Bull Серхіа Перэс выступіў не так удала, як ад яго чакалі. На ён прапусціў пілота Ferrari Карласа Сайнса, а потым таксама так яго і не абагнаў, аддаўшы яму апошняе ачко за трэцяе месца. А ззаду мексіканца фінішаваў Хэмілтан. Так, на «самавозе». Так, на трасе, на якой на «самавозе» абганяць лёгка. Але вынік усё роўна ўражваў і празрыста намякаў на тое, што нават пры старце з дзясятай пазіцыі ў нядзелю менавіта Льюіс стане галоўным героем.

Так і сталася. Ферстапен на старце адыграў толькі адну пазіцыю (а болей і не мог, бо спераду быў толькі Ботас), а Хэмілтан – чатыры. А за наступныя тры кругі яшчэ дзве. Ну а Ботас на шостым кругу прапусціў Льюіса без супраціву. Яшчэ і суддзі дапамаглі, выпусціўшы на трасу аўтамабіль бяспекі, каб можна было прыбраць пярэдняе антыкрыло і яго абломкі ад баліда Юкі Цуноды. Пілот AlphaTauri крыху раней не падзяліў у першым павароце трасу з Лэнсам Стролам з Aston Martin, за што пазней быў пакараны дзесяцісекундным штрафам.

Толькі і гоншчыкі Red Bull (Перэс прарваўся на другую пазіцыю яшчэ на старце) не сталі для Хэмілтана такой ужо лёгкай здабычай. Атака брытанца на Серхіа ў звязцы першага, другога і трэцяга паваротаў на восямнаццатым кругу завяршылася ўдачай, але мексіканец гэтак жа ўдала контратакаваў з дапамогай DRS перад чацвёртым паваротам. І толькі на наступным кругу чэмпіён ужо канчаткова абагнаў Чэка.

А вось спроба падрэзкі з боку Mercedes не ўдалася. Хэмілтан перайшоў з Medium на Hard на дваццаць восьмым кругу, а Ферстапен кругам пазней, вярнуўшыся на трасу перад канкурэнтам. На сваіх пазіцыях абодва засталіся і пасля сваіх другіх піт-стопаў, прычым Макс яго зрабіў раней – на сорак першым кругу, за тры раней да Льюіса (абодва засталіся на жорсткіх шынах).

Барацьба паміж канкурэнтамі ў барацьбе за тытул пасля гэтага перайшла ў гарачую фазу, і гэта не метафара. Эпізод, калі на сорак восьмым кругу ў чацвёртым павароце Ферстапен, абараняючыся, выехаў за межы трасы, многіх прымусіў успомніць Гран Пры Канады 2019 года, калі за падобнае парушэнне чатырохразовы чэмпіён Себасцьян Фетэль, які тады выступаў за Ferrari (і які, дарэчы, неаднаразова самавольна і беспакарана інспектаваў чужыя баліды), быў пазбаўлены перамогі.

На гэты раз суддзі не знайшлі неабходнасці караць Ферстапена. Відаць, іх задаволіла і тое, што і Хэмілтан разам з ім апынуўся за межамі трасы, і тое, што яшчэ да гэтага моманту Макс прасунуўся наперад. У Mercedes, вядома, былі моцна незадаволеныя, аднак дырэктар гонкі Майкл Масі быў непахісны, ды і рашэнні аб санкцыях прымае не ён. Хаця эпізод, трэба прызнаць, небясспрэчны.

А вось вілянне па трасе Ферстапена кругам пазней, калі ён перад тым жа чацвёртым паваротам ізноў абараняўся ад Хэмілтана (марнае – Льюіс здзейсніў чысты абгон, узначаліўшы гонку), наступствы мела – пілота Red Bull папярэдзілі чорна-белым сцягам. Дарэчы, у выніку менавіта яго падобных дзеянняў гоншчыкам некалькі гадоў таму і забаранілі падчас абароны мяняць траекторыю болей аднаго разу.

Ззаду ў Макса заставаўся хуткі Ботас, які таксама паступова накочваў, але фін нідэрландца не дагнаў, застаўшыся трэцім. Затое Перэс пасля другога піт-стопу апынуўся ў яго ззаду і потым таксама моцна адстаў. На гэта ў Red Bull адказалі гэтак жа, як ужо неаднаразова на хуткасць самога Серхіа і Макса адказвалі ў Mercedes – перад апошнім кругам мексіканец правёў яшчэ адзін піт-стоп, атрымаў на ім мяккія шыны і сцягнуў бонуснае ачко за лепшы круг у гонцы, захаваўшы і чацвёртае месца.

Ну а Хэмілтан перамог у сто першы раз у сваёй кар’еры. Так, на «самавозе». Так, на трасе, на якой на «самавозе» абганяць лёгка. Толькі на гэты раз у яго былі моцныя і годныя супернікі, у якіх стартавыя пазіцыі былі камфортнейшыя. Так што перад Льюісам і камандай Mercedes застаецца толькі зняць капялюш – учора яны былі мацнейшымі. І нават штраф у 5 000 еўра, які суддзі пасля фінішу выпісалі Хэмілтану за тое, што ён зарана расшпіліў рамяні бяспекі, не сапсаваў настрой ні яму, ні Тота Вольфу. Глава Mercedes жа потым, напэўна, яшчэ і павесяліўся, калі пабачыў, што сам стаў героем мемаў – тэлекамера злавіла яго задаволены жэст пасля пераможнага абгону ў выкананні яго падначаленага.

Пры гэтым у Кубку канструктараў, дзе Mercedes мае цяпер 521,5 ачкі, ён не толькі захаваў лідарства, але і з аднаго да адзінаццаці балаў павялічыў адрыў ад Red Bull. Пашанцавала і Ferrari – Скудэрыя, застаўшыся на трэцяй пазіцыі з 287,5 бала, на 31,5 апярэджвае цяпер McLaren. Шарль Леклер і Карлас Сайнс учора фінішавалі пятым і шостым адпаведна, тады як Ланда Норыс замкнуў першую дзясятку, а Даніэль Рыкарда сышоў з дыстанцыі на сорак дзявятым кругу праз праблемы з сілавой устаноўкай.

У асабістым жа заліку з 332,5 ачка працягвае лідзіраваць Ферстапен, але Хэмілтан сваё адставанне ад яго скараціў да чатырнаццаці ачкоў. Ботас па-ранейшаму замыкае першую тройку і мае 203 балы. Але канчатковыя падлікі рабіць мы, здаецца, будзем толькі па выніках фінальнага Гран Пры Абу-Дабі, перад якімі ўпершыню ў Формуле-1 будуць разыграныя Вялікія прызы таксама Катара і Саудаўскай Аравіі.

І, улічваючы, што ні вядомая нам па MotoGP стацыянарная траса Ласаіл у Дохе, ні гарадская траса ў Джыдзе нікому з удзельнікаў каралеўскіх аўтагонак незнаёмыя, сітуацыя ў чэмпіянаце на кожнай з іх можа змяніцца самым нечаканым чынам. Працягу чакаць нядоўга – катарскі этап пройдзе ўжо ў бліжэйшы ўік-энд.

Другие посты блога

Все посты