Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Удалы дэбют у Формуле-1 Гран Пры Катара, частковы рэванш на ім чэмпіёнаў і подыум Фернанда Алонса

Удалы дэбют у Формуле-1 Гран Пры Катара, частковы рэванш на ім чэмпіёнаў і подыум Фернанда Алонса

Сто другі поўл, сто другая перамога – ці мог Льюіс Хэмілтан правесці мінулы ўік-энд лепей? Мог! Як і каманда Mercedes у цэлым. Дый ад Red Bull усе чакалі большага. Затое ўжо ў Alpine дакладна скочылі вышэй за галаву!

22 ноября 2021, 15:56
Удалы дэбют у Формуле-1 Гран Пры Катара, частковы рэванш на ім чэмпіёнаў і подыум Фернанда Алонса

Фота: formula1.com

Сто другі поўл, сто другая перамога – ці мог Льюіс Хэмілтан правесці мінулы ўік-энд лепей? Мог! Як і каманда Mercedes у цэлым. Дый ад Red Bull усе чакалі большага. Затое ўжо ў Alpine дакладна скочылі вышэй за галаву!

Уключэнне трасы Ласаіл, што ў сталіцы Катары Дохе, у каляндар Формулы-1 у гэтым годзе было вымушанае – трэба было нечым замяніць адменены Гран Пры Аўстраліі. Існуе яна даўно, яшчэ з 2004 года, але разлічаная найперш на матацыклетныя спаборніцтвы (MotoGP і сусветны Супербайк гасцююць на ёй рэгулярна), і аўтамабільныя гонкі туды прыязджаюць рэдка.

З сусветных аўтагоначных першынстваў там да гэтага раней быў толькі Турынг – чэмпіянат свету WTCC і ўжо Кубак свету WTCR у перыяд з 2015 па 2017 год. Формула-1, відавочна, ад яго моцна адрозніваецца, таму чаго чакаць ад першага ў яе гісторыі Гран Пры Катара, напярэдадні не ведаў ніхто.

Больш ці менш зразумела было толькі тое, што трафік у кваліфікацыі будзе праблемай, бо траса хоць і доўгая (5 380 метраў), але цесная, і што шынны фактар будзе вырашальным. Асабіста ўлічваючы гонку пад штучным асвятленнем, што значыла, што асфальт будзе паступова астываць і счапленне пакрышак з ім будзе пагаршацца.

Пра абгоны ўсе гаварылі асцярожна, якраз па прычыне цеснаты. Доўгая прамая на Ласаіле адзіная – галоўная, павароты ў асноўным павольныя, правільная для чатырохколавых балідаў у іх адзіная. Аднак гэта, як выявілася, зусім не стала праблемай, і ўчарашняя гонка выйшла падзейнай і цікавай. Толькі ці ў самой справе цікавай?

Прызнавайцеся: вам жа таксама ўжо надакучылі перамогі Льюіса Хэмілтана, хоць учора ён атрымаў толькі другую запар! Перад Гран Пры Мехіка глава Mercedes Тота Вольф гразіўся, што яго падначаленыя (дакладней, галоўны з падначаленых) гатовыя выйграць усе этапы, што засталіся. У Мексіцы не атрымалася, затое ў Бразіліі ды яшчэ з новым маторам Хэмілтана было не стрымаць нават шматлікімі пакараннямі.

У Катары Льюіс праблем пазбег, і адразу быў ці не галоўным фаварытам этапу. На карысць яму быў і выбар саставаў шын – Pirelli на Ласаіл прывезла самыя жорсткія, C1, C2 і C3 (Hard, Medium і Soft адпаведна), а іх патэнцыял мерсэдэсаўскае шасі раскрывае лепей, на што я звяртаў увагу яшчэ вясной пасля Гран Пры Партугаліі і Іспаніі.

Ну і профіль у катарскай трасы падманлівы. Павольнай яна толькі падаецца, тады як на самой справе сярэдняя хуткасць тут блізкая да такой у Монцы, і ў гонцы ў тагож Льюіса склала 217,812 км/г. Так што і новы матор, па ўсяму відаць, яшчэ і ў дапрацаванай версіі, таксама даваў перавагу сяміразоваму і дзейснаму чэмпіёну.

У выніку сто другі ў яго кар’еры поўл, які брытанец здабыў у суботу, нікога не здзівіў. Яго час – 1:20.827 – цяпер, дарэчы, ёсць і абсалютным рэкордам трасы. Ферстапен падзяліў з Хэмілтанам першы шэраг, але быў павольнейшы ажно на 0,597 секунды, і гэта было шмат. А пасля кваліфікацыі выявілася, што свой вынік пілот Red Bull паказаў у зоне дзеяння падвоеных жоўтых сцягоў (П’ер Гаслі з AlphaTauri пашкодзіў свой балід, наехаўшы на парэбрык), за што ў нядзелю незадоўга да старту атрымаў штраф у пяць пазіцый.

Гоншчык Ferrari Карлас Сайнс і напарнік Хэмілтана Валтары Ботас патрапілі пад адзіночныя жоўтыя сцягі, але толькі іспанец, як пазней вырашылі суддзі, дастаткова запаволіўся. Таму і Ботас, які кваліфікаваўся трэцім, атрымаў штраф, але ў тры пазіцыі. Перад Ферстапенам фін апынуўся ўсё роўна, толькі на старце гонкі гэта яму не дапамагло, а пазней яго падвяла саманадзейнасць – яго самога і яго гоначнага інжынера.

Стартаваў Ботас дрэнна, адкаціўшыся на адзінаццатую пазіцыю. З якой, дарэчы, гонку пачынаў напарнік Ферстапена Серхіа Перэс. У кваліфікацыі каманда, па яго словах, памылілася з наладамі яго баліда, праз што мексіканец не прайшоў у фінал. Затое ў гонцы Чэка быў на вышыні – адразу прарваўся ў першую дзясятку і працягнуў шлях наверх затым.

Добра пачаў і Ферстапен. Макс ужо на старце адыграў тры пазіцыі, а на пятым кругу адабраў другую у Фернанда Алонса, які раней сам абагнаў Гаслі. Двухразовы чэмпіён і так нядрэнна кваліфікаваўся, а пасля пакаранняў Ферстапена і Ботаса апынуўся на трэцяй пазіцыі. Якую разам з Alpine, да іх гонару, затым выкарыстаў напоўніцу.

Так, ад Хэмілтана з Ферстапенам Фернанда хутка моцна адстаў, а потым і Перэса прапусціў наперад. Толькі, відаць, у выпадку з Серхіа ў Red Bull, відаць, вырашылі падстрахавацца, заклікаўшы яго на піт-стоп на сорак першым кругу і вярнуўшы на «медыум» пасля адрэзку на «хардзе». Ботас на той момант у гонцы яшчэ заставаўся і тэарэтычна мог адабраць лепшы круг у кагосьці з прадстаўнікоў Red Bull.

Толькі сам фін дадатковае ачко ўжо б не атрымаў, таму што доўгі адрэзак на шынах Medium, яшчэ і скарыстаных. У Мерсэдэсе рызыкавалі, каб правесці гонку з адзіным піт-стопам для Валтары, які пасля няўдачы на старце яшчэ і ў трафіку захрас. Рызыка гэтая магла б вывесці яго на подыум, але замест гэтага абярнулася адваротным бокам.

Левая пярэдняя шына на балідзе Ботаса ў выніку не вытрымала і пракалолася. Піт-стоп у выніку выйшаў пазапланавы, Валтары замянілі яшчэ і пярэдняе антыкрыло, і адкаціўся ён далёка за межы першай дзясяткі. А на сорак восьмым кругу ўвогуле сышоў з дыстанцыі праз механічныя праблемы – наступствы праколу.

Таму рызыка ў выпадку з Перэсам, калі яна мела месца на самой справе, была лішняй. Алонса пераадолеў дыстанцыю з адзіным піт-стопам (Хэмілтан і Ферстапен былі на стратэгіі двух змен гумы) на мяжы дваццаць трэцяга і дваццаць чацвёртага кругоў, і пад канец на ўжо моцна зношаным «хардзе» саступаў Серхіа ў тэмпе, але дагнаць і абагнаць яго Перэс не паспеў, аддаўшы яму трэцяе месца.

Дарэчы, і напарнік Фернанда і пераможца Гран Пры Вугоршчыны гэтага года Эстэбан Акон і ў Катары выступіў выдатна, фінішаваўшы пятым. Подыум жа самога іспанца стаў для яго першым з Гран Пры таксама Вугоршчыны, але ажно 2014 года! Заўзятары цалкам заслужана назвалі Фернанда Гоншчыкам дня.

У Red Bull жа пры гэтым падстрахаваліся і з Ферстапенам. За Хэмілтанам яму было не ўгнацца, Алонса быў далёка ззаду, таму на пяцьдзесят пятым кругу з пяцідзесяці сямі Макс наведаў піт-лэйн у трэці раз, атрымаў Soft і фінальны круг запісаў на сваё імя як лепшы ў гонцы, атрымаўшы і бонусны бал. Што таксама было рызыкай, бо рабілася гэта ўсё ў рэжыме віртуальнага аўтамабіля бяспекі (патрабавалася эвакуацыя з трасы баліда Нікаласа Лаціфі, на якім некалькімі кругамі раней таксама не вытрывала пярэдняя левая шына). Але калі Хэмілтан пачаў фінальны круг, было ізноў дадзенае зялёнае святло, і задума Чырвоных Быкоў спрацавала.

Іх глава Крысціан Хорнэр мог быць у цэлым задаволены такой сітуацыяй. І, верагодна, пашкадаваў аб сваіх рэзкіх словах на адрас маршала, праз рашэнне якога аб падвоеных жоўтых сцягах Ферстапен застаўся без другой стартавай пазіцыі – Хорнэр назваў яго ашуканцам. Аднак Міжнародная аўтамабільная федэрацыя прымусіла яго пашкадаваць дадаткова. Крысціана абавязалі асабіста прынесці маршалу выбачэнні і прыняць удзел у Міжнароднай праграме сцюардаў FIA ў лютым настунага года.

Затое ў Кубку канструктараў Red Bull ізноў наблізіўся да Mercedes. Апошні па-ранейшаму лідзіруе, маючы 546,5 ачка, але першы саступае ўсяго пяць. Ferrari пакрысе замацоўваецца на трэцяй пазіцыі. Пасля ўчарашняй гонкі ў Скудэрыі 297,5 бала супраць 258 у McLaren, толькі адзін з пілотаў якога – Ланда Норыс – учора даехаў да ачкоў (брытанец фінішаваў дзявятым). Тады як Сайнс учора заняў сёмае месца, а Шарль Леклер восьмае. Варты ўвагі і двайны ачковы фініш на Гран Пры Катара каманды Aston Martin – Лэнс Строл фінішаваў шостым, Себасцьян Фетэль дзясятым.

У асабістым заліку сітуацыя адваротная. Ферстапен тут лідарства захаваў, і мае 351,5 ачка, але Хэмілтан ад яго адстае цяпер толькі на восем. Інтрыга за два этапы да канца абвастрылася зноў, як і ў Кубку канструктараў! Прычым і за трэцюю пазіцыю наспявае барацьба – яе пакуль што з 203 баламі займае Ботас, але ў Перэса, які на чацвёртай пазіцыі, цяпер 190 ачкоў.

Што ж да трасы Ласаіл, то калі з 2023 года менавіта яна будзе прымаць Формулу-1 на пастаяннай аснове (у наступным годзе гонкі там не будзе праз перасячэнне з чэмпіянатам свету па футболе), неяк перарабляць яе канфігурацыю не спатрэбіцца. Цяперашняя які мінімум не замінае шчыльнай барацьбе і абгонам.

Чаго чакаць ад новай трасы ў Джыдзе, якая праз два тыдні прыме яшчэ адзін першы ў гісторыі Формулы-1 Гран Пры – Саудаўскай Аравіі – на сёння не ведае ніхто. Як не ведалі, ці будзе яна ў прынцыпе дабудаваная да прыезду туды ўдзельнікаў чэмпіянату свету. Аднак арганізатары днямі запэўнілі, што гонку яна ў любым выпадку прыняць зможа, хаця будаўнічая тэхніка адтуль з’едзе толькі за дзень да пачатку Гран Пры.

Чакаем наступнага этапу з велізарнай цікавасцю!

Другие посты блога

Все посты