Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Віцэ-чэмпіёнства Ларэны і гол прэстыжу Лук’янюка. Ралі Канарскіх выспаў завяршыла сезон чэмпіянату Еўропы

Віцэ-чэмпіёнства Ларэны і гол прэстыжу Лук’янюка. Ралі Канарскіх выспаў завяршыла сезон чэмпіянату Еўропы

Двухразовы, але цяпер ужо былы чэмпіён Еўропы па ралі Аляксей Лук’янюк у трэці раз у сваёй кар’еры выйграў ралі Канарскіх выспаў. А Эфрэн Ларэна, заняўшы на ім другое месца, стаў віцэ-чэмпіёнам першынства Старога Свету.

25 ноября 2021, 14:21
Віцэ-чэмпіёнства Ларэны і гол прэстыжу Лук’янюка. Ралі Канарскіх выспаў завяршыла сезон чэмпіянату Еўропы

Фота: fiaerc.com

Двухразовы, але цяпер ужо былы чэмпіён Еўропы па ралі Аляксей Лук’янюк у трэці раз у сваёй кар’еры выйграў ралі Канарскіх выспаў. А Эфрэн Ларэна, заняўшы на ім другое месца, стаў віцэ-чэмпіёнам першынства Старога Свету.

Апошні этап ERC, які прайшоў у мінулы ўік-энд, мусіў быў даць адказы толькі на другарадныя пытанні. Андрэас Мікельсэн заваяваў тытул яшчэ па выніках папярэдняга ралі Вугоршчыны, і на гэты раз аддаў перавагу чэмпіянату свету, стартаваўшы на ралі Монцы. На Канарскіх жа выспах вырашаўся лёс другой і трэцяй пазіцый чэмпіянату еўрапейскага.

Другая, канечне, болей прывабная, і яе перад фіналам сезону займаў польскі гоншчык Міка Марчык. Яму б і быць віцэ-чэмпіёнам, бо фізічна ёг быў хутчэйшым за іспанца Эфрэна Ларэну, які быў яго пераследнікам. І менавіта Міка заняў бы другое месца па выніках ралі Канарскіх выспаў, калі б яшчэ ў пятніцу на чацвёртым спецучастку не дапусціў фальстарт. Менавіта штрафныя дзесяць секунд за гэта і апусцілі Марчыка на выніковае трэцяе месца. Без іх Міка апярэджваў бы Эфрэна на 2,8 секунды, а так саступіў яму 7,2.

Ларэна на сваёй Škoda Fabia Rally2 Evo, такой жа, як і ў паляка, дыстанцыю хатняга этапу пераадолеў чыста, не дапусціўшы памылак. Але ўгнацца за Лук’янюком на яго Citroën C3 Rally2 было немагчыма, прытым што і Аляксей дзесяцісекунднага штрафу не пазбег, зачапіўшы рэтардэр на другім допе. І ўсё роўна выйграў восем з дзевяці пятнічных, і ўсе восем суботніх, апярэдзіўшы ў выніку Ларэну на 52,3 секунды.

Лукас аформіў ужо трэцюю перамогу на ралі Канарскіх выспаў (расіянін выйграў яго ў 2017 і 2018 гадах за стырном яшчэ Ford Fiesta R5), але стаць віцэ-чэмпіёнам Еўропы ў яго не атрымалася – ён заняў толькі чацвёртае месца, набраўшы 135 ачкоў. Другім жа стаў Ларэна, які ў гэтым годзе выступаў болей стабільна і зарабіў 153 балы, усяго на два апярэдзіўшы Марчыка.

Цікава, дарэчы, што Сара Фернандэс, якая правяла ўвесь сезон справа ад Ларэны, стала чэмпіёнам у штурманскім заліку. Ко-драйверы Мікельсэна па ходу сезону мяняліся некалькі разоў, таму 191 ачко засталося толькі на яго рахунку. Каманда Toksport WRT, за якую нарвежац выступае, выйграла свой залік з 411 ачкамі. Другое месца дасталася калектыву Rallye Team Spain, які набраў 370 балаў, замкнула першую тройку каманда Porvoon Autopalvelu, у якой 177 ачкоў.

Пакуль што не апублікаваны каляндар чэмпіянату Еўропы па ралі на наступны год, але, па папярэдняй інфармацыі, у ім застануцца ўсе восем этапаў, што былі ў цяпер ужо мінулым сезоне. А магчыма дадасца і дзявяты – ралі Іпру ў Бельгіі, якое ў гэтым годзе было этапам чэмпіянату свету.

Дарэчы, прамоўтэр WRC, кампанія Discovery Sports Events, стане прамоўтэрам і еўрапейскага першынства. Адпаведны кантракт з кампаніяй Eurosport Events скончыўся ў гэтым годзе, аднак трансляцыі этапаў ERC на тэлеканале Eurosport, наколькі можна зразумець з афіцыйных заяў, працягнуцца і далей. Хаця «Гоначная псіхапатыя» будзе сачыць за еўрапейскім ралійным чэмпіянатам у любым выпадку.

Другие посты блога

Все посты