Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!
Блог

Фінал, якога мы хацелі і не хацелі. Гран Пры Абу-Дабі запомніўся фенаменальнай развязкай і спрэчным судзействам

Фота: formula1.com

Заўжды файна, калі барацьба за чэмпіёнскі тытул завяршаецца не проста ў апошняй гонцы сезону, а на яе апошнім кругу. Дрэнна, калі пасля гэтага распачынаюцца разборкі ў судзейскіх пакоях і пратэсты. І перамога Макса Ферстапена на Гран Пры Абу-Дабі і яго чэмпіёнства яшчэ могуць быць аспрэчаныя.

Тым не менш ужо зараз можна прызнаць, што сезон Формулы-1 2021 году ўдаўся, а тытул узяў лепшы і мацнейшы. У дзеяннях канкрэтна Макса Ферстапена ніякага крыміналу не было, хіба што ён па трасе павіляў, абараняючыся ад контратак з боку Льюіса Хэмілтана, якога толькі што абагнаў. Калі было за што чапляцца суддзям, дык толькі за гэты эпізод, але яго якраз пакінулі без увагі. Затое пад разгляд патрапілі іншыя – пасля пратэсту з боку каманды Mercedes ужо пасля фінішу.

Аднак спачатку хацелася б проста звярнуць увагу на тое, як Ферстапену і яго камандзе Red Bull пашанцавала. Тым больш што спачатку ні пра якое шанцаванне гаворкі не ішло. Скончылася яно ў суботу, калі Макс заваяваў поўл на абноўленай трасе Яс Марына. У гэтым годзе на ёй перарабілі некаторыя павароты, пра што я расказваў тыднем раней, падводзячы вынікі Гран Пры Саудаўскай Аравіі.

У выніку яна стала карацейшай на 273 метры і значна хутчэйшай. Абсалютны рэкорд папярэдняй канфігурацыі, які Льюіс Хэмілтан усталяваў у 2019 годзе, складаў 1:34,779. У мінулую ж суботу Ферстапен прамчаў па трасе ў лепшай спробе за 1:22,109. Свой лепшы вынік у другім кваліфікацыйным сегменце Макс паказаў на шынах Soft – самым мяккім кампаўндзе С5, тады як Хэмілтан зрабіў гэта на болей жорсткім С4 – «медыуме».

Адпаведна, на гэтых камплектах нідэрландзец і брытанец мусілі стартаваць, што лепей удалася якраз Льюісу, які на рашотцы быў другім. Адзінае, чым Ферстапен паспрабаваў адказаць – гэта контратака на першым кругу ў сёмым павароце, калі ён выціснуў Хэмілтана за межы трасы, а той зрэзаў па зоне бяспекі і застаўся лідарам.

З аднаго боку, суддзі вярнулі пілоту Mercedes доўг за Гран Пры Сан-Паўлу, калі ў падобнай сітуацыі пры атацы ўжо з яго боку пазіцыю захаваў Макс. З іншай, за ізноў жа падобны эпізод Ферстапена пакаралі тыднем раней у Джыдзе. Карацей, да суддзяў з’явілася першае пытанне, прытым што неабходнасці разглядаць гэты інцыдэнт яны не знайшлі. Дырэктар гонкі Майкл Масі даволі нязграбна апраўдаўся тым, што Ферстапен выціснуў Хэмілтана і сам дапусціў парушэнне. Ну так, выціснуў, жорстка атакаваўшы. А жорсткія атакі ў Формуле-1 ужо забароненыя?

Карацей, Льюіс застаўся наперадзе, але нават калі б і атрымаў загад вярнуць пазіцыю суперніку, наўрад ці б надоўга затрымаўся за яго спінай. Нават на болей жорсткіх шынах сяміразовы чэмпіён быў хутчэй, чым яго апанент на мяккіх, пра што сведчыла адставанне Макса, якое ўсё павялічвалася і павялічвалася.

Не дапамог і гоначны подзвіг напарніка Ферстапена па Red Bull Серхіа Перэса, які перад сваім піт-стопам на зношаных шынах адчайна стрымліваў Хэмілтана на свежых, дазволіўшы Максу наблізіцца да канкурэнта. Льюіс яго ўсё роўна абагнаў і ізноў пачаў адрывацца ад Макса, якога Чэка перад тым, як сам адправіўся ў боксы, прапусціў. Справа пакрысе ішла да чарговай перамогі Хэмілтана ў гонцы і ў чэмпіянаце, а адзінай узнагародай Пэрэса за яго старанні стаў сход з дыстанцыі праз механічныя праблемы на апошніх кругах, калі разварочвалася ўжо сапраўдная драма.

Надзея на поспех на камандным мосціку Red Bull адрадзілася была на трыццаць пятым кругу, калі машыну на трасе праз праблемы з тармазамі спыніў Антоніа Джавінацы, які праводзіў апошні ўік-энд у складзе Alfa Romeo і, магчыма, у Формуле-1 увогуле (у наступным годзе мы пабачым яго ў Формуле Е). Дарэчы, аналагічныя непрыемнасці некалькімі кругамі раней вывелі з барацьбы яго напарніка Кімі Райканену, не дазволіўшы яму праехаць усе кругі ўжо дакладна апошняй гонкі ў яго кар’еры. Фанаты аддалі чэмпіёну 2007 года даніну павагі, абраўшы яго Гоншчыкам дня.

Але калі фін да боксаў дабраўся і сышоў з дыстанцыі там, то італьянец свой балід спыніў на трасе, што прывяло да рэжыму віртуальнага аўтамабіля бяспекі. Гэта на сваю карысць і паспрабавалі выкарыстаць у Red Bull, яшчэ раз пераабуўшы Макса ў свежы Hard.

Хуткасці ў яго пасля гэтага на самой справе прыбавілася, і калі маршалы прыбралі машыну Джавінацы, а гонка аднавілася ў штатным рэжыме, Ферстапен здолеў адыграць некалькі секунд у Хэмілтана. Але ўсё роўна іх паміж двума лідарамі чэмпіянату засталося каля адзінаццаці, а Льюіс неўзабаве пачаў ізноў нарошчваць адрыў. Пакуль на пяцьдзесят першым кругу ў справу не ўмяшаўся Нікалас Лаціфі, якога іранічна можна назваць сапраўдным Гоншчыкам дня.

Яго напарнік па Williams і будучы напарнік Хэмілтана Джордж Расэл таксама скончыў апошнюю гонку сезону датэрмінова – на дваццаць сёмым кругу праз праблемы з сілавой устаноўкай. Толькі, як і Райканен, брытанец да боксаў каманды даехаў. А вось канадзец пад канец гонкі разбіў свой балід падчас барацьбы з пілотам Haas Мікам Шумахерам.

Разбіў сам, кантакту паміж ім і сынам іншага сяміразовага чэмпіёна, якога завуць Міхаэль, не было. Пашкоджаную машыну Лаціфі, якога Крысціан Хорнэр ужо паабяцаў пажыццёва забяспечваць энергетычнымі напоямі Red Bull, хутка эвакуіраваць не атрымлівалася, таму на трасу выехаў ужо сапраўдны аўтамабіль бяспекі.

Гэты аўтамабіль бяспекі і стаў прычынай таго, што вынікі ўчарашняй гонкі пакуль што нельга лічыць канчатковымі. У каманды Mercedes узніклі прэтэнзіі да дзеянняў пад ім і Ферстапена, і кіраўніцтва гонкі. На момант, калі яе на цёмна-зялёным Aston Martin Vantage узначаліў Бэрнд Майландэр, паміж Хэмілатанам і Ферстапенам было некалькі кругавых пілотаў, але не ўсе кругавыя. Тым не менш на перадапошнім кругу толькі ім было дазволена вярнуцца ў круг з лідарам.

Але найбольшая колькасць пытанняў да Майкла Масі ўзнікла ў той сувязі, што ў выпадку, калі кругавыя атрымалі дазвол апярэдзіць аўтамабіль бяспекі, ён мусіць затрымацца на трасе яшчэ на адзін круг. Іншымі словамі, пад ім Гран Пры Абу-Дабі і мусіў фінішаваць. Аднак Майкл, на якога па радыё насядалі і Тота Вольф, і Крысціан Хорнэр, патрабуючы кожны сваё, даў Бэрнду загад пакінуць трасу на перадапошнім кругу і аб’явіўшы рэстарт на апошнім.

У Red Bull на змяненне сітуацыі адрэагавалі вокамгненна – пяцьдзесят трэці круг Ферстапен пачынаў на свежым «софце», зрабіўшы трэці піт-стоп. Славесная рэакцыя на гэта Хэмілтана, якая была перададзеная ў эфір, была красамоўна поўнасцю запіканая. І на самой справе, немаведама, што перашкодзіла Мерсэдэсу таксама заклікаць на піт-стоп свайго гоншчыка. У выніку, калі тыя самыя згаданыя вышэй кругавыя, што былі паміж Хэмілтанам і Ферстапенам, вярнуліся ў круг з імі, нідэрландзец апынуўся непасродна за брытанцам.

Грэючы шыны, Макс яшчэ пад аўтамабілем бяспекі ледзь не абагнаў Льюіса, да чаго і прычапіліся потым Срэбраныя Стрэлы. Але гэты пратэст быў адхілены першым – на момант рэстарту Ферстапен усё роўна быў ззаду Хэмілтана. Ну а пасля рэстарту – ужо наперадзе. Відавочна, што на свежых мяккіх шынах перавага была ўжо ў яго, таму контратакі Хэмілтана ні да чаго не прывялі: сяміразовы чэмпіён так сяміразовым і застаўся, заняўшы другое месца, а Макс перамог і заваяваў свой першы чэмпіёнскі тытул.

Гоншчыкам жа дня можна было б назваць і пілота Ferrari Карласа Сайнса, які стартаваў шостым, але падняўся на ніжнюю ступень подыуму. У большай ступені, праўда, дзякуючы сходу Перэса. Затое гоншчык AlphaTauri Юкі Цунода ў асноўным сваімі ўласнымі высілкамі канвертаваў сваю восьмую стартавую пазіцыю ў чацвёртую фінішную – выдатны фінал яго першага сезону ў Формуле-1! Ды і яго напарнік П’ер Гаслі, які фінішаваў следам за ім, выступіў файна – чым яны абодва не Гоншчыкі дня?

Што ж да пратэсту каманды Mercedes на дзеянні Майкла Масі, то ўчора адхілены быў і ён. У FIA прызналі, што артыкул 48.12 спартыўнага рэгламенту, магчыма, не быў прыменены ў поўным аб’ёме (у круг з лідарам вярнуліся не ўсе кругавыя). Але, па-першае, яго пераважае артыкул 48.13, у адпаведнасці з якім аўтамабіль бяспекі абавязкова мусіць пакінуць трасу на тым кругу, на якім быў дадзены адпаведны загад («Аўтамабіль бяспекі сыходзіць на гэтым кругу»).

А па-другое, артыкул 15.3 дазваляе дырэктару гонкі кантраляваць прымяненне аўтамабіля бяспекі і, як, відавочна, лічаць у FIA, прымаць і нестандартныя рашэнні. Так што вынікі Гран Пры Абу-Дабі ўчора былі пацверджаныя: Макс Ферстапен – пераможца гонкі і новы чэмпіён Формулы-1.

З рашэннем гэтым згодныя далёка не ўсе ўдзельнікі чэмпіянату і эксперты, і ў Mercedes заяўлялі, што наважваюцца падаваць апеляцыю, што мусіць быць зроблена да чацвярга. Эпізод на самой справе спрэчны, але сам я паспрабую ацаніць яго пазней, падводзячы вынікі неверагоднага мінулага сезону, калі эмацыйны градус панізіцца. Тым больш, што мы самі пастаянна просім суддзяў: «Дайце ім ганяцца!».

Вось яны і далі, а пілоты паганяліся! Ферстапен у выніку скончыў сезон з 395,5 ачка, а Хэмілтан, які цяпер стаў віцэ-чэмпіёнам – з 387,5. Цяпер ужо былы напарнік Льюіса Валтары Ботас, які ўчора заняў шостае месца, па выніках сезону з 226 баламі так і захаваў трэцюю пазіцыю.

У Mercedes жа могуць задаволіцца хаця б восьмым запар Кубкам канструктараў – у іх 613,5 ачка супраць 585,5 у Red Bull, які застаўся другім. Ну а ў Ferrari справіліся з McLaren, заняўшы трэці радок і набраўшы за сезон 323,5 бала (у брытанскага калектыву 275). Учарашні подыум Сайнса стаў тут такім яркім апошнім штрыхом напрыканцы. Яго напарнік Шарль Леклер, праўда, на Гран Пры Абу-Дабі першую дзясятку замкнуў, але Даніэль Рыкарда ў яе ўвогуле не патрапіў, а Ланда Норыс, кваліфікаваўшыся трэцім, на самым пачатку гонкі дапусціў памылку, а скончыў яе толькі сёмым.

У нас жа наперадзе, як я адзначыў вышэй, падвядзенне вынікаў гэтага неверагоднага сезону і ацэнка яго асноўных падзей і дзейных асоб. Асэнсаваць і ацаніць ёсць што, як ёсць і чаго пачакаць. У наступным годзе іншымі стануць баліды, якія цяпер будуць ездзіць на 18-дзюймовых колах. Тэсты новых шын, дарэчы, усё на той жа трасе Яс Марына пачынаюцца акурат заўтра, а наступны сезон мусіць стартаваць у Бахрэйне 18-20 сакавіка.

Будуць новыя гоншчыкі і новыя героі. Нязменнай застанецца толькі ўвага да Каралевы аўтаспорту з боку «Гоначнай псіхапатыі», якая будзе сачыць і за фіналам серыі Extreme E ў бліжэйшы ўік-энд, а таксама за ралі Дакар, якое пачнецца ў Саудаўскай Аравіі ў першы дзень 2022 года. Таму застаёмся на сувязі!

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные