Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Электрычны прыз юрскага перыяду. Серыя Extreme E завяршыла свой першы сезон этапам у Вялікабрытаніі

Электрычны прыз юрскага перыяду. Серыя Extreme E завяршыла свой першы сезон этапам у Вялікабрытаніі

На фінальным этапе дэбютнага сезону электрычнай пазадарожнай гоначнай серыі Extreme E ў мінулы ўік-энд перамаглі Себасцьен Лёб і Крысціна Гуцьерэс, якія прадстаўляюць каманду Льюіса Хэмілтана X44. Але чэмпіёнамі сталі падначаленыя яго былога напарніка па камандзе Mercedes у Формуле-1 Ніка Росберга – Йохан Крыстоферсан і Молі Тэйлар.

22 декабря 2021, 18:08
Электрычны прыз юрскага перыяду. Серыя Extreme E завяршыла свой першы сезон этапам у Вялікабрытаніі

Фота: extreme-e.com

На фінальным этапе дэбютнага сезону электрычнай пазадарожнай гоначнай серыі Extreme E ў мінулы ўік-энд перамаглі Себасцьен Лёб і Крысціна Гуцьерэс, якія прадстаўляюць каманду Льюіса Хэмілтана X44. Але чэмпіёнамі сталі падначаленыя яго былога напарніка па камандзе Mercedes у Формуле-1 Ніка Росберга – Йохан Крыстоферсан і Молі Тэйлар.

Шанцы перамагчы хоць тут, хай нават не асабіста, у сяміразовага чэмпіёна Формулы-1 былі. Гэта на Гран Пры Абу-Дабі Льюіс згубіў перамогу і восьмы тытул збольшага праз спрэчнае рашэнне Майкла Масі, пра што на гэтым тыдні абавязкова будзе асобная гаворка ў выніковым аглядзе мінулага сезону каралеўскіх аўтагонак. У Extreme E ж сам фармат заездаў і ўсяго ўік-энду прадугледжвае мінімальнае ўмяшанне суддзяў у спаборніцкі працэс. Караюць тут пакуль што толькі ў выпадку сапраўды відавочных парушэнняў.

Праўда, дзеля справядлівасці, дапамагчы Хэмілтану і пары яго гоншчыкаў – дзевяціразоваму чэмпіёну свету па ралі Себасцьену Лёбу і іспанскай ралістцы Крысціне Гуцьерэс мог толькі цуд і няўдача лідараў сезону – Йохана Крыстоферсана і Молі Тэйлар з каманды Ніка Росберга Rosberg X Racing. Яны да гэтага па ходу першага сезону выйгралі тры этапы з чатырох, і па ачках лідзіравалі ўпэўнена.

Што, аднак, не гарантавала ім поспеху. Непрыемнасці ўсё роўна былі магчымыя, і яны ў цяпер ужо чатырохразовага чэмпіёна свету па ралі-кросе і яго аўстралійскай напарніцы таксама былі – этап на Грэнландыі праз праблемы з электронікай для іх завяршыўся няўдачай. Надзейнасць тэхнічнай начынкі і трываласць канструкцыі электрычных пазадарожнікаў Odyssey 21 не ёсць іх моцнымі бакамі, так што непрыемныя сюрпрызы па-ранейшаму былі магчымыя.

Тым больш што фармат уік-энду на апошнім этапе першага сезону Extreme E, які называўся Jurassic X Prix і праходзіў на тэрыторыі ваеннай базы Бовінгтан у англійскім графстве Дорсэт, быў крыху зменены. Заезды на ім складаліся не з двух кругоў, як на мінулых, а з трох. І той, хто стартаваў, мусіў праехаць першыя два. Так што выпрабаваннем заезды па 3,8-кіламетровай трасе былі і для тэхніцы, і для экіпажаў.

Хаця ў цэлым на гэты раз абышлося без прыгод, сур’ёзных здарэнняў і механічных праблем. Вынікі кваліфікацый прыкладна адпавядалі здольнасцям і ўзроўню ўдзельнікаў, а таксама іх пазіцыям у чэмпіянаце. І Лёб з Гуцьерэс, і Крыстоферсан з Тэйлар без праблем прайшлі ў паўфіналы (першы і другі адпаведна) і перамаглі ў іх. Пры гэтым гоншчыкі каманды Льюіса Хэмілтана дабіліся крыху большага – Себасцьен стаў аўтарам лепшага часу на спецыяльным сектары Continental Traction Challenge, зарабіўшы пяць бонусных ачкоў. А лішнімі яны, як цяпер добра ведае сам сэр Льюіс Хэмілтан, не бываюць.

Ну а ў фінале цуд ледзь не адбыўся. Хоць на самой справе, гледзячы па ўсяму, у калектыве Ніка Росберга зрабілі стаўку на асцярожнасць. Старт там аддалі Молі Тэйлар, і яна па ходу першага ж круга адкацілася на чацвёртую пазіцыю. Крысціна Гуцьерэс пры гэтым стартавала выдатна, адразу захапіўшы лідарства. А барацьбу за другую пазіцыю распачалі паміж сабой прадстаўніцы каманд JBXE і Andretti United Extreme E – Мікаэла Алін-Катулінскі і Каці Манігс, напарнікамі якіх з’яўляюцца браты-ралі-кросмэны Хансэны – малодшы Кэвін і старэйшы Цімі адпаведна.

Адразу пасля старту наперадзе апынулася Каці, але Мікаэла на першым жа кругу правяла ўдалую контратаку, абагнаўшы і брытанку, і Тэйлар, падняўшыся якраз на другую пазіцыю. Молі пазней прапусціла наперад і Манінгс, якая працягнула насядаць на сваю шведскую канкурэнтку. Каці амаль дагнала Мікаэлу перад самым уездам у зону змены гоншчыкаў, дзе дапусціла памылку, якая прывяла да развароту і магла б каштаваць ёй і трэцяй пазіцыі.

Аднак яе Манінгс захавала, як потым і Цімі Хансэн. Яны ж, дарэчы, перамаглі ў заездзе Crazy Race, што і дала ім пуцёўку ў фінал. Кэвін Хансэн і Алін-Катулінскі занялі другое месца, а перамаглі Лёб і Гуцьерэс. Крыстоферсан і Тэйлар фінішавалі толькі чацвёртымі, але і гэтага ім хапіла, каб стаць першымі чэмпіёнамі серыі Extreme E. Праўда, сталі імі яны па дадатковых паказчыках, бо ачкоў набралі столькі ж, колькі і Лёб з Гуцьерэс – 155. Колькасць перамог усё і ў выніку і вырашыла. Трэцімі сталі Кэвін Хансэн і Алін-Катулінскі, якія набралі 119 балаў, усяго на два апярэдзіўшы Цімі Хансэна і Каці Манінгс.

Першы электрычны пазадарожны блін у каманды Алехандра Агага выйшаў дакладна не комам, але і не ідэальна круглым. Дапрацоўваць варта і надзейнасць тэхнікі, і батарэі, каб заезды былі даўжэйшымі. Бо нават тры кругі па даволі кароткай трасе замала для сусветнай гоначнай серыі. Можна знайсці што падправіць і ў фармаце ўік-энду. Аднак у цэлым патэнцыял у гонак Extreme E моцны, і яго дакладна варта раскрываць.

Акурат сёння, дарэчы, была апублікаваная папярэдняя версія календара серыі на наступны год. Другі сезон таксама складзецца з пяці этапаў і пачнецца, як і першы, у Саудаўскай Аравіі, прычым ужо даволі хутка – 19-20 лютага. Другі этап запланаваны на выспе Сардынія на 7-8 мая, а трэці мусіць адбыцца 9-10 ліпеня, але месца яго правядзення пакуль што вызначаецца – арганізатары выбіраюць паміж Сенегалам і Вялікабрытаніяй (на гэты раз Шатландыяй). Ну а апошнія два этапы, калі ізноў не перашкодзіць пандэмія, пройдуць у Паўднёвай Амерыцы – 10-11 верасня ў Антафагасце, Чылі, і 26-27 лістапада ў Пунта-дэль-Эсце, Уругвай.

«Гоначнай псіхапатыі» ж у бліжэйшы месяц будзе не да адпачынку. У другой палове студзеня пачынаецца новы сезон чэмпіянату свету па ралі (мінулы мы таксама хутка абавязкова ўспомнім), а ў першы дзень 2022 года ў згаданай вышэй Саудаўскай Аравіі пачынаецца ралі Дакар. Цікавым яно будзе і без каманды МАЗ.

Другие посты блога

Все посты