Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2022: пяты этап

Дакар-2022: пяты этап

Гасцінны Эр-Рыяд не адпускае ўдзельнікаў ралі Дакар – учарашні пяты і сённяшні шосты этапы праходзяць у наваколлях сталіцы Саудаўскай Аравіі. І выяўляюць новых зорак.

7 января 2022, 15:45
Дакар-2022: пяты этап

Фота: dakar.com

Гасцінны Эр-Рыяд не адпускае ўдзельнікаў ралі Дакар – учарашні пяты і сённяшні шосты этапы праходзяць у наваколлях сталіцы Саудаўскай Аравіі. І выяўляюць новых зорак.

Хаця якая Даніла Петруччы новая зорка? Былы гоншчык MotoGP, які выступаў там за каманды Pramac Racing, завадскую Ducati, у складзе якой перамог у дзвюх гонках, а завяршыў сваю кальцавую кар’еру ў Tech3 KTM Factory Racing, добра ўсім вядомы.

Шкада, канечне, што ў матацыклетных Вялікіх прызах ён не затрымаўся. Спецыялісты кажуць, што ён для іх сам занадта вялікі – натуральна, фізічна. Яго рост – 181 сантыметр, і на гоначных балідах, якія толькі на тэлеэкранах і карцінках выглядаюць буйнымі, яму проста было няўтульна. Таму тая ж каманда Tech3 KTM Factory Racing знайшла яму годную альтэрнатыву – пазадарожныя гонкі. І цяперашні Дакар стаў для яго дэбютнай.

Дакараўскія мотабайкі дакладна буйнейшыя за кальцавыя гран-прыйныя, і на іх у Петрукса справа адразу пайшла – ужо на першым этапе італьянец фінішаваў трынаццатым. На наступным, праўда, яго чакаў крыўдны сход праз механічную паломку, але правілы дазволілі яму працягнуць ралі, хай са штрафам. І вось на трэцім этапе Даніла фінішаваў дваццаць другім, на чацвёртым – пятнаццатым, а ўчора атрымаў першую перамогу на дакараўскім спецучастку!

346-кіламетровы спецучастак пятага этапу, які для матацыклістаў і квадрацыклістаў быў пракладзены асобна і размяшчаўся на ўсходзе ад сталіцы Саудаўскай Аравіі, Петручы пераадолеў за 3 гадзіны 23 хвіліны 46 секунд. Пры гэтым батсванскага гоншчыка завадской каманды Monster Energy Yamaha Rally Роса Бранча Даніла апярэдзіў усяго на дзве секунды, а завадчаніна Monster Energy Honda Хасэ Ігнасіа Карнэха – на пяць!

З гэтай тройцы ў агульным заліку справы лепей у Бранча – ён займае сёмую пазіцыю, адстаючы ад лідара на 18 хвілін 15 секунд. Карнэха чатырнаццаты, у 42 хвілінах ад лідара, ну а Петручы пасля свайго сходу і штрафу ў 11 гадзін 40 хвілін болей чым на 19 гадзін адстае ад першай пазіцыі, а сам займае сто дваццаць дзявятую.

Нажаль, учора караван удзельнікаў застаўся без пераможцы другога і чацвёртага этапаў Хоана Барэды Борта. Іспанскі гоншчык завадской каманды Honda ўпаў на адрэзку паміж дзвесце шэсцьдзесят пятым і дзвесце шэсцьдзесят сёмым кіламетрамі, пашкодзіўшы плячо. Спрабаваць скарыць Дакар ён будзе цяпер толькі ў наступным годзе, хаця і ў гэтым шанцы ў яго былі – пасля папярэдняга этапу у агульным заліку Хоан ішоў сёмым і саступаў лідару нямногім болей чатырнаццаці хвілін.

Ну а што ж лідары? А лідары яўна асцярожнічаюць. Сэм Сандэрлэнд, які і займае першую пазіцыю з агульным часам 19 гадзін 1 хвіліна 50 секунд, учора фінішаваў дванаццатым, саступіўшы Петручы 8 хвілін 3 секунды. Акурат перад брытанскім гоншчыкам GasGas у пратаколе пятага этапу размясціўся яго галоўны на дадзены момант пераследнік у генеральнай класіфікацыі Маціас Валькнэр з завадской каманды Red Bull KTM Factory Racing. На спецучастку ён быў павольнейшым за Петручы на 7 хвілін 32 секунды, а адставанне ад Сандэрлэнда ў абсалюце скараціў да 2 хвілін 29 секунд. Француз Адрыен ван Бэверэн з завадской Ямахі фінішаваў учора пятнаццатым, саступіўшы пераможцу 9 хвілін 8 секунд, а ў агульным заліку адстае ад лідара на 5 хвілін 59 секунд, застаючыся трэцім.

Карацей, сітуацыя тут можа змяніцца ў любы момант, а ў катэгорыі квадрацыклаў яна змянілася ўжо. Александр Жыру, які на пятым этапе быў найхутчэйшым, справіўшыся са спецучасткам за 4 гадзіны 28 хвілін 9 секунд, захапіў лідарства ў абсалютным заліку, дзе яго агульны час складае 24 гадзіны 8 хвілін 10 секунд. Пабла Капэці, у якога француз і адабраў першую пазіцыю, ён абганяе на 3 хвіліны 53 секунды. Амерыканец цяпер другі, а на ўчарашнім этапе ён замкнуў першую тройку, саступіўшы Жыру 17 хвілін 13 секунд.

Другое месца на ўчарашнім этапе паляк Каміль Вішнеўскі. Жыру ён саступіў 12 хвілін 41 секунду, а ў агульным заліку адстае ад яго амаль на паўтары гадзіны, замыкаючы першую пяцёрку. Мінулагодні пераможца Мануэль Андухар, учора саступіў новаму 18 хвілін 25 секунд, заняўшы пятае месца. Затое і на спецучастку, і ў агульным заліку ён апярэдзіў расіяніна Аляксандра Максімава, які фінішаваў шостым, адстаўшы ад Жыру на 21 хвіліну 49 секунд. У абсалюце ж ён цяпер чацвёрты, у 36 хвілінах 24 секундах ад француза. Андухар жа падняўся на трэці радок, і адстае ад лідара на 33 хвіліны 13 секунд.

Экіпажы абедзвюх аўтамабільных катэгорый і лёгкіх прататыпаў з SSV учора пераадолелі 421 кіламетр спецучастку апоўначы Эр-Рыяду. У легкавых пазадарожнікаў гэта лепш за ўсё атрымалася ў Хэнка Латэгана і Брэта Камінгса. Паўднёваафрыканцы з завадской Таёты зрабілі гэта за 3 гадзіны 53 хвіліны 28 секунд, на 1 хвіліну 58 секунд абагнаўшы Себасцьена Лёба з Фабіанам Луркенам, якія фінішавалі другімі. Шкада толькі, што няўдача напярэдадні, калі на трыста дзясятым кіламетры спецучастку чацвёртага этапу іх пікап HiLux згубіў адно з колаў, не дазваляе ім прэтэндаваць не высокія выніковая пазіцыі – у агульным заліку яны сорак пятыя, а іх адставанне ад лідараў складае амаль дзевяць з паловай гадзін.

Лідары – гэта іх партнёры па камандзе Насэр Аль-Ація і Мацьё Бамэль (на загалоўным фота), якія саступілі ім 4 хвіліны 53 секунды, фінішаваўшы сёмымі. У генеральнай класіфікацыі іх агульны час складае 17 гадзін 24 хвіліны 23 секунды, што лепей, чым у экіпажа Лёба, які застаецца другім, на 35 хвілін 10 секунд. На трэцюю ж пазіцыю вярнуўся экіпаж каманды Overdrive Toyota – Лусіа Альварэс і Арманд Манлеон, якія адстаюць ад трохразовага пераможцы Дакару на 51 хвіліну 15 секунд. Першую тройку яны замкнулі і на ўчарашнім этапе, саступіўшы Латэгану 2 хвіліны 10 секунд.

Ад Audi спадарыня Фартуна ўчора адвярнулася. Падвеска зламалася ўжо на RS Q e-tron Карласа Сайнса-старэйшага і Лукаса Круза. Зламалася не так фатальна, як да гэтага двойчы на машыне Стэфана Петэрансэля і Эдуарда Буланжэ, патрабавалася толькі замена спружыны амартызатару, якой французы з іспанцамі і падзяліліся. У выніку Сайнс і Круз прыйшлі да фінішу сорак восьмымі, адстаўшы ад пераможцаў болей чым на гадзіну, а Петэрансэль і Буланжэ шэсцьдзесят трэцімі, болей трох гадзін саступіўшы лепшаму выніку.

У агульным заліку экіпаж Сайнса апусціўся на дваццаць другую пазіцыю, і цяпер адстае ад лідараў болей чым на тры гадзіны, а Петэрансэль семдзесят пяты, амаль у шасцідзесяці васьмі гадзінах ад лідараў. Лепшымі прадстаўнікамі Audi застаюцца Маціас Экстром і Эміль Бергквіст, якія займаюць шаснаццатую пазіцыю і саступаюць лідарам амаль тры гадзіны. Учора яны фінішавалі дваццаць другімі, адстаўшы ад пераможцаў на 18 хвілін 41 секунду.

Расіянка Марыя Апарына і беларус Андрэй Рудніцкі, якія выступаюць у катэгорыі лёгкіх прататыпаў, учора перажылі крыўдны сход з дыстанцыі. Як паведаміла сама Марыя на сваёй старонцы ў Facebook, праблема была звязаная з электронікай, а менавіта з софтам. У электронны блок іх Can-Am Maverick была загружаная спецыяльная прашыўка для дзюн, але на трасе яна павяла сябе некарэктна.

Так што ўчора Марыя і Андрэй замкнулі фінішны пратакол этапу (яны сорак трэція) і атрымалі штраф у дваццаць сем з паловай гадзін, прайграўшы пераможцам амаль трыццаць сем гадзін. У турнірнай табліцы яны апусціліся на трыццаць сёмую пазіцыю, і ад лідараў адстаюць цяпер болей чым на сорак адну гадзіну. Але галоўнае, што працягваюць гонку, а мы працягваем іх падтрымліваць.

Што такое сход праз тэхнічныя праблемы, ведаюць і Сэт Кінтэра з Дэнісам Цэнцам. Яны, дарэчы, усяго на шэсць пазіцый апярэджваюць Апарыну з Рудніцкім, болей шаснаццаці гадзін саступаючы лідарам. Затое ні ў чым не адмаўляюць сабе на спецучастках – губляць ужо няма чаго. Вось і учора амерыканец і немец былі лепшымі, пераадолеўшы гоначную дыстанцыю за 4 гадзіны 21 хвіліну 10 секунд.

Лідары генеральнай класіфікацыі – Франсіска Лопес і Хуан-Пабла Латрах – разумеюць, што ім няма куды спяшацца, і не спяшаюцца. Учора яны спакойна фінішавалі другімі, саступіўшы Кінтэра і Цэнцу 8 хвілін 46 секунд. Усё роўна, маючы агульныя 20 гадзін 38 хвілін 29 секунд, чылійцы на 22 хвіліны 16 секунд апярэджваюць сваіх партнёраў па камандзе EKS South Racing Себасцьяна Эрыксана і Вутэра Росгаара, якія займаюць другую пазіцыю, а ўчора замкнулі першую тройку, саступіўшы пераможцам 10 секунд 3 хвіліны.

Філіп Піншэдэ і Томас Гайдэла тым больш не ёсць пагрозай для Лопеса і Латраха. Займаючы трэцюю пазіцыю, яны адстаюць на 2 гадзіны 5 секунд 38 хвілін. Учора французы фінішавалі восьмымі, больш за 28 хвілін прайграўшы пераможцам этапу. Затое на іх пазіцыю ў генеральнай класіфікацыі прэтэндэнтаў багата – канкурэнты ідуць за імі даволі шчыльнай групай.

А вось у катэгорыі SSV, здаецца, усё толькі пачынаецца – тут па выніках пятага этапу лідарства захапілі дэбютанты Радрыга Лупі дэ Алівэйра і Майкель Жуста! Бразільцы і спецучастак пераадолелі хутчэй за ўсіх, за 4 гадзіны 33 хвіліны 12 секунд, а іх агульны час складае 21 гадзіну 21 хвіліну 33 секунды. 2 хвіліны 33 секунды ім саступілі палякі Марэк Гочал і Лукаш Ласкавец, якія фінішавалі другімі, а ў абсалюце адстаюць ад Радрыга і Майкеля болей чым на гадзіну, займаючы шостую пазіцыю.

Першую ж тройку ўчора замкнулі расіяне Сяргей Каракін і Антон Уласюк. Экіпаж пераможцы Дакару 2017 года ў катэгорыі квадрацыклаў прайграў бразільцам 6 хвілін 10 секунд, аднак праз няпросты пачатак гэтага ралі ў генеральнай класіфікацыі адстае ад іх амаль на дзве з паловай гадзіны і займае восьмую пазіцыю. Цяпер ужо былыя лідары катэгорыі Осцін Джонс і Густава Гужэльмін пяты этап скончылі з чацвёртым вынікам, саступіўшы дэ Алівэйры і Жуста 8 хвілін 40 секунд. А ў абсалюце адстаюць ад іх на 4 хвіліны 27 секунд, займаючы другую пазіцыю.

На трэцюю вярнуліся Жэрар Фарэс і Дыега Артэга, якія адстаюць ад лідараў на 23 хвіліны 28 секунд. Учарашнім пераможцам і новым лідарам яны саступілі ўчора адзінаццаць з паловай хвілін, заняўшы шостае месца. Аднак і ім яшчэ давядзецца адбівацца ад пераследнікаў і змагацца за подыум па выніках усяго ралі.

Віртуальны подыум у катэгорыі грузавікоў пакуль што ўвесь афарбованы ў колеры КамАЗа. Дзмітрый Сотнікаў, Ільгіз Ахметзянаў і Руслан Ахмадзееў працягваюць лідзіраваць у генеральнай класіфікацыі з агульным часам 19 гадзін 9 хвілін 20 секунд, а ўчора фінішавалі другімі, 2 хвіліны 25 секунд саступіўшы Андрэю Каргінаву, Андрэю Макееву і Івану Малькову, якія перамаглі, пераадолеўшы спецучастак за 4 гадзіны 3 хвіліны 2 секунды. Праўда, праз праблемы са скрыняй перадач на папярэднім этапе ў абсалюце яны толькі шостыя, і адстаюць ад Сотнікава болей чым на паўтары гадзіны.

5 хвілін 8 секунд ім учора саступілі Эдуард Нікалаеў, Яўгеній Якаўлеў і Ўладзімір Рыбакоў, якія сталі аўтарамі трэцяга выніку, а ў агульным заліку займаюць другую пазіцыю, адстаючы ад экіпажа Сотнікава на 9 хвілін 53 секунды. Янус ван Кастэрэн, Марсэль Снійдэрс і Дарэк Родэвальд з каманды Petronas team de Rooy IVECO па-ранейшаму з’яўляюцца лепшымі з астатніх, займаючы чацвёртую пазіцыю і саступаючы лідарам 52 хвіліны 16 секунд. Учора іх экіпаж фінішаваў пятым, прайграўшы пераможцам без малога сем хвілін.

Сёння ўдзельнікі Дакару пераадольваюць тыя ж маршруты, што і днём раней, толькі цяпер катэгорыі абмяняліся месцамі – матацыклісты з квадрацыклістамі ганяюцца там, дзе ўчора ганяліся аўтамабілісты і экіпажы лёгкіх прататыпаў і SSV, і наадварот. Пасля шостага этапу гоншчыкі і каманды таксама застануцца ў Эр-Рыядзе на дзень адпачынку.

Другие посты блога

Все посты