Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2022: адзінаццаты этап

Дакар-2022: адзінаццаты этап

Ралі Дакар выйшла на фінішную прамую. Учора ў наваколлях Бішы прайшоў яго адзінаццаты і перадапошні этап, які амаль ва ўсіх катэгорыях можна лічыць нават фінальным.

14 января 2022, 13:22
Дакар-2022: адзінаццаты этап

Фота: dakar.com

Ралі Дакар выйшла на фінішную прамую. Учора ў наваколлях Бішы прайшоў яго адзінаццаты і перадапошні этап, які амаль ва ўсіх катэгорыях можна лічыць нават фінальным.

346-кіламетровы спецучастак у асноўным уключаў у сябе пяскі, дзюны і камяні. Пры гэтым увесь ён пралягаў на вышыні болей за 1 000 метраў над узроўнем мора. Навігацыя была даволі складанай, на ёй і спатыкнуўся Адрыен ван Бэверэн, які на той момант лідзіраваў у катэгорыі матацыклаў.

Француз з завадской Ямахі заблукаў у пошуках кантрольнай кропкі ўжо праз чатыры кіламетры пасля старту. У выніку на фінішы ён саступіў пераможцу дваццаць адну з паловай хвіліну і заняў толькі чатырнаццатае месца, у агульным заліку апусціўшыся на чацвёртую пазіцыю. Яго адставанне ад Сэма Сандэрлэнда, які вярнуў сабе лідарства, складае пятнаццаць з паловай хвілін.

Агульны час завадскога гоншчыка GasGas і пераможца Дакару 2017 года складае 37 гадзін 4 хвіліны 5 секунд. Учора брытанец фінішаваў другім, усяго чатыры секунды саступіўшы Кэвіну Бенавідэсу, які пераадолеў адзінаццаты спецучастак за 3 гадзіны 30 хвілін 56 секунд. Праўда, праз сход на папярэднім этапе аргенцінец з KTM у кола прэтэндэнтаў на перамогу ўжо не ўваходзіць – ён займае сто трэцюю пазіцыю, адстаючы ад Сандэрлэнда амаль на дваццаць чатыры гадзіны.

Першую тройку ўчора замкнуў партугальскі гоншчык каманды Hero MotoSports Team Rally Жоакім Радрыгеш, які саступіў Бенавідэсу 2 хвіліны 26 секунд. Што, зрэшты, мала на што падзейнічала – у генеральнай класіфікацыі ён толькі чатырнаццаты, болей чым у адной гадзіне ад Сандэрлэнда. Вось чыліец Пабла Кінтанілья з завадской Хонды яшчэ можа паспаборнічаць з Сэмам, бо саступае яму 6 хвілін 52 секунды, займаючы другую пазіцыю. Учора ён фінішаваў сёмым, прайграўшы Кэвіну Бенавідэсу этапу 7 хвілін 40 секунд.

Маціас Валькнэр адстаў ад свайго партнёра па KTM амаль на пяць хвілін, затое вярнуўся ў першую тройку агульнага заліку, якую замыкае. Адставанне аўстрыйца ад Сандэрлэнда складае 7 хвілін 15 секунд, таму атакаваць лідара ён будзе разам з Кінтанільяй.

Александра Жыру, які з агульным часам 47 гадзін 26 хвілін 25 секунд лідзіруе ў катэгорыі квадрацыклаў, атакаваць ужо няма каму – усе яго канкурэнты пасыходзілі з дыстанцыі, і калі і працягваюць гонку, як той жа Пабла Капэці, якога днём раней падвёў рухавік, то з велізарнымі штрафамі. Бліжэйшы ж пераследнік француза Франсіска Марэна з Аргентыны адстае ад на 2 гадзіны 41 хвіліну 24 секунды. Учора ён фінішаваў трэцім, саступіўшы 9 хвілін 48 секунд пераможцу адзінаццатага этапу – Марчэла Медэйрасу.

Бразілец пераадолеў баявую дыстанцыю за 4 гадзіны 53 хвіліны 29 секунд, але Жыру ў абсалюце прайграе болей за дваццаць дзве гадзіны, ідучы шостым. Да Александра Марчэла учора падабраўся на 11 хвілін 55 секунд – менавіта столькі той саступіў яму, фінішаваўшы чацвёртым. Другое месца заняў паляк Каміль Вішнеўскі, які на праходжанне спецучастку затраціў на 5 хвілін 4 секунды болей за Медэйраса. У агульным заліку ён замыкае першую тройку, адстаючы ад Жыру на 2 гадзіны 44 хвіліны 55 секунд. Застаецца толькі біцца з Марэна за выніковае другое месца.

Лідары катэгорыі легкавых аўтамабіляў Насэр Аль-Ація і Мацьё Бамэль, чый агульны час складае 36 гадзін 49 хвілін 51 секунду, могуць, як і Жыру, спакойна праводзіць сённяшні фінальны этап. Свой адрыў ад Себасцьена Лёба і Фабіана Луркена, якія займаюць другое месца ў генеральнай класіфікацыі, яны ўчора павялічылі да 33 хвілін 11 секунд.

Перамагаць на этапе для гэтага не спатрэбілася – катарска-французскі экіпаж завадской Таёты фінішаваў сёмым, саступіўшы пераможцам 6 хвілін 42 секунды. Французы з Bahrain Raid Xtreme ў фінішным пратаколе аказаліся акурат следам, болей чым на сем хвілін адстаўшы ад лепшага на этапе экіпажа, якім ізноў стаў экіпаж Audi.

На гэты раз хутчэй за ўсіх – за 3 гадзіны 29 хвілін 32 секунды – са спецучасткам справіліся Карлас Сайнс-старэйшы і Лукас Круз. 3 хвіліны 10 секунд ім саступілі прадстаўнікі Overdrive Toyota Лусіа Альварэс і Арманд Манлеон, якія ў агульным заліку дзевятнаццатыя, амаль што ў пяці гадзінах ад лідараў. Замкнулі ж першую тройку Маціас Экстром і Эміль Бергквіст, партнёры пераможцаў, якія саступілі ім 3 хвіліны 53 секунды.

Стэфан Петэрансэль і Эдуард Буланжэ, якія адзначыліся перамогай пазаўчора, на адзінаццатым этапе фінішавалі шостымі, адстаўшы ад экіпажа Сайнса амаль на шэсць хвілін. У абсалютным заліку яны займаюць пяцьдзесят дзявятую пазіцыю, болей чым на шэсцьдзесят восем гадзін адстаючы ад лідараў. Сайнс і Круз саступаюць ім болей за тры з паловай гадзіны, і прабіліся ўжо на дванаццатую пазіцыю, а Экстром з Бергквістам падняліся на дзявятую, і знаходзяцца болей чым у дзвюх з паловай ад першай.

Трэція ж у абсалюце па-ранейшаму Язід Аль-Раджы і Майкл Ор. Партнёры Альварэса і Манлеона па камандзе адстаюць ад экіпажа Аль-Аціі на 1 гадзіну 3 хвіліны 43 секунды, а на адзінаццатым этапе яны фінішавалі трынаццатымі, саступіўшы пераможцам болей за чатырнаццаць з паловай хвілін.

У катэгорыі лёгкіх прататыпаў мы, як і заўсёды, ў першую чаргу звяртаем увагу на экіпаж расіянкі Марыі Апарынай і беларуса Андрэя Рудніцкага. Хай праз сходы на пятым і восьмым этапах яны і займаюць толькі трыццаць другую пазіцыю ў генеральнай класіфікацыі, адстаючы ад яе лідараў болей чым на семдзесят восем з паловай гадзін. Яны ўсё роўна вартыя павагі, у тым ліку і таму, што Марыя гэты Дакар праводзіць са зламанай рукой.

Дарэчы, аналагічную траўму на бахе Хаіль у той жа Саудаўскай Аравіі перад самым Дакарам атрымаў Анвар Эргашэў, з якім Рудніцкі і мусіў быў стартаваць. Марыя расказвае, што, як жартуюць у іх у камандзе, рукі ў іх – гэта расходны матэрыял. Яна ж сама нават са зламанай учора дабралася да фінішу дваццаць пятай, нямногім болей за дзве гадзіны саступіўшы пераможцам. Зычым ім з Андрэем поспеху, які ўжо блізка.

Пераможцамі ж сталі, як няцяжка здагадацца, Сэт Кінтэра і Дэніс Цэнц. Гэта мала чым дапамагае 19-гадоваму амерыканцу і яго нямецкаму штурману, бо пасля сходу на другім этапе яны таксама павольна падымаюцца знізу табліцы агульнага заліку, ад лідараў якога адстаюць болей чым на чатырнаццаць з паловай гадзін, займаючы васямнаццатую пазіцыю. Затое паўтораны і ўжо сёння можа быць пабіты рэкорд француза П’ера Ларціга, які ў 1994 годзе перамог на дзесяці этапах Дакару.

Спецучастак адзінаццатага этапу Сэт і Дэніс пераадолелі за 3 гадзіны 57 хвілін 53 секунды, на 15 хвілін 38 секунд абагнаўшы Франсіска Лопеса і Хуана-Пабла Латраха, якія ў генеральнай класіфікацыі і лідзіруюць, маючы агульныя 43 гадзіны 56 хвілін 34 секунды. Пры гэтым на адзінаццатым этапе чылійцы сталі трэцімі, а перад імі, апярэдзіўшы іх на дваццаць секунд, размясціліся іх партнёры па камандзе EKS South Racing Себасцьян Эрыксан і Вутэр Росгаар. У агульным заліку яны займаюць другую пазіцыю, саступаючы экіпажу Чалека 55 хвілін 56 секунд.

На трэці радок вярнуліся Крысціна Гуцьерэс і Франсуа Казале, скарыстаўшыся праблемамі ў Фернанда Альварэса і Ксав’е Пансэры, якія ўчора саступілі экіпажу Кінтэра болей чым пяць гадзін, фінішаваўшы трыццаць першымі. У абсалюце яны зараз шостыя, амаль што ў васьмі гадзінах ад лідараў. Экіпаж жа першай віцэ-чэмпіёнкі электрычнай пазадарожнай серыі Extreme E адстае ад экіпажа Франсіска Лопеса на 4 гадзіны 31 хвіліну 22 секунды.

Вось у катэгорыі серыйных SSV сітуацыя напярэдадні фіналу найвастрэйшая! Лепшы час па выніках адзінаццаці этапаў – 45 гадзін 24 хвіліны 7 секунд – ужо ў Жэрара Фарэса і Дыега Артэгі. Аднак ужо былыя лідары Осцін Джонс і Густава Гужэльмін, якія апусціліся на другую пазіцыю, адстаюць усяго на 1 хвіліну 41 секунду. На ўчарашнім этапе яны адсталі ад пераможцаў на 17 хвілін 12 секунд, заняўшы шостае месца, а Фарэс і Артэга фінішавалі другімі, у 3 хвілінах 37 секундах ад пераможцаў.

Якімі ўжо ў пяты раз на гэтым Дакары сталі Марэк Гочал і Лукаш Ласкавец. Палякі праехалі па спецучастку за 4 гадзіны 13 хвілін 12 секунд, а ў абсалютным заліку яны замыкаюць першую тройку, адстаючы ад лідараў на 17 хвілін 59 секунд. Трэцімі ж на ўчарашнім этапе сталі дэбютанты Рокас Бацюшка і Арыоль Мена, якія саступілі пераможцам 6 хвілін 8 секунд. У агульным заліку экіпаж маладога літоўскага гоншчыка сусветнага ралі-кросу займае чацвёртую пазіцыю, прайграючы 22 хвіліны 46 секунд лідарам.

У катэгорыі грузавікоў нейкія варыяцыі магчымыя толькі на асобных этапах. Дзмітрый Сотнікаў, Ільгіз Ахметзянаў і Руслан Ахмадзееў лідзіруюць з агульным часам 39 гадзін 54 хвіліны 53 секунды, але ўчора яны роўна дзве хвіліны, заняўшы трэцяе месца, саступілі Эдуарду Нікалаеву, Яўгенію Якаўлеву і Ўладзіміру Рыбакову, якія атрымалі перамогу, пераадолеўшы спецучастак за 3 гадзіны 54 секунды 45 хвілін. У абсалюце яны па-ранейшаму другія, а іх адставанне ад экіпажа Сотнікава складае цяпер 8 хвілін 18 секунд.

Другімі на ўчарашнім этапе сталі яшчэ адны прадстаўнікі КамАЗа Андрэй Каргінаў, Андрэй Макееў і Іван Малькоў, якія адсталі ад Нікалаева на пятнаццаць секунд. У генеральнай класіфікацыі яны чацвёртыя, Сотнікаву саступаюць без малога дзве гадзіны. На трэцяй жа пазіцыі Антон Шыбалаў, Дзмітый Нікіцін і Іван Татарынаў, якія ад экіпажа лідараў адстаюць на 1 гадзіну 4 хвіліны 50 секунд. Учора яны фінішавалі пятымі, саступіўшы экіпажу Нікалаева болей за дваццаць дзве хвіліны і прапусціўшы наперад Марціна Мацыка, Францішэка Тамашэка і Давіда Сванды.

Чэхі з каманды Big Shock Racing пераможцам адзінаццатага этапу саступілі дванаццаць хвілін, а ў абсалютным заліку яны восьмыя, болей чым у чатырох з паловай гадзінах ад экіпажа Сотнікава. Бліжэйшыя ж да камазаўцаў з астатніх Янус ван Кастэрэн, Марсэль Снійдэрс і Дарэк Родэвальд, якія займаюць пятую пазіцыю і амаль тры гадзіны прайграюць лідарам. Учора экіпаж Petronas Team De Rooy IVECO заняў шостае месца, саступіўшы пераможцам адзінаццатага этапу дваццаць чатыры хвіліны.

Сёння сапраўдная барацьба магчымая хіба што ў катэгорыях матацыклаў і серыйных SSV, таму што спецучастак агулам 680-кіламетровага дванаццатага этапу Біша – Джыда, калі не лічыць пралог, самы кароткі на цяперашнім Дакары – усяго 164-кіламетровы. Вынікі яго і ўсяго ралі-марафона мы падвядзём ужо заўтра.

Другие посты блога

Все посты