Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Не старэюць душой ветэраны! Себасцьен Лёб пастаянную кар’еру скончыў, але на ралі Монтэ-Карла ўчора перамог

Не старэюць душой ветэраны! Себасцьен Лёб пастаянную кар’еру скончыў, але на ралі Монтэ-Карла ўчора перамог

Прызнавайцеся, вы ж хацелі ў дзяцінстве ведаць, хто мацнейшы – Шварцнэгер ці Сталонэ? А можа, ван Дам? А ў сусветным ралі хто з французскіх Себасцьенаў лепшы – васьміразовы чэмпіён Аж’е ці дзевяціразовы Лёб? Ралі Монтэ-Карла, што прайшло ў мінулы ўік-энд, дала на гэтае пытанне свой адказ.

24 января 2022, 16:28
Не старэюць душой ветэраны! Себасцьен Лёб пастаянную кар’еру скончыў, але на ралі Монтэ-Карла ўчора перамог

Фота: wrc.com

Прызнавайцеся, вы ж хацелі ў дзяцінстве ведаць, хто мацнейшы – Шварцнэгер ці Сталонэ? А можа, ван Дам? А ў сусветным ралі хто з французскіх Себасцьенаў лепшы – васьміразовы чэмпіён Аж’е ці дзевяціразовы Лёб? Ралі Монтэ-Карла, што прайшло ў мінулы ўік-энд, дала на гэтае пытанне свой адказ.

Чэмпіянат свету па ралі пачаў не толькі новы сезон, але і новую эру – эру гібрыдных сілавых установак. Падрабязна пра гэта я распавёў у перадсезонным прэв’ю на мінулым тыдні, таму тут мы адразу пяройдзем да першых вынікаў і ацэнак перамен, што адбыліся. А ацаніць ёсць што! І ацаніць вельмі па-рознаму.

Пачалося ўсё быццам бы стандартна: дзейсны чэмпіён Себасцьен Аж’е, які цяпер выступае ў той жа камандзе Toyota, але па скарочанай праграме, узначаліў пратакол пасля шэйдаўну ў чацвер. Лагічна было выказаць здагадку, што ён жа і стане ў чарговы раз пераможцам ралі Монтэ-Карла, на якім шмат гадоў не ведаў роўных. І быццам бы далей усё да гэтага і ішло, але…

Іншы Себасцьен, па прозвішчы Лёб, які цяпер выступае ў складзе M-Sport Ford, сам доўга быў на першым радку на шэйкдаўне, і саступіў у выніку толькі свайму малодшаму цёзцы. І затым быў фактычна адзіным яго дуэльным супернікам цягам усяго ралі. Новая Puma Rally1 выйшала і хуткай, і дастаткова надзейнай. У выніку менавіта дзевяціразовы чэмпіён узначаліў пратакол па выніках пятніцы, першага паўнавартаснага спаборніцкага дня.

Аж’е, які захапіў быў лідарства пасля першых двух допаў у чацвер, як і практычна ўсе астатнія ўдзельнікі гонкі, граў у рускую рулетку, выбіраючы шыны. Але, спрабуючы розныя іх камбінацыі на ранішніх спецучастках у пятніцу, прапусціў наперад і Лёба, і свайго партнёра па Таёце Элфіна Эванса. Аднак удзень васьміразовы чэмпіён раскаціўся, адыграўшы адну пазіцыю і скараціўшы адставанне ад дзевяціразовага да 9,9 секунды.

А ў суботу Аж’е яшчэ і пайшоў на рызыку, якая дала плён. Як ён сам прызнаўся потым, слушнай аказалася рызыка з шынамі, на якую пайшоў Сэб старэйшы. Малодшы падгледзеў, што той застаўся на сліках, і ў апошні момант сам пераабуў у іх свой GR Yaris Rally1. Надвор’е ў французскіх Альпах, дзе і праходзіць ралі Монтэ-Карла, у мінулы ўік-энд было складаным – дзесьці было суха, дзесьці слізка і ляжаў снег. Памыліцца ў такіх умовах было лёгка, што здарылася многа з кім. На дзясятым спецучастку, зляцеўшы з трасы, з барацьбы за высокія месцы выбыў Эванс. На трынаццатым фатальна пашкодзіў свой аўтамабіль японскі прадстаўнік Таёты Такамота Катсута, таксама запісаўшы сход на сваё імя.

Хаця ў самую відовішчную аварыю яшчэ ў пятніцу патрапіў француз Адрыен Фурмо – партнёр Лёба, Крэйга Брына і Гаса Грынсміта па M-Sport. Памыліўшыся ў адным з паваротаў трэцяга спецучастку раніцай, ён першым здзейсніў баявы краш-тэст новай уніфікаванай прасторавай рамы машын класу Rally1 (яна ж ёсць каркасам бяспекі). Апошняя спрацавала выдатна – ні Фурмо, ні яго штурман Александр Карыа не пацярпелі.

Аж’е ж пазбег якіх-небудзь небяспечных сітуацый, а ў суботу дзякуючы выбару гумы яшчэ і аказаўся хутчэй за ўсіх. Нават Лёб не здолеў ісці з ім у адным тэмпе, і ўвечары адстаў ад суайчынніка і цёзкі болей чым на 21 секунду. А лепшы з астатніх – Брын – адставаў увогуле амаль на паўтары хвіліны.

Здавалася б, усё вырашана, і ў нядзелю васьміразоваму і дзейснаму чэмпіёну трэба будзе проста кантраляваць адрыў, што ён паспяхова і рабіў да пятнаццатага спецучастка, на якім павялічыў адрыў ад Лёба да 24,6 секунды. Але на шаснаццатым пракол левага пярэдняга кола пазбавіў Аж’е яго хуткасці, у выніку чаго ён саступіў лідарства Лёбу. Контратака на фінальным шаснаццатым допе магла б быць выніковай, але, па-першае, Лёб быў хутчэй і там, а па-другое, Аж’е яшчэ і штраф за фальстарт адхапіў.

Так што перамогу на ралі Монтэ-Карла 2022 года атрымаў іншы Себасцьен – той, які Лёб. Гэты поспех таксама стаў першым для каманды M-Sport з ралі Вялікабрытаніі 2018 года, а сам Лёб стаў адным з самых узроставых пераможцаў этапу WRC – яму ў гэтым годзе споўніцца ўжо 48 гадоў. Хіба што яго цяперашні штурман, школьная настаўніца матэматыцы Ізабэль Гальміш, старэйшая за яго – ёй 50 гадоў. А яшчэ яна першая з 1997 года жанчына, якая перамагла ў сусветным ралі. І першая, якая зрабіла гэта ў дэбютнай гонцы.

Таму цяпер цікава адно: наколькі моцнай стала каманда M-Sport і, што галоўнае, наколькі моцныя яе астатнія гоншчыкі. Усё ж такі Брын, які заняў трэцяе месца, адстаў ад Лёба дастаткова моцна – болей чым на паўтары хвіліны. Ды і сапраўдную надзейнасць Puma Rally1 яшчэ трэба пацвердзіць. Бо яшчэ ў пятніцу невялічкія праблемы з гібрыдным складнікам узнікалі і ў Лёба, а аўтамабіль Гаса Грынсміта, які ў тую ж пятніцу атрымаў першую перамогу на спецучастку (брытанец быў хутчэй за ўсіх на сёмым), «прыхварэў» у суботу. Што, аднак, не перашкодзіла Грынсміту замкнуць Топ-5.

Гэта, зрэшты, кветачкі на фоне таго, з чым сутыкнуліся ў Монтэ-Карла гоншчыкі Hyundai. Іначай як катастрофай гэта не назавеш. Новаму i20 N Rally1 бракавала і хуткасці, і надзейнасці. Ад самага пачатку і Цьеры Нэвіль, і От Цянак ад самага пачатку апынуліся за межамі першай пяцёрцы, і бароліся больш з тэхнічнымі праблемамі, чым з супернікамі наперадзе.

Нэвілю ў пятніцу не хапала балансу. Бельгіец ахарактарызаваў сітуацыю як «начны жах». А ў суботу яго аўтамабіль спачатку пачало весці ў бок на тармажэннях, а потым, пасля таго, як ён прабіўся на чацвёртую пазіцыю, не вытрымала… так-так, падвеска! На гэты раз справа спераду. Як б мінулы год, калі падобных праблем у Hyundai было багата, не аказаўся для каманды белай паласой.

Цьеры ў выніку толькі цудам здолеў утрымаць шостае месца. Цянак да адзінаццатага допа трымаўся на сёмай пазіцыі, але затым, калі яго шыны астылі на халодным асфальце, памыліўся, патрапіўшы на лёд і снег на дванаццатым спецучастку, пашкодзіў радыятар свайго i20 N Rally1 і сышоў з дыстанцыі. Ну і праколаў паспеў перад гэтым сабраць не адзін, як і Нэвіль, дарэчы, па ходу ўсяго ралі.

Карацей, нейкія высновы тут рабіць пакуль што зарана, але па стану на зараз сітуацыя ў Hyundai не выглядае простай. Тым не менш варта дачакацца наступных этапаў, на якіх умовы будуць іншымі і якія не будуць падобныя на ралі Монтэ-Карла – даволі спецыфічную гонку.

У чэмпіянаце ж пасля першага этапу лідзіруе яго пераможца Лёб, у якога 27 ачкоў. Аж’е з 19 баламі другі, але абодва Себасцьена цяпер будуць гасцяваць толькі на асобных ралі, таму фактычным лідарам з’яўляецца яшчэ адзін прадстаўнік Таёты Кале Раванпэра. У Монтэ-Карла малады фін заняў чацвёртае месца, але дзякуючы перамозе на фінальным суперспэшле мае болей ачкоў, чым Брын – 17 супраць 15. Ну а трэцюю пазіцыю, такім чынам, з 11 ачкамі займае Нэвіль, які на адзін бал абганяе Грынсміта.

У камандным заліку ўпершыню за догі час лідзіруе – ужо па-сапраўднаму – M-Sport Ford, у якога 42 балы. Таёта з 39 другая, а Hyundai як мінімум часова памяняўся ролямі з M-Sport, і зараз замыкае першую тройку, маючы толькі 13 ачкоў.

У катэгорыі WRC2 на трасах у французскіх Альпах роўным дзейснаму чэмпіёну і гэтай катэгорыі, і чэмпіянату Еўропы па ралі Андрэасу Мікельсэну быў толькі француз Стэфан Лефэвр. Але ён разбіў свой Citroën C3 Rally2 у суботу раніцай, і нарвежац на сваёй Škoda Fabia Rally2 істотнай канкурэнцыі ўжо не сустракаў. Чэха Эрыка Чайса, які выступае на Ford Fiesta Rally2 і які заняў другое месца, Мікельсэн апярэдзіў амаль на адну хвіліну, а расіяніна Мікалая Гразіна, які фінішаваў трэцім – болей чым на дзве.

Сам Андрэас пры гэтым стаў сёмым у абсалюце, тады як дэбютант і пераможца катэгорыі WRC3 Самі Паяры ў агульным заліку фінішаваў дваццаць другім. Дзейсны чэмпіён свету сярод юніораў цягам усяго ралі біўся з дасведчаным чэхам Янам Чэрным, які заняў другое месца, адстаўшы на 7,6 секунды. Для параўнання: італьянец Энрыка Брацолі (як і Паяры з Чэрны, ён выступае на Ford Fiesta Rally3) адстаў ад маладога фіна болей чым на дзевятнаццаць хвілін, і трэцяе месца заняў толькі таму, што больш нікога ў WRC3 гэтым разам не было.

Наступным этапам чэмпіянату свету стане ралі Швецыі, якое пройдзе акурат праз месяц – 24-27 лютага. Але «Гоначнай псіхапатыі» будзе пра што расказаць сваім чытачам і праз тыдзень, таму што ўжо ў бліжэйшы ўік-энд свой новы сезон пачынае Формула Е. Заставайцеся на сувязі і сачыце за публікацыямі!

Другие посты блога

Все посты