Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дзвесце сорак восем кругоў і развязка на апошнім. Другі этап новага сезона IndyCar выйшаў цікавейшым за першы

Дзвесце сорак восем кругоў і развязка на апошнім. Другі этап новага сезона IndyCar выйшаў цікавейшым за першы

Здавалася б, што цікавага ў гонцы, дзе машыны паварочваюць толькі налева? Але амерыканцы нават у такіх умовах здольныя рабіць відовішчныя шоў, якім была гонка на авале Texas Motor Speedway

26 марта 2022, 01:36
3
Дзвесце сорак восем кругоў і развязка на апошнім. Другі этап новага сезона IndyCar выйшаў цікавейшым за першы

Фота: indycar.com

Здавалася б, што цікавага ў гонцы, дзе машыны паварочваюць толькі налева? Але амерыканцы нават у такіх умовах здольныя рабіць відовішчныя шоў, якім была гонка на авале Texas Motor Speedway.

Самае ж галоўнае шоў на планеце зараз ладзяць украінцы, якія абараняюць сваю зямлю ад расійска-фашысцкіх захопнікаў. Мужныя украінскія ваяры адважна і прафесійна нішчаць ворага, які паспрабаваў зрабіць іх такімі ж рабамі, якім з’яўляецца ён сам.

Украіна плаціць страшэнную цану за тое, што абрала свабоду. Дыктатар з піцерскай падваротні, які з’ехаў з глузду, знішчыў Харкаў і Марыупаль, здзекуецца з Херсона, Мелітопаля, Бердзянска, Чарнігава, Сум, Нікалаева і іншых буйных і малых гарадоў і мястэчак. Гінуць мірныя ўкраінцы ўсіх узростаў, ад старых да немаўлят.

Калгасны дыктатар здрадзіў свайму народу і ўкраінскаму, і дазволіў свайму крамлёўскаму гаспадару тэрарызаваць Украіну з тэрыторыі Беларусі, зрабіўшы яе краінай-агрэсарам. Кожнаму сумленнаму беларусу гэта баліць і не дае жыць у спакоі. Кожны сумленны беларус зычыць украінцам сіл і перамогі, якая непазбежная, таму што Украіна – гэта святло і дабрыня.

Некаторыя беларусы знайшлі магчымасць далучыцца да абароны Украіны. Батальён Кастуся Каліноўскага сёння афіцыйна стаў часткай Узброеных сіл Украіны, ён працягне абараняць украінскую зямлю ад варожай навалы са зброяй у руках. Іншыя Беларусы ў Польшчы і іншых краінах прымаюць украінскіх бежанцаў і дапамагаюць ім, працуючы валанцёрамі, а таксама перашкаджаюць працы расійскай ваеннай машыны на тэрыторыі Беларусі.

Усіх сваіх суайчыннікаў, якія зараз дапамагаюць украінцам, я віншую з нашым светлым святам – Днём Волі. Зычу нам усім мужна прайсці праз ліхалецце і пранесці праз яго сваю чалавечую годнасць, каб у будучыні жыць у добрасуседстве з Украінай, сябраваць з ёй і будаваць наша агульнае шчасце. Зычу перамогі над рускім фашызмам нашым украінскім братам і сёстрам. Слава Україні! Героям Слава! Жыве Беларусь!

Размаўляць у такія часы пра аўтагонкі можа камусьці паказацца дзіўным. Але гэта місія «Гоначнай псіхапатыі» – папулярызацыя выключна мірных і цывілізаваных забаў, якімі адначасова могуць займацца прадстаўнікі самых розных краін і народаў. І якой у будучыні, я ўпэўнены, будуць разам займацца і украінцы з беларусамі. Магчыма, хтосьці з іх дабярэцца і да амерыканскай формульнай серыі IndyCar.

Там і зараз поўны інтэрнацыянал, хоць амерыканскія гонкі заўсёды існавалі быццам бы асобна сусветных. Амерыканцаў там, напрыклад, толькі трынаццаць з трыццаці трох удзельнікаў. Пераможца першага этапу і лідар чэмпіянату Скот МакЛафлін – новазеландзец. Ён жа стаў адной з цэнтральных дзейных асоб другога этапу на авале Texas Motor Speedway у мінулы ўік-энд.

Гэта ён першым апярэдзіў уладальніка поўлу – шведа Фелікса Розэнквіста з каманды Arrow McLaren SP. Гэта ён лідзіраваў агулам цягам 186 кругоў з 248. І гэта яго на самым апошнім абагнаў яго партнёр па Team Penske Джозэф Ньюгардэн. Пераможную атаку (а перамога тая стала юбілейнай для калектыву – шасцісотай) амерыканец правёў на апошнім кругу, эфектыўна разагнаўшыся ў трэцім і чацвёртым паваротах. МакЛафліна ён у выніку апярэдзіў на 0,0669 секунды!

Тая змена лідара была далёка не адзінай. Дзесяць кругоў на першай пазіцыі пабыў і пілот Chip Ganassi Racing Маркус Эрыксан, які заняў трэцяе месца. Аўстраліец Уіл Паўэр, партнёр Ньюгардэна і МакЛафліна па Team Penske, узначальваў гонку нават цягам дваццаці кругоў, але фінішаваў толькі чацвёртым.

Хапала ў гонцы на Texas Motor Speedway і здарэнняў. Самае буйное адбылося на сто дваццаць дзявятым кругу, калі канадскі дэбютант Дэвлін Дэфранчэска з каманды Andretti Steinbrenner Autosport памыліўся і адправіўся да сцяны, прыбраўшы з сабой бразільца Эліа Кастранэвеса з каманды Meyer Shank Racing і гоншчыка каманды Rahal Letterman Lanigan Racing Грэма Рэйхала. На шчасце, у гэтым інцыдэнце пацярпелі толькі аўтамабілі.

Ну а Ньюгардэн, атрымаўшы перамогу ў другой гонцы сезону, у турнірнай табліцы падняўся на чацвёртую пазіцыю і мае зараз 65 балаў, на два адстаючы ад Алекса Палоў, які ў Тэхасе фінішаваў сёмым, і на чатыры ад Паўэра, які заняў чацвёртае месца. МакЛафлін жа з 97 ачкамі працягвае камфортна лідзіраваць.

Наступны этап серыі IndyCar пройдзе на гарадской трасе ў Лонг-Біч 8-10 красавіка.

Другие посты блога

Все посты