Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Ледзь не сарваны Гран Пры Аргенціны і шчаслівы юбілей на ім Алеша Эспаргара

Ледзь не сарваны Гран Пры Аргенціны і шчаслівы юбілей на ім Алеша Эспаргара

Першая перамога ў двухсотай у кар’еры гонцы – такім гоншчык завадской каманды Aprilia Алеш Эспаргара запомніць Гран Пры Аргенціны. У чэмпіянаце MotoGP з’явіўся новы герой?

5 апреля 2022, 23:21
Ледзь не сарваны Гран Пры Аргенціны і шчаслівы юбілей на ім Алеша Эспаргара

Фота: motogp.com

Першая перамога ў двухсотай у кар’еры гонцы – такім гоншчык завадской каманды Aprilia Алеш Эспаргара запомніць Гран Пры Аргенціны. У чэмпіянаце MotoGP з’явіўся новы герой?

Новы герой дакладна ёсць у чалавецтва, і гэта Украіна. Больш за месяц яе мужны і нязломны народ супрацьстаіць рускім фашысцкім захопнікам, якія ўвесь гэты час здзяйсняюць злачынствы супраць мірнага насельніцтва.

Тое, што агрэсар зрабіў з Харкавам, Марыупалем, Бучай і іншымі вялікімі і малымі гарадамі Украіны, немагчыма дараваць. Забойствы бяззбройных і гвалт у дачыненні да іх, а таксама марадзёрства і рабаванне дамоў украінцаў, выявіліся адзіным, на што здатная другая ў свеце армія.

Ваяваць жа яна не здатная. Тым больш ваяваць супраць свабодных людзей свабоднай краіны, якія раней мелі розныя палітычныя погляды, але цяпер аб’ядналіся супраць агульнага ворага. Немагчыма скарыць краіну, у якой войску дапамагае ўвесь народ, які сам стаіць у чэргах, каб пайсці на фронт дабравольцамі.

Я перакананы ў перамозе Украіны, хоць за перамогу тую яна зараз плаціць страшэнную цану. Але ўкраінцы даказалі, што яшчэ лепей, чым ваяваць, у іх атрымліваецца ствараць і будаваць. А расійскі дыктатар можа толькі страляць, дый тое атрымліваецца ў яго не надта, і таму ўкраінцы пазбавяць свет ад яго. Іх перамога непазбежна прынясе свабоду і нашаму народу. Слава Україні! Героям Слава! Жыве Беларусь!

Вайна не толькі знішчыла жыццё ўкраінцаў, але і ўскладніла жыццё ўсяго свету. Паўсталі праблемы вялікія, кшталту харчовых, бо Украіна сваім збожжам карміла паўсвету, і прамысловых, бо яна ж пастаўляла кампаненты, напрыклад, на еўрапейскія аўтамабільныя прадпрыемствы.

Ну а санкцыі супраць расійскіх кампаній, у тым ліку лагістычных, ледзь не сарвалі матацыклетны Гран Пры Аргенціны. І калі сусветны мотакрос без праблем правёў свой этап у Паўднёвай Амерыцы двума тыднямі раней, то чэмпіянат MotoGP залежаў якраз ад расійскіх партнёраў, якія цяпер апынуліся па-за гульнёй.

У выніку маёмасць каманд і арганізатараў прыбыла на трасу Termas de Río Hondo ў Санцьяга-дэль-Эстэра са спазненнем, і ад пятнічных свабодных практык прыйшлося адмовіцца. Што, можа быць, і стала праблемай для некаторых гоншчыкаў, якая перашкодзіла ім бліснуць у нядзелю. Але ж іншыя і ў такіх умовах падрыхтаваліся выдатна, і зладзілі прыгожую гонку.

Шлях да перамогі ў некаторых бывае вельмі доўгім. Алеш Эспаргара сваю першую атрымаў толькі ў мінулую нядзелю, хоць ён праводзіць свой ужо трынаццаты сезон у прэм’ер-катэгорыі MotoGP, і Гран Пры Аргенціны быў двухсотым у яго кар’еры. Кажуць, круглыя лічбы звычайна бываюць нешчаслівымі для гоншчыкаў, а вось тут патрапілася прыемнае выключэнне.

Пры гэтым іспанец быў хуткім увесь мінулы ўік-энд, аб чым сведчыў і поўл, здабыты ім у суботу. І хоць у мотагонках ён вырашальнага значэння не мае, Эспаргара здолеў канвертаваць яго ў доўгачаканую перамогу, хай і не без заўважных намаганняў. Яго малады суайчыннік з Pramac Racing Хорхе Марцін таксама хуткі, і на вышэйшай ступені подыуму ў мінулым годзе бываў, а цяпер кваліфікаваўся другім, каб у нядзелю стаць галоўным дуэлянтам Алеша.

З сенсацый кваліфікацыі таксама можна выдзеліць шосты вынік дзейснага чэмпіёна Фабіа Куартарара з завадской каманды Monster Energy Yamaha MotoGP, а таксама трэці маладога італьянца Лукі Марыні, які выступае за каманду Mooney VR46 Racing Team Валянціна Росі. Сам Доктар у мінулы ўік-энд не без прыгод дэбютаваў за стырном Audi R8 LMS GT3 Evo 2 каманды Team WRT на першым этапе новага сезона серыі GT World Challenge Europe у італьянскай Імале, але пра гэта наперадзе асобны аповед.

Марыні ж пачаў губляць пазіцыі ўжо са старту, калі прапусціў наперад Пола Эспаргара, малодшага брата Алеша, і Алекса Рынса. Гэтыя два іспанцы доўгі час вялі паміж сабой спрэчку за трэцяе месца, пакуль Пол не ўпаў на пятнаццатым кругу, сышоўшы з дыстанцыі.

Гэты ўік-энд у завадской камандзе Honda напэўна паспрабуюць хутчэй забыць, надта ўжо складаным ён выйшаў. Марк Маркес у Аргенціне ўвогуле не стартаваў праз праблемы са зрокам, што абвастрыліся ў яго пасля падзення ў Інданэзіі. Быццам бы яны і адступаюць пакрысе, але калі шасціразовы чэмпіён прэм’ер-катэгорыі вернецца ў гонкі, пакуль што невядома. Амерыканскі Гран Пры, што пройдзе ў бліжэйшы ўік-энд, ён, па ўсяму відаць, прапусціць таксама. Зычым яму выздараўлення як мага хутчэй.

Сабе ж зычым і далей бачыць такую напружаную барацьбу за перамогу, якая ў Аргенціне разгарнулася паміж старэйшым Эспаргара і Хорхе Марцінам. Гоншчык Pramac абагнаў канкурэнта і суайчынніка з Aprilia Racing на старце, надоўга ўзначаліўшы пелатон. Аднак Алеш не адставаў, і на дзясятым кругу ў першы раз паспрабаваў вярнуць сабе першую пазіцыю, але памыліўся на тармажэнні перад першым паваротам, праехаўшыся шырока і прапусціўшы Марціна ізноў.

Аднак і гэтую памылку Алеш выправіў, усталяваў лепшы круг у гонцы і зноў павіс на заднім коле ў Марціна. Чарговая атака са сліп-стрымам ад Эспаргара рушыла ўслед на васямнаццатым кругу, але паўтарыўся сцэнарый першай, і Хорхе застаўся лідарам. На наступным кругу гоншчык Апрыліі паспрабаваў атакаваць перад пятым паваротам, але і тут спроба пацярпела няўдачу.

Затое на дваццаць першым кругу з дваццаці пяці той самы пяты паварот стаў шчаслівым для Эспаргара, які нарэшце абагнаў Марціна. Той, аднак, не адстаў, і нават малая памылка з боку Алеша магла каштаваць яму перамогі, але ён яе не дапусціў, заслужана адсвяткаваўшы трыумф. Марцін заняў другое месца, Рынс фінішаваў трэцім, прынёсшы камандзе Team Suzuki Ecstar подыум, які атрымаўся цалкам іспанскім.

Кіпелі на Termas de Río Hondo і баталіі другога плана. Напрыклад, цяпер ужо былы лідар чэмпіянату і трыумфатар першага этапу ў Катары Энеа Басціаніні біўся ні многа ні мала з Куартарара. Праўда, за пазіцыі ўнізе першай дзясяткі, дый тое няўдала – дапусціўшы памылку, італьянец з каманды Gresini Racing MotoGP не некаторы час з гэтай першай дзясяткі выбыў. Пазней вярнуўся ў яе, але толькі каб замкнуць. Дзейсны чэмпіён, зрэшты, дамогся не надта большага, фінішаваўшы толькі восьмым.

Неадназначным аргентынскі этап выйшаў і для завадской каманды Ducati Lenovo Team. З аднаго боку, Фрачэска Баньяя, стартаваўшы трынаццатым, здолеў фінішаваць пятым. З іншага, Джэк Мілер, які пачынаў гонку следам за напарнікам, так чатырнаццатым яе і скончыў, зарабіўшы толькі два ачкі. Карацей, пакуль што ў італьянскага калектыву не атрымліваецца біцца з Ямахай, хаця і тая зараз пакуль зусім не фаварыт.

Новым жа лідарам асабістага заліку чэмпіянату цяпер з’яўляецца Алеш Эспаргара, які мае 45 ачкоў. Паўднёваафрыканец з завадской каманды Red Bull KTM Factory Racing Брэд Біндэр, які ў Аргенціне заняў шостае месца і ў якога 38 балаў, захаваў другую пазіцыю. Але яго пераследнікі блізка і ідуць шчыльнай групай: Басціаніні і Рынс займаюць трэцюю і чацвёртую пазіцыі адпаведна, маючы па 36 ачкоў, Куартарара, у якога на адно ачко меней, пяты, а напарнік і суайчыннік Рынса Хоан Мір саступае Эль Д’ябла два балы.

Не меней цікава выглядае і камандны залік, дзе лідарства цяпер належыць Team Suzuki Ecstar, у якой 69 ачкоў, што ўсяго на тры болей, чым у Red Bull KTM Factory Racing, які апусціўся на другі радок. На трэці ж паднялася Aprilia Racing, якая цяпер мае 58 балаў. Іншымі словамі, яўнай перавагі ў чэмпіянаце MotoGP зараз няма ні ў каго, нават у фармальных лідараў па балах. Ды і пра якую перавагу можна казаць, калі ў трох гонках перамаглі тры гоншчыкі з трох розных каманд?

Галоўнае мотагоначнае першынство планеты зноў радуе нас непрадказальнасцю, таму можна чакаць, што чацвёрты этап выявіць новага героя. Этапам гэтым, як было адзначана вышэй, ужо ў бліжэйшыя выхадныя будзе Гран Пры ЗША, які пройдзе на Трасе Амерык у тэхаскім Осціне.

Другие посты блога

Все посты