Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Рымскі дубль Мітча Эванса. Новазеландскі гоншчык стаў галоўным героем двух этапаў Формулы Е ў сталіцы Італіі

Рымскі дубль Мітча Эванса. Новазеландскі гоншчык стаў галоўным героем двух этапаў Формулы Е ў сталіцы Італіі

Не надта часта ў электрычным формульным чэмпіянаце свету камусьці ўдаецца перамагчы на двух этапах запар, нават калі яны праходзяць на адной і той жа трасе. А вось Мітчэл Эванс у Рыме перамог і ў суботу, і ў нядзелю, прытым што стартаваў не з поўлу.

19 апреля 2022, 14:17
Рымскі дубль Мітча Эванса. Новазеландскі гоншчык стаў галоўным героем двух этапаў Формулы Е ў сталіцы Італіі

Фота: Formula E

ГОНКІ ПРАХОДЗІЛІ 9-10 КРАСАВІКА. ПРАЗ ТЭХНІЧНЫЯ ПРАБЛЕМЫ, ШТО ЎЗНІКЛІ ПА ПРЫЧЫНЕ, ЯКАЯ АД АЎТАРА НЕ ЗАЛЕЖАЛА, АРТЫКУЛ АПУБЛІКАВАНЫ СА СПАЗНЕННЕМ. ШЧЫРА ВЫБАЧАЮСЯ ПЕРАД ЧЫТАЧАМІ.

Не надта часта ў электрычным формульным чэмпіянаце свету камусьці ўдаецца перамагчы на двух этапах запар, нават калі яны праходзяць на адной і той жа трасе. А вось Мітчэл Эванс у Рыме перамог і ў суботу, і ў нядзелю, прытым што стартаваў не з поўлу.

Зараз нават не верыцца, што папярэдні этап Формулы Е праходзіў яшчэ ў першай палове лютага, калі ў нашых сяброў і суседзяў украінцаў было адносна ціха. А зараз, ужо ў сярэдзіне красавіка, яны вымушаныя тушыць пажар вайны, які распалілі рускія фашысты. Злачынствы, што яны здзейснілі ў Бучы і Барадзянцы і працягваюць здзяйсняць у Харкаве і Марыупалі, а таксама ў іншых гарадах Украіны, на пакаленні паранілі яе.

Не ўлічылі рускія фашысты толькі мужнасці і моцы ўкраінцаў. Вайскоўцы, праваахоўныя органы і простыя грамадзяне з’ядналіся перад агульным ворагам і пачалі нішчыць яго на зямлі, ў паветры і на моры. Свабодныя людзі, якія любяць сваю зямлю і размаўляюць пры гэтым і па-украінску, і па-руску, не спужаліся зброі, з якой да іх прыйшлі захопнікі, а пачалі гэтую зброю ў іх адбіраць. Таму што захопнікі ваююць немаведама за што, у адрозненні ад украінцаў.

Справіцца з бядой сваім суседзям дапамагаюць і беларусы, прычым не толькі са зброяй у руках. Яны таксама перашкаджаюць ворагу перавозіць свой металалом па беларускай чыгунцы, працуюць валанцёрамі ў краінах Еўропы, дапамагаючы ўкраінскім бежанцам. Вораг у нас агульны, агульная і будучыня, у якой мы разам будзем працаваць дзеля таго, каб нашы краіны квітнелі і сябравалі. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Мая персанальная мара – каб паміж Украінай і Беларуссю можна было б вандраваць на электрамабілях. Канечне, для гэтага спатрэбіцца і інфраструктура зарадных станцый, дый самі электрамабілі мусяць стаць лепей і дальнабойней. Тэхналогіі, на шчасце, развіваюцца, і Формула Е гэтаму даволі нядрэнна дапамагае.

Яна і сама развіваецца, і ў наступным годзе пяройдзе на баліды новага пакалення. Якімі яны будуць, мы даведаемся хутка, у канцы месяца, на этапе чэмпіянату ў Манака. Толькі гэта справа будучыні, а пакуль што Формула Е карыстае тую ж тэхніку, што і ў мінулым годзе. Зрэшты, і яна зусім нядрэнная і гонкі на ёй могуць быць цікавымі і падзейнымі. Такімі яны і былі ў Рыме.

Суботнюю з поўлу пачынаў гоншчык каманды Mercedes-EQ Стофель Вандорн, таму ён і яго пераследнік з Envision Racing Робін Фрайнс на першым кругу пазбеглі завалу, які ўчыніў на той момант яшчэ лідар чэмпіянату Эдоарда Мартара з ROKiT Venturi Racing, які падтараніў ззаду канкурэнта з Mahindra Racing Олівера Роўланда, які ўткнуўся носам свайго аўтамабіля ў адбойнік у сёмым павароце.

Мала дапамог гэты інцыдэнт і Эвансу, бо адбыўся ён за спінай у гоншчыка Jaguar TCS Racing, які стартаваў дзявятым і пачаў прарывацца ўжо з першага ж круга. Праўда, прарыў яго хутка прыпыніўся аўтамабілем бяспекі, бо ў адзінаццатым павароце ў аварыю патрапіў пілот Nissan e.dams Макс Гюнтэр.

Хутка пасля рэстарту пачалося варушэнне і ў групе лідараў. Праз шаснаццаць хвілін пасля старту ў гонцы змяніўся лідар – Фрайнс у чацвёртым павароце абагнаў Вандорна. Пазней, праўда, нідэрландзец, заехаўшы ў зону актывацыі рэжыму атакі, прапусціў Стофеля. А вось Эванс свой візіт туды адцягнуў, што і дапамагло яму да таго моманту прарвацца на пятую пазіцыю.

Фрайнс з дадатковай магутнасцю абагнаў Вандорна ізноў, а Эванс і без яе справіўся з былым чэмпіёнам электраформулы з каманды DS Techeetah Жанам-Эрыкам Вернем, падняўшыся на чацвёртую пазіцыю. А за шаснаццаць хвілін да сканчэння асноўнага часу – па-ранейшаму са стандартнай магутнасцю! – новазеландзец пакінуў ззаду і дзейснага чэмпіёна Формулы Е, напарніка Вандорна Ніка дэ Фрыса.

Той акурат перад гэтым прапусціў Стофеля, які актывіраваў рэжым атакі і якому трэба было даганяць Фрайнса. Што ён паспяхова і зрабіў, вярнуўшы сабе лідарства крыху меней чым за пятнаццаць хвілін да сканчэння часу. Эванс тым часам імчаўся за імі ўслед, не адчуваючы небяспекі з боку дэ Фрыса, у якога пачаліся праблемы, праз якія ён спачатку згубіў шэраг пазіцый, а потым увогуле сышоў з дыстанцыі.

Пара лідараў, наадварот, была для Мітчэла ўсё бліжэй і бліжэй, і за дванаццаць з паловай хвілін ён ужо ўпёрся ў карму баліда Фрайнса. Тут-та ён і заехаў на другую актывацыю рэжыму атакі, адстаўшы зусім крыху! І акурат пасля таго, як Фрайнс ізноў адняў у Вандорна лідарства, Эванс адцясніў бельгійца на трэцюю пазіцыю, каб за дзесяць хвілін да сканчэння часу абагнаць і Фрайнса, узначаліўшы гонку.

Дарэчы, на мінулых этапах камандзе Jaguar, як высветлілася, перашкаджалі праблемы з дыферэнцыялам. За два месяцы механікі з імі разабраліся, што і дапамагло іх гоншчыку бліснуць у Рыме. Эванс вельмі хутка адарваўся ад Фрайнса і Вандорна і атрымаў сваю не першую ў Формуле Е, але першую за апошнія два гады перамогу.

Абодвух яго пераследнікаў паспеў быў абагнаць яшчэ і пілот Avalanche Andretti Джэйк Дэніс. Але ў яго камандзе пралічыліся з размеркаваннем энергіі па дыстанцыі, і, падняўшыся на другую пазіцыю, брытанец тут жа пачаў адкочвацца назад, і ў пратаколе размясціўся толькі на трынаццатай пазіцыі (для справядлівасці, яшчэ і праз пяцісекундны штраф за інцыдэнт у пачатку гонкі). Таму Фрайнс прапусціў быў Вандорна, але хутка абагнаў ізноў і заняў другое месца, Стофель задаволіўся трэцім.

Не меней цікава было і ў нядзелю. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы таму, што арганізатары вырашылі зрабіць не два абавязковых рэжымы атакі па чатыры хвіліны, а адзін па восем. Гэта моцна мяняла стандартныя стратэгічныя пабудовы і прымушала некаторых рызыкаваць. Сярод гэтых некаторых якраз і быў Эванс.

Гонку Мітчэл пачынаў ужо вышэй – з чацвёртай пазіцыі. Адыграць на старце нічога не атрымалася, але атрымалася і нічога не страціць. Хаця яго напарнік Сэм Бёрд, які стартаваў следам, здаецца, не асабіста яго і атакаваў. Перастановак у групе лідараў на першым кругу наогул не адбылося. Вернь, які быў мацнейшы ў кваліфікацыі, захаваў першую пазіцыю, а Дэніс – сваю другую, адбіўшыся ад атакі з боку пілота TAG Heuer Porsche Андрэ Лотэрэра.

Крыху пазней, аднак, трохразовы трыумфатар 24 гадзін Ле Мана ўсё ж такі абагнаў Дэніса, і яшчэ праз кароткі час тое ж самае зрабіў і Эванс. Новазеландзец пачаў спрачацца ўжо за другую пазіцыю з Лотэрэрам, і за яго спінай надоўга не затрымаўся, ужо ў самым пачатку падняўшыся на другую пазіцыю!

Толькі і тут усё сапсаваў аўтамабіль бяспекі – на трасе спыніўся экс-пілот каманды Alfa Romeo ў Формуле 1 Антоніа Джавінацы, які ў Формуле Е выступае за Dragon/Penske Autosport. Хаця болей не пашанцавала тым, хто да таго моманту ўжо паспеў актываваць рэжым атакі, але атакаваць цяпер не мог.

З групы лідараў, праўда, гэтага ніхто не зрабіў, але Эванс і без дадатковай магутнасці хутка пасля рэстарту абагнаў Верня і ўзначаліў гонку. Праўда, толькі да трынаццатага круга, на якім яго абышоў Фрайнс, які дадатковыя 30 кВт вырашыў выкарыстаць, дзякуючы чаму і абагнаў цэлы шэраг супернікаў. На наступным кругу гоншчык Ягуара прапусціў і Лотэрэра, які амаль адразу абагнаў і Фрайнса, у якога рэжым атакі скончыўся.

І ў чарговы раз усе адрывы нейтралізаваў, цяпер праз аварыю Роўланда, аўтамабіль бяспекі! Пасля таго, як ён трасу пакінуў, з асноўнага часу заставалася крыху болей за пяць хвілін, а дадатковую магутнасць гоншчыкі абавязаныя выкарыстаць у поўным аб’ёме. Іншымі словамі, Эвансу на гэта магло б не хапіць часу, аднак, па новых правілах Формулы Е, пасля перыядаў аўтамабіля бяспекі час гонкі працягваецца.

Эванс на актывацыю рэжыму атакі адправіўся на першым жа пасля рэстарту кругу. Прапусціў быў Верня, але тут жа апярэдзіў яго ізноў і паімчаўся за Фрайнсам і Лотэрэрам. Там і суддзі дакінулі 5 хвілін 15 секунд, і Мітчэл атрымаў абсалютную перавагу. Аднаго за адным абагнаў абодвух супернікаў і без праблем атрымаў другую запар і за ўік-энд перамогу. Ззаду Вернь таксама здолей абагнаць і Фрайнса, і Лотэрэра, заняўшы ў выніку другое месца, а нідэрландзец на апошніх хвілінах асноўнага часу справіўся з немцам і фінішаваў трэцім.

Пры гэтым перавагі на апошніх кругах у Эванса ўжо не было, таму што кантакт Бёрда з напарнікам Фрайнса Нікам Кэсідзі, які прывёў да аварыі новазеландца, праз што на трасу ізноў выехаў аўтамабіль бяспекі. Але пасля рэстарту перастановак у групе лідараў, як няцяжка здагадацца, не адбылося. А Бёрд страціць за гэты інцыдэнт тры пазіцыі на старце гонкі ў Манака, бо ў другой рымскай гонцы ён, як і Кэсідзі, не фінішаваў.

Эванс у чэмпіянаце дзякуючы дзвюм перамогам у Рыме падняўся на чацвёртую пазіцыю абагнаўшы нават былога лідара Мартару. Той у суботу фінішаваў сёмым, а ў нядзелю не фінішаваў увогуле, таму што яшчэ ў пачатку гонкі ў выніку кантакту з напарнікам Верня і яшчэ адным былым чэмпіёнам Антоніу Феліксам да Коштай пашкодзіўся прывадны вал яго баліда. Цяпер у швейцарца 49 ачкоў супраць 51 у Эванса.

Вернь жа з 60 баламі стаў новым лідарам асабістага заліку. Толькі пераследнікі блізка – Фрайнс, які займае другую пазіцыю, адстае на два балы, а Вандорн, які замыкае першую тройку, чатыры. На першую пазіцыю ў камандным заліку падняўся Mercedes, у якога 94 ачкі. Другія з 85 баламі цяпер Porsche, DS Techeetah адстаюць яшчэ на пяць ачкоў і размяшчаюцца на трэцім радку.

Працягнецца сезон Формулы Е, як было адзначана вышэй, у Манака, дзе адзіны этап пройдзе 30 карасавіка.

Другие посты блога

Все посты