Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Калі ў Харватыі не да адпачынку. Чацвёртая перамога ў WRC у кар’еры Кале Раванпэры далася яму нялёгка

Калі ў Харватыі не да адпачынку. Чацвёртая перамога ў WRC у кар’еры Кале Раванпэры далася яму нялёгка

Нават калі ты дамінуеш у гонцы, казаць «гоп» варта толькі пасля яе фінішу, да якога здарыцца можа ўсё, што заўгодна. Вось і з Раванпэрай здарылася, хаця ён у вырашальны момант усё зрабіў правільна і не памыліўся.

27 апреля 2022, 12:35
Калі ў Харватыі не да адпачынку. Чацвёртая перамога ў WRC у кар’еры Кале Раванпэры далася яму нялёгка

Фота: wrc.com

Нават калі ты дамінуеш у гонцы, казаць «гоп» варта толькі пасля яе фінішу, да якога здарыцца можа ўсё, што заўгодна. Вось і з Раванпэрай здарылася, хаця ён у вырашальны момант усё зрабіў правільна і не памыліўся.

Хто дакладна сказаў «гоп» занадта рана, дык гэта расійскі дыктатар. Гэта ён разлічваў на бліцкрыг і ўзяцце Кіева за тры дні. Гэта ён прыпёр ва Украіну разам з войскам парадныя разлікі і аркестры. Гэта ён быў упэўнены, што ўкраінцы скорацца яму ці будуць сустракаць яго войска хлебам і соллю.

Нажаль, забіць шмат украінцаў, дарослых і зусім маленькіх, а таксама захапіць некалькі гарадоў у яго сапраўды атрымалася. А вось перамагчы Украіну – не. Армія рабаўнікоў, гвалтаўнікоў і проста забойцаў мірных грамадзян наогул не здатная перамагаць. Тым больш, калі ёй супрацьстаіць не толькі армія краіны, у якую яны ўвайшлі, а ўвесь яе народ.

Добрая навіна ў тым, што свет цяпер добра разумее пагрозу, з якой сутыкнуўся, і сам насам з бядой Украіну ўжо не кінуць. Яна будзе атрымліваць сучасныя ўзбраенні, у тым ліку цяжкія і наступальныя. Ёй будуць дапамагаць фінансава і гуманітарна. Яна абароніць сябе і адновіцца, стане яшчэ прыгажэй, чым была да вайны, і стане ўтульным домам для сваіх грамадзян.

Зрабіць усё гэта ёй дапамогуць і беларусы, якія акурат зараз б’юць ворага разам з украінцамі. Перамога Украіны непазбежна прынясе свабоду і ў Беларусь. Расійская эфэсбэшная пачвара не зможа дапамагаць калгаснай, калі адкруціць ёй галаву. І гэта можа быць і павінна быць зроблена. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

У гонках суседзі, дый усе мірныя краіны, жывуць па-сяброўску і адзінае, што вырашаюць паміж сабой, гэта хто найхутчэйшы на трасах. Як гэта на Ралі Харватыя рабілі фін з каманды Toyota Кале Раванпэра і эстонец з каманды Hyundai От Цянак. Вырашалі яны гэта доўга, ажно да самага апошняга дваццатага спецучастка.

З самага першага ў пятніцу ініцыятыву захапіў быў Раванпэра, які пасля перамогі на папярэднім Ралі Швецыя выйшаў узначальваў чэмпіянат. Ад сумнеўнай прывілеі чысціць дарогу супернікам ён быў пазбаўлены – гонка ў наваколлях Заграба была асфальтавай. Адзінае што надвор’е ў першы спаборніцкі дзень было складаным – было сыра, слізка і туманна – але гэта гоншчыка Таёты не запаволіла.

А вось Цянака і яго напарніка па камандзе Цьеры Нэвіля, разам з абодвума прадстаўнікамі M-sport Ford Крэйгам Брынам і Гасам Грынсмітам – запаволіла. У дадатак Цянак пазней схапіў пракол, а на i20 N Rally1 на пятым допе Нэвіля абарваўся рамень генератара. Цьеры і яго штурману Марціну Відагэ прыйшлося 800 метраў піхаць машыну да сэрвіс-зоны, каб паспець на кантроль часу.

На хвіліну бельгійцы ў выніку ўсё ж спазніліся, атрымаўшы штрафныя 40 секунд, што адкінулі іх з другой пазіцыі на чацвёртую. Непрыемнасці на гэтым для іх не скончыліся, бо ў суботу яны атрымалі яшчэ і штраф за перавышэнне хуткасці на дарожнай секцыі. Ну а Цянаку ў пятніцу заміналі праблемы з гібрыднай сістэмай яго аўтамабіля, што таксама абумовіла адставанне ад Раванпэры ў 1:23,3 па выніках пятніцы, хоць ён пры гэтым і размясціўся на другой пазіцыі.

Дзеля справядлівасці, толькі для маладога фіна харвацкае ралі пачалося добра. Яго партнёры па камандзе Элфін Эванс, Эсапека Лапі і Такамота Катсута сутыкнуліся з праблемамі ўжо ў самым пачатку. Фін пашкодзіў кола аб камень на першым жа спецучастку, валіец двойчы лавіў праколы, а японцу проста не хапала тэмпу. У выніку Лапі адразу аформіў сход з дыстанцыі, а Эванс і Катсута па выніках пятніцы апынуліся на шостай і сёмай пазіцыях адпаведна.

Здавалася, у Раванпэры супернікаў не засталося, і яму трэба было толькі кантраляваць адрыў ад Цянака. І Кале з гэтым нядрэнна спраўляўся пакуль на адзінаццатым допе, другім з суботніх, сам не прабіў кола. У выніку Цянак скараціў адставанне ад яго спачатку да 16,2 секунды, а па выніках трынаццатага спецучастку – якраз роўна да трынаццаці.

Потым Кале, праўда, пачаў адрывацца ізноў, і адарваўся па выніках суботы да без адной дзясятай дваццаці секунд. Па выніках двух з чатырох нядзельных допаў фін «вёз» эстонцу амаль палову хвіліны, але потым чэмпіён 2019 года рызыкнуў, паставіўшы на сваю машыну мяккія шыны, і абагнаў Раванпэпу. Перад апошнім допам двух гоншчыкаў раздзяляла 1,4 секунды!

Але на фінальным суперспэшле лідар чэмпіянату сабраўся і праехаў яго хутчэй за ўсіх, атрымаўшы перамогу і ў ралі з перавагай у 4,3 секунды. Цянак задаволіўся другім месцам, а на трэцяе, негледзячы на ўсе праблемы, здолеў прарвацца Нэвіль. Ён жа застаўся другім у чэмпіянаце, дзе мае 47 ачкоў, на сямнаццаць апярэджваючы Брына, які замыкае першую тройку, а ў Харватыі фінішаваў чацывёртым. Цянак пяты, але ў яго роўная колькасць балаў з Лёбам – па 27. Ну а Раванпэра з 76 ачкамі лідзіруе. Toyota ўзначальвае камандны залік, у яе 126 балаў. Hyundai узнялася на другую пазіцыю і мае 84 ачкі, на чатыры апярэджваючы M-sport Ford, які апусціўся на трэці радок.

У Харватыі былі прадстаўленыя ўсе тры малодшыя катэгорыі чэмпіянату свету па ралі. У WRC2 першую перамогу адсвяткаваў француз Йохан Русэль, дзейсны чэмпіён катэгорыі WRC3. На сваім Citroën C3 Rally2 ён дамінаваў увесь уік-энд, даехаў да сёмага месца ў абсалюце і на хвіліну абагнаў паляка Каетана Каетанавіча на Škoda Fabia Rally2.

Той да апошняга біўся з расіянінам Мікалаем Гразіным, які за злачынствы сваёй краіны цяпер вымушаны выступаць пад нейтральным сцягам. Ён у выніку прапусціў яшчэ і фіна Эміля Ліндхольма (абодва, як і Каетанавіч, едуць на Шкодах), які і заняў трэцяе месца. Хаця Гразін, які фінішаваў чацвёртым, нават здолеў замкнуць першую дзясятку абсалютнага заліку.

У WRC3, дзе ўсе выступаюць на аднолькавых пярэднепрывадных Ford Fiesta Rally3, мацнейшым стаў вугорац Золтан Лазла. Яму, зрэшты, дапамагла нядзельная аварыя фіна Самі Паяры, які дагэтуль доўгі час лідзіраваў. Аднак і сам Лазла выступаў добра, і болей чым на палову хвіліны апярэдзіў італьянца Энрыка Барзолі, які фінішаваў другім. Трэцяе месца заняў мясцовы гоншчык Івіка Сіладзіч.

Тэхніка ў WRC3 такая ж, як і ў моладзевым чэмпіянаце свету, этап якога таксама прайшоў у Харватыі. Перамога на ім дасталася фіну Лаўры Йооне. Яму таксама дапамаглі непрыемнасці Паяры, а таксама эстонца Роберта Вірвеса. Той лідзіраваў перад фінальным допам, але атрымаў штраф ажно ў чатыры хвіліны за тое, што зарана прыбыў на кантрольную кропку перад стартам. Пры гэтым Вірвес усё роўна заняў другое месца, а на ніжнюю ступень подыуму падняўся француз Жан-Бапціст Франчэскі.

Наступным этапам чэмпіянату свету стане Ралі Партугалія, якое пройдзе 19-22 мая. І пройдзе, па ўсяму відаць, няма куды цікавей, бо на яго заяўленыя абодва чэмпіёны-Себасцьены – Лёб і Аж’е!

Другие посты блога

Все посты