Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!
Блог

Шарль сышоў, Макс перамог, Льюіс не хацеў ганяцца, але дарэмна. Разбіраемся ў падзеях Гран Пры Іспаніі

Фота: formula1.com, twitter.com/ScuderiaFerrari

Каліцеся, вы ж напэўна падумалі штосьці кшталту «сэр не захацеў перасільваць», калі пачулі, як Хэмілтан прапанаваў сысці з дыстанцыі! А калі Ферстапен апынуўся ў гравіі, то канчаткова выкраслілі яго са спісу прэтэндэнтаў на перамогу. Ну а калі сышоў Лекер, то спачатку моцна здзівіліся, так?

Увесь свет здзівіўся 24 лютага, калі высветлілася, што Украіна дала годны адпор агрэсару і не дала яму сябе знішчыць. Агрэсар гэты страшэнны і дужы, што варта прызнаць, і пакутаваць украінцаў ён прымусіў. Але не скарыў іх і не падпарадкаваў сабе, як таго жадаў расійскі дыктатар.

Другая армія ў свеце аказалася здатнай ваяваць толькі супраць бяззбройных і безабаронных. Яе прадстаўнікоў натхняла толькі нянавісць да ўсіх, хто на іх не падобны і хто абраў годнае жыццё ў свабоднай краіне, а не жабрацкае стойла ў гнілой імперыі. Менавіта праз гэта свет і даведаўся пра ўкраінскі гарадок Буча.

Толькі калі захопнікі сустрэліся з абаронцамі Украіны, Бучу ім прыйшлося пакінуць, як потым прыйдзецца пакідаць Марыупаль, Херсон і іншыя гарады. І справа не ў тым, што ўкраінцы атрымаюць замежную ваенную дапамогу, а ў іх звычайнай, але сапраўднай любові да сваёй радзімы. І свае жыцці яны аддаюць менавіта за яе, а не за дыктатарскія палацы з залатымі ўнітазамі.

Каштоўнасці, якія абараняюць украінцы, добра зразумелыя і беларусам. Мы ведаем, як цяжка бывае іх адстойваць, калі ў цябе ёсць толькі чалавечая годнасць і прага свабоды, а ў ворага – фінансавыя рэсурсы і зброя. На шчасце, у ўкраінцаў зброя ёсць, як і матывацыя да перамогі, атрымаць якую беларусы ім ужо дапамагаюць. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Гледзячы на Украіну, апошняе, што хочацца рабіць – гэта здавацца і кідаць сваю справу. Сяміразовы чэмпіён Формулы 1 Льюіс Хэмілтан яшчэ на самым пачатку вайны выказаўся ў падтрымку ўкраінцаў, да якіх прыйшла бяда, а ў Барселоне ўчора сам прапанаваў камандзе сысці з дыстанцыі пасля таго, як паміж ім і пілотам Haas Кэвінам Магнусэнам адбыўся кантакт, пасля якога брытанец накіраваўся ў боксы мяняць пашкоджаную шыну і адкаціўся назад, як і датчанін, які зрабіў візіт у гравій.

Сваю прапанову ў размове са сваім гоначным інжынерам Пітэрам Бонінгтанам Льюіс абгрунтаваў клопатам пра сілавую ўстаноўку, рэсурс якой можна было б паберагчы. Дзіўны падыход ад гоншчыка, які на самой справе ўмее прарывацца атрымліваць максімум у самых складаных умовах. Бона так яму і адказаў: «Мы можам фінішаваць на восьмым месцы або нават вышэй». І, як выявілася, меў рацыю.

Глава каманды Mercedes Тота Вольф пазней сказаў, што калі б не выпадак з Магнусэнам на першым кругу ў чацвёртым павароце, Хэмілтан бы і за перамогу пазмагаўся. Ну, можа і не за перамогу, а за подыум дык дакладна. У Барселону ўсе калектывы акрамя Haas прывезлі тэхнічныя абнаўленні, і тыя, што ўжылі Срэбраныя Стрэлы, дакладна далі плён.

Праблема з падскокамі на высокіх хуткасцях, якая больш за ўсё стрымлівала тэмп балідаў W13, калі і не сышла канчаткова, то дакладна страціла сваю вастрыню. І хоць за поўл ні Льюіс, ні яго напарнік Джордж Расэл не бароліся (сяміразовы чэмпіён кваліфікаваўся шостым, яго напарнік чацвёртым), было зразумела, што васьміразовыя і дзейсныя ўладальнікі Кубку канструктараў вяртаюцца ў групу лідараў чэмпіянату.

Свае машыны перад Гран Пры Іспаніі абнавілі і ў Ferrari. Галоўнай праблемай на папярэдніх этапах у Імале і Маямі ў Скудэрыі лічылі павышаную дэградацыю шын у гоначных умовах, і цяпер яна быццам бы была вырашаная. Ну а кваліфікацыйны тэмп у чырвоных машын і раней быў нядрэнны, асабіста ў той, якой кіруе Шарль Леклер, таму яго поўл нікога не здзівіў.

Не было чаму дзівіцца і ў выпадку з Максам Ферстапенам, які ў чарговы раз дзяліў з манэгаскам першы стартавы шэраг. Яго вынік мог бы быць і лепшым, калі б у фінальнай спробе на яго балідзе не адмовіла DRS, пазбавіўшы яго хуткасці, і гэта для будучага пераможца гонкі была толькі пачаткам яго прыгод. Дарэчы, прычынай яе непаладак сталі спробы каманды скінуць лішнюю вагу машыны. Але недзе падначаленыя Эдрыана Ньюі перастараліся, падкінуўшы праблем Максу.

Стартаваў дзейсны чэмпіён, дарэчы, нядрэнна, адразу пайшоўшы ў атаку на Леклера. Той, аднак, адбіўся і за пару кругоў ад’ехаў ад нідэрландца болей чым на секунду, пазбавіўшы таго магчымасці атакаваць з дапамогай DRS. Якая, зрэшты, нягледзячы на намаганні каманды, працавала цераз раз.

А на дзявятым кругу парыў ветру сарваў балід Ферстапена ў слізганне перад чацвёртым паваротам, праз што Макс апынуўся ў гравіі, але здолеў адтуль выбрацца і вярнуцца на трасу на чацвёртай пазіцыі. Аналагічная, па ўсяму відаць, непрыемнасць, у тым жа месцы здарылася з напарнікам Леклера Карласам Сайнсам, у якога ніяк не атрымлівалася бліснуць перад роднымі трыбунамі. На старце ён адкаціўся з трэцяй пазіцыі на пятую, а тут – ажно на чатырнаццатую. Але таксама працягнуў гонку і скончыў яе не так і дрэнна, хаця яму ў канцы крыху пашанцавала.

Пашанцавала і Ферстапену. Галоўным чынам, на дваццаць сёмым кругу, калі раптоўна ўзніклі праблемы з маторам на машыне Леклера, праз што пілот Ferrari першы раз у гэтым сезоне скончыў гонку датэрмінова. Пры гэтым лідзіраваў Шарль упэўнена, абнаўленні працавалі, і гума сапраўды зношвалася павольней, чым раней. У тым ліку камплект «софту», на якім Леклер стартаваў, тым больш што ён быў новым.

Як надоўга яму хапіла б ізноў жа свежага «медыума», які пілот Ferrari атрымаў на дваццаць першым кругу, захаваўшы пры гэтым лідарства пасля піт-стопу, мы ўжо не даведаемся. Аднак сам факт, што хуткасць у яго была, абнадзейвае. За чэмпіянат Шарль яшчэ дакладна пазмагаецца.

Ферстапен да зыходу Лелкера ва ўсю змагаўся з Расэлам, якога раней спрабаваў абагнаць напарнік Макса Серхіа Перэс. Чэка без ваганняў прапусціў напарніка па просьбе с боксаў, але тыя самыя праблемы з DRS не дазволілі Максу наблізіцца ўшчыльную да Джорджа і абагнаць яго. З абгонамі ў Барселоне і так звычайна туга, таму ўсё, што пілоту Red Bull заставалася, гэта не памыляцца і трымацца як можна бліжэй да канкурэнта.

Зрэшты, аднойчы, на дваццаць чацвёртым кругу, атака нідэрландца амаль удалася, і ён абышоў быў брытанскага гоншчыка Mercedes. Толькі і той гоншчыкам Mercedes ёсць недарэмна. Джордж паспяхова контратакаваў і адбіўся ў хуткім трэцім павароце, захаваўшы лідарства. Макса ён прапусціў наперад толькі калі на трыццаць сёмым кругу заехаў на другі піт-стоп.

Затое вось Перэс шасцю кругамі раней абагнаў Расэла непасродна на трасе, узначаліўшы гонку. Вядома, Серхіа рыхтаваўся атрымаць трэцюю ў кар’еры перамогу, але каманда загадала яму ізноў прапусціць Макса. Той сапраўды быў хуткім на свежым «медыуме», які ён атрымаў на сорак чацвёртым кругу, дый сам Чэка быў на іншай стратэгіі, і яму самому яшчэ трэба было наведаць боксы, пра што яму гоначны інжынер давёў адразу. Але абураўся мексіканец пасля гэтага доўга. Затое, магчыма, атрымаў козыр у перамовах аб новым кантракце. Ну і падзяку ад Макса, якая патрапіла ў тэлеэфір.

Спартыўны кансультант Red Bull Racing Хельмут Марка потым яшчэ адмыслова тлумачыў, што камплекта шын сярэдняга тыпу Перэсу ўсё роўна не хапіла б. Толькі, па ўсяму відаць, на Soft яго на пяцьдзесят трэцім кругу перавялі ў асноўным для таго, каб ён паказаў на ім лепшы круг у гонцы і паклаў у скарбонку каманды дадатковы бал, што Серхіа і зрабіў.

Галоўнае ж, што сваім другім месцам ён прынёс Чырвоным Быкам дубль, бо Ферстапен дзякуючы яго дабрыні перамог. Расэл заняў трэцяе месца, а чацвёртае магло б дастацца Хэмілтану. Шыны на балідзе Льюіса таксама трывалі, таму знізу ён прарываўся рашуча, з перапынкамі толькі на піт-стопы.

На шасцідзясятым кругу сяміразовы чэмпіён нават Сайнса пакінуў ззаду, але хутка вымушаны быў скінуць тэмп – уцечка ў сістэме астуджэння пагражала зыходам з дыстанцыі. У выніку Льюіс прапусціў Карласа і задаволіўся пятым месцам, але атрымаў прыз гледачовых сімпатый – быў прызнаны Гоншчыкам дня. А ён яшчэ сысці збіраўся!

Маім жа персанальным героем на Гран Пры Іспаніі стаў пілот McLaren Ланда Норыс. Брытанец увесь уік-энд мучыўся ад танзіліту – запалення небных міндалін. Дрэннае самаадчуванне справакавала яго памылку ў кваліфікацыі, у выніку якой яго пазбавілі лепшага часу ў другім сегменце, з якога ён і не выйшаў. Стартаваў Норыс адзінаццатым, але хворы і ў анамальную спякоту пераадолеў усю дыстанцыю і фінішаваў восьмым. Яго абсалютна здаровы напарнік Даніэль Рыкарда пачынаў гонку дзявятым, а скончыў дванаццатым.

Нядрэнна выступілі і пілоты Alpine. Эстэбан Акон прарваўся з дванаццатай пазіцыі на сёмую, а Фернанда Алонса – з дваццатай на дзявятую. Праз пралік у кваліфікацыі іспанец не выйшаў нават з першага сегменту, а потым яшчэ быў пакараны за замену матора. Затое падарыў сваім суайчыннікам на трыбунах шоў.

Вось у Міка Шумахера гэта не атрымалася. Ён дзякуючы няўдачы Норыса ў фінал кваліфікацыі прайшоў і стартаваў дзясятым, спачатку нават адыграў некалькі пазіцый, але потым паступова адкаціўся на чатырнаццатае месца, і ачкоў для Haas так і не зарабіў.

Што ж да лідараў, то яны памяняліся ў абодвух заліках. Сярод пілотаў у лідары дзякуючы сваёй перамозе выйшаў Ферстапен, у якога цяпер 110 ачкоў, на шэсць болей, чым у Леклера, які апусціўся на другую пазіцыю. Перэс, у якога 85 ачкоў, так і застаўся трэцім. Red Bull са 195 баламі цяпер узначальвае Кубак канструктараў, прычым адразу моцна адарваўся ад Ferrari, якая таксама апусцілася на другі радок і мае 169 ачкоў. Нават Mercedes, які па ранейшаму трэці, не так ужо і далёка – у яго 120 балаў.

Зрэшты, усё можа кардынальна памяняцца ў любы момант, асабліва ў Манака, дзе ўжо ў бліжэйшыя выхадныя пройдзе наступны этап чэмпіянату свету. Так, абганяць на вулачках Княства практычна няма дзе, але там і ў кваліфікацыі рознае можа здарыцца, а калі пойдзе дождж, то і гонка пераўтворыцца ў фантасмагорыю.

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные