Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!
Блог

А можа Баньяя? Разбіраемся, ці можа ўключыцца Пэка ў чэмпіёнскую гонку ў MotoGP пасля перамогі на хатнім Гран Пры Італіі

Фота: motogp.com

Сезон чэмпіянату MotoGP 2022 года пачаўся для завадскога гоншчыка Ducati складана, складана і працягваецца. Але пакрысе Франчэска вяртаецца да сваёй лепшай формы, сведчаннем чаму ёсць яго перамога на італьянскім этапе ў Муджэла.

Для Украіны складанай стала гэтая вясна. Вораг напаў на яе яшчэ ў канцы зімы, і не думае адступаць і на парогу лета. Ён працягвае сваё наступленне і спрабуе захапіць новыя тэрыторыі, ужо адкрыта прызнаючы, што збіраецца далучыць іх да сваёй імперыі. А на захопленых украінскіх землях працягвае свае злачынствы.

Украіна ж не збіраецца здавацца, не зважаючы нават на баязлівасць лідараў некаторых з першых дзяржаў свету, якія то ўхіляюцца ад сутыкнення з ворагам Украіны, пераконваючы сябе ў тым, што яго апетыт толькі Украінай і абмяжоўваецца, а далей ён не пойдзе, то не хочуць дапамагаць Украіне цяжкай зброяй. Гэта не толькі ганьба, але і патэнцыйна вельмі цяжкая памылка, цана якой будзе невымернай.

Усе сусветныя лідары, у каго яшчэ засталася сумленне і адказнасць за будучыню сваіх краін, мусяць усвядоміць, што ўкраінцы зараз ратуюць іх. Дапамагаючы ім, яны дапамагаюць і самі сабе, таму што агрэсар спыняцца на Украіне не збіраецца. Яе перамога дапаможа выкінуць ворага і з беларускай зямлі, чые сыны і дочкі зараз змагаюцца разам з украінцамі і за іх свабоду, і за сваю. Вораг у нас адзіны, і знішчаць яго нам належыць разам. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Вядома, ні пра якія гоначкі пры рускім свеце размовы быць не можа. Атрымліваецца, што ўкраінцы абараняюць і іх: Формулу 1, MotoGP, мотакрос, ралі, гонкі на цягавітасць і іншыя. І за спаборніцтвы кшталту Гран Пры Італіі чэмпіянату MotoGP свет Украіне таксама вінаваты. Тым больш што этап у Муджэла атрымаўся цікавым.

Толькі цікавым найперш з турнірнага гледжання. Калі шчыра, то перамога Франчэска Баньяі ў гонцы нікога не здзівіла – яна ў італьянца ўжо не першая. А вось тое, што ён наблізіўся да першай тройкі чэмпіянату, якраз важна. І дакладна важней за кваліфікацыйную сенсацыю, аўтарамі якой сталі тры іншых італьянцы.

Фабіа дзі Джанантоніа з Gresini Racing MotoGP выйграў поўл, а напарнікі па Mooney VR46 Racing Team Марка Безэкі і Лука Марыні размясціліся на другой і трэцяй стартавых пазіцыях адпаведна. Пры гэтым Баньяя кваліфікаваўся толькі пятым, а дзейсны чэмпіён і лідар чэмпіянату Фабіа Куартарара з Monster Energy Yamaha MotoGP – пятым.

Толькі я ўжо стаміўся паўтараць, што кваліфікацыя ў мотагонках рэдка бывае вырашальнай. Вось і ў гонцы ў Муджэла дзі Джанантоніа на старце лідарства яшчэ захаваў, але ўжо на першым кругу пачаў губляць адну пазіцыю за адной. Фінішаваў Фабіа толькі адзінаццатым, непасродна за шасціразовым чэмпіёнам з каманды Repsol Honda Team Маркам Маркесам.

Вось каму не шанцуе ўжо трэці год па-буйному. Сезон-2020 ён практычна ўвесь прапусціў праз траўму на яго старце. У мінулым годзе і нават у гэтым здавалася, што іспанец блізкі да сваёй пераможнай формы, але яго траўміраваная рука па-ранейшаму не дае яму ганяцца ў поўную моц, і яе было вырашана аперыраваць хутка пасля італьянскага Гран Пры. Зразумела, як мінімум значную частку і бягучага сезона Марк таксама прапусціць. Застаецца толькі спадзявацца, што гэта дасць плён і верне яму яго чэмпіёнскую сілу.

Хочацца верыць, што яна ёсць і ў Баньяі, для якога яго хатняя гонка пачалася, дарэчы, не лепшым чынам. Франчэска на старце адкаціўся на дзявятую пазіцыю, але хутка пачаў адыгрывацца, і ўжо на чацвёртым кругу вярнуўся на пятую, абагнаўшы гоншчыка Aprilia Racing Алеша Эспаргара, які стартаваў сёмым. І ўжо на мяжы чацвёртага і пятага кругоў на галоўнай прамой Пэка пакінуў ззаду дзі Джанантоніа, а ў першым павароце – і Куартарара, які пачаў прарывацца на перад з першага круга, а з ім і Марыні.

Дагнаць, а на дзявятым кругу абагнаць Безэкі ўжо было справай тэхнікі. Важней было потым не памыліцца і не ўпасці, як гэта здарылася з Франчэска ў тым жа Муджэла ў мінулым годзе і на папярэднім этапе ў Ле Мане. Гэта ў Баньяі таксама атрымалася, і ён атрымаў важную што для яго асабіста, што патэнцыйна і для чэмпіянату перамогу.

Куартарара на адзінаццатым кругу ў дзясятым павароце Scarperia таксама абагнаў Безэкі і фінішаваў другім. Марка ж пазней прапусціў яшчэ і Эспаргара, а таксама гоншчыка Prima Pramac Racing Жоана Зарко, заняўшы пятае месца. Марыні скончыў гонку шостым, але абодва ўсё роўна выступілі годна, прынёсшы сваёй камандзе багата балаў.

Сярод гоншчыкаў балаў тых па-ранейшаму больш за ўсіх – 122 – у Куартарара. Ён да васьмі ачкоў павялічыў адрыў ад Алеша Эспаргара, які застаўся другім, і да дваццаці васьмі ад напарніка дзі Джанантоніа Энеа Басціаніні. Пераможца этапаў у Катары, ЗША і Францыі ў Італіі ўпаў і да фінішу не дабраўся, але трэцюю пазіцыю ў чэмпіянаце захаваў. Баньяя ж дабраўся да чацвёртай пазіцыі, і мае 81 ачко і шанцы пазмагацца за чэмпіёнства. Наперадзе яшчэ больш чым палова сезона, і італьянцу цяпер трэба хаця б проста стабільна набіраць балы.

У камандным заліку са 151 ачком працягвае лідзіраваць Aprilia Racing. А на другую пазіцыю паднялася Ducati Lenovo Team, у якой 144 ачкі, на тры болей, чым у Monster Energy Yamaha MotoGP, якая цяпер трэцяя.

Працягу чэмпіянату MotoGP чакаць зусім нядоўга – дзявяты этап, Гран Пры Каталоніі, пройдзе ў Барселоне ўжо ў бліжэйшы ўік-энд.

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные