Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!
Блог

Як Такаакі Накагамі сапсаваў Гран Пры Каталоніі і, магчыма, увесь сезон MotoGP, падараваўшы перамогу Фабіа Куартарара

Фота: motogp.com

Старт учарашняй гонкі MotoGP у Барселоне рызыкуе стаць ключавым момантам у бягучым чэмпіянаце. Ужо на самым старце Франчэска Баньяю вывела з ладу аварыя, у якой ён не быў вінаватым. А вось Алеш Эспаргара без подыуму застаўся цалкам праз сваю памылку.

Ключавым момантам сучаснай сусветнай гісторыі стала 24 лютага 2022 года, з якога прайшло больш за сто дзён. Увесь гэты час Украіна пакутуе ад агрэсіі з боку расійскага фашызму, што народжаная комплексамі і страхамі расійскага дыктатара, якія ў сваю чаргу народжаныя элементарным невуцтвам.

На вялікі жаль, невуцтва дыктатара і яго войска не перашкаджае ім страляць па ўкраінцам, забіваць, гвалціць і рабаваць іх. Перашкаджаюць гэтаму толькі самі ўкраінцы, якія зараз абараняюць не толькі сваю зямлю, а ўвесь заходні свет. Надзеі ўсяго чалавецтва на сваю будучыню зараз звязаныя толькі з поспехамі Узброеных сіл Украіны, яе Тэрытарыяльнай абароны і простых грамадзян, што дапамагаюць адзін аднаму.

Дапамагаць ім – адзінае слушнае, што свет можа сёння рабіць. Калі ён пойдзе за прайдзісветамі, якія прадаліся агрэсару за танныя нафту і газ, як гэта зрабілі кіраўнікі Вугоршчыны, рускі свет прыйдзе ў іх краіны, як прыйшоў у тую ж Вугоршчыну ў 1956 годзе або ў Чэхаславакію ў 1968-м. Толькі вугорцы, відаць, забыліся, праз што прайшлі іх продкі, а вось чэхі дагэтуль добра памятаюць пра сваю трагедыю, і ўкраінцам актыўна дапамагаюць.

Атрымліваецца, што дапамагаюць яны і нам, бо перамога над расійскім тыранам будзе днём выраку і тутэйшаму калгаснаму. Каб наблізіць гэты дзень, сёння лепшыя прадстаўнікі нашага народу самі дапамагаюць украінскаму. Мы не ворагі нашым суседзям, а іх сябры, і мы будзем сябраваць і надалей. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

У Іспаніі ж (якая таксама моцна дапамагае Украіне) ўчора магла б быць уратаваная інтрыга ў сезоне MotoGP. Гоншчык Aprilia Racing Алеш Эспаргара на першай стартавай пазіцыі і пераможца папярэдняга Гран Пры Італіі Франчэска Баньяя з Ducati Lenovo Team на другое давалі на тое надзею. Хаця і дзейсны чэмпіён і лідар чэмпіянату Фабіа Куартарара з Monster Energy Yamaha MotoGP быў недалёка і замыкаў першы шэраг, што ў выніку і вырашыла зыход заезду.

Дакладней, вырашыла яго, канечне, памылка гоншчыка LCR Honda Такаакі Накагамі на тармажэнні перад першым паваротам, у які Куартарара ўжо ўваходзіў лідарам – Эспаргара ён апярэдзіў адразу. Ну а ў іх абодвух за спінамі, памыліўшыся і паваліўшыся, японец вынес з гонкі і Баньяю, і гоншчыка Team Suzuki Ecstar. Прычым падзенне Такаакі было жахлівым – галавою ён крануўся задняга кола матацыкла Баньяі. Але, як ні дзіўна, сам траўм пазбег, у адрозненні ад Рынса, які праз пералом запясця выбыў з барацьбы на нейкі тэрмін.

У прынцыпе, на гэтым апісанне ўчарашняй гонкі можна было б і завяршыць. Ніхто не знайшоў, што супрацьпаставіць хуткасці Куартарара, і Эль Д’ябла паклаў у сваю скарбонку чарговыя 25 ачкоў за перамогу. Толькі не абышлося без драмы не толькі на першым кругу, але і на апошнім. Угнацца за французам было для Эспаргара немагчыма, дый абодва гоншчыкі Prima Pramac Racing былі надта ўжо хуткія. Асабіста суайчыннік Алеша Хорхе Марцін, з якім ён і абменьваўся доўгі час другой пазіцыяй.

Другім Эспаргара пачаў і той самы апошні круг. Але, заблытаўшыся ў паказаннях на інфармацыйным табло (на ім на трасе Каталунья Монтмэла на апошнім кругу пачынае свяціцца нуль), падумаў, што гонка ўжо скончылася. І запаволіўся раней, чым было трэба, прапусціўшы наперад не толькі Марціна, але і яго напарніка Жоана Зарко, які ў выніку фінішаваў трэцім, і свайго суайчынніка з Сузукі і чэмпіёна 2020 года Хоана Міра, задаволіўшыся толькі пятым месцам.

Зразумела, пасля сапраўднага фінішу глядзець на Алеша было балюча ўсім. Таму што нават яго трэцяе месца не дазволіла б так моцна адарвацца ад яго ў чэмпіянаце Куартарара, у якога цяпер 147 ачкоў, на дваццаць два болей, чым у самога Эспаргара, які хаця б другую пазіцыю захаваў.

Як і гоншчык Gresini Racing MotoGP Энеа Басціаніні сваю трэцюю, нягледзячы на тое, што ў Барселоне, як і яго напарнік Фабіа дзі Джанантоніа, скончыў гонку заўчасна праз падзенне, застаўшыся з тымі жа 94 баламі, што і раней. Затое Зарко, які падняўся на чацвёрты радок, адстае ад італьянца ўсяго на тры.

Aprilia Racing працягвае гераічна ўтрымліваць лідарства ў камандным заліку, дзе мае 171 ачко. Толькі Monster Energy Yamaha MotoGP, падняўшыся на другую пазіцыю, падабралася ўшчыльную, і саступае ўсяго два балы. Ducati Lenovo Team цяпер трэцяя, у яе 146 ачкоў.

Наступным этапам MotoGP стане Гран Пры Германіі, які пройдзе 17-19 чэрвеня на трасе Заксэнрынг.

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные