Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!
Блог

Ньюгардэн перамог, а Эрыксан вярнуў сабе лідарства ў IndyCar па выніках Гран Пры Сонсіа. Нажаль, без асаблівай барацьбы

Фота: indycar.com

Давайце па-чэснаму: у IndyCar далёка не кожны раз ідзе адчайная барацьба за перамогу на трасе, часта ўсё вырашае стратэгія піт-стопаў. Вось і на трасе Роўд-Амерыка ў мінулую нядзелю было так, што, аднак, не абясцэньвае трэцюю ў сезоне перамогу пілота каманды Penske Джозэфа Ньюгардэна.

Амаль чатыры месяцы таму расійскі дыктатар абясцэніў усю рускую культуру, якая пачала атаясамляцца толькі з агрэсіяй і імперскімі комплексамі. Як пасля Другой сусветнай вайны многія перасталі слухаць музыку Вагнэра і чытаць творы нямецкіх пісьменнікаў і паэтаў, так цяпер усё рускае рэзка страціла сваю папулярнасць. Адказнасць за злачынствы агрэсараў прыходзіцца несці нават тым, хто сам называе іх агрэсарамі, а іх злачынствы – злачынствамі.

Так атрымалася, што за саўдзел у злачынстве тутэйшага калгаснага дыктатара пад раздачу патрапілі і беларусы. Аднак мы не адмаўляемся ад сваёй часткі адказнасці за бяду, што прыйшла да ўкраінцаў. Нашы лепшыя землякі ўжо зараз уласнай крывёю плацяць за свабоду Украіны і дапамагаюць украінскім бежанцам. Іншыя паедуць адбудоўваць украінскія гарады пасля перамогі Украіны.

Нам з украінцамі лёсам наканавана сябраваць і квітнець разам, а не ваяваць. Наш агульны вораг не спыніцца і працягне гэтаму перашкаджаць, таму ён павінны быць знішчаны. Зычым поспеху ў гэтай справе нашым суседзям і сябрам. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Пакуль Расія агароджваецца ад усяго свету жалезнай заслонай, нармальныя краіны стараюцца быць максімальна адкрытымі. Таму мы бачым, напрыклад, амерыканскую гоначную серыю IndyCar, у якой удзельнічаюць далёка не толькі амерыканцы. Выйграць там можа кожны, чаму спрыяе тэхнічны рэгламент: машыны аднолькавыя, маторы фактычна таксама, хоць і пастаўляюцца дзвюма кампаніямі – Chevrolet і Honda.

Праўда, як было адзначана ў самым пачатку, гонкі там праходзяць па-рознаму. Вось на Роўд-Амерыцы асабіста я чакаў большага, а атрымалася, што Джозэф Ньюгардэн проста атрымаў падарунак ад канкурэнта з Andretti Autosport Александра Росі. Дакладней, не ад яго, а ад лёсу, бо той доўгі час упэўнена лідзіраваў, і толькі на другім піт-стопе праз іншую машыну, якую вымушаны быў прапускаць, пакідаючы сваіх механікаў, аддаў першую пазіцыю Ньюгардэну.

Зрэшты, Джозэф таксама быў хуткім і хутка адарваўся на камфортную адлегласць ад Росі. Якому пад канец гонкі не пашанцавала яшчэ раз. Гонка тады нейтралізоўвалася жоўтымі сцягамі двойчы, у другі раз на пяцідзясятым кругу, праз паўкруга пасля першых, калі на трасе закруціла чатырохразовага пераможца гонкі 500 міль Індыянапаліса з Meyer Shank Racing Эліа Кастранэвеса.

Гэтым і скарыстаўся пераможца Indy 500 гэтага года Маркус Эрыксан з каманды Chip Ganassi Racing, які ў пачатку гонкі меў паядынак са сваім партнёрам Алексам Палоў, у выніку якога іспанец вылецеў з трасы і зламаў падвеску свайго баліда. Ну а на пяцьдзесят другім кругу швед атакаваў і Росі, ужо чыста, але таксама паспяхова, адцясніўшы амерыканца на трэцюю пазіцыю, на якой той і фінішаваў.

Ньюгардэн перамог, што дапамагло яму падняцца на трэцюю пазіцыю ў чэмпіянаце, дзе ён мае 261 ачко і на пяць адстае ад свайго аўстралійскага партнёра па Penske і пераможца этапу ў Дэтройце Уіла Паўэра, які апусціўся на другую пазіцыю праз няўдачу на Роўд-Амерыцы – ён заняў толькі дзевятнаццатае месца. Ну а Эрыксан вярнуў сабе лідарства і мае цяпер 293 балы.

У шчыльным сезоне Indycar нарэшце настала трохтыднёвая паўза, ад якой, зрэшты, ужо засталося толькі два тыдні. Наступны этап пройдзе 1-3 ліпеня на трасе 2,258-мільнай (3,6-кіламетровай) трасе Мід-Агаё.

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные