Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Падарунак самому сабе на Дзень Нараджэння. Мікел Ацкона выдатна правёў іспанскі этап WTCR

Падарунак самому сабе на Дзень Нараджэння. Мікел Ацкона выдатна правёў іспанскі этап WTCR

Перамог Мікел Ацкона толькі ў другой гонцы этапу на трасе Мотарлэнд Арагон, што ў іспанскім Альканісе, але і гэтага яму хапіла, каб замацаваць сваё лідарства ў Кубку свету па аўтагонках у класе Турынг. Супернікі яму не надта перашкаджалі, а часам нават дапамагалі.

Падарунак самому сабе на Дзень Нараджэння. Мікел Ацкона выдатна правёў іспанскі этап WTCR

Фота: fiawtcr.com

Перамог Мікел Ацкона толькі ў другой гонцы этапу на трасе Мотарлэнд Арагон, што ў іспанскім Альканісе, але і гэтага яму хапіла, каб замацаваць сваё лідарства ў Кубку свету па аўтагонках у класе Турынг. Супернікі яму не надта перашкаджалі, а часам нават дапамагалі.

Адзін чалавек у Расіі лічыў сябе вялікім геапалітыкам, і так перашкаджаў распаўсюджванню NATO на ўсход, што ў выніку дапамог Альянсу гэта зрабіць. Для таго, каб прадухіліць гэта, ён чатыры месяцы таму распачаў вайну супраць Украіны, і катуе яе ўвесь гэты час.

Сёння абстрэлы мірных украінскіх гарадоў працягнуліся, ад іх ізноў загінулі мірныя жыхары. Пачвара канчаткова з’ехала з глузду і мусіць быць спыненая. Заходнім дзяржавам варта перастаць разбірацца, наколькі дальнабойнай зброяй яны дапамагаюць Украіне. Яе проста неабходна ўратаваць, што ўратуе і ўвесь свет.

Адначасова гэта дасць імпульс для вызвалення Беларусі, якая сама апынулася ў вельмі цяжкім становішчы і пад акупацыяй. Свабодная і незалежная, яна стане гарантыяй бяспекі і для ўкраінцаў, з якімі беларусы застануцца сябрамі. Нашы суайчыннікі робяць шмат для іх абароны і набліжаюць нашу агульную перамогу. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Гонкі – справа мірная, зброя тут не патрэбная, толькі талент саміх гоншчыкаў. У Мікела Ацконы, які выступае за каманду BRC Hyundai N Squadra Corse, ён дакладна ёсць. І хай у кваліфікацыі ў суботу, калі іспанец і адсвяткаваў свой Дзень Нараджэння (яму споўнілася 26 гадоў), яму не надта пашанцавала, і ён паказаў толькі восьмы вынік, Мікел адыграўся ў нядзелю.

Збольшага гэта атрымалася і ў гоншчыка каманды Comtoyou Team Audi Sport Жыля Магнуса, які і заваяваў поўл у першай гонцы. Забягаючы наперад, бельгіец у ёй і перамог, чаму часткова паспрыяла памылка прадстаўніка сяброўскага калектыву Comtoyou DHL Team Audi Sport Натанаэля Бертона. Француз на старце адкаціўся з другой пазіцыі на чацвёртую, прапусціўшы наперад дзейснага чэмпіёна з каманды Cyan Racing Lynk & Co Яна Эрлашэ і ветэрана Роберта Хафа.

Пры гэтым брытанец, які выступае за калектыў Zengő Motorsport на SEAT Cupra Leon Competición TCR, стартаваў чацвёртым, але ў першых жа паваротах пакінуў ззаду і Эрлашэ, каб потым фінішаваць другім. Французу ж заставалася толькі адбівацца ад атак Бертона, адна з якіх на другім кругу прывяла да кантакту паміж Audi RS3 LMS Натанаэля і Lynk & Co 03 TCR Яна, у выніку чаго апошні адкаціўся на тры пазіцыі. Гэта дапамагло Бертону адыграць адну і фінішаваць трэцім, але пасля фінішу ён быў прызнаны вінаватым у інцыдэнце і атрымаў пяць штрафных секунд, што адкінула яго на чацвёртае месца.

Трэцім жа, такім чынам, стаў Ацкона, які самастойна адыграў у першай гонцы чатыры пазіцыі. А ў другім заездзе ў адпаведнасці з правіламі рэверсіўнай стартавай рашоткі для першай дзясяткі па выніках кваліфікацыі, іспанец стартаваў другім. Перамагчы ж яму ізноў дапамаглі супернікі, у тым ліку яго напарнік па камандзе Норберт Міхеліс.

Вугорац стартаваў другім, і ўжо на першым кругу распачаў бойку з уладальнікам поўлу з каманды Cyan Performance Lynk & Co Ма Цынем Хуа. Іх спаборніцтва выйшла кантактным, што і прывяло да аварыі Міхеліса, які пасля дотыку ад кітайца урэзаўся ў абмежавальнік з шын. А потым у яго Hyundai Elantra N TCR урэзаўся нідэрландскі ветэран з каманды Comtoyou DHL Team Audi Sport Том Каранэль, у выніку чаго абодва сышлі з дыстанцыі.

Барацьба Ма і Міхеліса разварочвалася акурат перад Ацконай, і яго пад шумок апярэдзіў напарнік Хафа па камандзе і суайчыннік Міхеліса Даніэль Надзь. Атакаваць яго Мікелу прыйшлося ўжо пасля перыяду аўтамабіля бяспекі. Толькі спачатку на рэстарце сам Надзь абагнаў Ма Цыня Хуа і выйшаў у лідары. Хутка яго пакінуў ззаду і Ацкона, а Ма адразу патрапіў пад прэсінг з боку Хафа.

Другім і чацвёртым іспанец і брытанец былі нядоўга – Мікел аператыўна справіўся з Надзем, а Роберт з Ма. Прычым Хафа яго напарнік не стрымліваў, прапусціўшы яго на другую пазіцыю. Ма адначасова абмяняўся пазіцыямі са сваім партнёрам па камандзе Санцьяга Уруціяй, які пазней абагнаў Надзя і заняў трэцяе месца.

Хоць у другой гонцы ачкоў разыгрываецца меней, чым у першай, перамога ў ёй зрабіла Ацкону лідарам серыі – у яго 129 ачкоў. Магнус, у якога 95 балаў, падняўся на другую пазіцыю, але за ім сабралася вельмі шчыльная група. Уруція фармальна займае трэцюю пазіцыю, але разам з Хафам адстае ад Жыля на два ачкі, а Эрлашэ, які замыкае першую пяцёрку, на тры.

Камандны залік узначаліла BRC Hyundai N Squadra Corse у якой 185 ачкоў. Cyan Racing Lynk & Co са 155 баламі паднялася на другую пазіцыю, на пяць балаў, замыкаючы першую тройку, ад яе адстае All-Inkl.com Munnich Motorsport, чые пілоты ні ў адной з гонак не патрапілі нават у першую дзясятку.

Сезон серыі WTCR працягнецца ўжо ў гэтыя выхадныя на гарадской трасе ў партугальскім Віла Рэале. Дарэчы, на гэтым этапе ў сусветны Турынг вернецца так званая джокер-пятля – дадатковы ўчастак па-за трасай, па якому кожны ўдзельнік гонкі, па аналогіі з ралі-кросам, мусіць будзе праехацца адзін раз падчас заезду.

Другие посты блога

Все посты