Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Вымучаная перамога Сайнса, жахлівая аварыя Чжоў і адраджэнне Мерсэдэса. Гран Вялікабрытаніі парадаваў гледачоў

Вымучаная перамога Сайнса, жахлівая аварыя Чжоў і адраджэнне Мерсэдэса. Гран Вялікабрытаніі парадаваў гледачоў

Відаць, чым класічней траса, на якой праходзіць этап Формулы 1, тым яго гонка цікавейшая. Вось і Сільверстоўн зноў падарыў аматарам чэмпіянату свету сапраўдны спартыўны трылер з выдатным сюжэтным твістам.

Вымучаная перамога Сайнса, жахлівая аварыя Чжоў і адраджэнне Мерсэдэса. Гран Вялікабрытаніі парадаваў гледачоў

Фота: formula1.com

Відаць, чым класічней траса, на якой праходзіць этап Формулы 1, тым яго гонка цікавейшая. Вось і Сільверстоўн зноў падарыў аматарам чэмпіянату свету сапраўдны спартыўны трылер з выдатным сюжэтным твістам.

Пяты месяц у свеце не існуе нічога больш важнага, чым пакуты, якія Украіне прынесла вайна, развязаная закамплексаваным расійскім дыктатарам. Яго прага прымусіць свет жыць па законах дзевятнаццатага стагоддзя, узмоцненая неадукаванасцю і непавагай да тых, хто выбірае свабоду, канчаткова пазбавіла яго розуму і пераканала яго ва ўласнай непераможнасці.

Але яго армія-агрэсар натыкнулася на тых, хто любіць сваю краіну па-сапраўднаму, і таму гатовы абараняць яе да апошняга патрона. Мужнасць і гераізм украінскіх ваяроў уразілі ўвесь свет, які ўжо зразумеў, што ўкраінцы яго і абараняюць, а таксама ад чаго яны яго абараняюць. Таму, на шчасце, усё меней ідзе размоў пра тое, якую зброю ім даваць варта, а якую не.

Перамога і вызваленне Украіны патрэбныя ўсяму свету, у тым ліку Беларусі, якая атрымае шанец пазбавіцца ад дыктатуры, што пануе ў ёй амаль тры дзесяцігоддзі. Нашы суайчыннікі зараз дапамагаюць украінцам вызваліць сваю зямлю, і ім таксама патрэбна дапамога.

«Гоначная псіхапатыя» будзе ўдзельнічаць у яе аказанні, наколькі гэта магчыма, найперш распаўсюджваючы карысную інфармацыю. Нам з украінцамі няма куды адступаць, і вораг у нас адзіны. Фашысцкай пачвары трэба адсекчы галаву. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Свет у значнай ступені сам вінаваты ў становішчы, якое склалася цяпер. Шкада толькі, што за памылкі яго расплачваецца Украіна. Санкцыі, якія супраць агрэсара прымаюцца зараз, трэба было прымаць яшчэ ў 2014 годзе. І ўзбройваць належным чынам украінскую армію трэба было яшчэ тады. Замест гэтага ж свет гандляваў з дыктарарам, вазіў да яго Алімпійскія гульні і Формулу 1.

Былы ўладар апошняй Бэрні Эклстоўн нават і не хаваў ніколі свайго захаплення стылем кіравання невука з піцерскай падваротні. Зразумела, і ад грошай, які той яму плаціў за гонку ў Сочы, адмовіцца было немагчыма. І нават непрыкрытая агрэсіўная вайна не пераканала сталага і быццам бы разумнага брытанца ў адваротным. На мінулым тыдні ён публічна падтрымаў расійскага фараона і абараніў яго пазіцыю.

У самой Формуле 1, зрэшты, адразу адхрысціліся ад слоў Эклстоўна, назваўшы іх яго ўласным меркаваннем. Цяперашняе кіраўніцтва чэмпіянату свету прытрымліваецца іншых прынцыпаў і выступае на баку ахвяры, а не агрэсара. Узялі слова і некаторыя гоншчыкі, напрыклад, сяміразовы чэмпіён Льюіс Хэмілтан, які заявіў, што погляды Эклстоўна адсылаюць на дзесяцігоддзі назад.

На шчасце, не толькі Формулай 1, але і Вялікабрытаніяй кіруюць сумленныя людзі, гатовыя падтрымліваць Украіну да яе перамогі. Таму гэта краіна вартая таго, каб прымаць у сябе чэмпіянат свету, а Льюіс Хэмілтан варты ўсіх сваіх тытулаў, якіх у яго можа стаць і болей за сем. Новы ён заваюе, хутчэй за ўсё не ў гэтым годзе, але перамагчы пілот Mercedes папросту мог і на хатнім Гран Пры.

Учарашняя гонка на Сільверстоўне, як і гадавой даўніны, таксама запомніцца ўсім аварыяй. Толькі гэтым разам абышлося без скандалаў і махання кулакамі пасля бойкі. І, на шчасце, без ахвяр, за што усе падзякавалі абароннай дузе над галавой Гуаньюя Чжоў.

Ужо каторы раз арэол, які спачатку ўсе лаялі (маўляў, псуе эстэтыку балідаў), ратуе жыццё. Гэта ён у 2020-м на Гран Пры Бахрэйна не даў загінуць Рамэну Гражану, ён жа ўратаваў і кітайскага гоншчыка Alfa Romeo, калі яго балід на самым старце гонкі перакуліўся пасля кантакту з машынай напарніка Хэмілтана Джорджа Расэла, праслізгаў пару соцень метраў і апынуўся паміж бар’ерам з шын і абароннай сеткай.

Інцыдэнт быў чыста гоначны і пачаўся, насамрэч, яшчэ з кантакту паміж балідамі Расэла і пілота AlphaTauri П’ера Гаслі, які сам апынуўся паміж брытанцам і кітайцам, таму яму не было куды дзецца. Іх сутыкненнем справа не абмежавалася – ззаду Себасцьян Фетэль наляцеў на Алекса Албана, чый балід стукнуўся аб сцяну справа, адскочыў назад і зачапіў машыну Эстэбана Акона. А потым у машыну Williams урэзаўся яшчэ і напарнік Гаслі Юкі Цунода.

Гонка адразу была спыненая чырвонымі сцягамі, таму ў экалагічных актывістаў з  руху Just Stop Oil, якія напярэдадні гразіліся яе сарваць і такі прарваліся на трасу на першым кругу, атрымалася толькі пасядзець на асфальце і патрапіць у паліцэйскі пастарунак. Ад выкапнёвага паліва свет не адмовіўся, а гонка працягнулася праз гадзіну.

Галоўным было, што ніхто з удзельнікаў інцыдэнту траўм не атрымаў. Гуаньюя эвакуіравалі даволі доўга, хоць звязана гэта было, відаць, з тым, што машына яго апынулася ў нязручным месцы. Сышоў з дыстанцыі пры гэтым толькі ён і Албан, прычым Алекса нават перавезлі верталётам у шпіталь у Кавентры, адкуль увечары гоншчыка адпусцілі, таму ў Аўстрыі на гэтым тыдні мы пабачым іх абодвух.

Ну і Расэла суддзі да паўторнага старту суддзі чамусьці не дапусцілі да паўторнага старту, перарваўшы яго серыю фінішаў, хоць праблемай на яго балідзе была толькі прабітая шына. Аўтамабілі ж усіх астатніх удзельнікаў стартавага інцыдэнту атрымалі ў ім дробныя пашкоджанні, і за паўзу былі адрамантаваныя.

На стартавай рашотцы пры гэтым яны размясціліся ў адпаведнасці з вынікамі кваліфікацыі з папраўкай на сходы – поўны першы круг у баявым рэжыме праведзены не быў. І гэта было добрай навіной для пілота Ferrari Карласа Сайнса, які напярэдадні заваяваў першы ў сваёй кар’еры поўл, ды яшчэ і на мокрай трасе, але на першым старце гонкі аддаў лідарства Максу Ферстапену.

Іспанец улічыў сваю памылку, і ў другі раз адбіваў атаку з боку дзейснага чэмпіёна з Red Bull ужо болей жорстка і ўдала. Дый яго напарнік Шарль Лелкер на гэты раз не прапусціў, як у першы, Хэмілтана, а сам атакаваў Ферстапена, зламаўшы толькі кантавую пласціну пярэдняга антыкрыла свайго баліда і аналагічным чынам пашкодзіўшы тую ж дэталь на машыне напарніка Макса Серхіа Перэса. Мексіканцу на шостым кругу прыйшлося накіравацца ў боксы для рамонту і прарывацца з апошняй пазіцыі, але з гэтым ён справіўся выдатна.

Выдатна спраўляўся і Сайнс, пакуль на дзясятым кругу не памыліўся, выехаўшы за межы трасы, і не прапусціў наперад Ферстапена. Далёка Макса іспанец, праўда, не адпусціў, а той хутка яшчэ і пашкодзіў аб абломкі на трасе днішча свайго баліда, праз што той страціў значную частку прыціскной сілы, так важнай на Сільверстоўне, і, адпаведна, хуткасць.

Зрэшты, і ў Леклера, які рухаўся следам, былі падобныя праблемы праз пашкоджанае пярэдняе антыкрыло, і сапраўднай барацьбы паміж манэгаскам і нідэрландцам не было. А вось у Хэмілтана ўсё працавала належным чынам! Баліды каманды Mercedes у мінулы ўік-энд нават ад вертыкальных ваганняў не пакутавалі, чаму дапамагаў роўны асфальт Сільверстоўна, а хуткасны характар трасы дужа пасаваў машынам з Браклі.

Таму Льюіс, стартаваўшы пятым, у гоначным рэжыме рухаўся ў тэмпе лідараў, тым больш што Ферстапен праз праблемы са сваёй машынай з іх кола выбыў і пасля свайго піт-стопа біўся за пазіцыі ў канцы першай дзясяткі. Ну а Хэмілтан увогуле ўпершыню ў сезоне захапіў лідарства пасля таго, як боксы наведалі абодва гоншчыкі Ferrari.

Пры гэтым, нават вярнуўшыся на трасу, Шарль і Карлас Льюіса не сказаць, каб даганялі. Яны болей разбіраліся паміж сабой, хто з іх хутчэйшы і каму належыць быць наперадзе. Леклер спачатку быў ззаду, выглядала, што Сайнс яго стрымлівае. Іспанца пачалі падганяць з боксаў, а потым дазволілі гоншчыкам бароцца, і на трыццаць першым кругу Шарль нарэшце апярэдзіў Карласа.

Але ізноў жа, нельга было сказаць, што Хэмілтана Леклер даганяў. Хутчэй, яны ішлі ў адным тэмпе, і калі б не замінка на піт-стопе Льюіса, на трасу на трыццаць пятым кругу ён, верагодна, лідарам бы і вярнуўся. Або хаця б быў бліжэй да Леклера і Сайнса і меў бы магчымасць іх атакаваць на свежых шынах.

Зрэшты, на трыццаць дзявятым кругу гонка ўсё роўна была нейтралізаваная аўтамабілем бяспекі, бо на трасе праз праблемы з паліўнай помпай спынілася машына Эстэбана Акона. Зараз усе кажуць пра тое, што ў Ferrari памыліліся, адразу не пераабуўшы ў свежыя шыны Леклера, які на той момант быў лідарам. Затое Сайнс з Хэмілтанам новую гуму атрымалі, прычым камплекты Soft.

Таму на рэстарце на сорак другім кругу абодва былі хутчэйшыя за Шарля, і Карлас адразу абагнаў яго першым. А вось у Хэмілтана гэтага не атрымалася – ён сам патрапіў пад паспяховую атаку з боку Перэса, які да гэтага без асаблівых цяжкасцей прарваўся на чацвёртую пазіцыю. Бароўся ж Чэка ў выніку ўвогуле за другую, і бойка гэтая была на заглядзенне: пакуль ён насядаў на Леклера, іх абодвух абышоў Хэмілтан, якога яны на пару ізноў пакінулі ззаду.

Серхіа ж здолеў абагнаць Шарля, цалкам заслужыўшы другое месца, тады як манэгаск не ўтрымаўся і на трэцяй пазіцыі, аддаўшы яе, таксама пасля прыгожага паядынку, Хэмілтану. Зрэшты, Льюіс таксама заслужыў подыум, правёўшы выдатную гонку.

Леклер, фінішаваўшы чацвёртым, чакана быў незадаволены, але ён сам папрасіў звярнуць увагу на поспех свайго напарніка – першую ў яго кар’еры перамогу. Карлас сапраўды яе варты, і атрымаў яе вельмі своечасова, як для сябе, так і для каманды. Тым больш што поўл яму яе зусім не гарантаваў.

Парадавацца можна і за Фернанда Алонса, які фінішаваў пятым, прынёсшы Alpine ачкі, нягледзячы на сход Акона. Выдатна ў няпростых для McLaren абставінах (праз праблемы з размеркаваннем абмежаванага бюджэту каманда адмовілася ад буйных абнаўленняў да канца сезона) выступае Ланда Норыс – на хатнім Гран Пры ён заняў шостае месца.

Дый сёмае Ферстапена не выглядае паразай, хаця да апошняга круга яму не даваў спакою Мік Шумахер, які нарэшце адкрыў свой ачковы рахунак, фінішаваўшы восьмым. Нават яго напарнік па Haas Кэвін Магнусэн застаўся гэтым разам ззаду – датчанін замкнуў першую дзясятку. Аднак ачкі ўпершыню набралі абодва пілоты амерыканскага калектыву. Паміж імі ўклініўся Фетэль, якога ўжо можна называць сапраўдным лідарам Aston Martin.

Становішча ў групе лідараў чэмпіянату падзейны Гран Пры Вялікабрытаніі змяніў не надта. Хіба што Сайнс падняўся на чацвёртую пазіцыю і, маючы 127 ачкоў, адзінаццаць саступае Леклеру, які застаецца трэцім. Яго ў сваю чаргу на дзевяць балаў апярэджвае Перэс, які захоўвае другую пазіцыю, а Ферстапен са 181 ачком працягвае лідзіраваць. Red Bull з 328 ачкамі па-ранейшаму ўзначальвае Кубак канструктараў. Ferrari займае другую пазіцыю, маючы 265 балаў, Mercedes, у якога 204 ачкі, трэці.

Як было адзначана вышэй, сезон Формулы 1 працягнецца ўжо ў бліжэйшы ўік-энд на трасе ў Шпільбергу. Прычым Гран Пры Аўстрыі будзе другім у гэтым годзе з кваліфікацыяй у пятніцу і спрынтам у суботу, таму змен у чэмпіянаце па яго выніках можа быць значна болей.

Другие посты блога

Все посты