Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!
Блог

Рэванш напалову. Шарль Леклер і Ferrari перамаглі на Гран Пры Аўстрыі, але не так, як хацелі

Фота: formula1.com

Скудэрыя працягвае выкарасквацца з ямы, у якую пакацілася са сваімі праблемамі з надзейнасцю, але робіць гэта з пераменным поспехам. Вось і ў Шпільбергу ўдача ўсміхнулася толькі Леклеру, тады як Карлас Сайнс ледзьве не згарэў на працы. У прамым сэнсе.

На шчасце, на сваёй бруднай і злачыннай працы на акупіраваных тэрыторыях Украіны гараць расійска-фашысцкія захопнікі. Узброеныя сілы Украіны паспяхова асвойваюць сучасныя віды ўзбраенняў і не даюць ворагу спакою. Кожны феерверк, кшталту таго, што мінулай ноччу адбыўся ў Новай Кахоўцы, набліжае перамогу нашых суседзяў і вызваленне іх зямлі.

Канечне, перамога гэта не будзе атрыманая ўжо заўтра. Аднак увесь цывілізаваны свет ужо зразумеў, што яму яна патрэбная ніяк не меней, чым украінцам. Таму што рускі свет адкрыта абвяшчае, што хоча пераўтварыць у сябе цывілізаваны. Жыць у ім не хочуць нават прадажныя еўрапейскія палітыкі, якія ўсе мінулыя гады куплялі ў расійскага дыктатара газ і нафту, а пра «зялёную» энергетыку толькі ўпустую балбаталі.

Пасля перамогі Украіны цывілізаванай і свабоднай непазбежна стане і Беларусь, дыктатура ў якой існуе пастолькі, паколькі існуе расійская. Зараз лепшыя з беларусаў праліваюць сваю кроў за вызваленне ўкраінскай зямлі, ствараючы падмурак і для вызвалення сваёй. Знішчэнне расійскай імперскай пачвары – неабходная для гэтага ўмова. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Калі перамога Украіны хай і патрабуе часу, але прадвызначаная, то пытанне аб пераможцы ў Формуле 1 у 2022 годзе пакуль што адкрытае. Дамінаванне Red Bull, якое пачалося яшчэ ў Імале і працягвалася да Манрэаля, у Сільверстоўне нарэшце перарвалася. Так, з грахом папалам – Карлас Сайнс перамог, але Шарль Леклер і на подыум не патрапіў, а стратэгі Ferrari ў чарговы раз атрымалі на арэхі ад заўзятараў і экспертаў.

Каманда з Маранэла атрымала шанец адыграцца на Гран Пры Аўстрыі – другім у сезоне этапе з суботнім спрынтам. Атрымалася гэта толькі часткова. Дзейсны чэмпіён Макс Ферстапен у пятніцу выйграў поўл, на старце спрынту адбіў атаку Леклера, а потым кантраляваў адрыў ад яго да самага фінішу. Чаму паспрыяў Сайнс, які пачаў з першых кругоў насядаць на напарніка, вымушаючы таго абараняцца, а не атакаваць суперніка наперадзе, і супакоіўся толькі пасля загаду з боксаў.

У выніку Ферстапен перамог, Леклер і Сайнс фінішавалі другім і трэцім адпаведна. Героем жа спрынту можна назваць напарніка Макса па Red Bull Серхіа Перэса, які ў фінал кваліфікацыі напярэдадні прабіўся, але з парушэннем меж трасы. Гэтая тэма ў мінулы ўік-энд усплыла ізноў, бо падобныя памылкі на трасе Рэд Бул Рынг дапусціць проста – павароты там і хуткія, і часам сляпыя.

Аднак суддзі былі бязлітасныя, і ў кваліфікацыі скасоўвалі вынікі гоншчыкаў пры нават самых нязначных выездах за белыя лініі. Працы ў іх было столькі, што да разгляду памылкі мексіканца рукі ў іх дайшлі толькі пасля ўласна кваліфікацыі. І Чэка пакарання не пазбег – ануляваны быў і яго лепшы час у другім сегменце, і ўсе без выключэння ў трэцім. Таму стартаваў Перэс толькі трынаццатым, але ў спрынце прабіўся на пятае месца.

Наперадзе акрамя прызёраў застаўся толькі пілот Mercedes Джордж Расэл. Містэр Сталасць вярнуўся! І гэта прытым, што і ён, і яго напарнік, сяміразовы чэмпіён свету Льюіс Хэмілтан, у фінал кваліфікацыі хоць і прайшлі, але абодва патрапілі там у аварыі і паразбівалі свае баліды. Абодва інцыдэнты прывялі да прыпынення кваліфікацыі чырвонымі сцягамі, што ўскладніла задачу астатнім удзельнікам. Пры гэтым Расэл, які памыліўся другім, у пратаколе застаўся чацвёртым, тады як Хэмілтан замкнуў першую дзясятку, падняўшыся на пазіцыю вышэй толькі пасля пакарання Перэса.

У спрынце Льюіс фінішаваў восьмым, але пасля працяглай барацьбы з сынам іншага сяміразовага чэмпіёна Формулы 1. Мік Шумахер тыднем раней на Гран Пры Вялікабрытаніі набраў свае першыя ачкі, і цяпер быў неверагодна матываваны. І хай у спрынце гэтага не атрымалася, нядзельную гонку ён правёў бездакорна, фінішаваўшы шостым і апярэдзіўшы свайго напарніка па Haas Кэвіна Магнусэна. Ну і прыз гледачовых сімпатый атрымаў – быў прызнаны Гоншчыкам дня.

Дзеля справядлівасці, у Магнусэна пад канец нядзельнай гонкі ўзніклі праблемы з рухавіком, але да фінішу на восьмай пазіцыі ён дацягнуў. А вось Сайнс, які мог фінішаваць як мінімум трэцім, а то і абагнаць Ферстапена і прынесці Ferrari пераможны дубль, на пяцьдзесят сёмым кругу сышоў з дыстанцыі праз адмову рухавіка.

Ну як адмову… Ён проста згарэў, прычым адкрытым полымем. Прымусіўшы пры гэтым пахвалявацца за Карласа, які спыніў свой абезрухомлены аўтамабіль на ўхіле, і пэўны час, пакуль той гарэў, утрымліваў яго тармазамі, каб ён не скочваўся. Пазней іспанец паскардзіўся, што маршалы з вогнетушыцелямі прыбылі на месца не надта аператыўна.

Дарэчы, да фінішу ў нядзелю не дабраўся і напарнік Ферстапена. Пабываўшы ў гравіі на першым кругу пасля кантакту з Расэлам, Перэс адкаціўся быў на апошнюю пазіцыю, а на дваццаць шостым кругу звярнуў і боксы і сышоў з дыстанцыі. Таму па набраных у Аўстрыі ачках у Ferrari і Red Bull атрымаўся прыблізна парытэт, улічваючы бонусны бал Ферстапена за лепшы круг.

Сход Сайнса прымусіў занепакоіцца і фанатаў Леклера. У гоначным рэжыме на доўгай дыстанцыі балід Ferrari F1-75 у Шпільбергу зношваў шыны павольней за Red Bull RB18, што і дало манэгаску перавагу. Яго бітва з Ферстапенам за перамогу пачалася на першых жа кругах. Спачатку Макс адбіваўся, але на дванаццатым кругу Шарль усё ж такі яго абагнаў.

Андэркат – болей ранні піт-стоп у выкананні Ферстапена, які ён здзейсніў на трынаццатым кругу, быццам бы спрацаваў. Леклер, вярнуўшыся на трасу пасля змены гумы на дваццаць шостым кругу, апынуўся за Максам. Аднак і на шынах Hard, як да гэтага і на Medium, Шарль ізноў быў хутчэй, і на трыццаць другім кругу паўтарыў свой абгон у спрэчцы за лідарства.

У Red Bull і на другім камплекце паўтарылі падрэзку – Ферстапен памяняў яго на новы, таксама жорсткага кампаўнду, на трыццаць шостым кругу, тады як Леклер затрымаўся на трасе да сорак дзявятага. Але гісторыя паўтарылася, і ўжо праз тры з паловай кругі Шарль узначаліў гонку ў трэці раз, абагнаўшы Макса.

Інтрыга, аднак, захавалася, а дзякуючы, калі такое слова тут пасуе, бядзе Сайнса пад канец гонкі нават ачуняла. Пасля сходу Карласа быў абвешчаны рэжым віртуальнага аўтамабіля бяспекі, і Леклер з Ферстапенам абодва наведалі боксы на пяцьдзесят восьмым кругу, атрымаўшы па свежым камплекце «медыума». І вось на ім Макс быў ужо хутчэйшы за Шарля і паступова адыгрываў адставанне.

Пры гэтым праблемы ўзніклі і на балідзе манэгаска! Не такія сур’ёзныя, як у Сайнса, але жыццё пілоту яны таксама ўскладнялі. Шарль паскардзіўся на заліпанне педалі акселератара, праз што стала складана паніжаць перадачы ў скрыні ўніз. Але, нягледзячы на гэта, Леклер давёў справу да трэцяй у кар’еры перамогі. Ферстапен фінішаваў другім, а трэцяе месца заняў Хэмілтан.

Чацвёртым пры гэтым адмашку клецістым сцягам атрымаў Расэл, пацвердзіўшы свой тытул Містэра Сталасць у чарговы раз. Mercedes яўна на ўздыме, і гэта добрая навіна для чэмпіянату. Хай да Red Bull і Ferrari па чыстай хуткасці дацягнуцца пакуль што атрымліваецца не кожны раз, аднак свае праблемы каманда паступова вырашае.

Што ж да Леклера, то яго перамога ў Шпільбергу і сход там Перэса дазволіла яму падняцца на другую пазіцыю ў чэмпіянаце, дзе ў яго цяпер 170 ачкоў супраць 151 у мексіканца. Ферстапен, праўда, лідзіруе па-ранейшаму з камфортным адрывам, маючы 208 балаў. Red Bull з 359 ачкамі лідзіруе ў Кубку канструктараў, дзе Ferrari, у якой 303 ачкі, застаецца другой, а Mercedes, які мае 237 балаў, трэцім.

Наступным этапам бягучага сезону Формулы 1 стане Гран Пры Францыі. Ён пройдзе на трасе Поль Рыкар у Ле Кастэле 22-24 ліпеня.

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные