Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!
Блог

Гэта не крызіс, гэта WTCR. Ацэньваем заняпад сусветнага Турынга не толькі на прыкладзе этапу ў Валелунзе

Фота: fiawtcr.com

У 2022 годзе Кубку свету па аўтагонках у класе Турынг зрабілася так дрэнна, як не было, здаецца, нават у каронавірусным 2020-м. І на этапе ў італьянскай Валелунзе, што прайшоў у мінулыя выхадныя, гэта было асабліва прыкметна.

24 лютага стала абсалютна прыкметнай і выразнай розніца паміж дабрынёй і злом. Хаця рускі фашызм і раней не надта хаваў сваю сутнасць, напаўшы на Украіну, ён канчаткова перастаў яе саромецца. І нават да прадажных еўрапейскіх палітыкаў дайшло, з кім яны гандлявалі ўсе мінулыя гады.

За іх двудушнасць цяпер расплачваецца Украіна, значная частка тэрыторыі якой зараз акупаваная і дзеці якой гінуць ад бясконцых абстрэлаў з боку агрэсара. Толькі мужнасць і гераізм яе абаронцаў стрымліваюць ворага, які разявіў пашчу зусім не толькі на іх зямлю. Што, на шчасце, разумеюць нямногія сумленныя палітыкі і ўрады ў Еўропе, якія дапамагаюць Украіне.

Толькі яе ваенная перамога і знішчэнне фашысцкага рэжыму ў Расіі прынясуць спакой на кантыненце. І толькі яны будуць гарантаваць вызваленне Беларусі, чые грамадзяне таксама дапамагаюць украінцам. Адзін дыктатар не зможа існаваць без іншага, што абодва выдатна разумеюць. За злачынствы яны таксама будуць адказваць абодва. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Вайна ва Украіне паўплывала на сусветныя гоначныя серыі, і праблемы сусветнага Турынга часткова звязаныя з ёй. Справа ў лагістычных складанасцях, звязаных з неабходнасцю дастаўкі маёмасці самога Кубка і яго каманд на тры азіяцкія этапы, што мусілі адбыцца ўвосень. Зараз яны фактычна адмененыя, і калі ім не знойдзецца замен, гонкі ў Валелунзе папросту могуць стаць перадапошнімі.

Аднак серыя WTCR сутыкнулася і з чыста тэхнічнымі праблемамі. Кампанія Goodyear да гэтага сезону падрыхтавала настолькі слабыя шыны, што па меркаваннях бяспекі прыйшлося адмяніць майскі этап на трасе Нордшляйфэ. А ў Італіі праблема паўтарылася, і хоць гэтым разам абышлося без адмены гонак, градус барацьбы ў іх усё роўна быў паніжаны.

Ад старту ў абодвух заездах якраз праз праблемы з шынамі ў поўным саставе адмовіліся каманды Cyan Racing Lynk & Co і Cyan Performance Lynk & Co. Хаця іх гоншчыкі маглі б стаць аднымі з галоўных герояў як мінімум другой гонкі, у якой першым стартаваў бы двухразовы і пакуль што дзейсны чэмпіён WTCR Ян Эрлашэ. Француз напярэдадні паказаў дзясяты вынік у кваліфікацыі, а першы на сваё імя запісаў Нэстар Жыраламі з All-Inkl.com Munnich Motorsport, які перамог і ў самай першай гонцы новага сезону ў По.

Што да армады бірузовых Lynk & Co, то яна накіравалася на піт-лэйн пасля прагрэўнага круга. Гэта можна было б назваць дэмаршам, калі б не далейшыя падзеі. З чыста спартыўных падзей першага заезду згадаць можна хіба што стартавы абгон у выкананні гоншчыка Comtoyou DHL Team Audi Sport Натанаэля Бертона, у выніку якога француз пакінуў ззаду канкурэнта з BRC Hyundai N Squadra Corse Норберта Міхеліса і падняўся на трэцюю пазіцыю. Жыраламі ж на старце адбіў атаку лідара сезона і напарніка Міхеліса Мікела Ацконы, а далей…

На сёмым кругу за межы трасы вылецелі дзве першыя ластаўкі – Меді Бенані, які выступае ў складзе Comtoyou Team Audi Sport, і гоншчык Liqui Moly Team Engstler Цьягу Мантэйру. На Audi RS3 LMS мараканца і Honda Civic TCR расслаіліся першыя дзве пакрышкі ў гэтай гонцы. А на дванаццатым кругу тая ж бяда напаткала і Бертона, у выніку чаго ён страціў сваю трэцюю пазіцыю. Гэта дазволіла падняцца на яе бельгійцу Натанаэлю Бертону, партнёру Бенані па камандзе, які на старце таксама абагнаў Міхеліса.

Шыны, што расслаіліся, сваімі шматкамі пашкодзілі кузавы аўтамабіляў, і траса была засыпаная абломкамі, а таксама нанесеным на асфальт гравіем, праз што заезд з трынаццатага круга быў нейтралізаваны аўтамабілем бяспекі. Пасля рэстарту можна было б чакаць аднаўлення барацьбы за перамогу, бо заставалася яшчэ два кругі, але не гэтым разам. Ацконе, які так і ехаў другім, параілі не атакаваць Жыраламі якраз з прычыны праблем з шынамі.

Таму Нэстар атрымаў перамогу, Мікел задаволіўся другім месцам, трэцяе заняў Магнус. Жылю як нікому іншаму быў на карысць неўдзел прадстаўнікоў Cyan у другой гонцы, бо Эрлашэ і Санцьяга Уруція стартавалі б з першых дзвюх пазіцый, а ён з трэцяй. А так менавіта бельгіец апынуўся першым, побач якраз з Бенані. Меді, праўда, адразу пачаў саступаць пазіцыі пераследнікам, а на дзявятым кругу ён ізноў стаў ахвярай шынных праблем і мусіў быў наведаць боксы.

Пры гэтым фінішаваў мараканец нават не апошнім, бо і для Мантэйру другі заезд склаўся дрэнна. У выніку Бенані заняў дзясятае месца, а Цьягу адзінаццатае, таму абодва, напэўна, падзякавалі гоншчыкам  Cyan. Дарэчы, ад шын пацярпеў і Аціла Тасі з Zengő Motorsport, які раней абагнаў Бенані і ўжо наважваўся фінішаваць на подыуме. Але вугорац у выніку скончыў гонку толькі восьмым.

Вось Ацкона, які першапачаткова мусіў стартаваць дзявятым, а па факце стартаваў сёмым, непрыемнасцей пазбег і дабраўся да трэцяга месца, што цалкам задавальняла яго з турнірнага гледзішча і туманных перспектыў працягу сезона WTCR. Бертон заняў другое месца, а Магнусу ніхто не перашкодзіў атрымаць перамогу.

Пасля этапу ў Валелунзе Ацкона мае роўна 200 ачкоў і лідзіруе ў Кубку. Жыраламі выбраўся на другую пазіцыю і саступае яму шаснаццаць балаў. Замыкае першую тройку цяпер напарнік Тасі Роберт Хаф, які ў першай гонцы фінішаваў восьмае месца, а ў другой шостае. У чэмпіёна свету ў сусветным Турынгу 2012 года 148 ачкоў.

BRC Hyundai N Squadra Corse з 298 ачкамі лідзіруюць сярод каманд. All-Inkl.com Munnich Motorsport падняліся на другую пазіцыю і маюць 253 ачкі, а Cyan Performance Lynk & Co з Cyan Racing Lynk & Co апусціліся на трэцюю і чацвёртую пазіцыі і маюць па 211 балаў.

Наступны і меркавана апошні этап бягучага сезона WTCR, як і першы, пройдзе ў Францыі, толькі на гэты раз у Эльзасе, на стацыянарнай трасе Ано ду Рын.

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные