Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Перарваны палёт Ньюгардэна. Атрымаць перамогі на абодвух этапах серыі IndyCar у Аёве ў Джозэфа не атрымалася

Перарваны палёт Ньюгардэна. Атрымаць перамогі на абодвух этапах серыі IndyCar у Аёве ў Джозэфа не атрымалася

Пілот Team Penske атрымаў перамогу ў суботняй 250-кругавой гонцы і ўжо наважваўся паўтарыць поспех у нядзельнай 300-кругавой. Аднак аварыя бліжэй да фінішу паставіла пад пагрозу старт Джозэфа і на наступным этапе.

1
Перарваны палёт Ньюгардэна. Атрымаць перамогі на абодвух этапах серыі IndyCar у Аёве ў Джозэфа не атрымалася

Фота: indycar.com

Пілот Team Penske атрымаў перамогу ў суботняй 250-кругавой гонцы і ўжо наважваўся паўтарыць поспех у нядзельнай 300-кругавой. Аднак аварыя бліжэй да фінішу паставіла пад пагрозу старт Джозэфа і на наступным этапе.

Сёння Украіна святкуе Дзень дзяржаўнасці. Калі сярод яе грамадзян або абаронцаў любой нацыянальнасці ёсць чытачы «Гоначнай псіхапатыі», яна віншуе іх з гэтым святам. Украінцы ўжо паўгода пакутуюць ад вайны, але не скараюцца ворагу і не даюць яму рэалізаваць свае злачынныя планы.

Мінулай ноччу агрэсар ізноў атакаваў Украіну ракетамі з беларускай тэрыторыі. Два звар’яцелых дыктатары зрабілі нашу краіну саўдзельніцай злачынства, што адгукаецца болем у сэрцах сумленных беларусаў і выклікае іх сорам. Расійскі фашызм спрабуе замазаць крывёю ўкраінскага народа і беларускі, нацкоўвае нас у Інтэрнеце. Таму цяпер вельмі важна разумець, што беларусы і ўкраінцы на самой справе не ворагі адзін аднаму.

Вораг у нас адзіны, і я перакананы ў вашай перамозе над ім, дарагія ўкраінцы! Кожны сумленны беларус на вашым баку і як можа вам дапамагае, у тым ліку абараняючы вашу зямлю са зброяй у руках. Ваш поспех жаданы для нас, таму што дазволіць вызваліцца і нам, і ужо ніхто не перашкодзіць нам жыць у міры і згодзе і сябраваць, як раней. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

На баку Украіны і ўвесь сусветны аўтаспорт. Падтрымку ўкраінцам выражалі і ўдзельнікі амерыканскай формульнай серыі IndyCar, якая ў мінулы ўік-энд працягнула свой сезон на авальнай трасе Аёва Спідвэй. На ёй адбыліся адразу два этапы, і на суботнім пілот Team Penske Джозэф Ньюгардэн усталяваў рэкорд, пабіць які, нажаль, у нядзелю ў яго не атрымалася.

Кваліфікацыя для двух гонак праводзілася адзіная, і ў ёй амерыканец паказаў другі вынік. З поўла стартаваў яго партнёр па камандзе Уіл Паўэр, якога Ньюгардэн у суботу абагнаў ужо на дваццаць трэцім кругу, на рэстарце пасля нейтралізацыі гонкі. Пасля гэтага Джозэф кантраляваў адрыў ад канкурэнтаў, якія ў асноўным разбіраліся паміж сабой.

Паўэра, напрыклад, абагнаў яшчэ і мексіканец Патрысіа О’Ворд з каманды Arrow McLaren SP. Праўда, яго шведскі напарнік Фелікс Розэнквіст крыху яго падставіў, патрапіўшы ў аварыю на сто дзясятым кругу, у выніку чаго заезд ізноў быў нейтралізаваны аўтамабілем бяспекі. Вось пасля яго лідар сезона Маркус Эрыксан якраз і здолеў правесці паспяховую атаку на О’Ворда, адабраўшы ў таго другую пазіцыю.

На сто трыццаць чацвёртым кругу швед з Chip Ganassi Racing паспрабаваў атакаваць нават Ньюгардэна. Аднак Джозэф адбіўся, ды яшчэ і справакаваў памылку Эрыксана – той страціў хуткасць і некалькі пазіцый, а потым не ўтрымаў свой балід, прарываючыся наверх, і дапусціў разварот. Аварыі, на шчасце, пазбег і скончыў гонку на восьмай пазіцыі.

О’Ворд і Паўэр так і фінішавалі другім і трэцім адпаведна. І ў нядзелю ўсё ішло да таго, што сітуацыя паўторыцца, і першая тройка на фінішы будзе выглядаць гэтак жа. Аднак Ньюгардэну, які завяршыў усе кругі апошніх дзевяці гонак на авале ў Аёве, што і стала згаданым вышэй рэкордам, не пашанцавала.

Джозэф ізноў бароўся за перамогу, і на момант сваёй аварыі на дзвесце трыццаць пятым кругу лідзіраваў. Ужо не так упэўнена, як днём раней, але папросту мог разлічваць нават на пад’ём у турнірнай табліцы. Замест гэтага ж ён можа нават апусціцца ў агульным заліку, калі дактары не дапусцяць яго да старту на наступным этапе.

Самастойна выбраўшыся з разбітай машыны, Джозэф, верагодна, ад лёгкага шоку, не ўтрымаўся на нагах, паваліўшыся і стукнуўшыся галавой. На шчасце, адзіным наступствам гэтага быў толькі парэз на яго патыліцы, але ў медычны цэнтр, а пасля і ў мясцовы шпіталь яго ўсё ж адвезлі. Ці стартуе ён у гэтыя выхадныя ў Індыянапалісе, высветліцца акурат сёння, калі Джозэф пройдзе чарговыя медычныя праверкі. На ўсялякі выпадак яго ўжо гатовы падмяніць Санціна Феручы.

Непрыемнасць тым больш крыўдная, што сам Джозэф, па ўсяму відаць, не быў у ёй вінаваты. Да аварыі прывяла нейкая механічная паломка баліда. Так ці інакш, сход Ньюгардэна адкрыў шлях да другой у сезоне перамогі О’Ворду. Паўэр заняў другое месца, а замкнуў першую тройку яго з Ньюгардэнам партнёр па Team Penske Скот МакЛафлін. Эрыксан з другой спробы выступіў у Аёве лепей, фінішаваўшы шостым. Яму ўдалася ўтрымаць першую пазіцыю ў чэмпіянаце, у якім ён мае 403 ачкі.

Ньюгардэн, як ні дзіўна, адну пазіцыю нават адыграў, падняўшыся на трэцюю. У яго роўная колькасць балаў з пераможцам этапу ў Таронта Скотам Дзіксанам – па 369, што на два болей, чым у О’Ворда, які замыкае першую пяцёрку ў генеральнай класіфікацыі. Дзейсны чэмпіён Алекс Палоў цяпер шосты, у яго 359 ачкоў. Іспанец быў вельмі актыўны ў суботу, калі пры старце з чатырнаццатай пазіцыі фінішаваў шостым, але ў нядзелю яму пашчасціла значна меней – ён заняў толькі трынаццатае месца. Ды яшчэ і ў Chip Ganassi Racing падаюць на яго ў суд за адмову працягваць кантракт. Кажуць, што Алекс збіраецца ў наступным годзе ў Arrow McLaren SP.

Але яму і ўсім астатнім удзельнікам IndyCar (спадзяемся, і Ньюгардэну таксама) яшчэ трэба правесці пяць этапаў сезона бягучага. Наступны, як было адзначана вышэй, пачынаецца ўжо заўтра ў Індыянапалісе. Як і чацвёрты этап, пройдзе ён не на авале, а на той трасе, што некалі прымала Формулу 1.

Другие посты блога

Все посты