Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!
Блог

Жорсткія шыны і жорсткі лёс Шарля Леклера. Як у Ferrari прайгралі і ў Вугоршчыне, маючы на руках козыры

Фота: formula1.com

Учора на Хунгарарынгу стратэгі Ferrari зрабілі не першую памылку, пасля якой сталі ахвярамі аўтараў мемаў у Інтэрнэце. Але ўчарашняя стала ледзь не ўзорна-паказальнай і відавочнай для ўсіх, акрамя каманднага мосціка Скудэрыі. Як у іх зноў гэта атрымалася – прайграць на роўным месцы?

Увесь даволі доўга ніхто ў свеце не можа зразумець, як, маючы амаль невычэрпныя прыродныя багацці, працоўную эканоміку і быццам бы не дурны народ можна было болей чым за дваццаць гадоў не адбудаваць Расію, не стварыць у ёй моцныя медыцыну, адукацыю, навуку, не наладзіць механізмы сацыяльнай падтрымкі і дапамогі, не пакрыць яе сеткай сучасных аўтабанаў і ўвогуле не зрабіць яе прывабнай і для суседзяў, і для разумных людзей з далёкіх краін.

Апошнія ж амаль паўгода ўвесь свет здзіўляецца, навошта трэба было ісці вайной на суседні народ і разбураць яго краіну, калі твая ляжыць у руінах. Аднак так ужо працуюць чужыя комплексы непаўнавартаснасці. Менавіта ў іх палоне апынуўся расійскі дыктатар, які не здолеў дараваць украінцам іх выбару быць свабоднымі і адказнымі грамадзянамі на сваёй зямлі.

Вось за гэта апошнія пяць месяцаў украінцы і пакутуюць. Вайна руйнуе іх гарады і мястэчкі і забірае жыцці лепшых з іх. Разам з нашымі суседзямі і сябрамі пакутуем і мы, сумленныя беларусы, чыю краіну тутэйшы паслугач расійскага дыктатара зрабіў саўдзельніцай злачынства. За якое аднак, абодва вар’яты панясуць адказнасць, чаму якраз беларусы, якія са зброяй у руках змагаюцца за Украіну, абавязкова паспрыяюць. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

За адкрытую падтрымку расійскага дыктатара крытыцы з боку ўсіх сумленных людзей падвяргаецца кіраўніцтва Вугоршчыны. Я крытыкую ўсіх прадажных еўрапейскіх палітыкаў, якія і разбэсцілі расійскі фашызм, а канкрэтна ў Вугоршчыне апроч яе ўрада мне ніколі не падабалася гоначная траса пад Будапештам.

Хунгарарынг усе называюць Манака без сцен. Траса павольная і неабгонная, і гонкі Формулы 1 цікавымі на ёй бываюць хіба што ў дождж. Без якога гэтым разам, зрэшты, абышлося, аднак наўрад ці б ён выратаваў становішча. Што ты зробіш, калі ў адной з каманд, здаецца, вырашылі не перамагаць больш ніколі наогул? Таму сенсацыі на мінулым Гран Пры Вугоршчыны былі толькі з прыстаўкай «міні». Ці не такімі ўжо і «міні»?

Пагадзіцеся, калі на першай пазіцыі апынаецца запісны аўтсайдэр, то нават калі гэта першая пазіцыя ў свабоднай практыцы, усё адно атрымліваецца цікава. Вось Нікалас Лаціфі з Williams у суботу за пару гадзін да кваліфікацыі бліснуў у фінальнай сесіі свабодных заездаў, стаўшы хутчэйшым за ўсіх на мокрай трасе.

Надвор’е ў Будапешце было ўжо не такім прадказальным, як тыднем раней у французскім Ле Кастэле. Сонечна і цёпла было ў пятніцу, а ўжо ў суботу стала прахалодна і дажджліва. Аднак не падчас кваліфікацыі – яна ўся выдалася сухой, і скончылася яшчэ адной сенсацыяй. Дакладней, не адной.

Па-першае, поўл заваяваў пілот Mercedes Джордж Расэл. Гэта само па сабе не тое, каб надта дзіўна – малады брытанец яшчэ ў складзе Williams за некалькі мінулых сезонаў даказаў многае. Аднак, улічваючы праблемы Срэбраных Стрэл у гэтым годзе, дасягненне ўсё роўна значнае. Ззаду апынуліся і абодва гоншчыкі Ferrari, прычым Карлас Сайнс кваліфікаваўся другім, а Шарль Леклер трэцім, і…

У Red Bull ужо пасыпалі галаву попелам. Маўляў, без дажджу нам за Ferrari не ўгнацца. І ў кваліфікацыі дзейсны чэмпіён Макс Ферстапен на самой справе саступіў канкурэнтам са Скудэрыі. Адставанне пасля першай спробы ў фінальным сегменце не выглядала катастрафічным, але палепшыць вынік у нідэрландца не атрымалася – у вырашальны момант рухавік на яго балідзе перастаў выдаваць усю магутнасць, праз што пілот Red Bull апынуўся на дзясятай пазіцыі.

Пры гэтым свайго напарніка Серхіа Перэса Макс усё ж перакваліфікаваў. Чэка не прайшоў нават у фінальны сегмент, таму што ў другім на хуткі круг выехаў несвоечасова, і на трасе наткнуўся на Кэвіна Магнусэна, сапсаваўшы сваю спробу. Канечне, у Red Bull збіраліся адыграцца ў гонцы, але пасля кваліфікацыі здавалася, што апошняя нядзеля ліпеня стане нарэшце днём Ferrari.

Таму што ну калі чэсна, то хто чакаў, што Расэл пераможа? Хаця на першых кругах Джордж якраз выглядаў нядрэнна, але гэтаму ёсць тлумачэнне. Сайнс і Леклер стартавалі на шынах Medium, тады як брытанец, які чакаў дажджу, аддаў перавагу самаму мяккаму кампаўнду. Гэта дапамагло яму ўтрымаць лідарства на старце і захоўваць яго да самага першага піт-стопа. Ды і пасля іх першай хвалі Джордж вярнуўся на першую пазіцыю. І толькі на трыццаць першым кругу Леклер, які да гэтага ўжо пакінуў ззаду Сайнса, здзейсніў абгон і перахапіў у пілота Mercedes лідарства.

А на трыццаць восьмым кругу нешта пайшло не так. Леклер першапачаткова на ім ехаць на другі піт-стоп не збіраўся, але каманда загадала гэта зрабіць, пераабуўшы манэгаска ў Hard – самыя павольныя шыны, якія ў прахалоднае надвор’я проста не працавалі. У выніку для Ферстапена, які ўвесь гэты час паспяхова прарываўся, Леклер, вярнуўшыся на трасу трэцім, на сорак першым кругу стаў лёгкай здабычай. Тым больш, што шыны Medium на балідзе дзейснага чэмпіёна больш адпавядалі сітуацыі.

Разварот, які здарыўся з Максам на тым жа кругу ў самым яго канцы, сітуацыю не змяніў, праз некалькі кругоў ён паўторна абагнаў Леклера, на гэты раз канчаткова. Расэл на той момант быў ужо трэцім, бо таксама наведаў боксы. І таксама атрымаў на піт-стопе шыны сярэдняй жорсткасці, таму на пяцьдзесят чацвёртым кругу Леклера абагнаў і ён. Ferrari не заставалася нічога лепшага, чым перавесці Шарля на Soft, але на высокія пазіцыі манэгаск ужо не прэтэндаваў і фінішаваў толькі шостым.

Часткова можна пагадзіцца з главой Скудэрыі Маціа Бінота, які заявіў, што камандзе ў мінулы ўік-энд не ставала хуткасці, і шыны мала што маглі б вырашыць. Сайнса апярэдзілі не толькі Ферстапен з Расэлам, але і напарнік Джорджа Льюіс Хэмілтан. Пры гэтым сяміразовы чэмпіён на апошніх кругах быў самым хуткім, на шэсцьдзесят пятым абагнаў Расэла і заняў другое месца. Аднак на тым, што на адпаведных сітуацыі шынах Леклер шанцы на перамогу меў, сыходзяцца ўсе эксперты.

Ну а Ферстапен перамог, паказаўшы, хто ў бягучым чэмпіянаце сапраўдныя фаварыты. Нават на трасе, якая яго машыне не надта пасавала, пілот Red Bull прарваўся з дзясятай пазіцыі на першую. Дзясятае ж месца заняў галоўны ньюсмэйкер уік-энда Себасцьян Фетэль, які напярэдадні абвясціў, што гэты сезон стане для яго апошнім у Формуле 1. Яго рашэнне пасунула тэктанічныя пліты рынку занятасці ў чэмпіянаце свету, і акурат сёння стала вядома, што на яго месца ў Aston Martin прыйдзе Фернанда Алонса. Хто прыйдзе на месца іспанца ў Alpine, пакуль што невядома.

Невядома і хто стане чэмпіёнам у 2022 годзе – наперадзе яшчэ амаль палова сезона. Аднак Ферстапен дзякуючы свайму таленту, шанцаванню і, скажам так, непаслядоўнасці стратэгаў Ferrari і праблемам з надзейнасцю каманды з Маранэла, лідзіруе цяпер з агромністай перавагай, маючы 258 ачкоў, што на семдзесят болей, чым у Леклера. Шарль пакуль што другі, але Перэс, які ўчора фінішаваў пятым, саступае яму ўсяго пяць балаў. Red Bull з 431 ачком лідзіруе ў Кубку Канструктараў. Ferrari, знаходзячыся на другой пазіцыі, мае 334 балы, што цяпер толькі на трыццаць болей, чым у Mercedes, які застаецца трэцім.

Спадзявацца пераследнікам Ферстапена і Red Bull застаецца толькі на жнівеньскі перапынак, за які яны могуць набрацца сіл і перазагрузіцца. Наступны этап – Гран Пры Бельгіі на трасе Спа-Франкаршам – пройдзе 26-28 жніўня.

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные