Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Перамога Росі і змена лідара ў IndyCar. Этап амерыканскай формульнай серыі ў Індыянапалісе прынёс перамены

Перамога Росі і змена лідара ў IndyCar. Этап амерыканскай формульнай серыі ў Індыянапалісе прынёс перамены

Серыя IndyCar у мінулыя выхадныя ўжо ў трэці раз у гэтым сезоне наведала трасу ў Індыянапалісе і ў другі правяла свой этап на той яе канфігурацыі, што некалі прымала Формулу 1. Аднак пераможца гэтым разам выявіўся ізноў новы – пілот Andretti Autosport Александэр Росі.

6 августа 2022, 22:09
1
Перамога Росі і змена лідара ў IndyCar. Этап амерыканскай формульнай серыі ў Індыянапалісе прынёс перамены

Фота: indycar.com

Серыя IndyCar у мінулыя выхадныя ўжо ў трэці раз у гэтым сезоне наведала трасу ў Індыянапалісе і ў другі правяла свой этап на той яе канфігурацыі, што некалі прымала Формулу 1. Аднак пераможца гэтым разам выявіўся ізноў новы – пілот Andretti Autosport Александэр Росі.

Вайна ва Украіне, на вялікі жаль, пакуль што далёкая ад завяршэння, аднак ужо зразумела, што яе пераможца – гэта мужны ўкраінскі народ, які ўжо амаль паўгода бароніць сваю зямлю ад варожай навалы. Замест бліцкрыгу і параду у Кіеве агрэсар атрымаў сорам і ганьбу і быў вымушаны адступаць.

Пакуль што не ўся тэрыторыя Украіны вызваленая ад расійска-фашысцкіх захопнікаў, але іх знішчэнне і вяртанне Херсона, Марыупаля і іншых гарадоў – цяпер толькі справа часу. Украінцы ведаюць, за што змагаюцца, і ведаюць, што чакае іх, калі яны спыняцца або паслухаюць карысных ідыётаў на Захадзе, якія прапануюць ім пайсці на кампраміс са звар’яцелай пачварай.

Кожны сумленны беларус зычыць поспеху ўкраінцам і спадзяецца на іх, таму што іх перамога наблізіць і нашу перамогу над мясцовым калгасным дыктатарам. Ён зрабіў Беларусь саўдзельніцай злачынства, але яго лёс цалкам залежыць ад лёсу яго расійскага гаспадара, які ўсё болей нагадвае лёс Гітлера. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

У чарговы раз дзякуем Злучаным Штатам Амерыкі за дапамогу Украіне. Пераацаніць яе немагчыма, як немагчыма не захапіцца прафесіяналізмам, з якім Узброеныя сілы Украіны выкарыстоўваюць сістэмы HIMARS. Нават разнастайнасць у амерыканскай гоначнай серыі IndyCar захапляе не так моцна, хоць і яна ўражвае.

На зайздрасць Формуле 1, у трынаццаці гонках гэтага сезону IndyCar налічваецца восем розных пераможцаў. Пры гэтым лідар чэмпіянату Уіл Паўэр перамог толькі аднойчы, на этапе ў Дэтройце. Шанцы паўтарыць поспех у трэці ў гэтым годзе візіт у Індыянапаліс тыдзень таму ў яго былі – пілот Team Penske кваліфікаваўся чацвёртым. Аднак знайшліся і хутчэйшыя за яго, і, што не меней важна, тыя, каму болей пашанцавала.

Адчайны манеўр пілота Andretti Autosport w/ Curb-Agajanian Колтана Херты, які стартаваў дзявятым і пачаў прарывацца з самага старту, справакаваў у першых паваротах кантакт паміж Паўэрам і Патрысіа О’Вордам з Arrow McLaren SP. Аўстралійцу ў гэтым эпізодзе самому пашанцавала крыху болей, тады як мексіканца закруціла, у выніку чаго ён страціў шмат пазіцый і фінішаваў дванаццатым. Не надта лепей склалася гонка і для яго напарніка Фелікса Розэнквіста, які напярэдадні заваяваў поўл. Яго на восьмым кругу абагнаў Херта, пасля чаго швед працягнуў губляць пазіцыі і скончыў гонку толькі дзявятым.

На чацвёртым кругу, калі быў дадзены рэстарт пасля перыяду нейтралізацыі, атакаваць Розэнквіста паспрабаваў і партнёр Херты па камандзе Александэр Росі. Ён пачынаў гонку другім, і на старце пазіцыю не згубіў. А вось падчас сваёй атакі – згубіў, выехаўшы шырока і прапусціўшы Херту. Які, як было адзначана вышэй, пазней адабраў у Розэнквіста лідарства.

Аднак лідарства тое і Колтану належала толькі да сорак трэцяга круга, на якім на яго балідзе зламаўся прывад. На гэтым гонка для яго скончылася наогул, а першая пазіцыя перайшла да Росі. У гонцы Александэр памылак больш не дапускаў і атрымаў перамогу. Другое ж месца заняў навічок серыі з каманды Rahal Letterman Lanigan Racing Крысціан Лундгаард.

Датчанін стартаваў шостым, аднак пазбег непрыемнасцей на першых кругах, а на апошніх ціснуў нават на лідара, хаця да сапраўднай атакі справа так і не дайшла. Паўэр жа пасля не надта ўдалага першага круга здолеў затым адыграцца і заняў трэцяе месца.

А паколькі герой 500-мільнай гонкі на авале таго ж Індыянапаліса Маркус Эрыксан з Huski Chocolate Chip Ganassi Racing пасля няўдалай кваліфікацыі стартаваў дваццаць пятым і фінішаваў восьмым, Уіл абышоў яго ў чэмпіянаце, вярнуўшыся на першую пазіцыю. У яго 431 ачко, у Эрыксана, які апусціўся на другую пазіцыю, 422. Трэцім застаецца партнёр Паўэра па камандзе Джозэф Ньюгардэн, які патрапіў у жудасную аварыю ў другой гонцы на авале ў Аёве тыднем раней, але на старт у Індыянапалісе ўсё ж выйшаў і заняў пятае месца.

Росі ж мог бы быць дзявятым, калі б яго не пазбавілі 20 ачкоў, а яго каманду – 25 000 долараў, якія яна сплаціла ў выглядзе штрафу. Праз пару дзён пасля гонкі высветлілася, што машына Александэра не адпавядала тэхнічнаму рэгламенту і была лягчэйшая за мінімальна дапушчальныя 1 700 фунтаў (771 кілаграм). Каб упісацца ў правілы, каманда ў якасці баласту выкарыстоўвала нават бутэлькі з вадой для гоншчыка. Трэба сказаць, што адрабіўся Росі лёгка, бо ў якім-небудзь чэмпіянаце свету за такое свяціла б дыскваліфікацыя. А ў IndyCar яго перамогі на этапе не пазбавілі.

Наступны этап серыі праходзіць акурат у гэтыя выхадныя на гарадской трасе ў Нэшвіле, штат Тэнэсі.

Другие посты блога

Все посты