Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!
Блог

Не горш за Ле Ман, а можа нават лепей. Гонка 24 гадзіны Спа-Франкаршам ізноў прайшла выдатна

Фота: gt-world-challenge-europe.com

Гонкі катэгорыі GT, ды яшчэ быццам бы рэгіянальнага маштабу – серыі GT World Challenge Europe – павінны бы выклікаць меншы інтарэс з боку фанатаў. А 24 гадзіны Спа-Франкаршам ужо які год прымушаюць назіраць за імі з захапленнем.

З болем, але таксама з захапленнем увесь свет амаль паўгода назірае за драмай ва Украіне. Звар’яцелы дыктатар жорстка і бязлітасна помсціць ёй за яе выбар свабоды і незалежнасці, аднак сустракае не меней жорсткі і бязлітасны супраціў з боку вольных украінцаў.

Зрабіць гарматнае мяса, каб спаліць яго ў пажары сваёй вайны, расійскі дыктатар гатовы нават з крымінальнікаў. Для яго ўжо няма добрага выйсця з авантуры, таму ён вар’яцее ўсё болей, і гатовы паставіць на кон усё. Гэта значыць, што Украіну па-ранейшаму чакае няпросты перыяд, аднак яна абавязкова пераможа.

Ёй гэтага зычыць і кожны сумленны беларус, якому балюча за сваіх суседзяў і сяброў. Мясцовы дыктатар зрабіў нашу краіну саўдзельніцай злачынства, але ў яго і яго расійскага гаспадара так і не атрымалася замазаць крывёю беларусаў. Лепшыя з нас зараз ваююць за Украіну або падтрымліваюць яе, дапамагаючы бежанцам, робячы данаты УСУ і іншым чынам. У нас адзіны вораг, якога прыспеў час знішчыць. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Гонкі – гэта мірная справа, і гоншчыкі могуць жорстка спаборнічаць на трасах, але заставацца пры гэтым людзьмі і джэнтльмэнамі, як прынята асабліва ў доўгіх гонках, як 24 гадзіны Спа-Франкаршам. Марафон на мадэрнізаванай трасе прайшоў ў мінулыя выхадныя, і зноў быў цікавым і непрадказальным. Хаця хтосьці скажа, што, як і ў Ле Мане ў апошнія гады, з пераможцамі ўсё было больш ці менш зразумела ад самага пачатку.

Пасля таго, як шосты экіпаж каманды Orange1 K-PAX Racing у складзе Джордана Пэпера, Андрэа Кальдарэлі і Марка Мапэлі пазбавіўся поўла за тэхнічнае парушэнне (параметры рухавіка іх Lamborghini Huracan GT3 Evo не адпавядалі Балансу прадукцыйнасці) і страціў дзесяць пазіцый на стартавай рашотцы, а калектыў быў аштрафаваны на 25 000 долараў, першая стартавая пазіцыя перайшла акурат да будучых пераможцаў – Рафаэле Марчэла, Даніэля Хункадэлы і Жуля Гунона з восемдзесят восьмага экіпажа Akkodis ASP. Аднак і для іх гонка не стала лёгкім шпацырам.

На самым старце першую пазіцыю перахапіў Клаўс Бахлер з пяцьдзесят чацвёртага экіпажа каманды Dinamic Motorsport, разам з якім выступалі Ком Ледагар і Томас Прайнінг. Іх Porsche 911 GT3-R пад кіраўніцтвам аўстрыйца ўсю яго змену і ўзначальваў пелатон. Зрэшты, восемдзесят восьмы Mercedes-AMG GT3 усё роўна практычна ўвесь час быў у групе лідараў. Нават калі здавалася, што гонка пачынае складацца на карысць дзевяноста восьмага экіпажа Rowe Racing.

Новенькі BMW M4 GT3, на якім выступалі Нікі Катсбург, Аўгушта Фарфуш і Нік Йелалі быў самым хуткім на трасе, калі яна пачала астываць увечары і была халоднай уначы. Можа і паспела б нідэрландска-бразільска-брытанскае трыа нарасціць адрыў, калі б гонка не была прыпыненая.

Пасля васьмі гадзін многія гоншчыкі стаміліся, і ў цемры пачалі дапускаць памылкі і патрапляць у аварыі, у якіх пашкоджанні атрымалі не толькі машыны, але і бар’еры бяспекі, для рамонту якіх пасля перыяду жоўтых сцягоў па ўсёй трасе маршалы вывесілі і чырвоныя. Іх перыяд цягнуўся сорак дзве хвіліны, а калі таймер адлічыў дзесяць гадзін ад старту, пілоты зноў атрымалі дазвол выехаць на трасу.

Тым не менш, дзевяноста восьмы экіпаж Rowe Racing усё роўна захоўваў лідарства да самай раніцы, калі ў барацьбу за першую пазіцыю ўключыліся і Дэніс Ольсэн, Нік Тандзі і Лоўрэнс Вантор з сорак сёмага экіпажа каманды KCMG. Праз праблемы з тармазамі іх Porsche у кваліфікацыі стартавалі яны з хваста пелатона, але хуткасць дазволіла ім нарэшце адыграцца і прарвацца ў першую тройку.

Нягледзячы на тое, што і калі дзень ужо ўступіў у свае правы, экіпаж Катсубрга, Фарфуша і Йелалі заставаўся на лідарскай пазіцыі, чым сутачны марафон скончыцца, прадказаць не ўзяўся б ніхто. На дваццатай гадзіне група лідараў складалася з пяці машын, уключаючы восемдзесят восьмы Mercedes. Які ў павароце Аўтобусны прыпынак сутыкнуўся з іншым Мерсэдэсам, дзевяноста трэцяга экіпажа Sky Tempesta Racing, у выніку чаго закруціўся.

Пасля гэтага Жуль Гунон, які праводзіў на той момант сваю змену, адхапіў яшчэ і штраф за нейкае парушэнне на піт-стопе. А яшчэ праз некаторы час ён жа ў перабудаваным павароце Eau Rouge забароўся з Нікі Тіімам, які тут выступае на Aston Martin Vantage AMR GT3 дзевяноста пятага экіпажа каманды Beechdean AMR разам з Максімам Марцінам і Марка Сорэнсэнам. Датчанін на ўваходзе ў Raidillon не хацеў саступаць, і пасля кантакту з машынай француза ў сваю чаргу закруціўся і адкаціўся назад. Гунон жа працягнуў гонку і неўзабаве вярнуў свой экіпаж на першую пазіцыю.

Пазней, праўда, ужо Марчэла сышоўся на трасе з Лукай Штольцам з другога экіпажа AMG Team GetSpeed, у якім таксама выступалі Стэйн Шотхорст і Максіміліан Гётц. Пасля таго, як Рафаэле і Лука разам паспрабавалі ўвайсці ў першы паварот La Source, швейцарац апынуўся за межамі трасы і саступіў канкурэнту. Зрэшты, дагнаў і абагнаў яго ўжо на наступным кругу.

Дзевяноста восьмы экіпаж Rowe Racing да апошняй гадзіны прэтэндаваў на другую пазіцыю, што таксама было б выдатным вынікам, калі б не пракол у змену Йелалі. Незапланаваны візіт у боксы адкінуў іх з Катсбургам і Фарфушам на пятую пазіцыю, на якой яны і фінішавалі. Таму хто зойме другое месца, а хто трэцяе, пачалі высвятляць згаданы другі экіпаж AMG Team GetSpeed і семдзесят першы Iron Lynx.

Пераможцы шасцігадзіннай гонкі ў Ле Кастэле Антоніа Фуока, Даніэль Сэра і Давідэ Рыгон і ў Спа былі хуткімі, але шанцы на перамогу страцілі, калі атрымалі раніцай штрафны праезд па піт-лэйне за парушэнне ў рэжыме аўтамабіля бяспекі. Дый Штольцу, Шотхорсту і Гётцу ў выніку саступілі, задаволіўшыся трэцім месцам.

Перамога ж восемдзесят восьмага экіпажа Akkodis ASP вывела каманду ў лідары адпаведнага заліку серыі, у якім яна мае 201 ачко. Team WRT развітваецца з Audi, бо гэты вытворца на карысць Формуле 1 адмовіўся ад праграмы LMDh у чэмпіянаце свету па аўтагонках на цягавітасць. Таму бельгійская каманда, якая туды збіралася, ужо засябравала з BMW, і будзе прадстаўляць яе ў WEC з 2024 года. Ці пашанцуе ім там, пакажа час, а вось у Спа не пашанцавала дакладна.

Дзейсным чэмпіёнам GT World Challenge Europe Дрысу Вантору і Шарлю Віртсу не пашанцавала ні ў кваліфікацыі, ні ў гонцы – Віртс не здолеў пазбегнуць сутыкнення з адным з McLaren 720S GT3 канкурэнтаў, што раптоўна спыніўся перад першым паваротам, і сышоў з дыстанцыі. Таму і іх з Дрысам каманда апусцілася на другую пазіцыю, і мае цяпер 167,5 ачка. Tresor by Car Collection з 78 ачкамі па-ранейшаму трэція. Віртс і Вантор апусціліся на другую пазіцыю ў заліку гоншчыкаў. У іх 135,5 ачка, тады як у Марчэла, які цяпер аднаасобна лідзіруе, 177. Таксама аднаасобна трэцюю пазіцыю займае цяпер Гунон, у якога 120,5 бала.

Зрэшты, да канца гэтага сезону серыі GT World Challenge Europe яшчэ тры этапы, два з якіх пройдуць у фармаце Endurance. Такім будзе і наступны ў нямецкім Хокенхайме, які адбудзецца 2-4 верасня.

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные