Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Калі воля трывалей за машыну. Скот Дзіксан перамог у драматычнай у тым ліку для яго гонцы IndyCar у Нэшвіле

Калі воля трывалей за машыну. Скот Дзіксан перамог у драматычнай у тым ліку для яго гонцы IndyCar у Нэшвіле

Амерыканскія каментатары самі завуць гэты этап Крэшвілам. Другі год запар гонка на гарадской трасе ў Тэнэсі складаецца са шматлікіх аварый. Вось і гэтым разам пад аўтамабілем бяспекі пілоты правялі трыццаць шэсць кругоў з васьмідзесяці, не абышлося і без чырвоных сцягоў, якія і дапамаглі Скоту Дзіксану атрымаць перамогу.

12 августа 2022, 23:49
1
Калі воля трывалей за машыну. Скот Дзіксан перамог у драматычнай у тым ліку для яго гонцы IndyCar у Нэшвіле

Фота: indycar.com

Амерыканскія каментатары самі завуць гэты этап Крэшвілам. Другі год запар гонка на гарадской трасе ў Тэнэсі складаецца са шматлікіх аварый. Вось і гэтым разам пад аўтамабілем бяспекі пілоты правялі трыццаць шэсць кругоў з васьмідзесяці, не абышлося і без чырвоных сцягоў, якія і дапамаглі Скоту Дзіксану атрымаць перамогу.

Украіна атрымае перамогу ў сваёй Вялікай айчыннай вайне супраць расійска-фашысцкіх захопнікаў, дзякуючы найперш гераізму, мужнасці і прафесіяналізму сваіх абаронцаў. Хаця і дапамогу, якую ім аказваюць у тым ліку Злучаныя Штаты Амерыкі, не магчыма пераацаніць. Аднак нават лепшая зброя не дапаможа, калі яе трымаюць няўмелыя рукі, а рукі ўкраінскіх ваяроў на сённяшні дзень, бадай, самыя ўмелыя.

Усё, што застаецца агрэсару, гэта пужаць свет ядзерным апакаліпсісам, таму што яго голай задніцы свет ужо не баіцца. Войска, складзенае фактычна з рабоў, неадукаваных і злых адзін на аднаго, безумоўна, нарабіла гора Украіне, але не змагло яе скарыць і заваяваць. Рабы – дрэнныя ваяры, у адрозненні ад сапраўдных абаронцаў сваёй айчыны, якую яны любяць.

Беларусы таксама любяць сваю радзіму, але яна знаходзіцца пад акупацыяй. Адзін крывавы дыктатар, каб усядзець на троне пасля таго, як ён прайграў выбары, здаў яе іншаму, свайму гаспадару. І на Украіну беларусы глядзяць з надзеяй, таму што яе поспех практычна гарантуе вызваленне і нам. У 2020-м мы прайгралі бітву, а не вайну, якую цяпер выігрываюць украінцы. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

У адрозненні ад украінцаў на пачатку вайны, пілот Chip Ganassi Racing Скот Дзіксан на пачатку гонкі IndyCar у Нэшвіле ў мінулы ўік-энд пра тое, што пераможа ў ёй менавіта ён, нават не здагадваўся. Стартаваў ветэран амерыканскай формульнай серыі толькі чатырнаццатым, а пазней пашкодзіў свой балід аб абломкі, што засталіся пасля ланцуга кантактаў, які на дваццаць шостым кругу распачалі Грэм Рэйхал з Rahal Letterman Lanigan Racing і Патрысіа О’Ворд з Arrow McLaren SP. Ды яшчэ і атрымаў удар ад канадца Далтана Келета з A.J. Foyt Enterprises.

У выніку Дзіксан адкаціўся ўвогуле на апошнюю пазіцыю, прарвацца з якой уяўлялася практычна немагчымым з напалову адсутным днішчам і пашкоджанымі пярэднімі антыкрылом і падвескай. Аднак, на яго шчасце, інцыдэнт, што адкінуў яго назад, быў далёка не апошнім. Да фінішу наогул дабраліся толькі трынаццаць пілотаў з дваццаці шасці, што стартавалі. Дый тактычна ў Chip Ganassi Racing згулялі пісьменна – на свой апошні (шосты, тады як астатнія з тых, хто фінішаваў, прыпыняліся не болей за чатыры разы) піт-стоп Скот заехаў на пяцідзясятым кругу. Шыны не мяняў, а толькі дазаправіўся, дзякуючы чаму адыграў тры пазіцыі.

А пазней новазеландзец атрымаў падарунак, ці нават два, ад канкурэнта з Team Penske Джозэфа Ньюгардэна. Калі той бліжэй да фінішу накіраваўся на свой апошні піт-стоп, Скот быў ужо на другой пазіцыі і, адпаведна, узначаліў гонку. А на семдзесят шостым кругу Джозэф пасля чарговага рэстарту ў дзявятым павароце «завёз» у бар’ер з пакрышак былога пілота Формулы 1 Рамэна Гражана, які ў IndyCar выступае за Andretti Autosport.

Гэты інцыдэнт не выглядаў самым сур’ёзным з тых, што здарыліся падчас гонкі. Сутыкненне на шэсцьдзесят чацвёртым кругу навічкоў серыі Дэвіда Малукаса з Dale Coyne Racing with HMD Motorsports і Кайла Кірквуда з A.J. Foyt Enterprises, у выніку якога абедзве машыны апынуліся ў бар’еры з пакрышак і часткова адна на адной, выглядала як мінімум эфектнейшым. Аднак наступствы менавіта аварыі Гражана суддзі палічылі болей сур’ёзнымі, і прыпынілі гонку чырвонымі сцягамі толькі пасля яе.

Адноўленая яна была пад аўтамабілем бяспекі, пасля зыходу якога з трасы засталося ўсяго паўтара баявых круга. Усё, што заставалася Дзіксану, гэта на старых шынах, на якіх ён правёў больш за сорак кругоў, выстаяць супраць свайго суайчынніка цёзкі МакЛафліна, партнёра Ньюгардэна па камандзе, які стартаваў з поўлу. Перамагчы ён таксама хацеў, і насядаў на пілота Chip Ganassi Racing практычна да самага канца. І на фінішы двух Скотаў раздзяліла 0,1 секунды. Трэцяе месца заняў партнёр Дзіксана па камандзе Алекс Палоў, які стартаваў дзясятым і быў хуткі ў другой палове гонкі.

Нашмат меней пашанцавала лідарам сезону. Яшчэ адзін прадстаўнік Team Penske Уіл Паўэр стартаваў восьмым, а фінішаваў адзінаццатым, а пераможца 500 міль Індыянапаліса з Chip Ganassi Racing Маркус Эрыксан сышоў з дыстанцыі праз паломку прываду. У выніку ў чэмпіянаце швед апусціўся на трэцюю пазіцыю і мае 438 ачкоў. Паўэр, у якога 450 балаў, лідарам застаўся, а яго галоўным пераследнікам, які адстае ўсяго на шэсць ачкоў, цяпер з’яўляецца якраз Дзіксан!

Карацей, фінал сезону IndyCar будзе гарачым. Ён ужо блізка, бо застаецца ўсяго тры этапы. Наступны пройдзе 19-20 жніўня на 1,25-мільным (двухкіламетровым) авале World Wide Technology Raceway у Мэдзісане, штат Ілінойс. Цікава, дарэчы, што ў назве этапу Bommarito Automotive Group 500 зашыфраваная працягласць гонкі, але не ў традыцыйных для ЗША мілях, а ў прывычных для нас кіламетрах.

Другие посты блога

Все посты