Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Канец некалькіх эпох. Разам с сезонам Формулы Е ў Сеуле завяршыўся і этап яе развіцця

Канец некалькіх эпох. Разам с сезонам Формулы Е ў Сеуле завяршыўся і этап яе развіцця

Сотая гонка электрычнай Формулы, што адбылася ўчора ў Сеуле, стала апошняй для машын другога пакалення, некаторых пілотаў і каманды Mercedes-EQ. Аднак апошняя сышла з чэмпіянату прыгожа.

15 августа 2022, 16:34
Канец некалькіх эпох. Разам с сезонам Формулы Е ў Сеуле завяршыўся і этап яе развіцця

Фота: Formula E

Сотая гонка электрычнай Формулы, што адбылася ўчора ў Сеуле, стала апошняй для машын другога пакалення, некаторых пілотаў і каманды Mercedes-EQ. Аднак апошняя сышла з чэмпіянату прыгожа.

Расійска-фашыскім захопнікам з Украіны прыгожа ўжо не сысці, толькі з болем, ганьбай, стратамі і перспектывамі крымінальнага пераследу за ваенныя злачынствы. Або проста без рук і ног, каб потым быць нікому не патрэбнымі да самай смерці. Авантура звар’яцелага дыктатара абарочваецца канкрэтнымі бедамі для кожнага з іх, бо за людзей іх рэжым, што пануе ў Расіі, не лічыць.

Украінцаў, за тое, што яны вырашылі быць вольнымі ад яго, гэты рэжым проста ненавідзіць. Ён не можа дараваць ім, што яны шчаслівыя без яго, таму страшна і бязлітасна помсціць ім ужо амаль паўгода. Аднак адмовіцца ад свайго выбару ён украінцаў так і не прымусіў. Кожны з іх ведае, што адзіная альтэрнатыва гэтаму – рускі свет.

Тутэйшы калгасны дыктатар пусціў яго на нашу зямлю, якую здаў агрэсару, каб утрымацца на троне. Але як здраднік па натуры, ён ужо адчуў, што перамагчы ў вайне з Украінай агрэсару не наканавана, і ўжо спрабуе адгрэбці ў бок. Не улічыў толькі, што і беларусы старонку не перагарнулі. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Пакуль краіна-агрэсар вырашае, чым бы замяніць імпартныя камплектавалыя ў сваім аўтапроме, свет развіваецца. Гэта робіць і Формула Е, і так, здавалася б, звышпрагрэсіўная. І яе чарговы сезон, што завяршыўся ўчора ў Сеуле, стаў апошнім для машын другога пакалення. З наступнага года будзе новае, пра якое я расказваў у аглядзе Электрычнага Прызу Манака і пра якое мы яшчэ неаднаразова пагаворым.

Расказаць пра гонкі ў сталіцы Паўночнай Карэі, а іх зноў было дзве – па адной у суботу і нядзелю, таксама ёсць што. Хаця канфігурацыя 2,6-кіламметровай трасы з дваццаццю двума паваротамі, што была арганізаваная вакол Алімпійскага парку, абгонам, як выявілася, не надта спрыяла. Нават зона актывацыі рэжыму атакі тут размяшчалася ў такім месцы, што трэба было пастарацца не каб захаваць пазіцыю пры яе наведванні, а каб страціць.

Хаця абгоны ўсё роўна былі, і ў суботу самыя, бадай, галоўныя, ужо на старце правёў гоншчык Jaguar TCS Racing Мітчэл Эванс. Ён кваліфікаваўся другім, але захаваць і нават павялічыць шанцы стаць чэмпіёнам у яго заставаліся, бо лідар чэмпіянату з Mercedes-EQ Стофель Вандорн стартаваў толькі сёмым.

Таму яго атака на пару з канкурэнтам з ROKiT Venturi Racing Лукаса дзі Грасі, на уладальніка поўлу з Mahindra Racing Олівера Роўланда, а потым і на самога бразільца была рашучай, добра разлічанай і паспяховай. Пры гэтым дзі Грасі другую пазіцыю не ўтрымаў, прапусціўшы і Роўланда, і пілота Avalanche Andretti Formula E Джэйка Дэніса.

У лідары, такім чынам, новазеландзец выбіўся ўжо да другога павароту. Аднак адразу ж адарвацца яму перашкодзілі адразу восем канкурэнтаў. Дакладней, перашкодзіла надвор’е. Яно ў Сеуле было складаным ад пачатку тыдня, і ў суботу таксама ішоў дождж, у тым ліку падчас кваліфікацыі. Мокрым асфальт заставаўся і на першых кругах гонкі, што амаль адразу прывяло да масавага завалу ў перадапошнім павароце, у якім паўдзельнічалі Себасцьен Буэмі, Олівер Аск’ю, Андрэ Лотэрэр, Дэн Ціктум, Олівер Цёрві, Нік Каэсідзі, Нарман Нато і Нік дэ Фрыс.

Гонка амаль адразу была спыненая чырвонымі сцягамі, бо маршалам трэба было і завал разабраць, і бар’ер бяспекі паправіць. Таму рэстарту пілотам прыйшлося чакаць 45 хвілін. Самай істотнай падзеяй у групе лідараў пасля аднаўлення гонкі стала вяртанне дзі Грасі на трэцюю пазіцыю, на якой ён адмашку клецістым сцягам і атрымаў. Эванс і Роўланд фінішавалі першым і другім.

Вандорн здолеў адрыграць пару пазіцый і заняць пятае месца, і набраных за яго ачкоў бельгійцу для чэмпіёнства пасля перамогі Эванса яшчэ не хапала. Затое хапіла ў нядзелю. Наогул, Эвансу дапамагчы мог толькі сход Стофеля з дыстанцыі пры абавязковай перамозе, інакш кажучы, цуд.

Але замест гэтага Мітч кваліфікаваўся трынаццатым, тады як Вандорн – чацвёртым. У выніку фінішаваць – гэта ўсё, што гоншчыку Мерсэдэса заставалася. Для нямецкай каманды, якая з чэмпіянату сышла, і ў наступным годзе пераўтворыцца ў McLaren, гэта было справай гонару.

Таму за барацьбой наперадзе Вандорн назіраў спакойна. А паназіраць было за чым! З поўла стартаваў пілот DS Techeetah Антоніу Фелікс да Кошта, які ў наступным годзе пераходзіць, а на самой справе, ужо перайшоў у Porsche. Першую атаку напарніка дзі Грасі Эдоарада Мартары на першым кругу партугалец адбіў, а вось другую на другім – ужо не. Болей за гэта, да Кошта яшчэ і Дэніса прапусціў.

Вярнуць сабе хаця б адну пазіцыю Антоніу Фелікс паспрабаваў на васямнаццатым кругу, калі ў яго была дадатковая магутнасць і ён пайшоў у атаку на Дэніса ў апошнім павароце. Партугалец ужо праціснуўся быў наперад, але і брытанец адступаць не думаў. У выніку паміж балідамі адбыўся кантакт, да Кошта ўткнуўся носам у бар’ер, страціў шмат пазіцый і фінішаваў толькі дзясятым.

Джэйк фізічна фінішаваў другім, але штрафныя пяць секунд за інцыдэнт з да Коштай адкінуў яго на трэцяе. Другім жа стаў Вандорн, які, натуральна, набытаму чэмпіёнству радаваўся болей, чым Мартара яшчэ адной сваёй перамозе.

У лічбах тытул Вандорна выражаны 213 ачкамі. Эванс, які ў нядзелю фінішаваў сёмым, са 170 баламі стаў віцэ-чэмпіёнам. Мартара, у якога 169 балаў, замкнуў першую тройку. Mercedes-EQ Formula E Team сталі двухразовымі пераможцамі ў камандным заліку, у якім у іх 319 ачкоў. ROKiT Venturi Racing з 295 баламі на другой пазіцыі, DS Techeetah трэція, у іх 266 балаў.

Фінальная версія календара наступнага сезону Формулы Е пакуль што не гатовая. Аднак пачнецца ён дакладна 28 студзеня ў Саудаўскай Аравіі. Чакаем з нецярпеннем – цікавага будзе шмат!

Другие посты блога

Все посты