Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Італьянскі дыктат. Франчэска Баньяя выйграў Гран Пры Сан-Марына, а Энеа Басціаніні – ледзь не выйграў

Італьянскі дыктат. Франчэска Баньяя выйграў Гран Пры Сан-Марына, а Энеа Басціаніні – ледзь не выйграў

Сезон MotoGP у сваёй другой частцы пасля летняй паўзы імкліва рэабілітуецца і рэанімуе інтрыгу. Франчэска Баньяя атрымаў ужо чацвёртую запар перамогу і падарыў надзею, што не ўсё скончана. Пры гэтым лёгка яму не было.

6 сентября 2022, 14:49
Італьянскі дыктат. Франчэска Баньяя выйграў Гран Пры Сан-Марына, а Энеа Басціаніні – ледзь не выйграў

Фота: motogp.com

Сезон MotoGP у сваёй другой частцы пасля летняй паўзы імкліва рэабілітуецца і рэанімуе інтрыгу. Франчэска Баньяя атрымаў ужо чацвёртую запар перамогу і падарыў надзею, што не ўсё скончана. Пры гэтым лёгка яму не было.

Апошнія паўгода лёгка не прыходзіцца Украіне, але яе перамога дакладна непазбежная. Агрэсар, які марыў пра бліцкрыг і ўзяцце Кіева за тры дні адразу атрымаў замест гэтага слёзы і сорам, а зараз паступова аддае тое, што адняў у нашых суседзяў і сяброў.

Ім дапамагаюць і аддаюць свае жыцці за іх і за нашу свабоду і нашы суайчыннікі. Беларусам патрэбная перамога Украіны, і яны набліжаюць яе, хто як можа. Нашы народы заслужылі волю і магчымасць самастойна вырашаць свой лёс, а таксама жыць у міры і сябраваць. Нашае права на гэта зараз і абараняюць украінцы, якім мы жадаем поспеху. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Прыклад сапраўдных сяброўскіх і добрасуседскіх адносін – Італія і Рэспубліка Сан-Марына, якая з Італіяй не проста мяжуе, а акружанае ёю з усіх бакоў. І з’яўляецца пры гэтым не яе часткай, а суверэннай дзяржавай, і нікому ў Італіі пры гэтым не прыходзіць у галаву зрабіць яе Італіяй. Сан-Марына нават мае права праводзіць уласныя этапы сусветных гоначных чэмпіянатаў.

Канечне, сама гэтая краіна занадта маленькая, таму гонкі пад яе сцягам прымае якраз Італія. Формула 1 калісьці Гран Пры Сан-Марына праводзіла ў Імале, а MotoGP для гэтага ў мінулы ўік-энд прыехаў у Мізана, на трасу імя Марка Сіманчэлі. Таму фактычна этап гэты быў італьянскім, і менавіта італьянцы, так ужо атрымалася, былі на ім дамінатарамі.

Ну, хіба што, акрамя суботы, калі адбылася кваліфікацыя, якую выйграў аўстраліец Джэк Мілер. Ён праводзіць апошні сезон у складзе завадской каманды Ducati. У наступным годзе склад гэты стане цалкам італьянскім – напарнікам Франчэска Баньяі стане Энеа Басціаніні, які выступае за Gresini Racing MotoGP. Ён у Мізана кваліфікаваўся другім і стаў адной з галоўных дзейных асоб нядзельнай гонкі.

Спачатку, праўда, імі сталі Жоан Зарко з Prima Pramac Racing, Пол Эспаргара, якога ў наступным годзе ў складзе Repsol Honda Team заменіць чэмпіён прэм’ер-катэгорыі 2020 года Хоан Мір, а таксама гоншчык Aruba.it Racing Мішэле Піра. Усе трое сутыкнуліся ў першым павароце і сышлі з дыстанцыі. На шчасце, траўм ніхто не атрымаў. Але гэта адбылося за спінай у Баньяі, які стартаваў трэцім і адразу прарваўся на трэцюю пазіцыю, размясціўшыся непасродна за Басціаніні.

Ім абодвум ужо на наступным кругу дапамог Мілер, упаўшы ў чацвёртым павароце. Джэк здолеў падняцца і працягнуць гонку, але скончыў яе толькі васямнаццатым. Баньяя кругам пазней абагнаў Басціаніні, выйшаўшы ў лідары. Энеа пры гэтым, здавалася, ініцыятыву страціў цалкам, бо прапусціў яшчэ і канкурэнта з Aprilia Racing Маверыка Віньялеса. А на шаснаццатым кругу, памыліўшыся ў дзясятым павароце, малады італьянец саступіў і трэцюю пазіцыю Луке Марыні з Mooney VR46 Racing Team.

Аднак гэта была апошняя памылка Басціаніні, якую ён выправіў адразу ж, контратакаваўшы Марыні ў наступным павароце. І неўзабаве пачаў даганяць Віньялеса з Баньяяй. Іспанца ён паспяхова атакаваў праз пару кругоў у першым павароце. З суайчыннікам і яго будучым напарнікам было значна складаней. Наблізіцца-та да яго атрымалася, а вось абагнаць аказалася зусім няпроста.

Затое напружанне захоўвалася не тое што да апошняга круга – да апошняга павароту апошняга круга! Выхад з яго лепей быў у Басціаніні, і ён пайшоў у апошнюю атаку, практычна давёўшы сітуацыю да фотафінішу. Двух італьянцаў раздзяліла ўсяго 0,034 секунды, і на гэты валасок наперадзе аказаўся ўсё ж Баньяя. Басціаніні заняў другое месца, Віньялес фінішаваў трэцім, Марыні – чацвёртым.

Дзейсны чэмпіён і лідар сезона з Monster Energy Yamaha MotoGP Фабіа Куартарара лічы што і не выступаў. Хаця гэта не так, зразумела, таму што і Эль Д’ябла па ходу гонкі адыграў некалькі пазіцый і, стартаваўшы восьмым, замкнуў у выніку першую пяцёрку.

Праўда, у чэмпіянаце Баньяя, які выбраўся на другую пазіцыю, адстае ад француза ўжо на 30 ачкоў, маючы 181 супраць 211. Алейш Эспаргара, які ў Мізана фінішаваў шостым, апусціўся на трэці радок, у яго 178 балаў. Ducati Lenovo Team з 304 ачкамі працягвае лідзіраваць у камандным заліку. Aprilia Racing тут мае 279 ачкоў і займае другую пазіцыю, Monster Energy Yamaha MotoGP, у якой 237 балаў, трэцяя.

Да канца сезону MotoGP застаецца шэсць этапаў, нават на адзін меней, чым у Формуле 1. Затое, у адрозненні ад каралеўскіў аўтагонак, у іх двухколавым аналагу яшчэ нічога не вырашана. Наступным яго этапам стане Гран Пры Арагона, які пройдзе ў іспанскім Альканісе 16-18 верасня.

Другие посты блога

Все посты