Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Маладосць мая, Новая Зеландыя! Выйграўшы яе ралі, Кале Раванпэра стаў чэмпіёнам свету па ралі

Маладосць мая, Новая Зеландыя! Выйграўшы яе ралі, Кале Раванпэра стаў чэмпіёнам свету па ралі

Ён усё ж такі гэта зрабіў – Кале Раванпэра стаў самым маладым чэмпіёнам у гісторыі WRC. Ралі Новая Зеландыя лятучы фін з каманды Toyota таксама правёў выдатна.

6 октября 2022, 00:57
Маладосць мая, Новая Зеландыя! Выйграўшы яе ралі, Кале Раванпэра стаў чэмпіёнам свету па ралі

Фота: wrc.com

Ён усё ж такі гэта зрабіў – Кале Раванпэра стаў самым маладым чэмпіёнам у гісторыі WRC. Ралі Новая Зеландыя лятучы фін з каманды Toyota таксама правёў выдатна.

Выдатную працу ў тым ліку ў гэтыя самыя хвіліны выконваюць Узброеныя сілы Украіны. Расійска-фашысцкія захопнікі, якія распачалі ў лютым вайну, былі ўпэўненыя, што свае злачынствы яны будуць здзяйсняць беспакарана. Але цяпер для іх надышоў час адказваць і вяртаць тое, што ім не належыць.

Дыктатары прысабечылі і Беларусь, але гэта не значыць, што яна ім належыць. Набліжаецца час, калі вызваліцца і наша радзіма, для чаго перамога ўкраінскага народа ёсць неабходнай умовай, і беларусы таксама гэтаму спрыяюць. У нас адзіны вораг, які сваёй вайной падпісаў сабе смяротны вырак. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Вельмі хацелася б, каб у будучыні Украіна прымала этап чэмпіянату свету па ралі. Прыгожых месцаў у яе хапае – адзін Крым чаго каштуе. У мінулы ж уік-энд удзельнікі WRC завіталі ў яшчэ адну прыгажосць, якое знаходзіцца на другім краю Зямлі, якое яны не наведвалі тры гады, але якое зусім не з’яўляецца новым.

Першае Ралі Новая Зеландыя ў статусе этапу чэмпіянату свету прайшло ў 1977 годзе, а папярэдняе – у 2018-м. У розныя часы па розных прычынах яно з календара выпадала, і ў два гады таму, як няцяжка здагадацца, правесці яго перашкодзіў каронавірус, што апанаваў свет. Пакуль што невядома, ці захаваецца яно ў наступным годзе, але гэтым разам ніхто не пашкадаваў, што ўзяў у ім удзел. Нават з тых, каму не пашанцавала.

А адным з першых не пашанцавала гоншчыку M-Sport Ford Крэйгу Брыну, які ў пятніцу спрачаўся за лідарства з канкурэнтам з Hyundai Отам Цянакам, які ўзначаліў быў агульны залік пасля суперспэшла ў чацвер. Аднак надвор’е ў наваколлях Оклэнда ў мінулыя выхадныя было зусім не сонечным. І на слізкім пасля дажджу гравіі ірландзец і памыліўся на пятым спецучастку, зашмат хуткасці завёзшы ў той самы правы паварот, у якім аналагічным чынам у 2002 годзе памыліўся Колін МакРэй.

З дапамогай балельшчыкаў Брын з кювета ўсё ж выбраўся, але часу страціў многа і адкаціўся на дваццаць чацвёртую пазіцыю. Аднак яго няўдача толькі часткова палегчыла задачу Цянаку, бо гоншчыкі Таёты – Элфін Эванс і дзевяціразовы чэмпіён Себасцьен Аж’е, які таксама прыехаў у Новую Зеландыю – нікуды не дзеліся.

Дый Раванпэра гэтым разам непрыемнасцей пазбег, хоць і не быў самым хуткім ад пачатку. Усю пятніцу ён бароўся за чацвёртую пазіцыю з партнёрам Брына па камандзе Гасам Грынсмітам, якога здолеў апярэдзіць па выніках шостага допа, адначасова ўвайшоўшы і ў групу лідараў, у якой перастаноўкі адбываліся не толькі на трасах.

Ужо ўвечары выявілася, што гібрыдныя сістэмы на Hyundai i20 N Rally1 Ота Цянака, які і скончыў пятніцу лідарам, і яго партнёра Цьеры Нэвіля выдавалі магутнасць большую за дазволеныя 240 кіладжоўлей (241,03 і 242,04 адпаведна), за што і эстонец, і бельгіец атрымалі па пяць штрафных секунд. Таму чэмпіён 2019 года саступіў лідарства Эвансу, апусціўшыся на другі радок.

Але ў суботу не пашанцавала ўжо валійцу, які патрапіў у аварыю на дзявятым спецучастку. Рух ён на сваім параненым GR Yaris Rally1 пасля гэтага працягнуў і нават страціў не так і шмат, адкаціўшыся толькі на чацвёртую пазіцыю. Ён нават дзясяты доп пераадолеў, але затым выявілася, што на машыне пашкоджаны каркас бяспекі, а ў такім выпадку экіпаж проста не дапускаецца да ўдзелу ў гонцы, і Элфіну прыйшлося сысці.

А вось Раванпэра (акурат у свой дваццаць другі Дзень нараджэння, дарэчы) не памыляўся, і раніцай паступова апярэдзіў спачатку Аж’е, а потым і Цянака, пакінуўшы іх разбірацца паміж сабой. І лідарства Кале так і не саступіў да самага фінішу ралі. У дуэлі цяпер ужо двух экс-чэмпіёнаў перамог той, у каго тытулаў на восем болей. Аж’е абагнаў Цянака яшчэ ў суботу па выніках дванаццатага спецучастка і ўсю нядзелю таксама ўпэўнена кантраляваў сітуацыю, заняўшы другое месца. От фінішаваў трэцім.

Раванпэра ж паклаў сабе ў скарбонку і пяць бонусных балаў за перамогу на фінальным суперспэшле і датэрмінова стаў новым чэмпіёнам свету па ралі. За два этапы да канца ў яго 237 ачкоў супраць 173 у Цянака. Нэвіль, які ў Новай Зеландыі заняў чацвёртае месца, у чэмпіянаце замыкае першую тройку са 144 баламі. Toyota, маючы 455 ачкоў, лідзіруе ў камандным заліку. Hyundai з 374 ачкамі на другой пазіцыі, M-Sport Ford на трэцяй, у яго 224 балы.

З малодшых катэгорый у Новай Зеландыі была прадстаўленая толькі WRC2, і ў ёй перамогу атрымаў мясцовы герой і былы ўдзельнік галоўнай катэгорыі чэмпіянату Хэйдэн Пэдан. Ён на сваім Hyundai i20 N Rally2 кантраляваў сітуацыю на роднай зямлі ад самага пачатку, і апярэдзіў Каетана Каетанавіча на Škoda Fabia Rally2, які заняў другое месца, болей чым на дзве з паловай хвіліны. Трэцяе месца дасталася яшчэ адной мясцовай зорцы – вядомаму і далёка за межамі радзімы кальцавіку Шэйну ван Гісбергену, які таксама за стырном Шкоды дэбютаваў у сусветным ралі.

Наступным і перадапошнім этапам WRC стане Ралі Іспанія, якое пройдзе 20-23 кастрычніка.

Другие посты блога

Все посты