Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Падвоеная радасць. Амерыканская каманда перамагла на Мотакросе Нацый на сваёй зямлі

Падвоеная радасць. Амерыканская каманда перамагла на Мотакросе Нацый на сваёй зямлі

Амерыканцы не выйгравалі прэстыжнае спаборніцтва адзінаццаць гадоў. Але ў апошнія выхадныя верасня Элай Тамак, Чэйз Сэкстан і Джасцін Купер перапынілі непрыемную тэндэнцыю ў Рэд Бадзе, штат Мічыган.

8 октября 2022, 00:28
Падвоеная радасць. Амерыканская каманда перамагла на Мотакросе Нацый на сваёй зямлі

Фота: mxgp.com

Амерыканцы не выйгравалі прэстыжнае спаборніцтва адзінаццаць гадоў. Але ў апошнія выхадныя верасня Элай Тамак, Чэйз Сэкстан і Джасцін Купер перапынілі непрыемную тэндэнцыю ў Рэд Бадзе, штат Мічыган.

Мотакрос Нацый адбыўся ўжо два тыдні таму, але вельмі важная навіна прыйшла сёння – наш знакаміты суайчыннік, праваабаронца Алесь Бяляцкі, якога калгасны дыктатар трымае ў астрогу, разам з беларускай «Вясной», расійскім «Мемориалом» і Украінскім цэнтрам грамадзянскіх свабод атрымалі Нобелеўскую прэмію міру.

Намаганні спадара Алеся і яго расійскіх і ўкраінскіх калег увесь час былі скіраваныя на тое, каб прынесці волю свайму народу і даць яму магчымасць развівацца ў сяброўстве з суседзямі, каб не было вайны, пакут, смярцей, болі і слёз. Але ў двух дыктатарскіх рэжымаў планы былі іншыя, і такія людзі, як Алесь Бяляцкі перашкаджаюць ім і з’яўляюцца для іх небяспечнымі.

І Узброеныя сілы Украіны, насамрэч, зараз змагаюцца за вызваленне не толькі іх прыгожай зямлі, а і спадара Бяляцкага таксама. Украінскія героі ачышчаюць сваю радзіму ад расійска-фашысцкага бруду з дапамогай у тым ліку беларусаў, якім патрэбная перамога іх суседзяў і сяброў, каб ачысціць сваю радзіму, героем якой будзе спадар Алесь і іншыя палітвязні. А два дыктатары непазбежна панясуць адказнасць за свае злачынствы. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Спадзяюся, ва Украіне ў будучыні знойдзецца месца для Мотакросу Нацый – гэтакіх мотакросавых алімпійскіх гульняў, якія, як і звычайныя алімпійскія гульні, сімвалізуюць мір. У гэтым годзе гэтае спаборніцтва прынялі ЗША, адзін з сяброў што ўкраінцаў, што беларусаў. І, як у мінулым годзе італьянцы, так і ў гэтым амерыканцы на сваёй зямлі сталі мотакросавымі чэмпіёнамі свету.

Фармат у параўнанні з мінулым годам не змяніўся. Кваліфікацыйныя адборачныя заезды і тры галоўных: MXGP і MX2, MX2 і Open, MXGP і Open. Ачкі налічваюцца ў адпаведнасці з пазіцыяй на фінішы, але першая прыносіць адзін бал, і перамагае тая каманда, у якой гэтых балаў набіраецца найменей. Найгоршы вынік не ўлічваецца. У кожнай камандзе па тры гоншчыка, адпаведна з колькасцю класаў.

Гонкі праходзілі на 1 900-метровай трасе ў Рэд Бадзе, штат Мічыган. Трасе сугліністай, і таму можна ўявіць сабе, наколькі няпроста было гоншчыкам пасля дажджу, які накрапваў і цягам галоўных заездаў. Хіба што ў мясцовых райдэраў, якія мелі ў Рэд Бадзе нейкія накат і досвед, была пэўная перавага, што было бачна ў першай гонцы, дзе выступалі ўдзельнікі катэгорый MXGP і MX2.

Хол-шот тут, праўда, выйграў дзейсны віцэ-чэмпіён MX2 – бельгіец Яга Гіртс, але амаль адразу лідарства ў яго перахапіў якраз амерыканец Элай Тамак. Першую пазіцыю ён так і не саступіў да самага фінішу, як і Гіртс нікому не аддаў другую пазіцыю. Француз Максім Рэно ў сваю чаргу правёў усю гонку на трэцяй пазіцыі, на ёй жа і фінішаваўшы.

У другім заездзе спаборнічалі ўдзельнікі класаў MX2 і Open, і яго бадзёра італьянец Маціа Гуаданьіні, за якім размясціліся амерыканец Чэйз Сэкстан і аўстраліец Джэт Лоўрэнс. Гэтая тройца заставалася ў такім саставе ўсю гонку, але змены ў ёй, у адрозненні ад папярэдняга заезду, адбываліся. Спачатку Лоўрэнс пачаў ціснуць на Сэкстана і падганяць яго. Амерыканец паспрабаваў адарвацца, разагнаўся і паспрабаваў атакаваць Гуаданьіні, але Маціа адбіўся.

А вось сам Чэйз атаку Лоўрэнса не адбіў, хаця сам потым з другой спробы абагнаў Гуаданьіні, пасля таго як італьянца пакінуў ззаду Лоўрэнс, які першым адмашку клецістым сцягам і атрымаў. Маціа патрапіў пад уціск з боку яшчэ аднаго амерыканца Джасціна Купера, але яго здолеў стрымаць і фінішаваў трэцім.

Аб’яднаны заезд MXGP і Open мог бы скончыцца дублем зборнай Францыі. Хол-шот выйграў Максім Рэно, ззаду ў яго размясціўся яго суайчыннік Дзілан Ферандзіс. Хутка паміж імі адбыўся размен пазіцыямі, але на чацвёртым кругу Дзілан упаў, адкаціўшыся на шостую пазіцыю. Рэно ж патрапіў пад уціск з боку Сэкстана, які ізноў ішоў парай з Лоўрэнсам, і на восьмым кругу аўстраліец зноў апярэдзіў амерыканца.

Дагнаць Рэно Джэт не паспеў, гэтым разам задаволіўшыся другім месцам, трэцяе заняў Сэкстан. Максім жа перамог не толькі ў фінальным заездзе, але і ў катэгорыі MXGP. У MX2 мацнейшым стаў Джасцін Купер, а Лоўрэнс, для якога гэта быў дэбют у Мотакросе Нацый, аказаўся лепшым у катэгорыі Open. У самым жа галоўным заліку нацый золата, набраўшы 16 ачкоў, заваявалі амерыканцы. Срэбра дасталася французам, якія зарабілі 23 ачкі, а бронзу заваявалі аўстралійцы, якія апярэдзілі французаў (або адсталі ад іх, калі вам больш падабаецца) на тры ачкі.

Каляндар чэмпіянату свету па мотакросе на наступны год пакуль што невядомы. А вось Мотакрос Нацый-2023 пройдзе ў Францыі, праўда, пакуль што не ўдакладняецца, на якой менавіта трасе.

Другие посты блога

Все посты