Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Макс Ферстапен супраць гайкавёрта і дзіўнае судзейства на Гран Пры ЗША

Макс Ферстапен супраць гайкавёрта і дзіўнае судзейства на Гран Пры ЗША

Мала хто сумняваўся, што дзейсны і цяпер ужо двухразовы чэмпіён пераможа ў Осціне. Ён і перамог, але не так лёгка, як планаваў. Затое перамог чыста, у суддзяў да яго пытанняў не было, як і да некаторых іншых удзельнікаў Гран Пры ЗША. І тут судзейства Формулы 1 паўстала ва ўсёй сваёй красе.

24 октября 2022, 22:38
Макс Ферстапен супраць гайкавёрта і дзіўнае судзейства на Гран Пры ЗША

Фота: formula1.com

Мала хто сумняваўся, што дзейсны і цяпер ужо двухразовы чэмпіён пераможа ў Осціне. Ён і перамог, але не так лёгка, як планаваў. Затое перамог чыста, у суддзяў да яго пытанняў не было, як і да некаторых іншых удзельнікаў Гран Пры ЗША. І тут судзейства Формулы 1 паўстала ва ўсёй сваёй красе.

Роўна восем месяцаў таму ва Украіне пачалася гарачая фаза яе вайны з расійска-фашысцкімі захопнікамі. Канчаткова з’ехаўшы з глузду, дыктатар паверыў у то, што можа сілай прымусіць любіць і баяцца сябе вольных людзей. Атрымалася толькі дапамагчы ім узненавідзець усіх рускіх і рускую мову.

Задача ўсіх беларусаў – не даць зараз уцягнуць сябе ў злачынства. Тутэйшы калгасны дыктатар здаў нашу зямлю агрэсару, а цяпер і яго войска можа далучыцца да расійскага. Кожны беларускі салдат, які выканае злачынны загад, павінен ведаць, што калі ён адразу не здасца Узброеным сілам Украіны, то стане ворагам і Украіны, і Беларусі.

У беларускай арміі па-ранейшаму ёсць магчымасць перайсці на бок беларусаў, дапамагчы ім дарабіць тое, што было пачатае ў 2020 годзе, і стаць сябрам беларусаў і ўкраінцаў. Дыктатары зыдуць у нябыт, а народы застануцца, і будуць сябраваць. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Кампанія Red Bull – не Расія, якой кіруе вар’ят, таму да яе можна ставіцца па-рознаму. Але нельга не прызнаць яе велізарнага ўкладу ў развіццё спорту па ўсім свеце. Застаецца спадзявацца, што справа Дзітрыха Мацешыца працягне жыць нават пасля таго, як ён пайшоў з жыцця. Здарылася гэта ў мінулую суботу, калі поўным ходам ішоў Гран Пры ЗША, у якім удзельнічала і створаная ім каманда Формулы 1.

Каманда тая па-ранейшаму застаецца ў цэнтры скандалу, звязанага з перарасходам бюджэту ў мінулым годзе. Магчыма, праз смерць спадара Мацешыца ні пра якія наступствы для Red Bull не было абвешчана ўжо ў Осціне. Таму радасць ад перамогі Макса Ферстапена нішто не азмрочыла. Ну, хіба што промах самой каманды, але гэтую праблему двухразовы чэмпіён свету вырашыў самастойна.

Другарадную задачу – абагнаць уладальніка поўлу з Ferrari Карласа Сайнса – нідэрландзец выканаў ужо на старце гонкі. Напарнік іспанца Шарль Леклер, які напярэдадні ў кваліфікацыі паказаў другі вынік, за замену рухавіка ўнутранага згарання і турбіны адразу адправіўся на дванаццатую пазіцыю, таму перашкоды сабою не ўяўляў.

Ну і Карласа тут жа ў першым павароце прыбраў пілот Mercedes Джордж Расэл, які стартаваў чацвёртым. За гэта ён пазней атрымаў 5-секундны штраф. Іспанец жа спачатку адкаціўся назад, а хутка і датэрмінова завяршыў гонку ў боксах – на яго балідзе пашкоджанні атрымала сістэма ахалоджвання.

У Ферстапена ж усё было добра да самага другога піт-стопа на мяжы трыццаць шостага і трыццаць сёмага кругоў. На роўным месцы ўзніклі праблемы з гайкавёртам у механіка, які адказваў за левае пярэдняе кола. І замест звычных секунд дзвюх з паловай Макса абслугоўвалі больш за адзінаццаць. На трасу ён вярнуўся на шостай пазіцыі, чым, натуральна, задаволены не быў. Хоць, здаецца, і разумеў, што шанцы адыграцца высокія.

Гэтым Ферстапен і заняўся. Ён хутка наблізіўся да Леклера, які прабіўся ўжо на чацвёртую пазіцыю, і пасля некаторага супраціву з боку манэгаска прайшоў яго. Себасцьян Фетэль, які праводзіць свой апошні сезон і які выбраўся быў на першую пазіцыю, максімальна адцягнуўшы піт-стоп, нарэшце на яго адправіўся (і на ім таксама адбылася замінка), што дазволіла Максу падняцца яшчэ на пазіцыю вышэй.

Ну а Льюіс Хэмілтан, які адзіны застаўся наперадзе, у гэтым сезоне не з’яўляецца такой пагрозай, як у мінулым. Нідэрландзец пачаў хутка да яго набліжацца і абагнаў на пяцідзясятым кругу. Праўда, брытанец не надта адстаў, і некаторы час нерваваў Макса, праз што, магчыма, той пару раз парушыў межы трасы, за што атрымаў папярэджанне чорна-белым сцягам. І амаль адразу ж такое ж атрымаў Льюіс, таму абодва апынуліся ў парытэтным становішчы.

Да пакаранняў у іх выпадку так і не дайшло – гонка хутка скончылася. Ферстапен перамог, Хэмілтан заняў другое месца, Леклер – трэцяе. Разборкі пачаліся пазней, і з іншымі гоншчыкамі. На дваццаць другім кругу Фернанда Алонса на рэстарце пасля аўтамабіля бяспекі, падчас якога эвакуіравалі балід Валтары Ботаса, які вылецеў з трасы, сутыкнуўся са сваім будучым напарнікам па Aston Martin Лэнсам Стролам. Вінаватым тут прызналі канадца, пазбавіўшы яго трох пазіцый на старце наступнай гонкі ў Мехіка, а іспанец правінаваціўся іншым чынам, і заўважылі гэта ў Haas.

Тройчы ў гэтым сезоне праз нязначныя, як падавалася самому Кэвіну Магнусэну і яго камандзе, пашкоджанні машыны яму чорна-аранжавым сцягам загадвалі наведаць боксы для рамонту. Балід Алонса пасля здарэння ў Осціне таксама быў пашкоджаны, а пад канец гонкі ад яго проста адвалілася правае люстэрка задняга віду. У Alpine пазней спасылаліся на нейкі прэцэдэнт на Гран Пры Японіі 2019 года, калі са зламанымі люстэркамі каталіся Хэмілтан і Леклер, але суддзі не пагадзіліся.

Двухразоваму чэмпіёну прызначылі пакаранне ў выглядзе 10-секунднага Stop&Go, але паколькі гонка ўжо скончылася, гэты штраф быў заменены 30-секундным. У выніку Алонса з сёмага месца апусціўся на пятнаццатае. Ну а пытанні засталіся. Галоўнае з іх – чаму суддзі адразу не заўважылі, што яго балід не быў у бяспечным стане? Ці хаця б чаму не пабачылі гэта пасля фінішу самі?

Пратэст, дарэчы, быў пададзены і супраць пілота Red Bull Серхіа Перэса, які ў барацьбе зламаў кантавую пласціну пярэдняга антыкрыла, але яго суддзі адхілілі. Маўляў, каманда прадставіла фотаздымкі, на якіх было бачна, што пашкоджанне не было небяспечным. А што, так можна было?! Атрымліваецца, і ў Haas раней гэтак жа маглі зрабіць з Магнусэнам?

Таму мексіканец сваё чацвёртае месца захаваў, і разам з Ферстапенам прынёс сваёй камандзе перамогу ў Кубку канструктараў. Там Red Bull мае цяпер 656 ачкоў супраць 469 у Ferrari. Скудэрыя на гонках, што засталіся, цяпер хіба што сваю другую пазіцыю будзе абараняць ад Mercedes, які з 416 баламі замыкае першую тройку. Замыкае, ужо сярод гоншчыкаў, яе цяпер і Перэс, які мае 265 ачкоў. Леклер апярэджвае яго на два і займае другую пазіцыю. Ферстапен жа, у якога 391 бал, стаў недасягальным для астатніх яшчэ ў Японіі.

Гран Пры Мексікі будзе наступным этапам гэтага сезона з трох, што засталіся. Ён адбудзецца на Аўтадроме імя братоў Радрыгес ужо ў бліжэйшы ўік-энд.

Другие посты блога

Все посты