Tribuna/Футбол/Блоги/На вулiцы маёй/Бацька Рыжанкова, які зараз павучае баскетбалістаў, – першы міністр спорту ў гісторыі Беларусі: быў галоўным алімпійцам да Лукашэнкі, адсудзіў добрыя грошы ў «Прэсбола»

Бацька Рыжанкова, які зараз павучае баскетбалістаў, – першы міністр спорту ў гісторыі Беларусі: быў галоўным алімпійцам да Лукашэнкі, адсудзіў добрыя грошы ў «Прэсбола»

При Владимире Рыженкове страна выступила на двух Олимпиадах.

25 апреля 2021, 08:01
4
Бацька Рыжанкова, які зараз павучае баскетбалістаў, – першы міністр спорту ў гісторыі Беларусі: быў галоўным алімпійцам да Лукашэнкі, адсудзіў добрыя грошы ў «Прэсбола»

Газета прызначала яго «Мiстэрам Тормазам».

З сакавіка 2018 года беларускім спортам кіруе Сяргей Кавальчук. Ураджэнец сяла Журавок Брэсцкай вобласці – дзявяты міністр спорту краіны з лістапада 1995-га, калі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні Міністэрства спорту і турызму як самастойнай структуры, да таго быў проста камітэт па спорце ў Міністэрстве культуры і друку. Першым міністрам спорту незалежнай Беларусi стаў Уладзімір Рыжанкоў – бацька цяперашняга кіраўніка баскетбольнай федэрацыі, які вучыць гульцоў жыццю, і першага намкіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Максіма Рыжанкова.

У той час Рыжанкоў-старэйшы быў прэзідэнтам НАК (з 1990-га) і ўзначальваў узгаданы камітэт па спорце ў Мінкульце. На новай пасадзе чыноўнік прапрацаваў нядоўга – 12 снежня 1996 года памёр ад інсульту ва ўзросце 51 года.

* * *

У спорт Рыжанкоў прыйшоў у канцы 1970-х. У 1964-м ураджэнец Добруша скончыў Гомельскі дарожна-будаўнічы тэхнікум і ненадоўга ўладкаваўся працаваць дарожным майстрам. Пасля службы (тры гады ў ракетных войсках на Байкануры) паступіў у Беларускі дзяржаўны інстытут фізкультуры, які скончыў у 1972-м. Атрымаўшы дыплом, застаўся выкладаць на кафедры спартыўных гульняў. У 1978 годзе стаў намеснікам старшыні Цэнтральнай Рады сельскага добраахвотнага спартыўнага таварыства «Ураджай», у 1979-м – начальнікам упраўлення фізічнага выхавання Камітэта па фізічнай культуры і спорту пры Савеце Міністраў БССР, а яшчэ праз тры гады – загадчыкам сектара фізкультуры і спорту аддзела адміністрацыйных органаў ЦК Кампартыi Беларусi.

У ліпені 1990 года Рыжанкоў узначаліў Дзяржкамітэт БССР па фізічнай культуры і спорце, а пасля развалу СССР не толькi застаўся на чале дзяржкамітэта ўжо Беларусi, але i пасля стварэння НАК краiны апынуўся кiраўнiком таксама гэтай структуры. За такое сумяшчэнне пастоў чыноўніку парадкам даставалася ад маладой газеты «Прэсбол». Журналісты выдання рэгулярна паказвалі Рыжанкову на недапушчальнасць такога і вельмі жорстка крытыкавалі. Так, па выніках 1992 года Рыжанкоў атрымаў ад газеты тытул «Містэр Тормаз-92». Званне выданне прысуджала тым спартыўным чыноўнікам, з якімі былi звязаныя галоўныя канфузы года, і якія, на думку выдання, замаруджвалi развіццё белспорту. Акрамя яго ў тройку лаўрэатаў прэмii тады таксама ўвайшлі кіраўнік ФХБ Яўген Анкуда (не здолеў дамовiцца пра ўключэнне зборных Беларусі ўсіх узростаў у сістэму чэмпіянатаў свету) і бос БФФ Яўген Шунтаў (тая ж праблема – клубы і зборная праляцелі міма еўракубкаў і адбору на ЧС-1994).

Рыжанкову па выніках 1992-го інкрымінавалі наступнае:

– мысленне, этыкет і характар ​​яго учынкаў, якiя «аддавалi старой партыйнасцю»;

– карупцыю і пратэкцыянізм, якія выцякалі з сумяшчэння чыноўнікам пасад у дзяржапараце і грамадскай арганізацыі;

– падзел спортпрэсы на пажаданую і непажаданую і поўная адсутнасць зваротнай сувязі – за год не было ніводнай прэс-канферэнцыі.

Тытул Рыжанкоў захаваў і ў наступным, 1993 годзе.

Артыкулы пра працу Рыжанкова выходзілі як сур’ёзныя, так і не вельмі. Да прыкладу, у «чорнай калонцы» ў лютым 1994-га (падчас Алімпіяды ў Лілехамеры) у газеце выйшла заметка пра тое, што Гульні ў Нарвегіі ад «Спартыўнай панарамы» асвятляюць чатыры спецыяльных карэспандэнта, але ўсё роўна ёсць недахопы. Пасля гэтага змяшчалася парада: трэба было старшыні Дзяржкамспорту папрасіць прэзідэнта НАК узяць у паездку наогул усю рэдакцыю газеты. «Думаецца, прэзідэнт не змог бы адмовіць старшыні. Бо яны хоць і з розных ведамстваў, але шмат у чым людзі блізкія, недалёкія то бок», – пісала газета. Як мы памятаем, пасады займаў адзiн чалавек – сам Рыжанкоў.

У выніку за сваё слова журналісты пацярпелі. У сакавіку 1995 года чыноўнік падаў на газету ў суд. У iскавай заяве ён сцвярджаў, што з 1992 года на старонках выдання выходзілі матэрыялы, у якіх звесткі не адпавядалi рэчаіснасцi i няславілi яго гонар і годнасць. Рыжанкоў прывёў у прыклад дзевяць такіх артыкулаў. Абазначым некаторыя.

У жніўнi 1992-га (час Алiмпiяды ў Барселоне) галоўрэд «ПБ» Аляксандр Барысевіч пiсаў: «У Дзяржкамспорту РБ, НАК і асабіста ў Рыжанкова ўсюды ўсё схоплена, за ўсё заплачана. Такая утварылася маленькая мафіёзная структура вольных муляроў, звязаных таямніцай бясплатнага наведвання Каталоніі». У сваю чаргу чыноўнік запэўніваў, што гэта гэта нармальна, калі на Алімпіядзе прысутнічаюць спартыўныя босы краіны і людзі, адказныя за развіццё спорту, таму і няма крымiналу ў тым, што апроч яго ў Барселону на АГ-92 паехалі старшыня Саўміна Станіслаў Брыль, мэр Мінска Аляксандр Герасіменка, міністр замежных спраў Пятро Краўчанка і іншыя.

Артыкул за снежань 1992-го, аўтар ужо намгалоўрэда Уладзімір Беражкоў: «Колькі б ні казалі ў Вярхоўным Савеце пра неабходнасць барацьбы з карупцыяй і пратэкцыянізмам, Уладзімір Мікалаевіч [Рыжанкоў] працягвае легальна карумпаваць і пратэкцыянаваць. Прычым сам з сабой – партнёры ў гэтым, як аказалася, нават без патрэбы. Сумяшчэнне кіруючых пасад у дзяржаўнай і грамадскай арганізацыі дазваляюць не толькі жыць нябедна, але і захоўваць імідж пасаяховага старасты. З аднаго боку кішэня падаткаплацельшчыкаў, з другога – уласная. Прычым саграваць свае рукі можна і там, і там у залежнасці ад настрою нарматыўна-фінансавых дакументаў і заканадаўчай улады». Рыжанкоў адзначаў, што гэтыя словы паказваюць яго як крымінальнага злачынцу i з’яўляюцца «грубай хлуснёй».

Ліпень 1994 года, яшчэ адзін артыкул, зноў аўтар Аляксандр Барысевіч: «Рыжанкоў быў разбэшчаны ўладай і бессаромна «купляў» станоўчае меркаванне аб сабе ў сродках масавай інфармацыі шляхам выбарачнай раздачы сланоў і скіпетраў: менавіта яго подпіс стаяў на ўсіх замежных камандзіроўках журналістаў. Яму не хапала кругагляду, інтэлігентнасці, ён быў прагны да замежкамандзіровак, часта хамаваты і непаслужлiвы, занадта начальніцкi палахлівы». І гэтыя словы Рыжанкоў назваў не адпаведнымі рэчаіснасці.

Увогуле чыноўнiк прасіў суд абавязаць газету надрукаваць абвяржэнне кожнага артыкула і спагнаць 30 мільёнаў рублёў (2600 долараў ЗША па тагачасным курсе) з «Прэсбола», 27 мільёнаў рублёў (2350 долараў) з ХК «Цівалі», які да вясны 1994-га быў уладальнікам «ПБ», 43,5 мільёна рублёў (3800 долараў) з Барысевіча і 13,5 мільёна рублёў (1200 долараў) з Уладзіміра Беражкова ў якасці кампенсацыі маральнай шкоды. Паводле даных Мінстата, намінальны налічаны сярэднямесячны заробак у 1995 годзе складаў 60-65 долараў.

Суд задаволіў iск часткова: прызнаў не адпаведнымі рэчаіснасці з няслаўленнем гонару і годнасцi Рыжанкова толькі некаторыя артыкулы і пастанавіў спагнаць на яго карысць 30 мільёнаў рублёў (2600 даляраў) з газеты, 15 мільёнаў рублёў (1300 даляраў) з ХК «Цівалі», 3 мільёны рублёў (260 даляраў) з Барысевіча і 1 мільён рублёў (87 даляраў) з Беражкова. Поўны артыкул «Прэсбола» пра паседжанне і прысуд можна прачытаць па спасылцы.

Сума для газеты была непад’ёмнай, і выданне звярнулася па дапамогу на сваіх старонках. Ужо праз некалькі дзён штраф пагасiлi цалкам – праз шчодрасць кампаніi Finway, якую ўзначальваў Юрый Арлоў. Зараз Арлоў з’яўляецца дырэктарам «Прэсбола» – менавіта пры ім у газеце адбыліся кардынальныя «апалітычныя» перамены, якія прывялі да масавага зыходу журналістаў.

Пасля суда адносіны паміж Рыжанковым і газетай наладзіліся. Ужо ў снежні 1995 года новаспечаны міністр спорту запрасіў журналістаў да сябе ў кабінет і даў інтэрв’ю, у якім адзначыў, што раней паміж бакамі не хапала кантакту, а таксама заявіў, што не трымае зла на газету. Больш за тое, карэспандэнт «ПБ» без праблем атрымаў акрэдытацыю НАК на Алімпійскія гульні ў Атланце.

Алімпіяда ў ЗША была другой для краіны пад уласным сцягам і чацвёртай наогул – у 1992-м у Альбервiле і Барселоне беларусы выступалі як частка аб’яднанай каманды. Медальны ўлоў Гульняў у Атланце такі: 1 залаты медаль, 6 сярэбраных, 8 бронзавых. Усяго ж за час праўлення Рыжанкова Беларусь на Алімпіядах (у тым ліку ў складзе АК) заваявала 14 залатых, 13 сярэбраных і 14 бронзавых узнагарод. Акрамя таго, у заслугу чыноўніку можна занесці аператыўнае прызнанне беларускага спорту ў МАК і падтрыманне дзяржфінансавання спорту на прымальным узроўні.

Увечары 3 снежня 1996 года Рыжанкова хапіў інсульт. Дзевяць дзён чыноўнiк праляжаў без прытомнасці ў рэанімацыі, але яго стан не паляпшаўся. 12 снежня міністр памёр. «Прэсбол» яго смерць суправадзіў такімі словамі: «Пайшоў, не вытрымаўшы напружання алімпійскага года і разнамасных форумаў спартыўнай грамадскасці, дзе яму ой як даставалася ад стаячага так высока, што не дастаць і поглядам. Цяпер будзе даставацца іншаму». Форумы спартыўнай грамадскасці – гэта папярэднік алімпійскіх сходаў. У 1996 падобны здарыўся ў кастрычніку. «Прэсбол» адзначаў: тады Рыжанкоў сказаў, што Аляксандр Лукашэнка з’яўляецца «адзіным вышэйшым чыноўнікам, якi не на словах, а на справе падтрымлівае фізкультуру і спорт».

Адносіны Рыжанкова і Лукашэнкi складваліся цікава. На выбарах прэзідэнта ў 1994-м спартчыноўнік падтрымліваў прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча – быў у яго камандзе і, як сцвярджаў «Прэсбол», ініцыяваў «Зварот спартсменаў Беларусі ў падтрымку Кебіча». Пасля паразы кандыдата газета нават лічыла, што за такое Рыжанкоў можа і пасады пазбавіцца. Але ў 1995-м менавіта яго Лукашэнка зрабіў першым міністрам спорту. Што цікава, праз шмат гадоў сын Рыжанкова казаў, што яго бацька «з гарачым сэрцам і вялікімі надзеямі ўспрыняў абранне першага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, стаў верным паплечнікам Лукашэнкі ў прасоўванні глыбінных рэформ, якiя выяўлялiся перш за ўсё ў цэнтралізацыі спартыўнай вертыкалі, умацаванні ўлады, вырашэнні сацыяльна значных задач».

На сходзе ў 1996-м Лукашэнка выступаў у сваім стылі – разносіў усіх. Так, ён запатрабаваў у 1997 годзе вярнуць людзям усе спартыўныя аб’екты краіны. Дасталася і Рыжанкову, якому было даручана вярнуць на радзіму лепшых беларускіх спартсменаў «усіх да аднаго чалавечка». Акрамя таго, міністр павінен быў да Новага года вярнуць у школы ўсіх настаўнікаў фізкультуры пад пагрозай таго, што ў iншым выпадку разам з міністрам адукацыі Васілём Стражавым адправіцца праводзіць урокі асабіста. «Вяртайце ў спорт усё добрае, што было ў савецкія часы. А дрэннага там не было», – адзначаў Лукашэнка, зрываючы апладысменты. Неўзабаве пасля смерці Рыжанкова Лукашэнка прызначыў міністрам спорту Уладзіміра Макейчыка, а месца прэзідэнта НАК заняў сам.

Гісторыя з судом, «Прэсболам» і смерцю Рыжанкова мела працяг. У 2008-м у «Спартыўнай панараме» выйшла інтэрв’ю дырэктара НДІ фізкультуры і спорту Аляксандра Бондара. Кіраўнік казаў, што «ў 1996 годзе, калі Рыжанкова не стала, пасля гульняў у Атланце [Уладзімір] Беражкоў папрасіў прабачэння за жорсткую крытыку гэтага чалавека, прызнаўшы часткова сваю віну ў яго смерці». Тагачасны галоўны рэдактар ​​«ПБ» заявіў, што гэта хлусня, і падаў на Бондара ў суд. «Гэты факт не адпавядае рэчаiснасці, бо законным парадкам мяне ніколі не абвінавачвалі, і я сам ніколі не браў на сябе ніякай віны за смерць с-ра Рыжанкова», – пісаў у іскавай заяве журналіст. У якасці кампенсацыі Беражкоў прасіў спагнаць з Бондара 50 мільёнаў рублёў. Аднак суд Цэнтральнага раёна ў задавальненні iску адмовіў.

У 2013-м Максім Рыжанкоў паставіў кропку ў гэтым пытанні. «Не хачу больш прыцягваць увагу да гэтай тэмы, але адкажу тым, хто не пакідае спробы яе падагрэць: я дакладна ведаю, што «Прэсбол» недатычны да смерці майго бацькі», – прызнаўся чыноўнік.

***

Сёння, у нядзелю, сайты TUT.BY, «Анлайнер» і «Трыбуна» адмыслова выдаюць тэксты па-беларуску, каб нагадаць і сабе, і сваім чытачам пра тое, якое вялізнае значэнне мае беларуская мова для нацыянальнай культуры і для фарміравання беларускай нацыі. Вось iншыя гісторыі, пра якія «Трыбуна» распавядае сёння па-беларуску:

Сацыяльныя сеткі «Трыбуны» сёння таксама будуць весціся па-беларуску – далучайцеся да нас у Telegram, Instagram, УКантакце, Facebook, Twitter.

Вось якія беларускамоўныя гісторыі можна пачытаць на TUT.BY:

А вось якія тэксты падрыхтаваў «Анлайнер»:

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты