канстуктыўная крытыка спорту
Блог

Дзве гульні Гродзенскай “Вікторыі”, дзе мяне здзівілі яе супернікі

На жаль, дэрбі гродзенскіх каманд было прадвызначана яшчэ да гульні.

Ці то зусім маладзенькія дзяўчаты не здолелі пераадолець мандраж перад прынцыпіяльнай гульней?

Ці трэнерскі штаб “перакачаў” з матывацыяй?

Але вынік адзін – мяч у кош не ляцеў, не гаворачы ўжо ні пра які кураж, натхненне.

Што трэба было рабіць у такім выпадку? На маю думку, увесь час пераконваць дзяўчат верыць у свае сілы, выключыць авантурныя кідкі (таму што і самыя простыя часта не заляталі). Да мінімума зменшыць трохачковыя.

Таксама можна было б паспрабаваць выкарыстаць сваю перавагу перад старшай камандай у некаторых кампанентах.

1. Новік Екацярына на сёння для мяне з’яўляецца лепшай разыгрываючай беларускага чэмпіянату. І Бярнацкая Яўгенія ні ў чым не саступае Ю. Васілевіч, якая ў большасці ўрыванняў толькі сімулюе пагрозу кальцу. Пры адсутнасці плену ў нападзенні, абодва крэатыўшчыкі “Вікторыі” маглі б паспрабаваць сваёй агрэсіяй і рухавасцю правакаваць на фалы суперніка.

2. У Алімпіі, як і ва ўсіх камандах акрамя “Гарызонту”, таксама няма талковага цэнтру ( Я. Галякова мае абмежаваны патэнцыял, які не заўседы рэалізуе). Дамянюк Паліна ж спрабуе рабіць на пляцоўцы розныя рэчы, што і адпавядае патрабаванням сучаснага баскетболу. Ствараць спрыяльныя пазіцыі для яе ўрыванняў, тыя ж правакацыі фалоў – усе гэта магло захаваць шансы калі не на перамогу, дык на пазбяганне правалу.

На жаль, у трэнерскага штабу “Вікторыі” не толькі не атрымалася супакоіць каманду, але і зменшыць наступствы мандражу. Дадзены матч выкрыў “мінусы”, якія звычайна абвастраюцца пад час эмацыйнага заняпаду:

- Доўгія перадачы ўпоперак (я не кажу пра вертыкальныя, контратакуючыя) не перспектыўны пры сур’ёзным супраціўленні суперніка.

- Бярнацкая вярнулася да звыкламу беларускаму чэмпіянату безініцыятыўнаму нападзенню, амаль не пагражаючы кошу ў пазіцыйным нападзенні.

- Таксама негатыўны стан калектыву паўплываў на павелічэнне колькасці памылак. Паказчыкам негатыўнай атмасферы ў камандзе з’яўляецца апошнія секунды трэцяй чвэрці, дзе не хапіла розуму здзейсніць кідок.

Таму, калі першую частку матчу школьніцы хай і прайгравалі, але па колькасці створаных якасных момантаў у нападзенні перайгравалі суперніка, другая палова гульні была, з большага, пад кантролем “Алімпіяй”. І я пішу не пра лік.

З пункту погляду эмоцый і напругі, дэрбі атрымалася, супернікі біліся да апошняга. І зноў жа для мяне знакавым з’яўляецца вельмі рэдкая з’ява для нашага чэмпіянату – звыш доўгі кідок на апошняй секундзе сустрэчы. І зроблены ён быў старэйшымі – “Алімпіяй”.

На жаль, дадзены матч канчаткова пераканаў мяне, што самая крутая па гульні, патэнцыялу, колькасці цікавых крэатыўных баскетбалістак, каманда сыплецца ў рашаючых гульнях і прайграе сама сябе.

Ячшэ не ведаючы, што “БДУ-Цмокі” выйдуць на пляцоўку без Н. Дашкевіч (галоўная для мяне страта, улічваючы страшэнны дэфіцыт не толькі цэнтравых у чэмпіянаце, але недахоп і проста высокіх баскетбалістак), для мяне фаварытам гульні зноў жа выступала “Вікторыя”. Адзначу, менавіта па гульні, а не па ліку, які, з-за нестабільнасці моладзі, можа стаць любым, і часта не на карысць больш творчай камандзе.

Але памаладзеўшы (а для мяне і стаўшы больш крэатыўным) ростэр мінчанак не толькі здзівіў, але і, мяркую, дадаў творчых задачак В. Падабед. Якой трэба было вызначыцца с ратацыяй, улічваючы змены складзе. Магчыма, я памыляюся, аднак напрыканцы матчу атрымалася знайсці камплект баскетбалістак, якія могуць якасна весці гульню. І статыстыка па “плюс-мінус” мае думкі пацвярджае. Праўда, не верыцца, што талковая дзяўчынка 2005 года нараджэння атрымае больш часу ў наступнай гульні.

Калі ў першых дзвую чвэрцях пытанне аб пераможцы было яшчэ дыскусійным, то ў трэцяй дзесяціхвілінцы перад гасцямі паўстала праблема разгрому. Якую ў чацьвертай неяк лакалізавалі.

Ці быў варыянт у каманды В. Падабед на лепшы вынік? Мне здаецца, ключавым мог стаць экватар другой чвэрці, калі суддзі абцяжарылі “Вікторыю” фаламі. Лічу, што можна было, намацаўшы слабыя ў абароне звёны, праз рызыку і крэатыў у нападзенні справакаваць штрафы.

Але вельмі смела і крэатыўна выглядаўшая напачатку Е. Грэк была хутка за нейкія, не відочныя мне, дылетанту, смяротныя праграшэнні ўсаджана на лаву. У наступныя рэдкія выхады яна проста падавала мячыкі. П. Касцюкавец сябе не знайшла ў гэтай гульні. Няблага глядзеўшаяся В. Кушнер у гэтым матчы ўсе ж не мае ў запасе разнастайных скілаў, якія б складана было прачытаць суперніку. У выніку шанец быў не выкарыстаны.

Аналізуючы статыстыку ў час вялікага перапынку, адзначыў для сябе, што ў дадзеным матчы П. Верабей можа стаць тым лідэрам, які здольны павесці калектыў за сабой. І яна, часткова, мае авансы ў далейшым апраўдала. І не толькі колькасцю набраных балаў і эфектыўнасцю, але і статыстыкай па “плюс-мінус”, стаўшы з Е. Прышчэпавай, А. Цітавец і А. Кур’яновіч найбольш надзейнымі штыкамі (яшчэ раз дзякуй вялікі статыстыцы з сайта ББФ).

Радуе, што П. Вербей у складзе дадзенай каманды можа значна павялічыць свае скілі, калі сама трэнер яе заклікае браць на сябе гульню, у тым ліку ў справе выхаду з пад прэсінгу суперніка.

З цікавасцю буду чакаць наступны матч “БДУ-Цмокі”, але ўсведамляю, што змены ў складзе насілі кароткачасовы, вымушаны характар. Вырашаць свае стрыт-больныя справы Сушчык і кампанія, і каманда вярнецца да свайго звыклага твару. Не цікавага для мяне.

Навошта ламаць галаву над крэатыўнымі і рызыкоўнымі, калі ў наступным матчы прасцей выставіць дарослых і менш памыляючыхся? Не здзіўлюся, калі такіх перспектыўных “БДУ-Цмокаў” я больш не убачу.

І скончыць свой нечаканы для самога сябе “опус” малапрывабнай раней для мяне каманды, я хачу сваімі зноў жа дылетантскімі развагамі аб падыходах трэнераў да крэатыўных спарцменак:

- Калі баскетбаліст робіць усе правільна, хоць і не забівае, трэба яго хваліць.

- І нават калі вам, бальшоооому спецыялісту, здаецца, што ваш гулец зрабіў усе не па вашаму, але забіў… Таксама пахваліце.

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные
  • Друзья