Tribuna/Бокс/Блоги/На ніве спорту/Забойца з сякерай. Шлях гладыятара

Забойца з сякерай. Шлях гладыятара

Трошкі прыпознены тэкст аб чалавеку, дзякуючы якому юнацтва цэлага пакалення зрабілася незабыўным. І які адправіў безліч людзей не толькі ў накаут сваімі кулакамі і каленямі, але і ў трэніровачныя залы сваім прыкладам.

Автор — Zmicier Mickiewicz
26 сентября 2014, 12:51
2

У мінулую суботу афіцыйна скончылася вялікая эпоха ў гісторыі змешаных адзінаборстваў. Вандэрлей Сілва – знакаміты бразільскі баец – аб’явіў аб заканчэнні кар’еры. Але не проста выказаўся на прэс-канферэнцыі. Як цяпер модна, Сілва запісаў скандальнае відэа, у якім ён патлумачыў прычыны свайго сыходу і разграміў буйнейшага арганізатара баёў у MMA – арганізацыю Ultimate Fight Championship (UFC), у якой ён выступаў апошнім часам.

І гэта менавіта тая сітуацыя, калі нельга сказаць, што чалавек “паблытаў берагі”. Заслугі Забойцы з сякерай, як яго называюць заўзятары, пераацаніць цяжка. Сілва – адзін з тых, дзякуючы каму Бразілія цяпер асацыюецца не толькі з футболам. “За сваю 20-гадовую кар'еру я правёў 49 прафесійных баёў, – расказвае ў сваім відэа-звароце сам Вандэрлей. -- І ва ўсіх гэтых 49 баях людзі ведалі, што калі Вандерлей Сілва выходзіць на рынг, будзе экшн. Калі я выходжу, то вы можаце чакаць такога боя, які вам дасць толькі Вандерлей Сілва”.

Гэта не простая бравада. 49 баёў, 35 перамог, 27 (77% !) з якіх былі атрыманыя накаутам. Калі вы назавеце мне хоць адзін сумны бой з удзелам гэтага бразільскага вар’ята, можаце прыйсці ў рэдакцыю і я асабіста дам вам ляшча, бо хлусіць дрэнна: не было такіх баёў у прынцыпе, нават калі яны не заканчваліся датэрмінова. Тут таксама варта прыгадаць яшчэ адну вельмі знакавую лічбу. На працягу дваццаці (!) баёў запар ніхто не мог атрымаць перамогі над Сілвай у арганізацыі PRIDE (на той момант мацнейшай у свеце), дзе ён выступаў з 1999 па 2007 год і чэмпіёнам якой быў у сярэдняй вагавай катэгорыі (да 93 кг).

Цяпер жа Вандэрлей сыходзіць: “Мой стыль баёў прыходзіць да мяне з рахункам для аплаты. У мяне былі незлічоныя траўмы і аперацыі. І некаторыя з гэтых траўмаў з’яўляюцца пастаяннымі, яны ніколі не будуць у поўнай меры вылечаныя”. Ён расказвае, што ніколі не філоніў, каб радаваць сваіх заўзятараў: “Калі ты спартсмен ў любым відзе спорту, ты ведаеш, што заўсёды ёсць боль у каленях, сцёгнах, руках. Цяпер я аплачваю рахунак, і я адчуваю ўсе гэтыя траўмы. Траўмы працягваюць пагаршацца, таму што што мы ахвяруем нашыя целы не толькі ў дзень боя. Такі баец, як я, трэніруецца для бою не менш за 4 месяцы. У тыя 4 месяцы я маю спарынгі па меншай меры 3 разы на тыдзень. І кожны дзень мы б’емся. Гэта не падобна на сілавую трэніроўку або проста бег; гэта поўны кантакт з ударамі ў галаву, выкручваннем каленяў. Гэта спорт, які патрабуе шмат ад спартсменаў”.

А вось далейшая частка відэа-прамовы Сілвы, шчыра кажучы, ажно прабівае на слязу. Я ніколі яшчэ не чуў, каб той, чый адзін выгляд наводзіць жах на праціўніка, так пранікненна і кранальна нешта апавядаў. Асабліва, калі гэта датычыцца сітуацыі ў цяперашнім прафесійным ММА ўвогуле і UFC у прыватнасці: “Невялікую колькасць байцоў з імёнамі прымушаюць біцца на працягу ўсяго года, таму што яны (арганізатары – рэд.) хочуць праводзіць 50 мерапрыемстваў у год. Яны выношваюць спартсменаў; яны прымушаюць іх выступаць пры любых абставінах і ў любых умовах. Атрымліваецца, альбо яны прымаюць любы бой альбо яны нічога не вартыя. Байцы павінны біцца з траўмамі, хутка скідваць вагу. Хто будзе клапаціцца пра іх у будучыні? Ці будуць яны клапаціцца пра нас пазней, што яны могуць так выкарыстоўваць нас цяпер? Яны выкарыстоўваюць нас, каб зарабіць рэкі грошай, таму што кожная падзея дае вялікі прыбытак”.

Спартовец кажа, што проста не можа працягваць выступаць у такіх умовах. Ён абрынае хвалю крытыкі на UFC: “Пасля сённяшняга дня Вандэрлей Сілва не будзе біцца. Мая кар’ера скончылася. Таму што я не маю месца для выступленняў, дзе спартсмены атрымліваюць належную павагу. Па гэтых прычынах мне ўжо хопіць. Яны спрабавалі настроіць маіх заўзятараў супраць мяне! Маіх заўзятараў, якія ішлі за мной на працягу 20 гадоў! Задоўга да таго, як з’явілася гэтая арганізацыя (UFC – рэд.), я ўжо біўся голымі рукамі ў Бразіліі. Я біўся на голых кулаках і я дапамог пабудаваць гэты від спорту. Усё, што вы бачыце сёння, я дапамагаў будаваць маім потам і крывёй. І цяпер гэтыя хлопцы прыходзяць і спрабуюць сказаць, кім мы з’яўляемся і кім не з’яўляемся”.

І тут Ванд не маніць. Забойца з сякерай – гэта той, хто не проста прыцягнуў велізарную аўдыторыю да змешаных адзінаборстваў, але сваімі выступамі і асабістым прыкладам натхніў многіх людзей па ўсім свеце на заняткі ММА, што яшчэ важней. Сярод тых, хто зацікавіўся змешанымі адзінаборствамі дзякуючы выступам бразільца, быў і аўтар гэтага матэр’ялу. Калі я ўпершыню пабачыў бой Ванда, ён у адну калітку вынішчыў нейкага (ужо не памятаю, якога) японца (дарэчы, за ўсю прафесійную кар’еру ні аднаму японскаму байцу не ўдалося перамагчы Сілву). Тады мне яшчэ была невядомая абрэвіятура ММА, мы з сябрамі называлі гэта “баі без правіл”. І Вандэрлей на той момант у маім разуменні больш за ўсё адпавядаў менавіта такой назве дадзенага віду спорту. Яго агрэсіўны стыль вядзення боя заўжды зрываў авацыі і прымушаў глядзець на дзейства з адкрытым ротам.

Ды вы проста паглядзіце, як ён пагасіў святло Куінтану Джэксану ў чэмпіёнскім баі ў 2004. І вось што я вам скажу: калі ў вас мужчынскі пачатак ячшэ перамагае жаданне спакойна ляжаць на канапе, па праглядзе гэтага, на маю думку, лепшага ў гісторыі ММА боя вам самім захочацца бягом бегчы ў залу, каб пасля паўтарыць той жа самы прыём з хамам на вуліцы, абрыдлым начальнікам на працы ці суседам, які не ў самы патрэбны момант вырашыў скарыстацца перфаратарам.

Увогуле, гісторыя Вандэрлея Сілвы – гэта гісторыя простага бразільскага хлопчыка з Курытыбы, які ў дзяцінстве паміж двума звычайнымі заняткамі мясцовых пацаноў на вуліцы – гульнёй у футбол і бойкамі, выбраў другое. А пасля паказаў усім, што зрабіў гэта не дарма. Пасля школы ён пайшоў у войска, дзе вельмі хутка прасоўваўся па службе дзякуючы валоданню адзінаборствамі. Затым ён выступаў на турнірах па вале-тудо ў Бразіліі, якія былі папярэднікам сучаснага ММА і дзе біліся голымі рукамі. А далей быў той самы аглушальны поспех у арганізацыі PRIDE і далейшы пераход у UFC. Так, вялікія поспехі Ванда скончыліся яшчэ ў 2006, але пакуль (?) падобнага не паўтарыў ніхто.

Яго вобраз больш за ўсіх байцоў, за выступамі якіх даводзілася глядзець, нагадвае мне класічнага гладыятара. “Прычыны, з-за чаго я б’юся – гэта сам выклік, энэргія публікі і смак перамогі”, – неяк сказаў Сілва. Толькі сапраўдны гладыятар можа так бясстрашна выхадзіць на бой, так апантана ляцець у атаку і лезці ў размен ударамі, нібы на карце стаіць жыццё і воля. І толькі ён так ашалела радуецца перамогам і купаецца ў авацыях публікі, кланяючыся і шырока ўсміхаючыся трыбунам. Апошні бой Ванда супраць Браяна Стэна – лішняе таму пацверджанне. Класічная мясарубка, якая завяршылася ў другім раундзе, калі праціўнік Сілвы грымнуў на насціл, не вытрымаўшы лютага абмену ударамі з Вандэрлеем. Такая сеча – шыкоўны апошні акорд у паслужным спіску Забойцы з сякерай.

Але ў сваім развітальным (?) відэа Сілва не проста расказвае пра свой лёс гладыятара і крытыкуе цяперашніх ланістаў. Вандэрлей ператвараецца ў Спартака, які гатовы пачаць бунт супраць тых, хто так доўга карыстаўся яго здольнасцямі дзеля таго, каб набіваць сваю кішэню: “Я тут, каб зараз казаць за нас усіх пра ўсё, што не так у нашым спорце. І ўсё зменіцца! Мы робім гэтую арганізацыю, мы тыя, хто выходзіць на рынг і атрымлівае ў твар кулаком. Мы тыя, каго б’юць і нявечаць. Мы заслугоўваем мінімальнай павагі. Гэта мінімум. Вандерлей Сілва паўстае прама зараз! Пры ўсім пры гэтым, мне сумна. Але байцам патрэбен голас, ім патрэбен нехта, хто будзе казаць праўду. І я тут, каб казаць праўду і паказаць, што з’яўляецца няправільным! І яны не могуць заткнуць мяне”.

Як бы там не выйшла далей, бо лёс старажытнага кіраўніка паўстання гладыятараў вядомы усім, Вандэрлей Сілва – гэта той, хто заслужыў сабе пачэснае месца на вяршыні гісторыі змешаных адзінаборстваў. Хай у яго ўсё атрымаецца і па-за межамі ўласнай кар’еры. #warwand

Другие посты блога

Все посты