Tribuna/Футбол/Блоги/На ніве спорту/«Каманда зараз у шоку – усе рыдаюць». Памяці Рамана Лукашука

«Каманда зараз у шоку – усе рыдаюць». Памяці Рамана Лукашука

Сёння, 28 верасня, у сталічным Палацы Спорта ў 17.00 мінскі СКА згуляе супраць каманды «Беларусь-94». Сустрэча будзе прысвечана памяці Раман Лукашука. А блог «На ніве спорту» публікуе матэр’ял, які раней выйшаў у першай беларускай газеце.

Автор — Zmicier Mickiewicz
29 сентября 2014, 12:28
1
«Каманда зараз у шоку – усе рыдаюць». Памяці Рамана Лукашука

Я назаўжды запомню гэтую дату – 25 мая 2013 года. На вачах гледачоў “Мінск-Арэны” сталічны СКА перамагае люксембургскі “Хандбал Эш” у другім фінальным матчы Кубка Выкліку ЕГФ. Упершыню за 25 год мінскія армейцы падымаюць над сваімі галовамі еўрапейскі трафей. Паколькі тады мне толькі 23, міжнародных поспехаў каманды Спартака Мірановіча я да таго моманту не бачыў зусім: толькі чытаў пра іх ды чуў ад бацькі-вайскоўца, дзякуючы якому я і палюбіў армейскую каманду. Сказаць, што я адчуваю эйфарыю – не сказаць нічога. Я проста тану ў нестрымальным моры эмоцый: крычу, размахваю рукамі, паўторна перажываю кожны асобны момант гульні і нават думаю аб тым, каб набіць тату з выявай клубнага герба. Прыблізна тое ж, на маю думку, у той час адчуваюць і самі нашыя спартоўцы, якія пару секундаў таму ўпісалі свае імёны ў гісторыю. Сярод іх і Рома Лукашук – правы крайні, адзін з маладых хлопцаў, якія тады пачыналі праяўляць сябе ў армейскай камандзе…

…Сёння я сяджу і, загарнуўшыся ў чырвона-сіні шалік, куплены перад тым самым ужо гістарычным матчам, узгадваю, як тады думаў: “якая змена расце для каманды, пацанам-та яшчэ толькі за 20 гадоў!” Цяпер адной з тых зорак стала менш. 14 верасня той самы Рома, які толькі нядаўна так хутка прарываўся па краі і сваім трапным кідком левай прымушаў капітуляваць галкіпера праціўніка, памёр у рэанімацыі, не прыходзячы ў прытомнасць.

Памёр нечакана: не было вядома ні пра якія хваробы ў гульца. Калі я ўбачыў навіну аб гэтым здарэнні, то спачатку проста аслупянеў. Што магло здарыцца з хлопцам, кар’ера якога толькі набірала абароты? Як высветлілася, ён быў дастаўлены ў шпіталь яшчэ 7 верасня з траўмай пазваночніка, якую атрымаў на выхадзе з начнога клуба. Па інфармацыі следчага камітэта спартовец выходзіў з клуба і паспрачаўся з незнаёмым мужчынам, хто першы паедзе на таксі. Ад удару Лукашук упаў і атрымаў траўму. На надзены момант следчы камітэт расследуе справу. Ужо вядома, што другі ўдзельнік канфлікту — жыхар Мінскай вобласці 1988 года нараджэння. Яму інкрымінуюць наўмыснае нанясенне цялеснага пашкоджання.

“Там жа па сутнасці не было ніякага канфлікта,” – расказвае спартыўны дырэктар СКА Андрэй Крайноў, які раней сам выступаў за зборную Беларусі па гандболе: “Ён выхадзіў з клуба з дзяўчынай, яго проста аклікнулі і нанеслі ўдар. Алкаголя там увогуле была мінімальная доза – толькі трошкі шампанскага”.

На самой справе, Рома быў прыкладам спакойнага хлопца, які не быў схільным да агрэсіі. “Ён быў зусім неканфліктны. Напэўна, адзін з самых спакойных гульцаў у камандзе. Насамрэч, больш паважлівых людзей трэба было яшчэ пашукаць. Нармальны адэкватны хлопец, вясёлы заўжды. У яго ніколі не было праблем са спартыўным рэжымам, не залётны быў,” – працягвае Крайноў: “Добры хлопец, працавіты гульца. Меў выдатныя перспектывы на будучыню. Ужо зараз ён паказваў дастаткова разумную гульню і добрыя рэзультаты”.

Летась Раман быў упершыню выкліканы ў нацыянальную зборную. Для хлопца ў 22 гэта ўжо вялікі поспех. “Нацыянальная каманда – гэта сапраўды крок наперад,” – расказваў пасля Лукашук у інтэрв’ю прэс-службе СКА: “Тут не трэба кагось прымушаць ці прасіць. Кожны гульца павінны сам паказаць усё, на што здольны, каб гэты выклік не быў для яго апошнім. Гэта сапраўдная асалода – баць у зборнай”. А калі Рому спыталі, якой замежнай зборнай ён сімпатызуе на міжнароднай арэне, адказ быў вартым гульцы нацыянальнай каманды: “Я патрыёт, таму магу выдзяліць толькі нашую зборную”.

Літаральна на ўсіх фатаграфіях, якіх на старонцы Лукашука ў сацыяльнай сетцы “УКантакце” больш за 700, Рома ўсміхаецца. Здаецца, гэты чалавек увогуле не ведаў, што такое “дрэны настрой”. Гэта таксама пацверджвае лепшы сябр і партнёр Лукашука па СКА Віктар Зайцаў: “Рома любіў жыццё і ўмеў яму радавацца, як ніхто іншы. Гэта вельмі пазітыўны, спагадны і добразычлівы чалавек. Стараўся ахоўваць сваіх блізкіх і родных, паважаў бацькоў, вельмі любіў і клапаціўся пра сваю малодшую сястрычку Аляксандру. Рома быў душа кампаніі. У яго было добрае пачуццё гумару: сам жартаваў і з задавальненнем смяяўся над жартамі, апавяданнямі ў кампаніі сяброў. Як ніхто мог падняць настрой у лічаныя секунды, падбадзёрыць, калі гэта было патрэбна і калі што-то не атрымлівалася.”  

На фатаграфіях Рома з сябрамі, сабакам, раднёй, на спаборніцтвах: “Вольны час, якога не так ужо і шмат у сувязі з трэніровачным працэсам, люблю праводзіць з сябрамі. Стараюся надаць увагу ўсім родным і блізкім, бо самае галоўнае і важнае ў жыцці – сям’я,” – казаў гандбаліст у вышэйзгаданым інтэрв’ю. І гэта таксама не проста стандартныя фразы. “Рома менавіта той чалавек, у якога словы і дзеянні ніколі не разыходзіліся. Ён цаніў сяброўства, быў адданы сябрам. Хоць рабіў уражанне чалавека роўнага і спакойнага, Рома заўсёды суперажываў, падтрымліваў у любых сітуацыях. Заўсёды быў побач: і ў горы, і ў радасці,” – так апісвае Зайцаў свайго лепшага сябра.

Сапраўды, усе знаёмыя і сябры памятаюць Лукашука выключна рахманым і вясёлым хлапчуком. “Я памятаю, як ён у пятым класе толькі прыйшоў у секцыю” – апавядае першы трэнер Ромы, Леанід Ільіч Вашкевіч: “Такі разумны, спрытны хлопец. Добра прыжываўся у калектыве. Шустры, усё падхопліваў вельмі хутка. Заўжды выконваў усё, што скажа трэнер. Яго бацька таксама займаўся гандболам, таму, магчыма, гены перадаліся. Бацька вельмі цікавіўся спартовым лёсам свайго сына: я некалькі разоў гасціў дома ў ягоных бацькоў.”

Па словах Леаніда Ільіча, Раман ніколі не быў схільны да розных парушэнняў спартыўнага рэжыму, а наадварот, быў узорным гандбалістам для свайго ўзросту: “Рома больш у зале знаходзіўся, чым у школе. Заўжды з ахвотай бег на трэніроўкі – ніколі не трэба было яго нідзе шукаць, прасіць. На пляцоўцы ён гуляў з асалодай – заўжды выкладваўся па поўнай, бег, змагаўся. Ніколі не трэба было яго прымушаць – ён заўжды выконваў задачу, якую перад ім ставілі: быў сапраўдным гульцам. Калі на апошнім турніры ў Брэсце ён атрымаў прыз за лепшага крайняга, падышоў да мяне разам са ваім бацькам, выказаў падзяку за тое, што я яго выхаваў. Рома заўжды цікавіўся, як мае справы, званіў, сустракаўся па магчымасці, ніколі не саромеўся. Ветлівым вельмі быў. На пляцоўцы быў байцом, але ж у жыцці – наадварот: адкрытым, вясёлым, кампанейскім хлопцам. Калі яго папросіш, напрыклад, сабраць мячы ці прынясці, ён ніколі не адмовіцца. Заўсёды з усмешачкай: “зараз, няма праблемы, зраблю”. Ніколі да яго не было ніякіх пытанняў. Вельмі шкада, што такога перспектыўнага спартоўца і добрага чалавека цяпер з намі няма”.

Але Раман Лукашук быў не толькі добрым хлопцам, душой кампаніі і перспектыўным гульцам. Адначасова з гэтым ён пачынаў свой творчы шлях: “Ва ўсіх адносінах рознабаковы і цікавы чалавек. Творчасць – у яго ў крыві. У юнацтве чытаў рэп, займаўся танцамі (вулічны стыль, хіп-хоп). У родным горадзе Брэсце, сумесна з сябрамі, запісаў свой першы студыйны альбом. Свабодна валодаў англійскай мовай,” – так апісвае таленты Ромы Віктар Зайцаў.

Што датычыцца стаўлення ў клубе да гэтай трагедыі, Андрэй Крайноў расказаў, што ў СКА адбыўся агульны збор, на якім абмяркоўвалася гэтая сітуацыя: “Мы заўжды глядзім, каб спартоўцы не парушалі рэжым. Але ў людзей ёсць выхадныя дні, ёсць перамогі, розныя святы ў жыцці. Нельга ж ім забараніць усё і паўсюль. Канешне, дрэнна, што ён увогуле там быў. Але ж усе жывыя людзі, усе часам адзначаюць нейкія святы. Ніколі не было, каб нашыя спартоўцы недзе загульвалі – яны публічныя асобы, і калі такое б адбывалася, аб гэтым бы ўсе ведалі. Уся каманда зараз у шоку – усе рыдаюць. Гэта сапраўды трагедыя.”

…Я павесіў шалік над сваім працоўным сталом. Цяпер кожны раз, калі буду збірацца ну гульню армецаў, буду ўзгадваць таго светлага ўсмешлівага хлапчука, які быў адным з творцаў знакавай перамогі мінскай каманды. А ягоныя камрады на пляцоўцы будуць выкладвацца на 120%: “за сябе і за таго хлопца”…

Другие посты блога

Все посты