Tribuna/Футбол/Блоги/На ніве спорту/Фларэнційскае кальча – спорт сапраўдных мужчын

Фларэнційскае кальча – спорт сапраўдных мужчын

Карані футбола ў Фларэнцыі больш глыбокія, чым можна сабе уявіць. Яшчэ ў XV стагоддзі ў гэтым горадзе гулялі ў “кальча” – камандную гульню з мячом (скураны пухір набіты казінай поўсцю) на пясчаным полі, у каманду ўваходзіла 27 чалавек. Гэтую гульню можна лічыць прабацькам футбола і рэгбі.

Автор — andorac2014
1 октября 2014, 18:06
1

Карані футбола ў Фларэнцыі больш глыбокія, чым можна сабе уявіць. Яшчэ ў XV стагоддзі ў гэтым горадзе гулялі ў “кальча” – камандную гульню з мячом (скураны пухір набіты казінай поўсцю) на пясчаным полі, у каманду ўваходзіла 27 чалавек. Гэтую гульню можна лічыць прапрабацькам футбола і рэгбі.

Пасля забітага гола каманда спявала гімны і пачынала шэсце са сваімі гербамі і сцягамі. На чале шэсця стаяў аўтар забітага мяча. Добрымі гульцамі ў кальча лічыліся папы рымскія Леў XI, Клімент VII, Урбан VIII.

Кажуць, што ў XV стагоддзі гэтая гульня была надзвычай пашыраная сярод маладых фларэнційцаў, якія проста піналі мяч на плошчах і вуліцах горада. Аднак праз нейкія час кальча стала ўдзелам багатых месцічаў, у яго рубіліся дваране і духавенства. Перад гульнёй удзельнікі апраналі пышныя ліўрэі, што і дала другую назву спаборніцтваў Calcio in costume (Кальча ў касцюмах).

Адна з самых вядомых гульняў адбылася 17 лютага 1530 года. Фларэнцыя ў той момант знаходзілася ў аблозе войскаў іспанскага караля Карла V і Папы рымскага Клімента VII, якія імкнуліся ўзнавіць у горадзе ўладу рода Медычы. Каб паказаць сваю пагарду і абыякавасць да аблогі, фларэнційцы на плошчы Санта-Крочэ пачалі гуляць у кальча.

Усё XVII стагоддзе кальча заставалася вельмі папулярнай забаўкай. Аднак потым гэты спорт кануў у забыцці. Справа ў тым, што нярэдка каманды наймалі сапраўдных галаварэзаў і бандытаў, бо правілаў фактычна не існавала. Апошняя афіцыйная гульня адбылася ў студзені 1739 года ў прысутнасці Марыі Тэрэзы, будучай імператрыцы Аўстрыі.

Адраджэння “фларэнційскага кальча” пачалося толькі ў ХХ стагоддзі. У 1930-ым годзе па ініцыятыве лідара фларэнційскай суполкі Нацыянальнай фашысцкай партыі Алесандра Паваліні (будучы генсакратар гэтай партыі і міністр культуры Італіі) быў арганізаваны першы турнір сярод гарадскіх раёнаў.

Фактычна ад 1930 да сённяшніх дзён у Фларэнцыі штогод адбываецца турнір, у якім традыцыйна ўдзельнічаюць 4 каманды: “белыя” (яны прадстаўляюць раён Санта-Спірыта), “сінія” (плошча Санта-Крочэ), “чырвоныя” (базіліка Санта-Марыя-Навэла) і “зялёныя” (Фларэнційскі баптыстэрый). Перарываліся гэтыя турніры толькі ў час Другой сусветнай вайны. Гульні (два паўфіналы і фінал) праходзяць у чэрвені ў гонар Яна Хрысціцеля, нябеснага патрона Фларэнцыі.

У рэдкіх выпадках гульні праходзілі ў іншых гарадах. Напрыклад, у Рыме перад Алімпіядай-1960, у Нью-Ёрку перад Днём Калумба 1976-га года, ці ў Ліёне падчас чэмпіянату свету па футболе-1998.

На сённяшні дзень гульні праходзяць на працягу 50 хвілін на прамавугольным полі, пляцоўка пакрытая пяском і дзеліцца на дзве паловы. З усіх бакоў пляцоўка акружаная плотам. У складзе каманды ёсць 4 брамнікі, 3 абаронцы, 5 паўабаронцаў і ажно 15 нападаючых (дзеляцца на тры катэгорыі: левыя, цэнтральныя, правыя). Ёсць суддзя, які сочыць, каб падзеі не перараслі ў сапраўдную бойку. Гульня пачынаецца пасля стрэлу з кулеўрыны, тым самым сімвалізуе пачатак “вайны” на полі.

Мэта гульні – забіць як мага больш галоў у вароты праціўніка. Прычым рабіць гэта можна абсалютна любым спосабам. Дапускаецца атака праціўнікаў з выкарыстанне кулачнага боя і барацьбы. Мала хто сыходзіць па без ранаў і шнараў. Нават хакей ці амерыканскі футбол выглядаюць дзіцячай забавай у параўнанні з кальча.

Пераможца атрымліваў цялушку пароды Chianina, з якой гатуюць знакаміты стэйк па-фларэнційску. Памятаеце фразу “Не на карову ж гулялі?”

Уласна футбольная каманда ў Фларэнцыі з’явілася ў 1926 годзе ў час фашысцкай дыктатуры. Праз тры гады “Фіярэнціна” стала выходзіць на поле ў традыцыйнай для сябе фіялетавай форме і з ліліяй на лагатыпе. У 1990-ыя “Фіярэнціна” была вядомая тым, што за каманду гуляў славуты аргенцінец Габрыэль Батыстута.

Ну а заўтра “Фіярэнціна” згуляе супраць мінскага “Дынама” на “Барысаў-Арэне”. Пачатак а 20 гадзіне.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты