Оршанская битва
Блог

Тры пытаньні па кубкавай статыстыцы «Старту»

Аршанская каманда вылецела з 32-га розыгрышу кубку незалежнай Беларусі. orshafans3 вядзе статыстыку клюбу ў беларускіх кубках яшчэ ад савецкіх часоў, дзе «Старт» неднаразова ўдзельнічаў у турніры, у які тады прабіваліся толькі ўладальнікі абласных кубкаў.

У сувязі з новымі статыстычнымі улікамі вылучыліся тры пытаньні, якія дазволяць выявіць заканамернасьці, традыцыі і тэндэнцыі ў гульні стартаўцаў у гэтым турніры.

Ці былі раней сустрэчы зь дзейнымі ўладальнікамі/фіналістамі Кубку?

22 чэрвеня 2022 году аршанскі «Старт» сустрэўся зь дзейным уладальнікам Кубку Беларусі ў новым розыгрышы. Мы паглядзелі, ці было ўжо такое, каб аршанцы гулялі зь дзейным уладальнікам ці фіналістам Кубку. І высьветлілі — так, такое было. Але тычылася толькі фіналістаў.

Першы такі выпадак здарыўся ў 1952-м, у самым першым розыгрышы, у якім удзельнічаў «Старт», тады яшчэ пад назвай «Праца». Супернікам блакітна-чорных, а менавіта ў такіх колерах тады выступалі аршанцы, быў бабруйскі «Спартак», які ў розыгрышы 1951 году прагуляў фінал менскаму АДА 1:9. Прайсьці дзейных фіналістаў не ўдалося — бабруйчане перамаглі 3:0.

У самым пасьпяховым розыгрышы, які адбыўся для нас у 1971-м, «Старт» дайшоў да фіналу і ўжо там сустрэўся з фіналістам розыгрышу-1970, жодзінскім «Тарпэда», якое раней саступіла трафэй менскаму «Спадарожніку», 1:1 і 0:2 у перагульнёўцы. На жаль, тут у аршанцаў не атрымалася перамагчы, — 0:4 і 1:2, трафэй дастаўся жодзінцам.

Наступная, трэцяя такая сустрэча адбылася ў сэзоне-2016/17, калі аршанцы пакуль што адзіны раз у сваёй гісторыі дайшлі да 1/8 фіналу Кубку незалежнай Беларусі і там саступілі 0:6 салігорскаму «Шахтару», які быў дзейным фіналістам. У папярэднім розыгрышы гарнякі прагулялі фінал берасьцейскаму «Дынама» па пэнальці.

Такім чынам, «Гомель» стаў першым дзейным уладальнікам Кубку, зь якім у наступным жа розыгрышы, ды што там, — у першым жа яго кубкавым матчы пасьля заваяваньня трафэю — сустрэліся аршанцы. А вось зь фіналістамі сустракаліся тройчы, і тройчы прагулялі ім.

Ці праходзіў «Старт» у Кубку суперніка з больш высокай лігі?

Вельмі сумна, але такі выпадак за ўсю гісторыю толькі адзін. Здарыўся ён у сэзоне-2017/18, калі аршанцы выбілі з Кубку мазырскую «Славію», адправіўшы палешукоў на вылет пасьля пасьпяховай сэрыі пэнальці. А вось у асноўны час сіня-белыя яшчэ ніколі не выбівалі суперніка з больш высокага эшалёну футбольнай сыстэмы Беларусі.

Эх, нашу каманду ніяк не назавеш кубкавай і ўжо дакладна не «кашмарам фаварытаў». Статус дружыны, якая адбірае важныя пункты ў лідэраў, трывала замацаваўся за аршанцамі толькі ў чэмпіянатах, бо нават у самыя змрочныя часы аршанцам удаваліся сэнсацыі ў кругавых турнірах, а кубкавыя так і ня сталі каронкай клюбу.

Ці сустракаліся аршанцы з адной і той жа камандай у двух розыгрышах запар?

Два гады запар, прычым у тым жа самым месцы (аршанскі цэнтральны стадыён) і ў той самы дзень (22 чэрвеня), на той самай стадыі (1/16 фіналу) «Старт» прымаў «Гомель». Ці было падобнае раней? Так, ужо здаралася. Але толькі аднойчы, прычым акурат да сустрэчы з «Гомлем» у турніры-2021/22. Два гады запар у Кубку нам выцягвалі кулькі з капыльскім «Будаўніком». У сэзоне-2020/21 і ў сэзоне-2021/22. У другім выпадку каманда называлася ўжо проста «Капылём», але гэта адзін і той жа калектыў. Два матчы таксама адбыліся на той самай стадыі (1/32 фіналу) і на адным і тым жа стадыёне ў Капылі. Толькі з розьніцай у год бяз тыдню.

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные