Tribuna/вид спорта не определен/Блоги/Оршанская битва/Адкуль з'явілася беларускае слова «заўзятар»? Высветліў даследчык Анатоль Сідарэвіч

Адкуль з'явілася беларускае слова «заўзятар»? Высветліў даследчык Анатоль Сідарэвіч

Наватвор Разанава, але са стагадовай гісторыяй

Автор — KentYara98
13 ноября 2022, 11:37
Адкуль з'явілася беларускае слова «заўзятар»? Высветліў даследчык Анатоль Сідарэвіч

Беларускі гісторык і публіцыст Анатоль Сідарэвіч у сваім блогу на ЖЖ распавёў пра тое, як у беларускай мове з'явілася слова «заўзятар».

«Дзіўная рэч: калі набіраў для кнігі ўспамінаў Антона Луцкевіча ягоны тэкст «З апошніх дзён расейскага панавання» (успамін), не звярнуў увагу на гэтае слова. Цяпер жа, вычытваючы тэкст для публікацыі ў сваім блогу, ледзь не падкскочыў: дык жа Алесь, Алесь Разанаў, нічога не прыдумаў. Ён, мажліва, інтуітыўна адчуў, што такое слова ў нашай мове павінна быць. Але пачну з пачатку.

Не пытайцеся, у якім годзе гэта было. Гэта было тады, калі Алесь жыў на вуліцы Веры Харужай. І жыў адзін.

Пра што мы гаманілі – не памятаю. Памятаю адно: калі мова зайшла пра футбол і я сказаў «балельшчыкі» ці то проста «балельшчык», Алесь прамовіў: заўзятар.

Я на момант сумеўся. Заўзятасць, заўзяты, заўзята… Назоўнік, прыметнік, прыслоўе маюцца.

– А які будзе дзеяслоў? – спытаўся я ў паэта.

– Заўзець, – сказаў Алесь.

Я паварушыў языком, узважыў на ім новае слова. Не вельмі смачнае яно. Пра гэта і сказаў Алесю. Алесь, як амаль заўсёды з ім бывала ў такіх выпадках, усмінуўся: маўляў, многае залежыць ад прывычкі, ад частаты ўжывання слова», – піша Сідарэвіч.

Як падаецца даследчыку, назоўнік заўзятар прыжыўся, дзеяслоў заўзець – не вельмі праз сваю незвычайнасць.

Высвятляецца, што ў беларускай мове ўсё ж быў дзеяслоў, сугучны назоўніку заўзятасць, прыметніку заўзяты, прыслоўю заўзята і разанаўскаму слову заўзятар.

У тэксце Луцкевіча гісторык прачытаў наступнае:

«Народ заўзяўся: зьявіліся нават «праклямацыі» – маленечкія, друкаваныя нейкім прымітыўным спосабам картачкі, у каторых невядомыя аўтары звалі людзей вытрываць і званоў не даваць, пазываючыся на прыклад Варшавы, не пазволіўшай забраць званоў».

Заўзяўся – гэта дзеяслоў у 3-й асобе адзіночнага ліку прошлага часу ад слова заўзяцца, блізказначнага з дзеяловам зацяцца. Акадэмік Кандрат Атраховіч лічыў, што зацяцца – гэта 1) запереться, заупрямиться, 2) затаить злобу. Але гэта яшчэ і выявіць (праявіць) упартасць, настойлівасць, лічыць Сідарэвіч.

«Вось такую ўпартасць, настойлівасць выяўлялі ў 1915 годзе віленскія каталікі, калі заўзяліся і не хацелі аддаваць расійскім уладам званы сваіх бажніц.

Заўзятар – гэта адданы, верны сваму спартыўнаму клубу чалавек, які радуецца яго поспехам і перажывае яго няўдачы. Слова заўзятар – сінонім «імпартнага» фанат. Змешанае, айчынна-імпартнае я фанацею – сінонім нашага я заўзею, я заўзяўся.

Алесь Разанаў, уводзячы слова заўзятар, паўтару, пэўна, інтуітыўна адчуваў: раз маецца ў нашым лексіконе заўзятасць, заўзяты і заўзята, то павінны быць і заўзятар, і заўзець. Цяпер высвятляецца, што было ў нашай мове слова заўзяцца. Варт вярнуць яго ў слоўнікі».

Другие посты блога

Все посты