Tribuna/Футбол/Блоги/Блог імя Лявона Вольскага/Просты хлопец з Беларусі

Просты хлопец з Беларусі

Андрусь Чарніцкі распавядае пра сваю любоў да беларускай музыкі, свабоды і гурта IQ48

2 декабря 2015, 21:46
2

Андрусь Чарніцкі распавядае пра сваю любоў да беларускай музыкі, свабоды і гурта IQ48.

У другой палове 2000-ых я хадзіў у школу, яшчэ не меў інтэрнэту і кожны дзень з вялікім цярпеннем шукаў хвалю 98,1 FM, якая часта была недаступнай ці непрыемна шыпела. Менавіта на гэтай хвалі вяшчала "Радыё Рацыя", якое я абавязкова ўключаў увечары кожную нядзелю, бо ў гэты час Алег Хаменка сваім голасам, які я ніколі не зблытаю, у перадачы "Тузін Гітоў" распавядаў пра лепшыя песні краіны. Песні свабоднай краіны, краіны без Саладухі і Афанасьевай. 

Было шмат песень, якія я слухаў з асаблівым захапленнем: "Адзіноцтва" (Akute), "Бяжы" (Naka), "Зорачкі" (Ляпіс Трубяцкі), "Гімн моладзі" (Дзеці дзяцей з Ганнай Хітрык), "Горад" (Зьмяя), "У неба" (Нестандартны варыянт) і шмат іншых, але крыху пазней зразумееце, чаму адзначыў гэтыя. Нават не памятаю ўжо, з чаго пачалося маё захапленне гэтай музыкай, хіба што, менавіта радыё падштурхнула мяне. Але на той момант я амаль нікуды не ездзіў, гэтае маё захапленне ў маленькім горадзе ніхто і нішто не падтрымлівала. Радыё было адзінай сувяззю з "іншым светам". Пасля заканчэння школы я пачаў працаваць і змог ездзіць па ўсёй краіне, калі пажадаю. Трэба адзначыць, што рабіў я гэта з-за футболу, каб заўсёды быць побач з камандай, на якой вырас. Ніяк асабліва да свету музыкі я тады не набліжаўся, толькі раз адзін добры чалавек, якога завуць Яўген, даслаў мне з Гомелю цудоўную кружэлку з лепшымі беларускімі песнямі.

Здымаючы пакой пад час сэсіі разам з адным хлопцам, часта даводзілася слухаць песні з яго ноўта. Іх было вельмі шмат, але асноўны рэпертуар складала нешта накшталт Стаса Міхайлава і гурта "Воровайки". Толькі ўявіце сабе, якім было маё здзіўленне, калі акрамя іншага я пачуў дзве песні, тыя самыя песні, якія з захапленнем слухаў па радыё: гэта былі творы музыкаў з IQ48: "Вясна-красна" і "Выйсце". Для мяне гэта былі самыя любімыя і вядомыя песні гурта, прызнаюся, астатнія песні на той момант я не вельмі ведаў. Але той факт, што я нарэшце пачуў іх не толькі па "Радыё Рацыя", казаў аб тым, што гэта насамрэч былі хіты, песні, якія пайшлі ў народ, зламалі гэтую сцену паміж розных сусветаў. 

"Як птушкі на дроце,

Сёньня ў модзе быць ніжэй, быць цішэй.

Так мінаюць стагоддзі.

Памяркоўна, рахмана жывем. Не, выжываем!

Пэўна, рана паміраць, вось таму не паміраем.

На тэлеэкранах відовішча бяз сэнсу,

Кіно на крыві, замест каханьня сэкс.

Хочацца разумнага, добрага, вечнага,

Але ёсьць гарэлка для існаваньня бясспрэчнага".

"Выйсце" - песня пра жыццё краіны, дзе людзі выжываюць, пры гэтым лепей, калі ты будзеш ніжэй за траву і цішэй за ваду. Песня пра тое, што нічога навокал не мае сэнсу, як чалавек шукае выйсце з усяго гэтага, верыць у лепшае і спадзяецца, што ў адзін добры момант сонца ўсё-ткі заззяе і для нас. Своеасаблівы сапраўдны гімн краіны, люстэрка таго, што адбываецца. Так я яе бачыў. І побач "Вясна-красна" - песня быццам пра наступленне вясны і звычайную радасць ад гэтай падзеі, а я чую голас стомленага чалавека, які нарэшце дачакаўся гэтага сонейка і знайшоў сэнс у жыцці нягледзячы ні на што. 

І вось аднойчы, марачы адчуць ужывую гэтыя творы і дакрануцца да сусвету, з якім дагэтуль я не сустракаўся, вырашаю з'ездзіць у Мінск на выступ IQ48. І як у тэксце песні "Вясна-красна": "Я цябе дачакаўся. Цяжка было, але я не здаваўся" я дачакаўся гэтага выступу, які стаў новай хваляй у маім жыцці - хваляй, якая з той пары нясе мяне ў дзіўны свет беларускай мовы, музыкі, дабрыні і свабоды.

TNT ROCK CLUB адразу ўразіў дзікімі для жыхара правінцыяльнага горада коштамі на піва. Музыкі доўга настройваліся, зала была маленькая і цеснаватая, але мне яна здалася ўтульнай, да таго ж спадабаўся і інтэр'ер, у якім адчуваўся пах рока і свабоды. Усе стаялі побач адзін каля аднаго, і ніхто не глядзеў на цябе з падазрэннем, а наадварот - з усмешкай. Увесь свет быў адчынены для цябе - і гэта была вельмі прыемна, бо калі ездзіш на футбол у розныя гарады, ты заўсёды адчуваеш сябе там чужым і заранёў гатовы да любой агрэсіі, стараешся ні з кім не кантактаваць без патрэбы. А тут ты адчуваеш, што ніхто нічога ні з кім не дзеліць, ніхто не лічыць сябе лепшым за іншых - усе становяцца сябрамі і адрываюцца разам.

Не адрывацца было немагчыма: шыкоўны жывы гук, выканаўцы ў метры ад цябе, фронтмэн Саша Ракавец проста зараджаў энергіяй і пазітывам, а слухачы за гэта насілі яго на руках. Пасля Ракаўца падхапалі і яшчэ кагосьці з натоўпу, хлопец амаль што павіс на столі, пасля чаго нават ахоўнік зрабіў нам заўвагу. У перапынку Ракавец спакойна сядзеў за столікам і размаўляў з усімі жадаючымі. Вось такія прастата і давер да людзей былі для мяне не звыклымі. Я прывык да адасобленнасці, да надзору міліцыі і канкрэтных ведаў, што тут ты можаш стаяць, а адзін крок бліжэй да поля - і ты злачынец. Гэта было не павольна і не так запраграмавана, як было ў далёкім і раннім дзяцінстве, дзе я то з бацькамі, то з сястрой прысутнічаў у мясцовым РДК на выступах таго ж Саладухі, гурта "Краски"; на стадыёне на Бабкінай пад час рэспубліканскіх Дажынак. А неяк ад школы заперлі і на выступ таго ж "Нестандартнага варыянта", але тады яны яшчэ не супрацоўнічалі з тымі жа IQ48 і Вольскім, а я ніколі не любіў рэп. 

Пасля выступу я ўвесь мокры ад поту накіраваўся на вакзал і, як звычайна, адразу заснуў на верхняй паліцы плацкарта. А раніцай страшэнна балела шыя ад "трасяніны", але гэта быў прыемны боль. Праз некаторы час даведаўся, што на адным з выступаў хлопцы будуць бясплатна раздаваць свае магніты і кружэлкі. Не атрымоўвалася тады прыехаць і я напісаў гітарысту Яўгену Бузоўскаму і папрасіў даслаць мне за грошы поштай такі падарунак. Грошай ніхто не запатрабаваў, а хутка я атрымаў прыемны падарунак з запіскай.

А магніты і дагэтуль вісяць на старэнькім халадзільніку.

Цяпер, калі хтосьці пытаецца: "Хто ты?", я адказваю: "Просты хлопец з Беларусі". Гэтыя радкі доўга былі ў мяне на званку. Калі б я быў баксёрам, то выходзіў бы на бой пад гэтыя простыя словы, без пантоў у хадзе, але з упэўненым поглядам. 

Цяпер я не прадстаўляю сваё жыццё без музыкі і падобных выступаў. Яны сталі для мяне наркотыкам. І калі ў мяне пачынаецца ломка, я кідаю ўсё і еду на канцэрт. Я ужо не раз ўжывую чуў тых самых AKUTE, NAKA, Ганну Хітрык. Я не раз піў ўжо не такое ж і дарагое піва ў TNT ROCK CLUB пад гукі Зьмяі, NIZKIZ, U.G.OSLAVIA і іншых, але я ніколі не забуду хлопцаў з IQ48, якія падсадзілі мяне на гэты наркотык, якія навучылі мяне заўсёды трымаць хвост пісталетам і сабой заставацца.

P.S. Гэй, наперад, IQ48 - здаровыя лосі!

Фота аўтара і budzma.org.

Відэа аўтара і Tuzin Hitou.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Blank title. Fix it!
28 марта 2017, 21:15
The Beatles. Let It Be
22 февраля 2016, 13:59
Все посты