Tribuna/Футбол/Блоги/Пойди поставь сторожа/Падтрымаў Цiханоўскага i змясцiў знак Бабарыкi ў Instagram пра «Белшыну» яе трэнер – прыйшлося сысцi пасля 7 гадоў працы

Падтрымаў Цiханоўскага i змясцiў знак Бабарыкi ў Instagram пра «Белшыну» яе трэнер – прыйшлося сысцi пасля 7 гадоў працы

Рэпрэсіі за палітыку дайшлі да футбола.

25 июля 2020, 15:30
7
Падтрымаў Цiханоўскага i змясцiў знак Бабарыкi ў Instagram пра «Белшыну» яе трэнер – прыйшлося сысцi пасля 7 гадоў працы

За плячамі ў бабруйчаніна Сяргея Лацінскага 24 гады падтрымкі ФК «Белшына» і больш за сем гадоў у клубе ў якасці трэнера-відэааператара. Паўтара месяца таму гэтай супрацы прыйшоў канец. Прычына – зроблены Лацінскім допіс у клубным Instagram, які выражаў нязгоду са скандальным затрыманнем блогера Сяргея Ціханоўскага.

Гэта не першая палітычная падзея ў жыцці Лацінскага. Актывіст шмат гадоў з’яўляецца назіральнікам на выбарах і праваабаронцам, нават удзельнічаў у Плошчы-2006. Надзея Філіпчык пагутарыла з Сяргеем пра звальненне з клуба, суткі за пікет салідарнасці, выбары, а таксама пра тое, чым на самой справе жыве футбол у Бабруйску.

– Колькі часу ты ўжо не ў клубе?

– Пакінуў «Белшыну» 9 чэрвеня, хаця праблемы пачаліся, зразумела, 29 мая. Дзесяць дзён мяне памурыжылі і пасля папрасілі напісаць заяву па згодзе бакоў.

Прычына звальнення – допіс у сторыс?

– Так, за допіс пра тое, як забіралi Ціханоўскага. Пасля гэтага ўсё і закруцілася, праўда, хутчэй, не з боку клуба, а з боку выканкама. Напэўна, адтуль прыходзілі сігналы, што трэба ад мяне пазбавіцца.

Навошта ты зрабіў такі допіс? Ты ж, напэўна, разумеў, што будуць наступствы.

– Гэта быў цалкам эмацыйны ўчынак. Бо Ціханоўскі – адзін з удзельнікаў перадвыбарчай кампаніі, у чалавека была рэальная падтрымка – колькі людзей глядзелі яго стрымы. А з ім так паступаюць, забіраюць яго проста на вуліцы. То бок бачыў, што робіцца нейкае беззаконне, і на эмоцыях зрабіў той допіс.

– Калі ў цябе пачаліся праблемы?

– Першая рэакцыя ад клуба з’явілася на трэці дзень, трэба было напісаць тлумачальную наконт допісу. Напэўна, кіраўніцтва «Белшыны» вазіла яе ў выканкам. Адразу разумеў, які будзе вынік, і прапанаваў кіраўніцтву клуба, каб мяне проста звольнілі. Але яны казалі – не, вось у нас наперадзе яшчэ гульня з мінскім «Дынама». Для мяне гэта была апошняя гульня з клубам.

Якія водгукі ты атрымоўваў ад іншых людзей? Былі словы падтрымкі?

– Канешне, людзі падтрымлівалі. Той пост набраў шмат праглядаў, нехта можа сказаць, што я на гэтым хайпануў :). «Трыбуна» расказала пра пост, людзі палезлі на нашу старонку, і было шмат пазітыўных каментаў кшталту: «Белшына» – мой другі любімы клуб!». Негатыву зусім не было, бачыў яго толькі з боку вышэйшых асоб. Да і рашэнне аб маім звальненні, напэўна, не было цалкам прынятае клубам, ён жа належыць да выканкама.

Пасля, калі перад гульнёй з «Дынама» начальнік каманды стаяў каля дэлегата ад АБФФ, яшчэ на мяне ціхенька паказвалі – маўляў, паглядзіце, гэта ён, той самы дысідэнт. Але я не бачу ў сваім учынку ніякага дысідэнцтва, гэта проста нармальная рэакцыя на беззаконне. Могуць сказаць – навошта гэта рабіць у пабліку футбольнага клуба? Але я даўно закінуў уласную старонку, жыў гэтым акаўнтам, таму напісаў там. Не рабіў ніякіх заклікаў, проста напісаў: мы супраць. Пры гэтым не ўказваў, што гэта футбольны клуб супраць ці што кіраўніцтва супраць.

Ды і шмат хто супраць. Мы бачылі, якія пасля гэтага пачаліся падзеі ў краіне, як людзі прыходзілі на пікеты. Напэўна, шмат хто з іх быў не за Ціханоўскую, а за Бабарыку ці Цапкалу, але яны ішлі стаяць у чэргах за Ціханоўскую. Гэта быў іх покліч душы.

– Гэты акаўнт застаецца тваім?

– Так. Гэта старонка, якую я ствараў сам і за якую не атрымаў ні капейкі грошай. На днях клуб папрасіў змяніць назву, я дапісаў слова fans. Ужо клуб стварыў новы [афiцыйны] акаўнт, хаця можна было б, напэўна, дамовіцца са мной і забраць гэту старонку. Вось так проста яны расстаюцца са сваімі падпісчыкамі.

– То бок вядзенне сацсетак не ўваходзіла ў тваю працу?

– Не. Я трэнер-відэааператар, і на мне ляжалі іншыя функцыі. Проста самому было цікава папрацаваць у інстаграме, ды і хапала відэа, якое не ўпісвалася ў фармат ютуба. І я заняўся інстаграмам. Мяркую, атрымлівалася няблага.

У ідэале SMMшчык павінен быць нейкай сталай адзінкай, якая атрымлівае пастаянны заробак, прычым адзін чалавек адказны толькі за адну сацсетку. Бо гэта праца забірае шмат часу, ты заўсёды ў кантакце з людзьмі. Гэта не праца з васьмi да пяцi, акаўнт жыве пастаянна.

– А што цябе матывавала паставіць на пост пра перамогу “Белшыны” сэрца – лагатып Бабарыкі?

– У нас ужо сэрца забароненае? Шукаеш у гіфках “сердце”, бачыш такі прыгожы сімвал, ён зараз вядомы беларусам. Зноў-такі, не рабіў ніякіх правакацыйных допісаў, проста жадаў выказаць радасць ад перамогі і любоў да каманды.

– Але табе і за гэты сімвал прыляцела.

– Нешта далятае, але навошта на такое рэагаваць? Мне здаецца, гэта такое глупства.

Пост у адным з бабруйскіх тэлеграм-каналаў. Матч адбыўся 11 лiпеня, першы допic ў афiцыйным Instagram – 13 лiпеня

– Чаму ты працягваеш весці гэты акаўнт?

– Там ёсць падпісанты, іх жа нельга пакінуць. Казаў супрацоўнікам клуба: заводзьце сваю старонку, дапамагу вам рэпостам ці дам на вас спасылку, але толькі пасля гэтага сэрца яны зрабілі свой акаўнт. То бок ім быў патрэбны штуршок, а без гэтага, напэўна, і не было б акаўнта. Бачыш, сваімі рукамі стварыў яшчэ адну старонку ФК «Белшына» :).

Хаця ў нас шмат гэтых старонак. «ВКонтакте» таксама дзве суполкі. Спачатку і тая, і тая назваліся афіцыйнымi. Потым чалавек напісаў пра адзін сквер, яму прыляцела.

– Што за гісторыя?

– Каля гасцініцы «Юбілейная» збіраліся вырубаць сквер і на тым месцы будаваць гандлёвы цэнтр. Людзі збіралі подпісы, каб захаваць дрэвы, і адмін адной з клубных старонак таксама напісаў пра гэта, кшталту майго «мы супраць». Пасля ён прыбраў слова «афіцыйная» з назвы суполкі, бо ў яго пачаліся праблемы.

– То бок у Бабруйску нельга быць супраць.

– Напэўна, увогуле ў краіне нельга быць супраць. Паглядзі на апошнія падзеі. Чалавек напісаў пост у падтрымку крамы – яго зганяюць з дзяржканалаў, пазбаўляюць усіх прэферэнцый, нягледзячы на заслугі. Проста выкідваюць людзей на сметніцу. У нас павінен быць толькі адзiн пункт гледжання? Тады мы ідзем у 1984 год, па Оруэлу.

– Як ты развітваўся з клубам?

– Прыехаў, аддаў рэчы, атрымаў працоўную кніжку. Не было ніякіх развітанняў, сардэчнасцяў. Увогуле было неяк пуставата. Трэба аддаць належнае клубу, разлічылі мяне нават у той жа дзень, вечарам, хаця апошнім часам мы не так аператыўна атрымоўвалі заробкі. А тут хутка знайшліся грошы, развіталіся і забыліся.

– Чым займаешся зараз?

 – Нейкі час адпачываў, у мяне заставаліся яшчэ два невыкарыстаныя месяцы адпачынку. Ведаеш, футбольная праца выматвае, графік не тое што плаваючы – яго проста не існуе. Працаваў у клубе больш за сем гадоў, і на працягу гэтага часу кожная субота і нядзеля проста вырываліся з жыцця. Летам, напрыклад, ты не праводзіш выходныя з сям’ёй дома, не можаш паехаць у вёску ці на рэчку – знаходзішся на стадыёне. З хатнімі гульнямі прасцей, а што, калі едзеш некуды ў Брэст? Такі выезд займае два дні.

Працаваць цікава, бо гэта футбол, які ты любіш, але з часам успрыманне змяняецца, асабліва калі ты сядзіш тры гады ў першай лізе. Першы год там цікава – ездзіш па новых гарадах, стадыёнах, бачыш іншае жыццё. Але на трэці раз бачыць тое самае не так прыкольна. Ды і шмат грошай ты не заробіш. Толькі ў топавых клубах ты зможаш думаць толькі пра футбол, а не пра тое, дзе яшчэ падзарабіць.

– То бок пакуль што ты адпачываеш ад гэтага ўсяго?

– Адпачываю толькі ад футболу, а так ужо знайшоў сабе працу. Буду фатографам і відэааператарам у арганізацыі, якая праводзіць культурныя мерапрыемствы. Былі розныя прапановы, выбраў працу з больш-менш вольным графікам, да якой ляжыць сэрца. Трэба адысці ад усяго клубнага, жыць нечым іншым, але футбол зацягвае. І мяне гэта зацягнула, трэба было, напэўна, сыходзіць з клуба раней – можа, у 2016 годзе, калі прыйшлі інвестары.

– Нядаўна ты трапіў у яшчэ адну гісторыю, калі пасля пікетаў салідарнасці атрымаў суткі.

– Я з’яўляюся назіральнікам за выбарамі ад Беларускага Хельсінкскага камітэта, працую пры Ленінскай раённай камісіі. У гэтым статусе тады быў на перадвыбарчым пікеце па зборы подпісаў, нешта фатаграфаваў. Разам са мной была жонка, яна карэспандэнтка, на нас былі бэйджыкі. І нас першымі забралі з пікета ў аўтазак, гэтае відэа разышлося паўсюль. Было бачна, што нас забірае кіраўніцтва міліцыі, але тыя людзі не прадстаўляліся. Дзякуй Богу, жонку адпусцілі, а мяне павезлі на трое сутак у ізалятар часовага ўтрымання, ІЧУ. Потым быў суд, але нармальным судом яго назваць цяжка.

– Чытала, што ён выклікаў шмат пытанняў у СМІ.

– Было шмат журналістаў, і яны бачылі ўсё гэтае беззаконне, сваеасаблівае трактаванне суддзёй законаў і журналісцкіх нормаў. Яны выказвалі гэта і сыходзілі з залі суда, бо за выклікі адтуль выдаляюць. У выніку прысудзілі дзесяць сутак, завезлі ў IЧУ. Там выявілі высокую тэмпературу і адаслалі дахаты. Потым у паліклініцы зрабілі рэнтген, бо не хапала сімптомаў для КТ, тэст на каранавiрус не рабілі. Тэмпература і дагэтуль перыядычна з’яўляецца.

Атрымоўваецца, з 22 чэрвеня ў любы момант мяне могуць забраць [на суткі] – на вуліцы, каля дома. Гэта ж не адзінкавы выпадак, такое зараз практыкуецца па ўсёй краіне. Не скажаш дакладна, калі ім трэба будзе мяне забраць, можа, пад выбары.

– Як афіцыйна гучыць твой прысуд?

– У пратаколе затрымання было напісана, што я выкрыкваў лозунгі, прыцягваў да сябе ўвагу, размахваў рукамі. Але гэта ніяк не было даказана. Усе ў краіне ведаюць, як гэтыя пратаколы складаюцца, што яны ўсе аднолькавыя. З таго пікета нас забралі дзевяць чалавек, разам са мной прысуд атрымалі яшчэ двое. Пяць чалавек адпусцілі, яшчэ аднаму, напэўна, стала дрэнна, яго высадзілі каля дома.

Так я ўпершыню за шмат часу прапусціў гульню “Белшыны”, тым больш хатнюю, гэта быў матч з БАТЭ. Раней прапускаў гульні толькі два разы – праз смерць бацькі і нараджэнне сына.

– У сітуацыі з арыштам ты адчуваў падтрымку бабруйчан, іншых людзей?

– Так, бачыў нейкія пасты ў iнстаграме, фэйсбуку. Увогуле не было нейкага негатыву. Яшчэ, напрыклад, часта да нас з жонкай у горадзе падыходзяць. Проста набіраюцца смеласці, падыходзяць і дзякуюць, хаця невядома, за што. Для людзей ужо сам факт наведвання легальнага пікета – грамадзянская пазіцыя, але ж мы там былі па працы. Дзякаваць, напэўна, трэба людзям, якія там стаялі не па закліку працы.

Гэта не першыя мае суткі. У 2005 годзе мы з сябрам на фэсце «Рок за Баброў» паднялі бел-чырвона-белы сцяг, за гэта атрымалі суткі. У 2006 годзе, калі ў Мінску была Плошча, я быў у намётавым гарадку, пасля таксама атрымаў 10 сутак, сядзеў у Жодзіне.

***

– Колькі часу ты быў разам з «Белшынай»?

– Працаваў там больш за сем гадоў, а ўвогуле я з клубам з 1996 года – з моманту ўтварэння. Быў заўзятарам, бачыў усё: тры кубкавыя фіналы, чэмпіёнства. Маю больш за 70 выездаў за «Белшыну» – можна сказаць, мы распачыналі фан-сектар. З клубам у мяне звязаны добры кавалак жыцця, 24 гады. Пісаў пра “Белшыну”, фоткаў каманду, супрацоўнічаў са спартыўнымі сайтамі.

Быў выпадак у дзяцінстве, калі ў канцы 90-х каманда трэніравалася ў нас на раёне. Улетку мы пастаянна хадзілі паглядзець на іх. У Ігара Кавалевіча быў бранзалет на руцэ, а на ім вісела бутса і мячык. На адной трэніроўцы ён яго згубіў, разам з іншымі гульцамі яны пашукалі бранзалет, але не знайшлі, папрасілі нас дапамагчы. Мы знайшлі той бранзалет, завезлі ім на стадыён “Фандак”, на іншую трэніроўку. Кавалевіч нам падзякаваў, даў нейкія грошы на банду і завёз дахаты на машыне. У галаве нават адклаўся ягоны выраз пра светлафор: “Красный наш, зелёный общий”. Але з бабруйскім футболам я пазнаёміўся раней, першая гульня, на якую прыйшоў – гэта легендарны матч для Бабруйска 90-х.

– «Фандак» – «Дынама»?

– Так, «Фандак» яшчэ перамог. Мне было дзевяць гадоў, і бацька першы раз завёў мяне на футбол. На стадыёне быў біток, людзі глядзелі футбол з дахаў, вокнаў. Адчувалася нейкае свята. На гульнях не было шмат міліцыі, а людзі прыходзілі нават з нейкай ежай, даставалі банкі агуркоў. Ніхто не выбягаў на поле, не крычаў, не было чуваць мата. Зараз, калі прыходзіш на стадыён, цябе на ўваходзе аблапаюць, нібы ты злачынец. Няўжо не хапае металічнай рамкі? Здаецца, гэта адпужвае людзей.

– Калі ў тваім жыцці з’явілася палітычная дзейнасць?

– Напэўна, у 2004 годзе вырашыў дапамагчы знаёмым збіраць подпісы перад парламенцкімі выбарамі. Потым збольшага пачаў займацца нейкімі культурнымі і асветніцкімі праектамі. Запрашалі ў Бабруйск нейкіх гісторыкаў, музыкаў, прывезлі шмат беларускамоўных гуртоў. Зразумела, гэта былі не вялікія пляцоўкі, але мы бачылі тут усіх – Вольскага, “Краму”, Akute, Relikt, Вайцюшкевіча. У гэтым годзе прывозілі з сябрамі Уладзіміра Пугача, арганізавалі яму два выступы.

З 2012 года кожныя выбары таксама працую назіральнікам пры тэрытарыяльнай выбарчай камісіі, ніякіх канфліктаў праз гэта ніколі не было. Вельмі цяжка сказаць, як у нас на выбарах лічаць галасы, бо для назіральніка ўсё гэта не бачна, ты бачыш толькі чужыя спіны. Людзі, якія назіраюць за выбарамі ў іншых краінах, расказваюць, што там на кожным участку сядзяць прадстаўнікі розных партый, і выбары нельга сфальсіфікаваць. Кожны бюлетэнь бяруць і паказваюць усім, назіральнікі стаяць каля стала. Гэта займае вельмі шмат часу, не тое што ў нас, калі недзе за гадзіну ўжо ёсць вынік. У нас ты бачыш, як адна жанчына нешта пашаптала, іншая нешта пашаптала, потым яны звялі свае лічбы і паказалі табе пратакол.

 - А калі ты заняўся праваабарончай дзейнасцю?

 – У 2011 годзе. Тады былі маўклівыя акцыі, калі людзі пляскалі ў далоні на вуліцы і пасля ім за гэта давалі суткі. Трэба было іх кансультаваць, так я і стаў праваабаронцам.

– Раней у цябе праз грамадскую дзейнасць не было праблем у клубе?

– Не, раней было спакойна. Але зараз на звальненні гучала – чаму цябе не было на працы 21 мая? У той дзень праходзіла паседжанне выбарчай камісіі, і, напэўна, адтуль далажылі, што я знаходзіўся там, а не на працоўным месцы. Хаця я і не павінен быў пастаянна сядзець у клубным офісе, у мяне былі іншыя задачы. Ну а што трэнер-відэааператар можа рабіць у офісе па 8 гадзін ? Усё было зразумела, патрабавалася проста выканаць нейкі аб’ём працы, і мы на такія ўмовы і ішлі.

Хаця я і раней хадзіў на паседжанні камісій, быў там у 2015-м, 2016-м гадах, у мінулым годзе, калі праходзілі апошнія парламенцкія выбары. Ніколі не было праблем, а тут яны вырашылі сур’ёзна за ўсіх узяцца.

***

– У 1990-я, калі ты ўпершыню прыйшоў на стадыён, у Бабруйску любілі футбол?

– Любілі, бо каманда паказвала вынік. Да таго ж асноўны склад быў амаль нязменным, было на каго паглядзець. Напрыклад, ты ведаў, хто такі Хлебасолаў, бо ён яшчэ да “Белшыны” гуляў за “Фандак”. І калі раней клуб змагаўся за захаванне прапіскі, а тут яны займаюць трэцяе месца, а Хлебасолаў забівае 34 галы – як не любіць такую каманду? Ці той жа Вова Путраш. Мужыкі крычалі – дайце Вове прабіць пенальці, ён заб’е яго галавой!

Былі асобы, а людзі ходзяць дзеля асоб. Таму і ў Брэсце зараз ходзяць на стадыён, бо там ёсць на каго паглядзець. Прыбяры Мілеўскага і пару іншых гульцоў – і будзе зусім іншая наведвальнасць. А калі ты прыходзіш, а ў клубе год ад году адны ноўнэймы? Людзі прыходзяць на першую гульню чэмпіяната, бачаць, што выніку няма, і перастаюць хадзіць далей. 

Святкаванне чэмпіёнства, 2001 год

У гэтым годзе Лёня Ковель нармальна гуляў перадсязонку, але шмат хто яго ганьбіў у каментах, пыталіся, навошта ён камандзе. А зараз Лёня Ковель – лепшы гулец каманды, але ніхто ж не просіць прабачэння за тыя выказванні. Што, складана сказаць: хлопцы, я не эксперт і больш увогуле не буду нічога пісаць?

Сезон-2015 быў для нас, напэўна, лепшым за апошнія 19 год, але ўжо тады пачалася чахарда з генеральнымі дырэктарамі. У нас была яркая каманда, але зноў-такі, калі мы біліся за трэцяе месца, на апошнія гульні чэмпіянату хадзіла мала народу – можа, менш за паўтары тысячы заўзятараў. Што ім трэба?

– Заўсёды трэба перамогі.

– Былі перамогі. Каманда б’ецца за трэцяе месца, хаця прарочылі, што яна выляціць. У нас у клубе склалася ўражанне, што ёсць нейкі касцяк, 300 чалавек, што будуць хадзіць на чэмпіянат лазні, вобласці, Лігу чэмпіёнаў – ім няма розніцы. А ёсць тыя, хто прыйдуць на брэсцкае “Дынама”, але знікнуць на “Смалявічах”.

– Адчуваеш, што з цягам часу ў людзей змянілася стаўленне да “Белшыны”?

– Глядзі, мы з 2001 года не бралі трафеі. І людзі ўжо слаба арыентуюцца, што зараз з клубам, бо каманда яшчэ ў нулявыя вылятала ў першую лігу. Пры Сяднёве пасля першага круга ішлі на першым месцы, а людзі ўсё роўна пыталіся – што там з “Белшынай”, вылецела яна ці не? Проста па інэрцыі лічаць каманду лузерам, і трэба даказваць, што мы змагаемся.

У залатыя гады клуба ўсё залежала ад шыннага камбіната і яго генеральнага дырэктара, Палякова. Ён любіў футбол, знаходзіў на яго грошы, і моцныя футбалісты не сыходзілі з клуба, а прыходзілі ў каманду. Быў вынік. Потым Палякова прыбралі ці ён сам сышоў, і тады пачаліся праблемы, у тым ліку з грашыма. Напэўна, яны цягнуцца дагэтуль. Завод застаецца тытульным спонсарам каманды, яна сама збольшага належыць выканкаму. Відавочна, што грошай мала, ды і сам завод зараз знаходзіцца не ў лепшым эканамічным становішчы. Так што ўсе праблемы – ад безграшоўя.

– Адсутнасць грошай – галоўнае, што зараз перашкаджае футболу у Бабруйску?

– Напэўна, бо людзям не да футбола. Ён павінен быць часткай нейкага вольнага часу. На стадыён трэба прыходзіць адпачываць, калі ў цябе галава нічым не забітая, а людзі думаюць пра тое, дзе знайсці грошы, як падхалтурыць. Напрыклад, купляюць вельмі мала абанементаў, асноўная частка з іх распаўсюджваецца праз прадпрыемствы ці прафсаюзы. Бывае, што людзі купляюць абанементы, але не ходзяць. Ды і абанемент павінен даваць нейкія бонусы, не толькі праход на гульню са зніжкай.

– Можа, людзі не падтрымліваюць актыўна «Белшыну» яшчэ і таму, што не бачаць у камандзе сваіх, бабруйскіх хлопцаў?

– Значыць, мы не падрыхтавалі хлопцаў, якія маглі б прадстаўляць каманду ў вышэйшай лізе. А хто з Бабруйска загуляў у «вышцы» за апошнія гады? На думку прыходзяць Салановіч, Рэкіш, Турлін, Кошаль, Гарбачоў. Не ведаю, можа, праблема ў нашым дзіцячым футболе, мы не можам падрыхтаваць добрых гульцоў. Але, здаецца, у нас мала клубаў вышэйшай лігі гуляе сваімі гульцамі.

– У клубе думалі наконт стратэгіі па прыцягненню людзей на стадыён?

 – Думалі, але аддзелу маркетынгу для працы патрэбны бюджэт. Калі яго няма, што ты можаш даць гледачу на стадыёне? Нават білбордаў няма з камандай. Цяжка сказаць, чым можна прывабіць людзей на стадыён, гэта праблема ўсёй нашай краіны.

– Для Бабруйска футбол жа некалі быў падзеяй.

– Бабруйск – спецыфічны горад. Тут трэба перамагаць, бо калісьці каманда прывучыла да гэтага заўзятара. Да таго ж шмат людзей зараз з’язджае з Бабруйску, у тым ліку едуць зарабляць грошы, так і заўзятараў у нас робіцца менш.

– З кім з трэнераў і гульцоў табе было найбольш камфортна працаваць? Хто падабаўся?

– З усімі трэнерамі мы хутка знаходзілі агульную мову, і ніякіх прэтэнзій да маёй працы не ўзнікала. Таму не хацелася б кагосьці выдзяляць. Зразумела, што ў кожнага свой характар, свае падыходы да працы, але гэта нам не замінала наладжваць добрыя працоўныя стасункі. Нават збольшага атрымліваў ад іх рэспекты за хуткасць выкананай працы ці дапамогу ў іх вучобе, бо шмат хто з іх сканчваў трэнерскія курсы на катэгорыі, і прыходзілася здымаць і рабіць відэаролікі і іншую працу.

Што тычыцца гульцоў, то тут таксама заўсёды прысутнічае чалавечы фактар. Я ніколі не набіваюся ў сябры, і ў большай ступені ты камунікуеш з тымі, каго больш ведаеш, хто правёў больш часу ў камандзе, але і з навічкамі падтрымліваеш кантакты. Асабліва хутка сяброўства можа пачацца, калі нейкі гулец у цябе просіць відэа нейкай гульні ці тайма скінуць – ты забываешся, а ён пачынае табе ва ўсіх мэсэнджэрах нагадваць :). Таму калі коратка, то камфортна працаваць з прафесіяналамі. А наконт «падабаўся – не падабаўся» аб’ектам майго ўпадабання з’яўляецца мая жонка. 

– Падчас працы ў клубе ты адчуваў наяўнасць нейкай стратэгіі?

 – Усё было ў фармаце “дзень прастаяць ды ноч пратрымацца”. Калі не валодаеш вялікімі бюджэтамі, цяжка нешта планаваць, галоўнае – хаця б выплаціць у канцы месяца заробкі. І якая стратэгія, калі ў нас з 2013 года змянілася шэсць-сем кіраўнікоў клуба? Некаторыя прыходзілі на год, на пяць месяцаў, некаторыя сыходзілі, а потым іх зноў ставілі.

Стратэгія павінна была вымалёўвацца ў канцы 2015 года, калі мы былі ў кроку ад еўракубкаў. Але пасля прыйшлі інвестары. Іх з помпай прэзентавалі, сказалі, зараз яны падымуць увесь бабруйскі футбол. А ў выніку яны развалілі футбол у Бабруйску на чатыры гады, калі браць разам з гэтым годам, і яшчэ загналі клуб у даўгі.

Атрымліваецца, за гіфку з сэрцам цябе ганьбяць. А тут у Бабруйск прывозяць мутных людзей, якія гуляюцца ў нейкія незразумелыя гульні, робяць бюджэтнаму клубу даўгі на сотні тысяч даляраў. Яны не прыцягнулі валюту, а аддалі яе нейкім замежнікам. Траплялася інфармацыя, што на тыя грошы, якія клуб выплачвае за Факунда Самар’яна, недзе ў аргенцінскай школе робяць рамонт на стадыёне. І гэта за кошт рабочых з завода “Белшына”, якія, можа, праз гэта не атрымлiваюць нейкія прэміі, надбаўкі, хаця працуюць у цяжкіх умовах.

То бок запусцілі ў клуб дылетантаў – і ніхто не панёс адказнасці, усе засталіся на сваіх пасадах. А ты напісаў “мы супраць”, паставіў сэрца – і цябе звальняюць. Гэта самая вялікая трагедыя бабруйскага футбола. Давайце ўсе будзем адказваць за свае ўчынкі.

– Якія яшчэ з’явы, акрамя прыходу інвестараў, былі для цябе дзіўнымі падчас працы ў клубе і падтрымкі яго?

– Не тое каб гэта было дзіўна, але цяжка было прывыкаць і чакаць новых дырэктараў клуба і іх намеснікаў. Усе ведаюць прымаўку пра мятлу. За час маёй працы пабачыў восем дырэктараў, і добра, калі чалавек разбіраўся ў футбольнай структуры. Але ж былі і тыя, для каго клуб з’яўляўся прыбаўкай для пенсіі альбо трамплінам на іншыя пасады. І атрымліваецца, што за некалькі месяцаў да прызначэння новага кіраўніка па клубе пачынаюць хадзіць чуткі, абмяркоўвацца кандыдатуры і ўсё такое. Пасля новы чалавек колькі месяцаў паглыбляецца ў працэс. А можа нават і не паглыбляецца, бо ведае, што хутка сыйдзе з клубу. І гэта ў нас называлася страчаным часам. Таму зноўку можна вяртацца да пытанняў пра ўстойлівую і жыццяздольную структуру, пра каротка- і доўгатэрміновыя планы на будучыню – такія людзі іх не ствараюць, а паглыбляюць стагнацыю.

 – Бабруйску ўвогуле патрэбны футбол?

 – Бабруйску патрэбныя працоўныя месцы, добрыя заробкі. Калі гэта будзе, тады спатрэбіцца і футбол. Ну і наўрад ці ў людзей можа выклікаць цікаўнасць каманда, якая то ў першай лізе, то змагаецца за выжыванне. Можа, павінен паўстаць нейкі іншы праект, па тыпу “Крумкачоў”, але дзе ўзяць грошы? Цяжка ўявіць, дзе ў Бабруйску можна знайсці бюджэт на прафесійную каманду для вышэйшай лігі.

– Якая будучыня, на твой погляд, чакае «Белшыну»?

 – Пакуль не будзе моцнага інвестара, не бачу магчымасці нейкіх змен. Будзе каманда, што ў лепшым выпадку боўтаецца паміж вышэйшай і першай лігамі. Напэўна, такія каманды патрэбныя АБФФ для геаграфіі. З іншага боку, у шмат якіх краінах, у той жа Ірландыі, у вышэйшых лігах гуляюць паўпрафесійныя каманды, спонсарам якіх можа быць нейкая цырульня ці кавярня. А лепшыя беларускія клубы з гэтымі камандамі гуляюць на роўных, хаця ў нас каманды лічацца прафесійнымі. Возьмем Люксембург, гэта краіна памерам з Бабруйск і Бабруйскі раён, але на ўзроўні зборных мы колькi разоў не маглi іх перамагчы.

Кажуць, Беларусь – маленькая краіна, але ж гэта не так. Мы больш за палову краін Еўропы, і шмат дзе няма ні нафты, ні газу, але каманды паказваюць футбол. Гэта праблема ўсяго беларускага футбола, які фінансуецца на дзяржгрошы. Ты выбіў нейкі бюджэт – і ўсё, нейкі час мы пражывём. А калі сам чалавек будзе зацікаўлены ў футболе, зробіць план развіцця, будзе ўкладваць свае грошы і пажадае нешта зрабіць, тады, можа, і людзі яму павераць і пойдуць на стадыён.

Фота: архіў Сяргея Лацінскага, bobr.by, Instagram-акаўнт «fcbelshina_fans», ex-press.by, fcbelshina.by

Відэа затрымання Сяргея і Алесі Лацінскіх: тэлеграм-канал «Бобруйск Online»

 

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты