Tribuna/Футбол/Блоги/Политика и спорт/Знак на свежым фота Федэрэра – акурат БЧБ-сцяг, але Беларусь тут ні пры чым – пра гэта казалі яшчэ ў Дудзя ў мінулым годзе

Знак на свежым фота Федэрэра – акурат БЧБ-сцяг, але Беларусь тут ні пры чым – пра гэта казалі яшчэ ў Дудзя ў мінулым годзе

...

Автор — Алесь Коваль
16 мая 2021, 09:00
3
Знак на свежым фота Федэрэра – акурат БЧБ-сцяг, але Беларусь тут ні пры чым – пра гэта казалі яшчэ ў Дудзя ў мінулым годзе

14 мая ў фан-акаўнце Роджэра Федэрэра ў Instagram выклалі фота, на якім вялікі тэнісіст пазіруе на фоне горных пейзажаў роднай краіны. І ў нас не было б пра гэта, калі б не адна дэталь – на камені ў куце кадра знаходзiліся каляровыя палосы, моцна падобныя да БЧБ-сцяга.

Фота з відавочных прычын вельмі спадабалася беларусам. Каментары ў допісе, дзе яно было размешчана, заваленыя рэспектамi швейцарцу.

Федэрэр яўна здзівіўся б, калі б даведаўся, які эфект выклікала яго фота ў нашай краіне – ужо хоць бы таму, што свабоднай Беларусі на здымку дакладна няма. Знак, падобны да сцяга, – стандартны для пешых турыстычных маршрутаў у гарах і нізінах Еўропы. На такіх знаках ёсць дзве белыя паласы па краях, колер сярэдняй ж залежыць ад таго, на якую сцежку завяло вандроўнiкаў. Канкрэтна ў Швейцарскіх Альпах (а знялі Федэрэра ў тамтэйшай даліне Энгадын), чырвоная сярэдзіна пазначае ўскладнены маршрут для пешага паходу, які ўсё яшчэ можна прайсці без спецыяльнага рыштунку (пры яго неабходнасці паласа будзе сіняй). У іншых лакацыях сустракаюцца і іншыя палосы па цэнтры – зялёная і жоўтая, напрыклад. Хаця і тыя, хто разумеў сутнасць знака на фота, пісалі каментары з больш звыклай для нас асацыяцыяй.

Прыкладна такая ж рэакцыя была ў журналіста, які шмат гадоў аддаў спартыўнаму кірунку, экс-галоўрэда sports.ru Юрыя Дудзя. У канцы мінулага года ён выпусціў на сваім канале «вДудь» відэаінтэрв’ю з расійскім тэлевядучым і трэвел-блогерам Антонам Птушкiным (набрала больш за 20 мільёнаў праглядаў), якое было разбаўлена сумесным праходам герояў па горах у Турцыі. Там яны натыкнуліся на бел-чырвоны знак – Птушкiн здолеў паведамiць толькі, што гэта маркер дарогі, але сэнсу колераў не ведаў. Вандроўнiкi сышліся на тым, што ніхто спецыяльна знак не перафарбоўваў, але ў 2020-м бела-чырвоныя палосы «заўважаеш адразу ж». Дудзь вырашыў падвесці вынікі дыялогу па тэме знакаў і прамовіў: «Увогуле, мы арыентуемся на іх, калі ідзем, і гэта значыць, што мы на правільным шляху». Птушкiн знайшоў у гэтых словах схаваны сэнс – калі Дудзь зразумеў, як іх можна інтэрпрэтаваць, то сказаў: «Карацей, беларусы, родныя, трымайцеся!» (адсечка 16:07).

Вернемся да Федэрэра, які ў гарах апынуўся не проста так. Аказваецца, знакаміты прадстаўнік Швейцарыі пагадзіўся абсалютна бясплатна стаць афіцыйным турыстычным паслом краіны. Яго фатаграфія ў Альпах была спецыяльна зробленая для інтэрв’ю, якое выйшла 8 мая ў раздзеле пра турызм сайта вядомага амерыканскага выдання The New York Times. Гутарыў з Федэрэрам Дэйв Семінара, які піша для NYT як раз пра падарожжы і спорт, – а яшчэ ён сапраўдны фанат тэнісіста і дзеля напісання кнігі пра яго аб’ездзіў амаль усю Швейцарыю. Інтэрв’ю было прысвечана менавіта рэкламе Швейцарыі як месца для турызму – Федэрэр грунтоўна распавёў, куды трэба наведацца і што паспрабаваць на яго Радзіме, як толькі аслабнуць каранавiрусныя абмежаванні. А да гэтага тэнісіст зняўся ў рэкламным відэа, якое набрала ўжо больш за 24 мільёны праглядаў – у ім Федэрэр быццам бы дасылае фільм пра Швейцарыю амерыканскаму акцёру Роберту Дэ Ніра з запрашэннем прыехаць у госці, але ён адмаўляецца і крытыкуе краіну за тое, што яна «занадта ідэальная», ажно да таго, што мясцовыя не могуць сказаць «f *** you», а яму патрэбна драма. Усё канчаецца слоганам: «Калі вам патрэбны вакацыi без драмы, вам патрэбна Швейцарыя». Здаецца, мы здагадваемся, дзе Дэ Ніра можа знайсці адпачынак на свой густ – у Беларусі. Асабліва калі ён пазычыць у Федэрэра швейцарскі сцяг, на якім ёсць толькі белы і чырвоны колеры.

Калі ж Федэрэр сапраўды зацікавіцца падрабязнасцямі сітуацыі ў Беларусі, яму ёсць у каго запытацца – у 2002-03 гадах швейцарац гуляў у пары (і выйграў тры тытула) з Максімам Мірным. Праўда, цi атрымаў бы інфармацыю Федэрэр ад былога напарніка – пытанне: зараз беларускі экс-тэнісіст аддае перавагу маўчанню.

Другие посты блога

Все посты