Tribuna/Футбол/Блоги/ПростоБлог/Мінус «Нафтана» яшчэ застаецца, пытанні да суддзяў ужо з’яўляюцца

Мінус «Нафтана» яшчэ застаецца, пытанні да суддзяў ужо з’яўляюцца

У Наваполацку, горадзе моцна заціснутым паміж Заходняю Дзвіною і нафтапераапрацоўчым заводам, як шчаслівы каханак паміж грудзей гарнай дзяўчыны, адбылася гульня з найменш інтрыгуючай шыльдай першага тура: “Нафтан” – “Слуцк”.

Блог — ПростоБлог
Автор — псевдоним
2 апреля 2017, 11:47
10
Мінус «Нафтана» яшчэ застаецца, пытанні да суддзяў ужо з’яўляюцца

У Наваполацку, горадзе, моцна заціснутым паміж Заходняю Дзвіною і нафтапераапрацоўчым заводам, як шчаслівы каханак паміж грудзей гарнай дзяўчыны, адбылася гульня з найменш інтрыгуючай шыльдай першага тура: “Нафтан” – “Слуцк”.

Перш за ўсё яшчэ і я скажу колькі словаў пра стадыён “Атлант”. Раней шмат чытаў і чуў пра яго, але чамусьці мне заўсёды ўяўляўся нейкі шэры постапакаліптычны будынак кшталту менскага “Трактару”, але больш жахлівы. На самой справе “Атлант” апынуўся стадыёнам тыпу “яма”: поле, гума вакол, трошкі сядзенняў, прылепленых да ўзгорачку. Апошні раз я быў так шчыра здзіўлены, калі даведаўся, што “Вечар у Бруге” больш не будуць выпускаць. Да таго ж, “Атлант” упэўнена займае першае месца ў спісе найгоршых газонаў пачатку чеэмпіяната. Ужо пасля першага тайма ён быў больш падобен на палігон абкаткі трактароў “Беларус”.

Перад пачаткам гульні адбылася невялікая, але душэўная цэрымонія адкрыцця з уручэннем караваяў, шчырай прамовай старшыні ФК “Нафтан” і ўздымам капітанамі каманд нацыянальнага сцяга краіны. Падчас уздыму граў аркестр, але мясцовы гукарэжысёр не жадаў з гэтым лічыцца і ўключыў запіс яшчэ і з калонак. Вось так, пад два гімны адначасова і стрыманы смех 150 – 200 гледачоў распачаўся футбольны сезон на поўначы краіны.

Менавіта гульня была цяжкай. Мяч рухаўся марудна, абы куды адскокваў як ад дрэннага газону, так і ад набіраючых форму гульцоў. На пачатку гульні Цевераў два разы запар упаў у штрафной пляцоўцы “Слуцка”, Яцкевіч падаў у адказ каля варот “Нафтана”, але пенальці адбыўся толькі на 88 мінуце. На першых хвілінах каманды абмяняліся па адным небяспечным моманце, а потым усё часцей спрабавалі выносіць мяч верхам наперад у надзеі, што нападнікі за яго зачэпяцца. Удары не атрымліваліся ні ў каго: то вельмі слабыя, то вельмі недакладныя. Да таго ж, гульцы абедзвюх каманд часцяком мазалі па мячы. Так, з-за няўдалай ігры абаронцы, які не патрапіў па мячы, ён ледзь не заскочыў у дальні вугал варот “Нафтана”. Падалося яшчэ, што легіянерам “Слуцка” неяк не хапае ўзаемапаразумення з таварышамі, бо надта часта пас ішоў зусім не туды. Дзякуючы намаганням Яцкевіча “Слуцк” выглядаў больш цікава ў першым тайме. Але “Нафтан” перахапіў ініцыятыву і добра атакаваў і прэсінгаваў у другім, ды так і не здолеў парадаваць заўзятараў першым у сезоне голам.

Увогуле, у матчы было шмат барацьбы, кідкоў праз сцягно, небяспечнай гульні нагой і нават адчайных скачкоў дзвюма нагамі ў суперніка. Усе гэта скончылася грубым фолам апошняй надзеі Гарбачова (сам ён сцвярджае, што згуляў у мяч). Не паспеўшы за контратакай случчан, ён кінуўся ў ногі суперніку, а той, не будзь дурны, упаў. Што там было, без відэапаўтора цяжка сказаць. Невядома, ці будзе ён, і калі так, то ці можна будзе на гэтым паўторы хоць што-небудзь ўбачыць.   

Тым не менш, далей ўжо суддзя Нікіта Пырэеў распачаў рознакаляровую феерыю. Даўшы свісток адразу пасля моманту, ён паказаў жоўтую картку нападніку “Слуцка”. Трыбуны апладзіруюць, разумеючы гэта як пакаранне за сімуляцыю. Але суддзя цягнецца ў кішэню другі раз і праз колькі секунд паказвае чырвоную “Нафтану”. Ніхто нічога не разумее. Гульцы збіраюцца вакол суддзі. А ён паказвае яшчэ адну чырвоную камусьці з “Нафтана”. На стадыёне пануюць здзіўленне, абуранасць і мат. “Дык выдаляй ужо ўсіх!” – скрушана падказвае нехта з заўзятараў. Нібы пачуўшы, суддзя паказвае яшчэ і жоўтую некуды ў талпу футбалістаў. Як вынік, з поля сышоў чамусьці толькі абаронца “Нафтана” Гарбачоў. Каму была другая чырвоная, невядома. У пратаколах на сайтах клубаў поўнае бязладдзе, а на сайце АБФФ афіцыйнага яшчэ няма. Што гэта было, зразумець цяжка.

Але і гэта не ўсё. У выніку “Слуцк” прабіў штрафны. Па меркаванню суддзі, мяч трапіў у руку некаму з сценкі, якая стаяла ў штрафной плошчы. Пенальці на 88-й хвіліне, гол, мінімальная перамога бела-сініх.

Такім чынам, нягледзячы на ўпартую і нядрэнную гульню, “Нафтан” не здолеў паменьшыць свой “мінус”. Нягледзячы на дрэннае поле і гульню на выездзе, “Слуцк” здабыў першую перамогу. Нягледзячы на ўсе намаганні федэрацыі, пытанні да судзейства з’явіліся ўжо ў першым туры.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты