Tribuna/Футбол/Блоги/ПростоБлог/«Дынама-Мінск» - «Нёман» 1:0. Тры ачкі пры нулявой гульні

«Дынама-Мінск» - «Нёман» 1:0. Тры ачкі пры нулявой гульні

«Дынама» дэманструе панылую гульню, а «Нёман» не забівае у большасці.

Блог — ПростоБлог
Автор — псевдоним
22 апреля 2017, 20:50
2
«Дынама-Мінск» - «Нёман» 1:0. Тры ачкі пры нулявой гульні

Шчыра кажучы, была ў мяне мэта напісаць артыкул яшчэ пра першую хатнюю гульню “Дынама” супраць “Нафтана”. Схадзіў на футбол, паглядзеў, але напісаць нічога не атрымалася. Няма пра што. Ні за што не зачапілася вока. “Нафтан”, вядома, адбіваўся, контратакі не атрымліваліся – прадказальна. Гульня “Дынама” павольная, з невыразнымі ўдарамі здалёк, і, не страшаць мяне вашыя “мінусы”, сумная. Гэта не першая хатняя гульня каманды, на якой я быў, хадзіў і ў тым сезоне. Амаль заўсёды ўражанне адное: вельмі марудна, вельмі сумна, амаль без небяспечных момантаў, няма на што глядзець. Калі б не памылка брамніка “Нафтана”, то гэтая гульня, мабыць, і скончылася б 0:0.

Хатнія гульні “Дынама” нагадваюць бясконцыя павольныя мілошчы. (Хто не чуў пра беларускі эратычны слоўнік, так нашыя суайчыннікі пяшчотна называюць буржуйскую прэлюдыю). Ты ўсё чакаеш, калі ўжо гэтыя нясмелыя пацалуначкі ператворацца ў сапраўдныя любошчы, калі ўжо ўсе атрымаюць задавальненне. Дык не, “Дынама” стомлена засынае, так і не здолеўшы нават станік зняць са сваёй каханкі. Але ж сябрам ганарыста паказвае 3 ачкі ў турнірнай табліцы.

Напярдадні матчу гэтых ачкоў у “Дынама” было 6, а ў “Нёмана” – 7. Цікава было паглядзяць, што будзе рабіць сталічная каманда. Тонучы “Нафтан” чапляўся супраць яе да апошняга, аўтазаводцы, якія далі копаці ў мінулым сезоне, увогуле атрымалі перамогу над “Дынама”. Что рабіць, калі Найок не трапляе здалёк, Хвашчынскі не забівае пасля замены, а супернік не жадае памыляцца? Таксама цікава было паглядзець і на “Нёман”, які перамог “Іслач”, “Слуцк” і ледзь не перамог “Славію”, але ўпершыню ў сезоне сутыкнуўся з моцным супернікам.   

Перш за ўсё, трэба адзначыць, что сталічнае “Дынама” пачало нарэшце нешта прыдумляць для гледачоў. У галерэі стадыёна “Трактар” да традыцыйных кропак з ежай дадаліся настольны футбол, фотабудка, аэрахаккей і відэагульні. Перад гульнёй спяваў саліст “Neuro Dubel” Аляксандр Кулінковіч. Нажаль, ацаніць усё гэта амаль не было каму, бо прысутнічала на гульні толькі 700 чалавек. 

Другі матч запар амаль не было хатніх фанатаў. Ня ведаю, у чым прычына, але бяз іх зусім сумна. На фота ўсе 20 “гаспадароў сталіцы” адпачываюць у перапынку.

Гасцей было прыкладна столькі ж.

Гульня пачалася больш-меньш актыўна. Ужо на 9 хвіліне “Дынама” забіла гол. Забіла зноў пасля навесу са штрафнога, як і ў гульні супраць “Нафтана”. Дарэчы, штрафны зарабіў Хвашчынскі, які выйшаў з першых хвілін.

Але ж далей гульня супакоілася і цалкам нагадвала матч другога туру. “Дынама” шмат валодала мячом, “Неман” няўдала контратакаваў. “Дынама” менавіта валодала мячом, нібыта ня ведаючы, што з ім рабіць на апошняй трэці поля пры шчыльнай абароне суперніка. Сарока дэманстраваў дрыблінг, лёгка абыходзячы 1-2 гараднічан, але далей пагроза ліквідавалася. Павольныя і марудныя атакі “Дынама” часцей за ўсё скончваліся альбо вельмі недакладнымі, альбо вельмі слабымі стрэламі здалёк.

У другім тайме “Нёман” адпачатку дабавіў хуткасці, а “Дынама” збілася на гульню доўгімі перадачамі наперад. Савіцкі падхопліваў мяч бліжэй да цэнтру поля, атакавала яго каманда шырока праз флангі, асабліва быў актыўны на правай броўцы Бебе Кінге. Тым не менш, гульня больш нагадвала бей-бяжы з вялікай колькасцю памылак, недакладных пасоў, незразумелай валтузні ў цэнтры поля. Гульцы білі ня столькі па варотах суперніка, колькі па іх нагах. Так, дынамавец Капленка атрымаў дзве жоўтыя карткі на 55 і 75 хвіліне, на 64 атрымаў пашкоджанне і пакінуў поле Савасцьянаў. Пасля выдалення, зразумела, пайшла іншая справа. “Нёман” вельмі жадаў адгуляцца, давіў, падаў 3 кутавых (да выдалення не было ніводнага). Былі і добрыя магчымасці. Спачатку гараднічане праігнаравалі ляжачага на газоне Сароку і, гуляючы супраць дзевяцёх, правялі небяспечную атаку, якая скончылася ўдарам у штангу. Потым Савіцкі добра круціў з-за межаў штрафной, але брамнік выцягнуў з-пад папярэчыны. А напрыканцы была яшчэ адная штанга, пасля добрага ўдару здалёк. Нажаль, забіць не атрымалася. Намаганнямі Хвашчынскага “Дынама” менавіта ў меньшасці стварыла самы небяспечны момант з гульні, калі ўцякло ў контратаку. Але злавіць суперніка ў іх таксама не атрымалася. Дзіўна, але суддзя не пакараў брамніка “Дынама” Клімовіча жоўтай карткай. Пасля выдалення аднаклубніка ён кожны раз усё ніяк не мог адшукаць мяч за сваёй брамай, а калі, нарэшце, пасля падказак суддзі знаходзіў, то доўга блукаў, выбіраючы, адкуль яго ўвесці ў гульню.   

Калі рабіць нейкія высновы, то, відавочна, “Нёман” пакуль яшчэ не здольны сур’ёзна супрацьстаяць моцным супернікам. Нават гуляючы ў большасці, яны не здолелі забіць. Можна сказаць, не пашанцавала. Але першая штанга была ў гульні супраць дзевяцярых, а другая пасля ўдару здалёк на ўдачу. У роўных складах пагражаць браме супернікаў не атрымлівалася.

Што тычыцца “Дынама”, то захаванне перамогі ў меньшасці не павінна ўводзіць у зман. Складаецца ўражанне, каманда не ведае, што рабіць. Небяспечныя моманты ўзнікаюць часцей за ўсё тады, калі супернік не паспявае вярнуцца пасля сваёй атакі. Пазіцыйныя атакі атрымліваюцца вельмі блага, скончваюцца непадрыхтаванымі ўдарамі здалёк, якія не ўяюляюць зусім ніякай пагрозы. Калі “Неман” пачаў сустракаць вышэй і гуляць хутчэй, “Дынама” увогуле не знайшло чым адказаць, акрамя далёкіх закідаў паветрам. Звярніце ўвагу: за тры гульні “Дынама” забіла толькі два мячы. Кожны раз пасля навесаў са штрафных. Штрафныя, непадрыхтаваныя ўдары здалёк, надзея на індывідуальныя дзеянні, спробы злавіць суперніка на контратаках – гэта ўсё прыёмы серадняка турнірнай табліцы, а не каманды з чэмпіёнскімі амбіцыямі.  

Фота: мае і https://vk.com/fc_dinamominsk 

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты