Tribuna/Баскетбол/Блоги/Rock the Tsmok/Ала Мураўская: «Думаю, што галоўныя дасягненні наперадзе»

Ала Мураўская: «Думаю, што галоўныя дасягненні наперадзе»

Набліжаюцца самыя важныя матчы сезона для жаночай каманды. “Цмокаў” чакаюць сустрэчы ў паўфінале нацыянальнага першынства і ў “Фінале чатырох” Балтыйскай лігі. Цяжар адказнасці ў такіх гульнях кладзецца на плечы найбольш дасведчаных гульцоў,сярод якіх Ала Мураўская – двухразовая чэмпіёнка краіны і лепшая баскетбалістка сезона-2009/10.

Блог — Rock the Tsmok
Автор — Tsmoki-press
9 марта 2015, 23:57
4

Набліжаюцца самыя важныя матчы сезона для жаночай каманды. “Цмокаў” чакаюць сустрэчы ў паўфінале нацыянальнага першынства і ў “Фінале чатырох” Балтыйскай лігі. Цяжар адказнасці ў такіх гульнях кладзецца на плечы найбольш дасведчаных гульцоў,сярод якіх Ала Мураўская – двухразовая чэмпіёнка краіны і лепшая баскетбалістка сезона-2009/10. У размове з прэс-службай “Цмокаў” Ала расказала пра стан і настрой каманды, барысаўскую “Бярэзіну”, дзе правяла большую частку кар’еры, а таксама пра характар Андрэя Ваўлева, які трэніруе Алу з самага дзяцінства.

- “Цмокі” ўсё бліжэй да абароны тутыла. У якой форме знаходзіцца каманда ў гэты адказны момант?

- Я лічу, што мы фінішуем добра падрыхтаванымі. Працэс падрыхтоўкі пабудаваны такім чынам, каб заканчэнне сезона мы сустракалі ў аптымальнай форме, тым больш, акрамя нацыянальнага чэмпіянату, нас чакае “Фінал чатырох” Балтыйскай лігі. Таму мы зараз набіраем абароты.

- Шчыльны графік другога этапу, калі праводзіліся тры гульні на тыдзень, не адбіўся на фізічнай форме?

- Шчыра кажучы, пад канец другога этапу адчувала стомленасць. Нават не столькі фізічную, колькі маральную, бо ўвесь час бачыш адныя і тыя ж каманды. Усе і так добра ведаюць адна адну, а тут яшчэ і столькі гульняў запар.

- Усё ідзе да таго, што ў фінале нацыянальнага першынства будуць гуляць “Цмокі” і “Гарызонт”…

- Ну, я б не стала так забягаць наперад.

- Магчымы іншы сцэнарый?

- Апошнія сустрэчы з “Вікторыяй” і “Алімпіяй” паказалі, што ўсё можа адбыцца. У першай гульні мы выйгралі пяць балаў, у другой – толькі ў дадатковы час. Раз на год і палка можа стрэліць. Таму мы настройваемся на кожную гульню, нягледзячы на статус супернікаў.

- Ці складана было пасля гульняў беларускага першынства ўдзельнічаць у Еўракубку? Можа няўдача выкліканая розніцай у класе гэтых турніраў?

- Відавочна, што ў каманд з Еўракубка больш высокі ўзровень, чым у айчынным чэмпіянаце. Але гэта не адзіная прычына. Не хапіла досведу сустрэч на такім узроўні. У пачатку турніра, мабыць, мы былі ў недастаткова добрай фізічнай форме. Карацей, усяго патрохі, аднак матчы з гэтымі камандамі паказалі, што мы можам гуляць не толькі на роўных, але і перамагаць.У дамашніх гульнях нам не хапіла, напрыклад, у матчы з “Волагдай”, удачы.

- Нявыхад з групы моцна расчараваў?

- Вядома. Хацелася б прайсці далей, тым больш, што ў групе не было відавочнага аўтсайдара ці фаварыта, з усімі можна было гуляць.

- Сочыце за мужчынскай камандай?

- Так, вельмі чакаем перамог, вельмі перажываем за іх.

- На Мінск-Арэне?

- Не, на жаль паспяваць на матчы ў арэне у мяне не атрымліваецца. Баўлю вольны час з дзіцём дома, таму гляджу баскетбол на Беларусь-5. Падабаецца гульня Івана Мараша ў гэтым сезоне.

- Ці ёсць у “Цмокаў” шанцы падняцца вышэй у лізе ВТБ?

- Мне здаецца, ужо няма. Але не трэба апускаць рукі, бо для спартсменаў, акрамя турнірных задач, важна абараніць гонар клуба, змагацца дзеля веры заўзятараў.

- Давайце крыху пагутарым пра вашу кар’еру, якая цесна звязаная з клубам “Бярэзіна”. Ці была ліквідацыя барысаўскай каманды цяжкім ударам для вас?

- Не, усё да гэтага ішло, таму гэта не стала неспадзяванкай ці нейкім ударам. Проста крыху крыўдна. Існавала неблагая каманда, але праз фінансавыя праблемы яна знікла. На абласны бюджэт перавялі “Гарызонт”, бо горад не мог утрымліваць дзве жаночыя каманды, на яго базе стварылі “Гарызонт-2”, які, можна сказаць, узнік замест “Бярэзіны”.

- Вы б засталіся ў “Бярэзіне” калі б каманда існавала б і далей? Гэты быў клубны патрыятызм?

- Не, гэта быў не зусім клубны патрыятызм. Мне падабалася працаваць з трэнерам –Андрэем Ваўлевым –, які на той час трэніраваў клуб. Падабаўся калектыў, мяне там заўжды чакалі – і я вярталася ў Барысаў як дамоў (Ала Мураўская нарадзілася ў Мінску).

- Асоба Андрэя Ваўлева стала вырашальным фактарам пераходу ў “Цмокі”?

- Напэўна, што так.

- Даводзілася чуць, што Андрэй Ваўлеў – досыць імпульсіўны і строгі настаўнік. Ці бывае цяжка з ім працаваць?

- Не. Можа я проста прывыкла, і ў мяне выпрацаваўся нейкі імунітэт, бо гэта мой першы трэнер. Я цяпер бачу, што некаторым дзяўчатам можа і цяжка: ён імпульсіўны, але ніколі не крычыць без прычыны, заўсёды патлумачыць памылку. А эмацыйнасць часам і патрэбная, каб падбадзёрыць каманду.

- Вы працавалі з Андрэем Ваўлевым ад пачатку прафесійнай кар’еры?

- Гэта наогул мой першы трэнер, з якім я працавала з самага дзяцінства, а потым ён прыйшоў у “Бярэзіну”, дзе я ўжо гуляла.

- Які момант кар’еры вам найбольш запомніўся?

- Нават і не ведаю, што тут вылучыць… Уся кар’ера праляцела, як адзін дзень. Думаю, што галоўныя дасягненні наперадзе, цяпер разам з “Цмокамі”.

- Што будзеце рабіць пасля заканчэння кантракту з “Цмокамі” ў 2016 годзе?

- Буду добрай мамай.

- А працягваць гуляць?

- Давайце не будзем так далёка загадваць. Гэта ж жыццё.

- Чым вы захапляецеся акрамя баскетбола?

- У мяне вельмі шмат захапленняў, але яны даволі “недапрацаваныя”. Напрыклад, мне падабаецца вязаць, але на гэта цяпер зусім няма часу. Люблю гатаваць усялякія салодкія прысмакі, печыва. Наогул, шмат часу праводжу з сям’ёй, з дачкой.

Другие посты блога

Сербскі падарунак
11 апреля 2015, 22:47
1
Все посты