Tribuna/Футбол/Блоги/Rock the Tsmok/Фінкай у спіну. Чаму варта наведаць матч «Цмокі-Мінск» – «Байзанс»

Фінкай у спіну. Чаму варта наведаць матч «Цмокі-Мінск» – «Байзанс»

У нядзелю наймацнейшы баскетбольны клуб краіны паспрабуе атрымаць другую перамогу запар - а 15.00 «Цмокі-Мінск» сустрэнуцца з фінскімі «Байзанс» у рамках Адзінай лігі ВТБ. Прагрэс «акцёраў другога плана», турнірная значнасць, традыцыйна паспяховае выступленне супраць фінскіх калектываў і помста за «Дынама» - сярод прычын, па якіх варта наведаць Мінск-Арэну 22 сакавіка.

Блог — Rock the Tsmok
Автор — Tsmoki-press
21 марта 2015, 17:43
Фінкай у спіну. Чаму варта наведаць матч «Цмокі-Мінск» – «Байзанс»

У нядзелю наймацнейшы баскетбольны клуб краіны паспрабуе атрымаць другую перамогу запар – а 15.00 «Цмокі-Мінск» сустрэнуцца з фінскімі «Байзанс» у рамках Адзінай лігі ВТБ. Прагрэс «акцёраў другога плана», турнірная значнасць, традыцыйна паспяховае выступленне супраць фінскіх калектываў і помста за «Дынама» – сярод прычын, па якіх варта наведаць Мінск-Арэну 22 сакавіка.

ТУРНІРНАЯ ЗНАЧНАСЦЬ

Нечаканая, але справядлівая вікторыя «Цмокаў» над «Красным Акцябром» зноў прымусіла зірнуць на турнірную табліцу лігі ВТБ. Зразумела, што за месца ў плэй-оф мінчукі не зачапіліся б і ў творы пісьменніка-фантаста. Аднак доўгачаканы сыход з апошняга радка выглядае цалкам рэальным. Бо патэнцыйны поспех у двубоі з «Байзанс» ушчыльную наблізіць мінчукоў да «Красных Крылляў», якія на дадзены момант маюць толькі на дзве перамогі больш, а таксама з жахам пазіраюць на найцяжэйшы каляндар хуткіх сустрэч.

СЕРЫЯ

Акрамя таго, сёння «Цмокі» маюць віды на першую ў сезоне выйгрышную серыю. Бо ў бягучым розыгрышы «драконы» ні разу не святкавалі поспех у двух сустрэчах запар – апошні раз яны рабілі гэта яшчэ ў пачатку мінулага першынства. Добра, што перадумовы для ідэальнага тыдня маюцца. Бо калі падапечныя Ігара Грышчука адыграюць нядзельны паядынак гэтак жа якасна, як дуэль з валгаградцамі, трыумф ад іх нікуды не дзенецца.

МАГЧЫМАСЦЬ ВЯРТАННЯ УЛЬЯНКІ

Пры гэтым каціроўкі «драконаў» узрастуць, калі да нядзелі паспее аднавіцца форвард каманды Павел Ульянка. Ветэран, які траўмаваў плячо ў матчы з «Енісеем» (першага сакавіка), ужо прыступіў да трэніровак у агульнай групе – і, такім чынам, мае нядрэнныя шанцы на хуткае вяртанне на паркет. У гэтым выпадку чэмпіёны Беларусі не толькі атрымаюць дадатковыя магчымасці для ратацыі, але і будуць валодаць падтрымкай «спецыяліста па фінскім клубе». Бо нават у няўдалым супрацьстаянні першага круга Ульянка накідаў «Байзанс» шэсць трохачковых, устанавіўшы новы асабісты рэкорд лігі ВТБ.

ПРАГРЭС «АКЦЁРАЎ ДРУГОГА ПЛАНУ»

Да таго ж у «драконаў» ёсць гульцы, здольныя прыкрыць тыл ветэрану. Так, матч з «Красным Акцябром» красамоўна прадэманстраваў прагрэс баскетбалістаў «другога плана». Іншымі словамі: тых, хто рэдка выходзіў на авансцэну, а часам і зусім праводзіў 40 хвілін на лаўцы. Дастаткова сказаць, што ключавыя штрафныя ў той дуэлі рэалізавалі Белянкоў і Пастухоў, а выступленне Мешчаракова, які выйшаў у стартавай абойме ў сувязі з траўмамі Ульянкі і Лютыча, Ігар Грышчук ацаніў пяцёркай па пяцібальнай шкале.

ТРАДЫЦЫІ

Нельга не адзначыць, што для фінскіх клубаў Мінск-Арэна такая ж непрыступная, як Філягоўскі Град – для мангола-татараў. Па меншай меры, два папярэднія візіты каманд з краіны Суомі завяршыліся знішчальнымі паразамі. Так, у сезоне-2010/11 мінчукі з 30-ачковай перавагай разграмілі «Хонку», а ў мінулым розыгрышы Еўрачэленджа адолелі «Котку» з перавагай у «31», настраляўшы 104 ачкі. Зразумела, што «Байзанс» аб’ектыўна мацней каманд-суайчынніц. Але ці ўдасца ім абвергнуць гістарычную заканамернасць?

РЭВАНШ

Матч першага круга паміж «Цмокамі» і «Байзанс» нагадваў непрыемнасці галоўнага героя ў пачатку фільма «Восьмая міля», які з-за празмернага хвалявання не змог праявіць і 10% лепшых якасцяў. Вось і «драконы» (ці то недаацанілі суперніка, ці то знаходзіліся не ў лепшым псіхалагічным стане) правялі адзін з горшых паядынкаў розыгрышу, буйна саступіўшы, па сутнасці, роўнаму па ўзроўні апаненту. Цяпер жа Міркавіч і кампанія напэўна будуць грызці паркет дзеля таго, каб павысіць аўтарытэт у вачах візаві, а заадно і ўзяць рэванш за восеньскае непаразуменне.

ЗА РАДЗІМУ, ЗА «ДЫНАМА»

Магчыма, апошняя падаплёка будучай дуэлі прыцягнутая за вушы. Але ў той жа час не варта забываць, што не так даўно адна фінская каманда пагрузіла у роспач беларускіх аматараў спорту. Гаворка, як вы разумееце, пра хакейны «Ёкерыт», які адолеў «Дынама» ў плэй-оф КХЛ. Цяпер жа ў іншага мінскага калектыву з’явілася магчымасць хаця б часткова адпомсціць за суайчыннікаў. Хай у іншым відзе спорту і на меней значнай турнірнай стадыі.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Сербскі падарунак
11 апреля 2015, 22:47
1
Все посты