Праз ружовыя акуляры
Блог

Футболу верныя, нязменныя Мазыр і Славія!

Над прыпяцкай кручай у ясным блакіце

Лунае мазырскі арол.

Каб славай і справай зрадніцца з Айчынай,

Палессе гуляе ў футбол!

Гэтым разам на стадыён “Юнацтва” мазырчукоў заклікаў не толькі гімн “Славіі” у выкананні Якава Навуменкі, але такія-сякія нішцякі, арганізаваныя клубам з нагоды заканчэння сезона. Вось толькі зусім не гэта прымусіла мяне, кашлюку-саплюку, вылезці з-пад коўдры ў такое змрочнае і мокрае надвор’е. Як паважаючы сябе модны блогер, я проста не магла прапусціць апошні матч мазырскай каманды ў такім знакавым для мяне сезоне. Ну, ды пра ўсё ў свой час.

Апошні тур чэмпіяната Беларусі меўся быць не самым лёгкім для “Славіі”. Здавалася б, даўно не засталося ніякіх інтрыг на вяршыні табліцы, але прыемна, што ні госці, ні гаспадары не гулялі на… адчапіся. Актыўна рыхтаваліся і фанаты: мазырчукі цягам некалькіх тыдняў абмяркоўвалі свой перформанс, заклікалі аднадумцаў на сектар. Не магу сказаць, наколькі ў іх атрымалася здзейсніць усе задумы, у любым выпадку, выглядала ўсё досыць прыстойна.

сектар

Пры ўваходзе на стадыён адразу кінулася ў вочы, што праваахоўчыя органы надзвычай насцярожаныя і напружаныя. Яно і не дзіўна, такую небяспечную банду фанатаў мінскага “Дынама” тут прымаюць не кожны дзень. Напрыклад, гасцёў-самаходаў і самаездаў амапаўцы асобна суправаджалі на сектар партыямі па некалькі чалавек; аўтазакі перакрылі падыход да прыбіральняў, што знаходзяцца ў канцы стадыёна, акурат каля гасцявога сектара. Куды ж падзецца арміі мазырскіх заўзятараў, спытаеце вы? Далёка не кожны згодны зрабіць ну-вы-ведаеце-што ў пластыкавую бутэльку не адрываючыся ад відовішча. Дзяўчатам пашанцавала: жаночай была прызначаная прыбіральна на другім паверсе адміністрацыйнага будынку, на ўваходзе ў які стаяў ветлівы дзядзечка, адчыняў дзверы і кожнай даме даваў падрабязныя інструкцыі, каб не заблукалі. Мужчынам жа дасталася нейкая абшарпаная канура з іншага боку будынка. Вось такія падвойныя стандарты я люблю. Дарэчы, калі я выправілася на той самы другі паверх, ледзь не сутыкнулася ў дзвярах самі-ведаеце-якога-памяшкання з любімчыкам публікі – Бруна. Мяркуючы па ягоным выглядзе, пра раптоўную грамадскаць вышэйазначанага месца яму ніхто не паведаміў. І дарма, ці мала да чаго можна чалавека напалохаць.

Вяртаюся бліжэй да тэмы. Э-э-э… Пра што я там? Ага, прыбіральні. То бок, заблакаваны фан-сектар. Дынамаўцаў, відаць, сапраўды пабойваліся, таму пакінулі вольным паміж імі і глядацкімі трыбунамі цэлы сектар. Суполка ў вк паведамляе, што на выезд выправіліся прыкладна 250 чалавек. На стадыён па чарзе пад’ехалі тры аўтобусы і два бусікі. Я час не засякала, але апошніх жорнавы аўтазакаў выпусцілі хвілін праз 10-15 пасля пачатку гульні. Што праўда, фанаты нічога не прапусцілі: іх падвезлі непасрэдна да асобнага ўваходу, таму яны маглі назіраць за матчам, чакаючы сваёй чаргі.

дынама

Надвор’е ўсё ж давалася ў знакі: сярод гледачоў было менш асоб жаночага полу, чым звычайна, даволі шмат народу тапталася наверсе над трыбунамі, грэючыся гарбатай і перакурамі. Бясплатная гарбата была адным з анансаваных нішцякоў. Канечне, не ўсім жадаючым дасталася выратавальная гарачая вадкасць з бочкі-тэрмаса. Нават платныя напоі скончыліся неўзабаве пасля перапынку. І ўсё ж трыбуны не пуставалі.

трыбуны

Настрой у гледачоў быў баявы, усе разумелі, што супернік сур’ёзны. Мужчыны эмацыйна крычалі, дзеці радасна спявалі: "Что за мусорная яма ваше минское “Динамо”!" Маскот соўкаўся туды-сюды, спрабаваў узляцець, але гледачы цягнулі яго з аднаго боку ў іншы і бамбілі сэлфікі, каб потым паўдзельнічаць у фота-батле (нішцячок нумар 2).

арол

Пры ўваходзе на стадыён (а ўваход быў бясплатным) быў арганізаваны збор падарункаў для дзіцяга дома, так і “Славія” спрычынілася да дабрачыннай акцыі “Футбол-дзецям”. Мы таксама прынеслі тое-сёе, атрымаўшы аўтограф карткі Мікалая Раманюка. На кожнай з іх ззаду быў пазначаны нумар для ўдзелу ў піца-латарэі. Падчас гульні ў мяне траілася ўваччу :D Дарэчы, ці няма тут калекцыянераў? А то мне і аднаго Раманюка хопіць, магу падзяліцца.

раманюкі

На 21-й хвіліне стадыён узняўся і працяглымі апладысментамі адзначыў 20-ю гадавіну перамогі МПКЦ у кубку і чэмпіянаце Беларусі сезона 1996 года. І ведаеце, акурат у гэты час “Славія” замуціла відовішчную атаку, якая скончылася, на жаль, ударам Суліма у перакладзіну.

А вось калі я бачу гэтага таварышча, у галаве адразу гучыць фраза: “Вера, вызовите ко мне, пожалуйста, самую светлую голову нашей с вами современности. Как кого? Ковалевского, разумеется”.

кавалеўскі

Героем матча, канечне, стаў творца адзінага забітага гола – Катляроў.

катляроў

Шкада, што не было Жука, які заўсёды ўмее стварыць двіжуху на полі. Па поўнай выкладаўся Варанкоў, “але лёс склаўся так, што хрусць і папапалам”.

варанкоў-наёк

Калі ўжо Наёк паабдымаўся з Варанковым, то чым я горш? Па дарозе на прэсуху хуценька вылавілі і сфоткаліся =) Мой першы здымак з гульцом “Славіі”! У калекцыі пакуль што былі толькі два з “Крумкачамі”. Нашто мне тыя здымкі? 1. Я – глор. 2. Я – дзяўчынка. 3. Я так хачу!

Дарэчы, Варанкоў у жыцці выглядае меншым, чым на полі. Здалёк ён мне заўсёды здаваўся той яшчэ махінай.

я і варанкоў

Па ўжо старой і добрай традыцыі на замену Страхановічу на траўку выбег Бруна. Цікава, але тут я ўпершыню ўбачыла і нарэшце зразумела, чаму Пунтус узяў яго ў каманду. Мне падалося, што на гэтым матчы ён акурат злавіў тую самую хвалю, якая магла б узняць яго вышэй і вышэй у беларускім футбольным свеце. Вельмі спадзяюся, што міжсязонне пойдзе яму на карысць і шчыра зычу поспехаў нашаму іспана-уругвайска-беларускаму мачо. І да, нагадаю: я люблю пафас.

бруна

Пасля гульні фан-сектары развітваліся з сезонамі і выказвалі падзяку камандам, кожны на свой капыл. Радасныя мазырчукі трошкі закідалі імправізаваным серпанцінам газон, апошні быў у надзвычай добрым стане для канца лістапада.

А дынамаўцы здолелі пранесці тры фаеры. Пасля пераклічкі гульцоў і фанатаў пачаліся традыцыйныя для Дынама распранашкі. Іх я на відэа не здымала, чаго мы там не бачылі.

Такім чынам, гэтая перамога стала для “Славіі” двойчы прынцыповай: клуб здолеў заняць 10-е месца ў турнірнай табліцы і ні разу не саступіў на сваім полі нікому з лідэраў чэмпіяната. На прэс-канферэнцыі Юрый Іосіфавіч паведаміў, што некаторыя гульцы ўжо афіцыйна звольніліся і будуць шукаць свой лёс ужо не ў Мазыры. Асабіста мяне крыху расстроіў сыход Папуны.

прэсуха

Я буду не я, калі не напішу нешта гадзенькае. Як вы маглі заўважыць на здымку, я нарэшце прыдбала сабе клубны шалік. Аддала за яго не так ужо і дорага (15 р.), чамусь раней ўсё ніяк не сыходзіліся зоркі. А цяпер глядзіце і параўноўвайце допісы ў афіцыйнай суполцы.

шалікі

Ці тое жанчыну-прадавачку не папярэдзілі, ці тое арганізатары палічылі, што бясплатны ўваход і так загоніць іх у недастачу. Дробязь, але асадак застаўся.

Напрыканцы хочацца дадаць, што гэты сезон стаў для мяне адкрыццём беларускага футбола ўвогуле і “Славіі-Мазыр” у прыватнасці. Я не толькі вывучыла прозвішчы гульцоў, але і навучылася захапляцца майстэрствам Страхановіча, імпэтам Варанкова і энэргічнасцю Жука, перастала смяцца з прычоскі Кавалеўскага, разгледзела бляск у вачах Шкурко і Леміечэўскага (не, не ў дзвярах прыбіральні прыглядалася), пачала лічыць хвіліны да пачатку гульняў, а не да іх заканчэння і шмат чаго яшчэ. Сапраўды, я трошкі падрасла як заўзятар, нарадзілася як каляфутбольны блогер. Хочацца верыць, што Мара Камара не закіне свае ружовыя акуляры і будзе надалей глядзець праз іх на футбольныя арэны ў Беларусі і за яе межамі. Ведаеце, якая ў Мары з’явілася мара? Займець на наступны год акрэдытацыю, каб не прасіцца ў дзядзечак на ўваходзе ў прэс-цэнтр, каб пусцілі за кампанію з мужам :D Хіба што пасля маіх шчырых негатыўных выказванняў пра ўсялякія арганізатарскія касякі і праз падтрымку “Крумкачоў” пагоняць мяне са стадыёна тапкамі, анучамі і мяцёлкамі…

Ды ўсё гэта будзе яшчэ не хутка, а пакуль што чакайце вясну і May the balls be with you!

 

Акрамя маіх уласных у допісе выкарыстаныя здымкі з афіцыйнага сайта "Славіі", афіцыйнай суполкі "Дынама-Мінск, а таксама з суполкі "МОЗЫРЬ".

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные
  • Друзья