Праз ружовыя акуляры
Блог

Навічок на Трыбуне, альбо як Ната стала Марай

За дзесяць гадоў блогерства ў жж ні разу не спрабавала пісаць выніковыя пасты. А тут узялася шыць цацкі на елку, натыкнулася на выкрайку і замуціла сабе ў якасці сімвала сыходзячага года ружовы футбольны мячык – эмблему майго бложыка. І панеслася… “Мои мысли – мои скакуны…” вырашана было аформіць у гэты допіс.

шарык

1. Шыфраванне і няўпэўненасць. Я ўжо ўзгадвала раней, што блог з’явіўся спантанна і таемна. У першую чаргу таемна ад мужа. Часцяком я бываю занадта самаўпэўненай, каб папрасіць у некага дапамогі, нават у самых блізкіх людзей. Ёсць у мяне такія-сякія забабоны, таму пра некаторыя ідэі/праекты маўчу да апошняга, каб не сурочыць. Праўда, я вельмі баялася, што ў мяне тут нічога не атрымаецца. У першую чаргу таму, што я ведаю пра спорт агулам і футбол у прыватнасці нашмат менш за сярэднестатыстычнага юзера. А яшчэ я не чытала Трыбуну да таго, як пачала пісаць сама, таму мне было складана прагназаваць, якой будзе рэакцыя, ці будзе яна ўвогуле. Мне хацелася, каб мой блог меў нешта сваё, непаўторнае. Вырашана было выкарыстаць дзявочую фішку “ружовасці”, так з’явілася назва “Праз ружовыя акуляры”. У ёй, насамрэч, сыйшлося шмат сэнсаў: дзявочы колер, наіўнае бачанне свету, а таксама назва песні “ляпісаў”. Нік “mara_kamara” прыдумаўся нашмат раней і з іншай мэтай (да яе я так і не дабралася). Я ведала, што далёка не кожны адразу разбярэцца, куды ставіць націск і якое ў ніка значэнне. Але ён мне спадабаўся так, што я перайменавала свой інстаграм =) А цяпер дык увогуле хутка пачну адгукацца, калі мяне нехта назаве Марай.

2. Славія vs Крумкачы. Дылема ўсіх дылем. Да гэтай вясны я мала цікавілася белфутболам, збольшага сачыла за лёсам Баварыі і зборных. А тут ужо noblesse oblige. Канечне, я і раней шмат чула пра мазырскую “Славію”, ведала, што клуб з гісторыяй і цікавым лёсам. Мо раз ці два была матчах, тыкаючы ўсю гульню ў тэлефон і ныючы, што мне надакучыла ўжо там сядзець. Пра “Крумкачы” чула тое-сёе, але слаба ўяўляла, ху із ху. Пра існаванне таго ж Шыкаўкі, якога часцяком узгадваю, даведалася падчас напісання аднаго з першых пастоў сюды. Спытала ў мужа: “Хто там ёсць у “Крумкачах” больш-менш нармальны?” Так Шыкаўка стаў аднарогам :D Два-тры паходы на стадыён – і я ўжо вывучыла склады абедзвюх каманд. Фанаты “Славіі” і некаторыя трыбунаўскія юзеры не раз кідалі ў мой бок каменьчыкі, маўляў, нельга тапіць адразу і за тых, і за тых. Мне можна. Майго вялікіга цёплага сэрцайка хопіць на ўсе тры цікавыя мне клубы і  зноў жа тры зборныя. І называйце гэта, як хочаце.

3. Сябры і фрэнды. Чым мне падабаецца Трыбуна, дык гэта магчымасцю зарэгістравацца і чытаць/каменціць. Пакуль не забаняць. Файна было убачыць тут старых віртуальных жжшных фрэндаў (прывет, Лёшачка!), а таксама знайсці новых. У самых нечаканых месцах і сітуацыях. Праўда, пакуль што толькі адзін трыбунаўскі фрэнд сапраўды стаў сябрам. Нягледзячы на тое, што тыцканне мне пад нос уласнай акрэдытацыі ён палічыў самым аптымальным і ветлівым спосабам развіртуалізацыі. Увогуле, я чалавек збольшага адкрыты, мне падабаецца знаёміцца з цікавымі людзьмі. І не вельмі каб канфліктная, хіба што калі зусім ужо нешта выбесіць…

4. Эйфарыя і суровая праўда жыцця. Нечакана добра мой бложык успрынялі юзеры Трыбуны, муж і мама. Маме асобны дзякуй, яна футболам не цікавіцца, беларуская мова ёй не родная, але яна заўсёды ўважліва чытае ўсе мае “растекания мыслию по древу”. І кажа, каб не задзірала носа =) Муж звычайна мой першы чытач, рэдактар і хадзячая энцыклапедыя. Без яго прапала б. Часам я стаўлюся да сваёй пісаніны надта сур’ёзна, ледзь не штогадзіну правяраю, колькі плюсікаў у новага паста, ці не з’явіліся каменты. Бывала, прачыналася ранкам і бегла да кампа, каб выправіць перапісаны рэдактарам загаловак (чувакі, не Мозыр, а Мазыр!). Прыемна, калі выносяць на галоўную. А потым напішаш, здавалася б, нічывошны такі тэксік – аблом, няшчасныя 10 плюсікаў =( О, вынікі адбору ў Летнюю школу мяне вееельмі растроілі. На пару дзён нават. А потым я падумала: “Чойта за фігня? Начорта мне журналісцкія фішкі для маленькага бложыка?”. Усё ў лепшых дзявочых традыцыях – сама сябе накруціла, сама потым і раскруціла.

5. Мова і ўмоўнасці. Пачынаючы блог па-беларуску, я ведала, што адразу абмяжоўваю аўдыторыю. Далёка не кожны, на жаль, захоча чытаць тэкст на беларускай мове, нават калі тэма акурат гэтаму чытачу цікавая. Тут я сутыкнулася з рознымі вясёлымі тролямі: адныя пісалі, што без функцыі перакладу ў гугл хроме прачытаць не змаглі б, іншыя абвінавачвалі ва ўжыванні трасянкі, яшчэ нехта проста “рассакрэціў” мяне, зрабіўшы вынік, што я не валодаю беларускай мовай і карыстаюся онлайн-перакладчыкамі. І хоць мне важны кожны плюсік, я не змагла б весці блог па-руску. Я пішу і размаўляю на рускай мове пісьменна, ведаю правілы, стаўлю патрэбныя знакі прыпынку і г.д. Але фантазія ляціць менавіта ў беларускай версіі маёй мозгавінды.

6. Нататнік і натхненне. Звычайна я стараюся адказна падыходзіць да напісання пастоў. Пэўна, таму іх у мяне няшмат. Па магчымасці валаку з сабой на гульні адзін са сваіх нататнікаў-натхняльнікаў і стараюся запісаць тое, за што вуха/вока зачапілася. Потым дома складаю сабе план для допіса, магу пазначыць, дзе які здымак трэба ўпіхнуць. А бывала такое, што допісы крэмзала цалкам ад рукі. Я графаманка. Люблю трымаць у руках асадку і пісаць, пісаць, пісаць…

7. Ночы і … ночы. Так ужо атрымалася, што ўсе думкі збіраюцца ў кучку пасля 9-й гадзіны вечара. Большая частка маіх пастоў пісалася да 12-й, а то і да 2-й гадзіны ночы. Самым познім быў допіс пра першы дзень этапа кубка Беларусі па бічсокеры ў Мазыры. Ну не магла ж я ісці на другі дзень, не напісаўшы яшчэ пра першы! Цікава, што калі Віталь спіць, словы з мяне так і пруць! Вось і зараз яны з катом ціхенька сапяць на канапе, а я гляджу на гэты тэкст і баюся падумаць, колькі ж вордаўскіх старонак ён у выніку зойме.

8. Тэмы: чытаць і пісаць. Як ужо было сказана вышэй, раней я на Трыбуну не зазірала. Усю неабходную мне інфармацыю я здабывала ў сацсеткавых акаўнтах клубаў і асобных спартоўцаў. Па-за межамі маіх інтарэсаў існавала хіба што тое, чым мог падзяліцца муж. Цяпер з ім дзялюся я. Нягледзячы на ўсе намаганні адмінаў, я працягваю чытаць стужку навінаў, паступова пашыраючы свае далягляды. З тэмамі для ўласнага блога ў мяне заўсёды цяжка. Пэўна, таму што я занадта доўга іх абдумваю. Напрыклад, зараз у мяне ёсць ідэі для 2-3 пастоў, але няма ўпэўненасці ў іх рэлевантнасці. Трэба папрасіць у Дзеда Мароза крыху файных думак.

9. Мары (мн.лік, н.скл.) Мары (адз.лік, р.скл.). Планы Наты. Пэўна, трэба акрэсліць планы на будучы год. У сэнсе, на новы футбольны сезон. Зраблю гэта ў выглядзе пераліку: больш стадыёнаў і матчаў, вывучэнне тэорыі, скарачэнне пастоў, больш фотачак з прыгожымі футбалістамі, выпрошванне акрэдытацыі, атрыманне акрэдытацыі, спроба аналізу матчаў і гульні асобных футбалістаў, падтрыманне жыцця ў бложыку цягам яшчэ хаця б году.

10. Пажаданні і віншаванні. З Надыходзячым, спадарства! Зычу вам, каб старую версію стужкі навінаў на Трыбуне не адключалі і каб было паболей двіжухі! Няхай усё ў вас будзе добра. І нават у тых, хто мінусіць мяне за “Крумкачы”.

Ведаеце, за што я люблю свой блог? За фінальную фразу. Таму дзякуй тым, каму хапіла цярпення і May the balls be with you!

Галаву вам дурыла ваша Ната-Мара.

 зай

P.S. Падпішуся сама на сябе, каб усе думалі, што ў мяне цэлых 50 падпісчыкаў!

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные
  • Друзья